Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Змагарныя дарогi
Шрифт:

Дык i што з таго было Сымону, што сяньня пакiнуў ззаду Марсэль, а заўтра пабачыць Нэапаль? Цi-ж iтальянская зямля магла быць для яго больш гасьцiннай, чымся француская? Або што яму з таго, што цяпер задарма падарожнiчае па Мiжземным моры? I цi-ж дарма? Цi-ж ня прыйдзе дзень, калi крывёй давядзецца заплацiць за такое падарожжа? Дзе-ж была тая крынiца надзеi й веры ў нешта вялiкае, лепшае, да чаго чалавек iмкнецца й што трымае яго пры жыцьцi? Да чаго цяпер мог iмкнуцца Сымон, ня будучы гаспадаром самога сябе й трапiўшы ў шэрагi людзей, якiх даўно навучыўся ненавiдзець за iхныя зьдзекi над беларускiм народам? Цi льга было адгадаць, што нясе будучыня?

Даўно ўжо мiнула пяць гадоў

ад часу, як Сымон, тады яшчэ чатырнаццацiгадовы школьны хлапчук, жыў пад польскай акупацыяй. З успамiнаў, што захавалiся ў галаве адносна акупанта, стараўся цяпер угадаць, як выглядае польская ўлада, войска й паны на чужыне. А ўспамiнаў гэтых было - хоць адбаўляй. Надзвычайна добра прыгадваў усё з раньняга дзяцiнства, лепш мо навет, чымся тое зь недалёкай мiнуласьцi.

Вось, прыкладам, першы дзень у школе.

Даўно карцiла Сымону ў школу. Будынак быў па суседзтву, i хлапец вечна то тырчаў на школьным панадворку, то падслухоўваў пад кляснымi дзьвярыма. Сачыў i слухаў, што робяць дзеткi. Зайздросьцiў iм i шкадаваў, што так паволi расьце ды яшчэ яму не пара з большымi ў школу. Кожны дзень выпытваў матку, калi-ж яна нарэшце пашле яго на навуку. Ажно прыйшоў доўгачаканы дзень.

Матка, трымаючы босага Сымона за руку, прывяла яго ў клясу. Настаўнiца ўталопiлася ў дзiця, зiрнула на босыя бруднаватыя ногi, зрэбныя сiнiя порткi з працёртымi ўжо каленямi, саматканую кужэльную сiнюю й даволi зашмальцаваную кашулю й спынiла свае вострыя, быццам цьвiкi, рудыя вочы на пакрытым рабацiньнем твары. Правай рукою пагладзiла вялiкую на Сымонаў век галаву й спытала:

– Поведз, як се называш?

Сымон зьбянтэжана й нiчога не разумеючы пазiраў то на чужую, злосную, здавалася, жанчыну, то на матку.

– Як се называш?
– паўтарыла настаўнiца й сагнулася так, што рудыя вочы апынулiся на ўзроўнi хлапчуковага носа.

– Якса называш...
– паўтарыў зьбянтэжаны малы.

– Вучыцелька пытаецца цябе, як завешся, - тлумачыла сыну матка.

– Ну, скажы.

– Сымон, - асьмелiўся малы.

– Шымон?
– перапытала настаўнiца. Хлапец нiчога не адказаў.
– То iдзь, Шымон, i сядай тутай, - загадала настаўнiца, узяўшы малога за руку й садзячы на самай першай лаўцы, насупраць свайго стала. Сымон сеў i баяўся паварушыцца на месцы, сочачы за незнаёмай жанчынай i не разумеючы амаль нiчога зь ейнай гутаркi. Толькi тады крышку пасьмялеў, калi прынесла кавалак паперы й кавалак алавiка ды загадала маляваць сабачую будку. Па некаторым часе асьмелiўся навет зiрнуць направа й налева i, праверыўшы, што небясьпека зьнiкуль не пагражае, узяўся за маляваньне. Гэтак пачалася Сымонава навука ў польскай школе.

Ня мог прыпомнiць, колькi было яму гадоў, калi ў вёсцы польскiя ўланы праводзiлi манэўры. Не разумеў тады, што такое гэнае "манэўры", але так усе старэйшыя называлi той вялiкi рух людзей у зялёным, што адбываўся навокал. Было тое, мабыць, пад восень, бо добра ўцямiлася хлапцу, як уланы абтрэслi й да апошняга яблычка падабралi ўвесь iхнi й суседнiя сады, патапталi агароды, панiшчылi дабро на палях. Даводзiлася бачыць, як цягалi снапы аўса з поля на корм для коней, чуць, як бацька злосна праклiнаў панаяжджаўшых, апранутых у зялёнае людзей, як сварыўся зь iмi i як гэта нiчога не памагала. Усе тыя людзi гаварылi таксама незразумелай для Сымона мовай. Ужо тады малы адчуваў, што нейкiя чужыя крыўдзяць ягонага бацьку i ўсiх у вёсцы. Ужо тады i ён пачаў iх за гэта ня любiць.

Хлапец заўсёды быў першым вучнем у сваёй клясе. Меў неабмежаваную прагавiтасьць да навукi. Скончыўшы чатырохгодку, прасiў бацьку, каб паслаў яго ў пятую клясу ў блiжэйшае мястэчка. Настаўнiца таксама радзiла Сымону прадаўжаць

навуку. Пятую й шостую клясы скончыў самым першым вучнем з узнагародамi. Адзiн раз атрымаў блвакнот, iншы - пяро-самапiску. Вельмi-ж тым ганарыўся. Але дзьверы да далейшае навукi й дарога ў сьвет былi зачыненыя.

У мястэчку вучылася ў старэйшых клясах сямiгодкi шмат палякаў. Былi гэта дзецi вакольных панкоў, асаднiкаў, чыгуначнiкаў i ўраднiкаў. Усе яны, амаль бяз выключэньня, не важна як вучылiся, пасьля сканчэньня шостае клясы йшлi ў гiмназiю. Навука ў сярэдняй школе каштавала шмат грошай, якiх Сымонаў бацька нiколi ня мог-бы здабыць. Ясным было для хлапца, што ягоныя й самыя лепшыя ацэнкi ня былi тут дапамогай. Вучыўся той, хто меў грошы, а яны ўсе чамусьцi былi ў палякаў. Тут-жа, на перашкодзе, стаяла й веравызнаньне й нацыянальнасьць.

III

Вучыць праваслаўнай рэлiгii ў вясковую школу кожны панядзелак прыяжджаў з адлеглае на шэсьць кiлямэтраў царквы аднавокi дзяк. Быў гэта чалавек гадоў звыш сарака, адзiн з тых беларусаў, што разам з царкоўшчынай пашыралi сярод народа й расейшчыну, уважаючы, мусiць, што й Бог хутчэй паслухае, калi зьвяртацца да яго ў чужой мове. Прыяжджаў у школу на самакаце.

Хаця дзяк, акрамя царкоўнай славяншчыны, стараўся гаварыць i вучыць па-расейску, усе дзецi гаварылi на лекцыi й адказвалi па-беларуску, так, як умелi з дому. Ужо пазней, два цi тры гады перад вайною, польскае мiнiстэрства асьветы загадала, каб i на лекцыях праваслаўнае рэлiгii ўжывалася адно польская мова.

Гутарачы па-беларуску, дзеткi чулiся неяк сьмялей, быццам дома, хоць i ня ведалi, што прычынаю ўсяму была родная мова. Дзяк-жа й сам добра ня ведаў расейскае мовы ды быў дзiўны й меў свае капрызы.

У малодшай клясе адбывалася лекцыя, тэмай якой было тварэньне сьвету. Аднавокi дзяк апытваў вучняў, як паўстаў сьвет.

– Ну, вот ты там, - тыцнуў пальцам у самага рослага ў клясе Хведзьку, сына Сьцяпана, што меў собскую малатарню ды абмалочваў усе навакольныя вёскi, скажы, как Бог сатварыл сьвет.

Хведзька быў найтупейшым вучнем у клясе. Шмат хулiганiў, рэдка слухаў, што гаварылi настаўнiкi, i мала калi што ўмеў. Так i цяпер ён не заўважыў-бы даўгога, ськiраванага ў яго дзяковага пальца, калi-б сусед не штурхануў у бок. Прыпадняўся паволi i ўталопiўся ў дзяка.

– Ну, гавары!
– налягаў аднавокi.

– Што гаварыць?

– О так, значыць, ты i не слыхал! Чэм-жа занiмаешся? Хто паўторыць, што я пытаўся?
– Дзякава вока хутка павандравала па тварах усяго кляса. Паднялося некалькi рук.

– Вот ты скажы, - тыцнуў дзяк пальцам у хлапчука з трэцяй лаўкi.

– Ты пытаўся, як Бог рабiў сьвет, - адказаў той.

– Як то ты на мяне кажаш "ты"?
– пачырванеў дзяк.
– Як трэба абрашчацца да старшых?

– Вы...

– Ну садзiсь.

Дзякава адно вока зноў уталопiлася ў Хведзьку.

– Чаго-ж стаiш? Атвiчай, как Бог сатварыл сьвет!

Хведзька пераступiў з нагi на нагу, упiўся зрокам у павыразаныя ножыкам наверсе лаўкi розныя выкрунтасы, быццам там стараючыся знайсьцi адказ, кiнуў левым вокам на суседа й нясмела пачаў:

– Спачатку была ноч i цьма й нiчога...

– Как, как?
– спынiў яго дзяк, бусьлiнымi крокамi мераючы ўшыр i ўдоўжкi клясу.

– Спачатку была ноч...

– Как ты гаворыш? Какое "спачатку"? Как нужна сказаць?

Малацьбiтоў сын зьбянтэжыўся. Дарма моршчыў лоб. Ня ведаў, як сказаць "спачатку" ня толькi, мусiць, ён, але й бальшыня ўсiх вучняў, бо ўсе прыцiхлi, быццам тыя мышы ў нары перад наблiжэньнем ката. Сачылi, што будзе далей.

– Ну атвiчай, атвiчай! Чаго выпяцiў глаза, как дурак! У мяне на лбе не напiсана.

Поделиться с друзьями: