Знак бяды
Шрифт:
Гледзячы на Патапку, Сцепаніда падумала, што, мабыць, і цяпер той бяжыць наказваць на сход. Значыць, лікбезу сёння не будзе. Яна трохі пашкадавала аб тым, бо сёння, як ніколі раней, удала спісала старонку ў сшытку, і словы, можа, першы раз за зіму, выйшлі даволі зграбныя, амаль скрозь роўненькія, мабыць, у школе пахвалілі б. Мінулы раз дык паганілі, ды і было цемнавата, пісала, як палеглі дзеці, і ў газнічцы канчалася газа, а Пятрок усё наракаў з запечку, што не ў пару ўлегла ў грамату, трэба класціся спаць. Цяпер жа, застаўшыся адна ў хаце, яна села за прыбраны стол і нетаропка вывела радкоў з восем: «Мы будуем машыны, мы будуем калгасы». Ды, мабыць, сёння заняткаў не будзе.
Тым часам у сенцах бразнулі дзверы і, не атэпваючы ног, у хату ўвапхнуўся Патапка — рослы белатвары падлетак, падпяразаны вяроўчынай па лапленай світцы. Не павітаўшыся, перш шмаргануў разы два счырванелым
— Там Лявон цётку кліча.
— А што, сход?
— Не, не сход. Камбед будзе.
— Цяперака?
— Ну.
— Збяруся, прыйду, — сказала Сцепаніда, трохі схамянуўшыся нутром: то было нешта новае. З восені камбед не збіралі, казалі, што будуць выбіраць новы. Але во, мусіць, знайшлася патрэба і ў старым.
Патап яшчэ шмаргануў носам, паправіў перакручаную на галаве шапку-аблавушку і вылез у дзверы. Перш чым зачыніць іх, грукнуў аб парог абцасамі ботаў, і Сцепаніда пазнала: то былі Лявонавы боты. Сам Лявон цяпер, напэўна, сядзіць, далей залезшы за стол у сельсавеце, і падкурчвае пад лаву ногі, каб хто з заходжых не бачыў босага старшыню. Але халера на яго, і ў Багацькаў з абуткам не лепей, проста бяда з абуткам: ні сабе, ні дзецям — ні купіць, ні паладзіць з чаго. Былі адны лапленыя валёнкі, дык сёння іх ранкам надзеў Пятрок у дарогу, і ёй цяпер трэба было абуваць чуні. Ну, але аб сабе яна не дужа клапацілася, ішла ж не ў царкву, а калі пасяджэнне камітэта беднаты, дык чаго там саромецца. Абы цёпла нагам.
Яна хутка сабралася, надзела трохі навейшую шарсцяную спадніцу, завязала падніз свяжэйшую, белую ў крапінку хусцінку, спрытней забарсала на нагах чуні. Не надта шчыравала над убраннем — была не маладая. І хоць здароўем Бог не пакрыўдзіў, але ж — сорак год — бабін век, не тое што дваццаць. Зняла з цвіка ля парога галоўнае сваё ўбранства — кажушок, аздоблены спераду вышыўкай, хоць і не новы, але ладны і цёплы кажушок, годны на ўсякі выхад. Хату яна не замыкала, хутка меліся вярнуцца са школы дзеці, можа, яна яшчэ спаткае іх на дарозе. Школа была недалёка, усё ў тых жа Выселках, куды вяла вузенькая санная дарожка ад хутара. Яна ўсё ішла і пазірала наперад, ці не пакажуцца яе двое малых: Фенечка хадзіла ў трэці клас, а Федзя ў другі. Але дзяцей не было відаць, дзень канчаўся, а дарога была страшэнна слізготная, проста шкло. Каб не паваліцца, Сцепаніда пазірала болей пад ногі, ступала асцярожна і думала з клопатам: што будзе там, на камбедзе?
Але, мусіць, клікалі не так сабе, мусіць, штось будзе. Учора ноччу, у непраглядным куродыме ад тытуню, у сельсавецкай хаце пад ранак наспела нешта такое, што, адчула яна, дабром-мірам не кончыцца, нешта здарыцца. Пачалося ўсё з напружанай насцярожанасці і мужыкоў, і ўпаўнаважанага, і сельсавецкага старшыні Лявона, пакуль выбіралі прэзідыум, галасавалі, зацвярджалі парадак дня — усё той жа цяпер з Калядаў, — у хаце збіралася, вісела, напружвалася нешта клопатна-трывожнае, важнае і нават пагрозлівае. Як загаварыў упаўнаважаны з раёна Касмачоў, усе ўнурылі галовы, пахавалі вочы, слухалі і маўчалі, не пазіраючы адзін на аднаго. Касмачоў гаварыў ладна, болей біў на факты, на прыклады, расказваў, як дужа зажылі калгасаўцы ў Будніках, што пад Леплем: другі год вялікія ўраджаі, будуюць клуб, на полі аруць два трактары, набылі малатарню, жняяркі. Даволі ім, высялкоўцам, трымацца за свае вузкія шнуркі-надзелы, гібець у беднасці і нэндзе, калі свая, Савецкая ўлада дае магчымасці, ідзе насустрач беднякам і сазнацельным сераднякам таксама. Уся краіна дружна становіцца на рэйкі калектывізацыі, дык ці гожа ім адставаць? Касмачоў гаварыў памяркоўна, націскаў на сазнацельнасць серадняка, які павінен выступаць у саюзе з бедняком, а не з кулакамі і падкулачнікамі. Словы ён падбіраў разумныя, харошыя словы, і сам выглядаў разумным, памяркоўным дзядзькам. Ён і быў памяркоўны і разумны: перад тым, як стаў рабіць у раёне, гадоў колькі выкладаў гісторыю ў школе і, казалі, быў дужа адукаваны настаўнік. Яму верылі. Але адной толькі веры для высялкоўцаў аказалася мала, патрэбны быў прыклад. А прыкладу, на які можна было б паглядзець, паблізу якраз і не было.
Ля Касмачова, цяжка ўзваліўшыся грудзьмі на стол, сядзеў Лявон Багацька з вузенькім чорным матузком наўкось цераз лоб. Лявон быў свой, высялкоўскі мужык, мнагадзетны і малазямельны і, як яна з Петраком, надзелены па беднасці дзвюма дзесяцінамі яхімоўшчынскай зямлі. Вока Лявону выбілі на польскай вайне недзе пад Віслай, калі ён схапіўся на шаблях з двума польскімі ўланамі, і яму дужа дасталася, ледзь аклемаўся ў шпіталі і вярнуўся дамоў калекам, падцягваў нагу і не меў двух пальцаў на правай руцэ. Гаварыць
Лявон не ўмеў аніколечкі, словы ягоныя былі што валуны ў полі, і ён браў болей маўчанкай, упартай нязрушнасцю характару. Пасля выступлення Касмачова як-колечы, з вялікім недаборам рук, прагаласавалі за арганізацыю калгаса, а як дайшла справа да запісу, усё прыпынілася. Лявон тады нязграбна, у кажусе, падняўся за сталом над ушчэнт закапцелай лямпай і сказаў, падняўшы руку:— Калі так, я першы. Хай! І выклікаю паследаваць прымеру Багацьку Сцепаніду.
Гэта ўжо было нешта новае. Тыя разы Лявон таксама запісваўся першы, але следаваць прыкладу не выклікаў, за ім запісваліся Сцепаніда, Антось Недасека, дэмабілізаваны чырвонаармеец, беззямельны Васіль Ганчарык, і на тым наступаў перапынак. Болей ніхто не запісваўся, сядзелі моўчкі, курылі. Зноў выступалі ўпаўнаважаныя, мацерна лаяўся Лявон за несазнацельнасць, і зноў марна.
Цяпер Сцепаніда ўстала з лавы пад сцяной і сказала, што згодная ўступіць у калгас.
— А каго выклікаеш паследаваць прымеру? — напружана ўставіў у яе адно вока Лявон.
Сцепаніда трохі сумелася. Пакуль стаяла, аднак, ля лавы над угнутымі спінамі мужыкоў і азірала іх ускудлачаныя, сівыя, лысаватыя патыліцы, ссутуленыя гадамі, працай і гэтым неспадзяваным клопатам плечы ў кажушках, паддзёўках, цалейшых і палапленых армячках, сцяміла: выклікаць трэба такога, каб ён напэўна запісаўся і таксама выклікаў некага здатнага для прыкладу наступным. Спярша яна хацела назваць Карнілу, што цяпер сядзеў за тры чалавекі ад яе, той якраз і зірнуў на яе неяк бокам з касматага каўняра кажуха, але ў тым яго позірку яна на адчула падтрымкі — хутчэй спалох, нядобразычлівасць, і яна сумелася.
— Ну, выклікаю Ладзіміра Багацьку, — сказала яна пагадзя, нават не абдумаўшы, добра будзе тое ці не.
Ладзімір быў чалавек памяркоўны, не самы бяднейшы ў вёсцы, але і не багаты, зямлі меў, можа, на якую дзесяціну болей за Петрака ці Лявона, з яго малодшай дачкой Анютай Сцепаніда гэтую зіму хадзіла ў лікбез і сядзела за адным сталом у школе. Анюта ёй падабалася, хоць і была ўдвая маладзейшая, але чулася нібы малодшая сястрычка — такая была прыхільная і сяброўская.
Высокі хударлявы ў паддзёўцы Ладзімір натужна ўстаў з услона, дрыготкай рукой пакратаў вусы. З вялікай, аднак, неахвотай, бы хворы, выцадзіў з сябе нешта, што таварышы з прэзідыума зразумелі як згоду ўступіць. Пасля ён з такой жа ледзьве адоленай натугай думаў, каго выклікаць на прыклад, і назваў Антося Недасеку. Малады яшчэ, жвавы і спрытны Антось тут жа пагадзіўся і выклікаў суседа цераз вуліцу Івана Гужова, якога ўсе ў вёсцы звалі проста Гужом.
«Неяк пайшло», — падумала Сцепаніда і ажно парадавалася, што Лявон гэтак удала прыдумаў рушыць калгасную справу. Гэта ж так проста: адзін за адным, ланцужком, па прыкладу актывіста, суседа, сваяка. Усё ж так весялей і надзейней, не тое што вытыркацца аднаму з пакутнаю думкай: а раптам іншыя не захочуць, не падтрымаюць, а ты застанешся дзіваком ці няўдачнікам, бо наўрад каб ты аказаўся разумнейшы, калі робіш насуперак іншым? Усё ж справа гэта хоць і выгадная, як паглядзець здаля, хоць і дзяржаўная, разумнымі людзьмі прыдуманая, але новая, не бачаная дагэтуль, нікім не спытаная, хто ведае, як яшчэ ўсё абернецца. Можа, дзе і абярнулася добра, але ж там, мусіць, і зямля лепшая, не такая, як тут: то пясок, то гліна, а то і балота. Ды і людзі, напэўна, больш здатныя, не тое што тут. Каго ні вазьмі, дык калі не гультай, дык нямоглы, а то сквапны праз меру, то сварлівы, не гаспадарлівы ці тупаваты завельмі. Яны і для аднаасобства не дужа здатныя, а як будзе ў калгасе? За сябе Сцепаніда не надта баялася, яна — як усе, а калі ішла добраахвотна і першай, дык болей таму, што была бяднячка, уведала нявыкрутку на дзвюх дзесяцінах, дзе толькі надарвешся на той гліне пад ровам. Хопіць таго, што яна надрывалася ў парабках пана Яхімоўскага, шэсць год рабіла, не шкадуючы сябе. А што зарабіла? Добра яшчэ — далі ягоную хату ды дзве дзесяціны. Як бы жыла інакш? З Петраком, такім жа, як і яна, парабкам, ды двума нажытымі дзяцьмі?
Цяпер Сцепаніда акрыяла душой: урэшце зрушылася, пайшло, будзе калгас, што ўжо чапляцца за тую бядняцкую нэндзу, ці не пара саступіць са спрадвечнага і даверыцца новаму. Тым больш калі разумныя людзі раяць. Яна паважала разумных людзей, асабліва тых, каторыя з горада, адукаваныя, думала: ужо яны на благое агітаваць не будуць. Добра, што і Пятрок не надта пярэчыў, хоць на сходы хадзіць перастаў, пасылаў яе і бурчэў кожнага ранку, як збіраўся на ток ці да скаціны. Але што ведаў Пятрок, які павучыўся некалі дзве зімы ў школе, толькі і ўмеў распісацца, ды і то аж спацее, бывала, пакуль выведзе на паперы сваё няхітрае прозвішча.