Знак бяды
Шрифт:
— Што гэта ў нас усё не так, як у людзей, — раздумна казаў Пятрок, пазіраючы на мільготкі агеньчык газнічкі. — Вунь на станцыі гаварыў з адным мужыком аднекуль з-пад Улы. У іх нічога. Ціха. І калгасаў не чуваць, ніхто не прыязджае, не заганяе. Нікога яшчэ не раскулачылі.
— Чакай, дабяруцца. У глушы, можа, жывуць. За балотам дзе.
— Можа, і за балотам. А ў нас?..
— А ў нас во, у раёне пад носам. Ды і з акругі не прамінаюць: пры дарозе ж. Яно і добра, што пры дарозе, у тым тожа выгода, — сказала Сцепаніда і ўспомніла: — Газы купіў?
— Далі. Адну літру. На пай. Дужа яе хопіць, гэтае літры?
— Ну колькі хопіць. А там падвязуць. Дарога ж усталявалася. А пра боты пытаўся?
— Боты? — неяк спалохана зірнуў на яе Пятрок, быццам толькі зараз успомніўшы пра боты. — Ботаў няма, — сказаў ён і ўстаў з-за стала — худы, невялічкі, з запалымі грудзямі стары. Так, стары, бо меў ужо пяцьдзесят год — не маладзён.
Пятрок адхінуў посцілку ў запечча
— Во замест ботаў.
— Што гэта?
Яна недаўменна пераняла з яго рук нейкі зграбненькі чорны футаральчык, нібы лёгенькую дзіцячую трунку, і не адразу сцяміла, што гэта і навошта.
— Скрыпка! — сказаў Пятрок.
— Здурнеў ты!
— Можа, і здурнеў.
— Гэта ж дорага, мусіць, — спалохалася Сцепаніда. — Во, хадзіць няма ў чым. У Федзькі башмакі разваліліся, а ён — скрыпку! Яна ж вялікія грошы каштуе. Мусіць, усе дзесяць аддаў?
Пятрок ніякавата патэпаў каля яе, узяў футарал і беражным дотыкам закарэлых пальцаў разняў зашчапкі. Ашчадна, нібы дзіця, выняў адтуль чырвона-блішчастую скрыпачку з чорнай дэкай і прыгожа закругленымі выразамі па баках.
— Ты ж хацела, — вінавата напомніў Пятрок.
— Калі гэта я хацела? Калі тое было? Тады маладая была, дзяцей не мела. А цяпер… Ну, ты здурнеў! У што цяпер абуцца будзе, хоць босая хадзі, а ён — скрыпку! Калі ты на ёй граць будзеш — во зіма канчаецца. Сеяць скора…
— Ды ўжо, мабыць, адсеяўся, — апанурана сказаў Пятрок і адчужана адышоўся, сеў на лаву. Нядоўгая прыўзнятасць у настроі канчаткова пакінула яго. На стале побач з футаралам ляжала не кранутая смычком скрыпка.
— Чырвонец аддаў, яшчэ два вінаваты. Напавер даў. Жыд адзін на станцыі.
Сцепаніда ляснула ў далоні.
— Тры чырвонцы, а-я-ёй! Ну, ты з глузду з'ехаў! Ашалеў на старасці год. Мы ж страхоўку яшчэ не заплацілі. Налог толькі за той год выплацілі, а ўжо новы прыслалі. Пені па нядоімцы набегла. Абуць нечага на ногі. Газы няма. Цукру з восені ані драбка, Фенечка без салодкага не есць нічога. Каб хоць булку якую купіць, а то скрыпку! І за такія грошы! Дзе ты цяпер возьмеш тыя чырвонцы? Хто табе дасць?
— У камуне заробім.
Сцепаніда злавалася, ледзь не плакала. Што ён гаворыць, гэты бязглузды чалавек, нашто яму скрыпка? У такі час? Калісь навучыўся трохі вадзіць смычком, раз на кірмашы ў мястэчку папрасіў у нейкага цыгана троху пайграць, яна стаяла поруч і пахваліла, дык ён загарэўся: куплю! І во знайшоў час і грошы — купіў, але не на радасць, хутчэй на бяду. Навошта ёй гэтая скрыпка? Ці да скрыпкі цяпер, калі не сёння, дык заўтра прыйдзецца завесці ў калгас каня, ссыпаць насенне, аддаць збрую, сані, калёсы, перайначыць усё жыццё на новы, нязнаны і немінучы лад. Ці да музыкі цяпер?!
Час так змяніўся, усе на вачах перайначваецца. Што засталося ад таго, як яны былі маладыя і з большаю сілай, а галоўнае — з такімі неспатольнымі марамі і спадзяваннямі?
14
Дужа недарэчная выдалася тым годам вясна, якая нямала дадала людзям турбот да іх і без таго немалых жыццёвых клопатаў.
Толькі што скончылася доўгая пакутная вайна, у вёскі і хутары пакрысе вярталіся дзецюкі і маладыя мужчыны, узнёслыя і ганарыстыя ад перамог над белымі, немцамі, палякамі, у вастраверхіх будзёнаўскіх шлемах, растаптаных гамашах з абмоткамі, з мяшэчкамі за плячыма, але з вялікан надзеяй пачаць новае, адваяванае ў старога жыццё. Трэба было брацца за зямлю, араць і сеяць, каб было што з'есці налета. Зямля чакала і таксама бы рыхтавалася да свае адвечнае справы — радзіць хлеб. З Благавешчання добра прыгрэла сонца, за які тыдзень сагнала ўвесь снег, стала цёпла і амаль што суха ў полі. На Вербніцу Сцепаніда з Петраком збіраліся ў царкву і яшчэ пасварыліся трохі ранкам — надзявацца ці не. Пятрок угрэўся раніцай на падворку і хацеў ісці ў адной сарочцы, але Сцепаніда змусіла яго накінуць паддзёўку, і яны, трохі незадаволеныя адно адным, выйшлі з істопкі, каб сцяжынай цераз азіміну скіраваць наўпрасткі да мястэчка. Стары Яхімоўскі таксама выцягся з хаты на двор і стаяў на сугрэве ля прызбы — прыгорблены, тонкі ў сваім вузкім чорным каптане з густым радам да шыі зашпіленых гузікаў, абапёршыся на старадаўні з перламутравым убранствам кіёк і неяк бы з зайздрасцю глядзеў ім услед выцвілымі старэчымі вачыма. Якраз за тыдзень да таго ён пусціў іх на хутар, бо ў Петраковай сям'і на Выселках ім ужо стала неяк, Сцепаніда адразу не паладзіла са свякроўю і надоечы папрасіла пана Яхімоўскага, каб налета пусціў у істопку — усё роўна яна ўжо гаспадарыла на падворку і ў будынках, а новы парабак Пётра будзе ў помач, бо куды ж ён мог дзецца без хаты, без сваёй зямлі і гаспадаркі. Раней дык з вясны выпраўляўся ў заробкі, батрачыць на фальваркоўцаў, цяпер жа было невядома, якія дзе будуць заробкі, ды і стаў не халасты — жанаты. Сцепаніда ласкава так папрасілася, і, мусіць, паважаючы яе чатырохгадовую адданасць хутару, Яхімоўскі пагадзіўся, сказаў: жывіце, месца хопіць, істопка цёплая. Тым больш — вясна на дварэ.
Вясна сапраўды шпарка каціла
скрозь па абшарах, на касагорынах і ўзмежках порстка прабівалася зялёная траўка, дзецюкі і дзеўкі ў Выселках паскідвалі з ног лапці і пачалі хадзіць босыя — цяпер аж да восені. Пасля Благавешчання некалькі дзён і начэй запар над Галгофай і хутарам чулася радасна-трывожнае курлыканне журавоў — даўжэзныя, не дужа стройныя кліны іх знясілена валакліся ў ветраным небе на поўнач. На поплаве ў Бараннім Лозе ўжо з'явіўся аднекуль цыбаты аблезлы бацянок, спаважна хадзіў па багне, выглядаў жаб. Аднойчы ў сонечны ранак над полем азіміны пасыпалася з неба знаёмая песня жаўранка, і Сцепаніда, парадкуючы на падворку жывёлу, аж страпянулася ў радасці — і ад гэтае песні, і ад раптоўнага адчування шчасця.Ішла першая вясна іхняга жыцця з Петраком, хай сабе не на сваёй зямлі, у чужой хаце, затое ў любасці, міры і згодзе. Яна ўжо хадзіла з новым чалавечкам пад сэрцам, часам слухала яго трапятанне, і думкі яе мкнулі наперад, туды, дзе іх ужо будзе трое. Гэты нябачны жаўраначак закрануў у ёй штось дужа сугучнае ў душы, на нейкі час яна без рэшты аддалася яму, услухалася ў спеў і адначасна ў гучанне ўласных душэўных бомаў. Ды ненадоўга. Таго ж дня пад вечар усхадзіўся сіверкі сцюдзёны вецер, з-за рова насунулася абложная сіняя хмара, дужа халаднела, і ўвечары пасыпаўся снег. Ураз у прыродзе ўсё дужа змянілася, азлела, наваколле зашарэла пад снегам, ад вясны не засталося і звання. У істопцы стала па-зімоваму холадна, але напаліць там не было як, печка-каменка калісьці палілася па-чорнаму, дым выходзіў у акенца пад столлю, якое цяпер было затулена мохам і дошкамі. Нанач Сцепаніда прынесла ў чыгунку жару з хаты, тым трохі грэліся, і яна думала ўсё: а як жа тыя жавараначкі ў полі? Спеву іх не стала чуваць на шмат дзён, у аснежанай буслянцы на старым клёне ў Выселках тырчэлі дзюбатыя галовы бусла з бусліхай, ноччу браў добры марозец, пазамярзалі лужыны, некалькі начэй, не сціхаючы, выў па завуголлі вецер. З дня ў дзень людзі чакалі, што пацяплее, снег, праўда, не ляжаў доўга, растаў, але затым пайшоў зноў папалам са сцюдзёным дажджом, усё навакол раскісла, і ўсё буяніў золкі паўночны вецер. У поле было не вылезці, людзі вытыркаліся з хат дагледзець жывёлу і зноў зашываліся ў прытулак — чакаць.
У такі час, калі яна неяк выйшла ў сенцы, каб натаўчы свінням бульбы, а Пятрок заняўся ў істопцы разбіраць гаспадарскую вупраж, у двары пачуліся галасы незнаёмых людзей. Кінуўшы таўкач, яна прыадчыніла дзверы, да якіх ужо ішлі ад варотцаў трое мужчын. У пярэднім — вусатым, усмешыстым мужыку ў вайсковым картузе — яна не адразу пазнала Цыпрукова з валаснога камітэта, другі быў бедна апрануты ў армячок высялкоўскі камсамолец Грышка, а трэці нёс пад пахай жоўтую кардонную папку з матузамі і быў ёй незнаёмы — можа, хто з павета ці нават вышэй. Мужчыны павіталіся, і Цыпрукоў спытаў, ці дома Адольф Яхімоўскі.
— Пане Адоля! — гукнула яна, прыадчыніўшы дзверы ў хату, каб гаспадар выйшаў насустрач гасцям, але тыя самі, не чакаючы запрашэння, пасунуліся ў дзверы. Яна засталася, дзе стаяла, — у сенцах над казаном з варанай бульбай, але не магла не ўчуць, пра што яны там гаварылі ў хаце. Пятрок таксама высунуўся з істопкі — затаіўшы дыханне, яны ўдваіх слухалі.
Зрэшты, неўзабаве ўсё стала панятна — прыезджыя апісвалі хутар. Найперш пачалі з зямлі, правяралі па дакументах хутарскія надзелы, межы, высвятлялі, колькі і чым засеяна, колькі ў арэндзе. Пыталіся пра парабкаў і арандатараў і ўсё запісвалі ў сваю кардонную папку.
Адольф Яхімоўскі паходзіў з нейкага старога шляхецкага роду, які некалі быў багаты, але патроху бяднеў, вузеў клінам, як казаў Яхімоўскі. Неяк, будучы ў добрым настроі, пан Адоля паказваў Сцепанідзе старыя пажоўклыя паперы з гербамі і абкрышанымі чырвонымі пячаткамі, у якіх былі апісаны ўсе ўладанні Яхімоўскіх-продкаў — і тут, і ў іншых мясцінах. Яго дзед меў фальваркі пад Дрысай, у Падсвіллі і яшчэ недзе, але гэты хутарок быў ці не апошнім прытулкам збяднелага роду, і хоць Адольф шэраг гадоў намагаўся з усіх сваіх старэчых сіл, каб захаваць калі не былое багацце, дык хоць бы рэшту былога гонару, тое яму ўдавалася кепска. Два ягоныя сыны, што нарадзіліся на хутары, бацьку памагалі слаба, абодва, падросшы, падаліся ў гарадское жыццё, ва ўніверсітэты ў Вільні і толькі калі-нікалі ўлетку наведваліся на хутар, але тыдні на два — не болей. Як пачалася вайна з немцамі і Вільня апынулася па той бок фронту, ад сыноў не было ніякае весткі, пан Адольф не любіў гаварыць пра тое, але Сцепаніда ведала: чакаў іх з апошняе надзеі, ды марна. Не дачакаўшыся, памерла старая Адоліха, гаспадарка і скаціна трымаліся Сцепанідзіным клопатам, а зямлю Яхімоўскі здаваў у арэнду — з палавіны ці як дамовяцца, на астатнюю наймаў на сезон парабкаў. Быў ён чалавек маўклівы, спакойны і ўвогуле не распешчаны жыццём, не злы — за тое болей за ўсё шанавала яго Сцепаніда і пільнавалася хутарскога хлеба. Хоць часам было не салодка, ведала: лягчэйшага не знайсці. Цяпер жа, учуўшы тую гаману ў хаце і нешта зразумеўшы, яна раптам адчула сябе на крутым павароце ў жыцці, толькі не магла даўмецца: у які бок той паварот — да лепшага ці благога. Але што надышла паваротка, тое было пэўна.