Знак бяды
Шрифт:
— Не разгаварваць! Капаць!
— Капаем, капаем. Каб табе гэту лапату ў горла, — ціха зазначыў Дубасей, а гучней з ліслівасцю загаманіў да паліцая: — Сынок, гэта мне па нуждзе каб… Ну ў лясок, га?
— Капаць!
— Дык па нуждзе ж, сынок…
— У яміне.
— Дык як жа ў яміне? Чалавек жа я. Мне трэба…
Але Каландзёнак, нібы аглухшы, ужо закаціў вочы і, здавалася, нічога не бачыў навакол. Тады стары ўваткнуў у жвір рыдлёўку і, дужа наморшчыўшы свой зашчацінелы твар, палез па абрыву з яміны на той бок, дзе зачынаўся дробненькі малады сасоннік.
— Назад! — віскнуў з дарогі Каландзёнак, але
— Назад!
Стары Дубасей задам поўз па абрыву, сунучы сабой жвір, і Пятрок аж жахнуўся (забіты?). Але не, здаецца, жывы, толькі збялелы як палатно і без шапкі. Споўзшы да нізу, не адразу, неяк аслабела-хістка падняўся на ногі.
— Капаць! Быстра! Шнель! — віскаў з дарогі паліцай, трымаючы аберуч вінтоўку.
Невідушчымі, поўнымі слёз вачыма Дубасей агледзеў яміну, слепа нашарыў збоку сваю рыдлёўку.
— Божа мой, Божа! — ціха шапталі ягоныя вусны. — Што ж гэта? Як жа гэта? Мы ж некалі з ягоным бацькам таварышавалі. Разам у салдатах служылі. Бацька ж чалавек быў…
«Ну і змяя, ну і гадзюка! — думаў Пятрок, знясілена точачы ў жвір рыдлёўку. — Чаму яго малога хвароба не ўзяла?.. Колькі харошых людзей пагінула, а гэты во раскашуе. Як усё несправядліва на божым свеце…»
Каландзёнак не даў ім ні перакурыць, ні перадыхнуць хоць крыху, падводы ішлі і ішлі, і яны капалі і кідалі, капалі і кідалі. Ужо яміна стала глыбокая, у рост чалавека, трэба было добра размахнуцца, каб дакінуць да воза, а рукі ўжо не слухаліся. Дубасей капаў побач, без шапкі, з голай, як калена, нічым не прыкрытай галавой, і ў вачах у старога было поўна слёз, якія ён крадком выціраў заскарузлай рукой. Зводдаль на дарозе слупам стаяў Каландзёнак, відаць, яму было сцюдзёна, рукі ён хаваў у кішэнях, і вецер ляскатаў поламі шыняля па яго ботах, але паліцай ні на крок не адступаўся ад яміны.
Неяк яны, аднак, дацягнулі да вечара, знемагліся ўшчэнт, а колькі накідалі вазоў, дык перасталі і лічыць. Як пачало змяркацца і пад нагамі ў яміне ўжо трэба было ўгледзецца, куды пхнуць рыдлёўку, на дарозе з'явіўся Гуж. Скуранка ягоная была расшпілена на грудзях, твар распарана-счырванелы, пэўна, ад самагону, не іначай.
— Генуг, гультаі! — адразу аб'явіў Гуж. — На сёння генуг! А заўтра будзе загад. Ці сюды, ці на бульбу. Па дамох разайдзісь!
Ад тае каманды ў Петрака адразу падагнуліся ногі, і ён сеў, дзе стаяў, — на нейкую жвіровую купіну, зусім знясілены без ежы за цэлы дзень. Дубасей пагробся вылезці з ямы і ледзьве выбраўся пад сасонкі, дзе ляжала яго прастрэленая шапка. За ім спакваля вылез з ямы Пятрок.
Ужо было цемнавата, разгарачанае цела хутка астывала, Пятрок здрыгануўся і, як мог найхутчэй, падаўся гасцінцам на хутар. Ён думаў, што калі так пойдзе і далей, дык на жыццё разлічваць залішне, прыйдзецца сканаць, і, можа, чым хутчэй, тым лепей. Але ж, халера на яго, страшна вельмі канаць, хацелася яшчэ пажыць. Хоць бы затым, каб пабачыць, як урэшце дадуць ім харошага штурхеля ў зад, як завыюць яны ад расейскага бота. Мабыць, усё ж завыюць. Не можа так быць, каб не завылі, — не павінна так быць. Шкада
вось, што можна не дачакацца, і гэта было б дужа несправядліва і крыўдна.У поцемках ужо ён прыплёўся на цёмную сваю сядзібу, увапхнуўся ў сенцы і схамянуўся ад таго, што забыўся куды ісці: у хату ці ў істопку. Але во дзверы з хаты самі расчыніліся, ён пазнаў у прыцемку жонку і пераступіў парог. Тут ужо ўсё было прыбрана і стала, як і раней, да немцаў, відаць было, палілася ў грубцы, ярка свіціліся шчыліны каля дзверцаў, і было цёпла. Пятрок, як быў у кажушку, апусціўся на лаву насупраць грубкі.
Сцепаніда нешта сказала наконт ежы, але ён ужо не думаў пра ежу. Ягонае цела прагнула толькі аднаго: заваліцца і заснуць тут, у цяпле свае хаты, якая гэтак нечакана сёння вярнулася да яго. Але ён ужо ведаў, што трэба паклапаціцца аб іншым — трэба падумаць аб заўтрашнім дні, калі хочаш яшчэ пажыць і дачакацца лепшага.
— Ты прынясі мне скрыпку, — сказаў ён жонцы.
— Скрыпку? Навошта? Ці ты граць будзеш?
— Адыграўся ўжо.
Ён не сказаў болей нічога, і яна пайшла з лучынкай у істопку і неўзабаве прынесла ягоную скрыпку і смычок пры ёй. Зноў нічога не сказаўшы, Пятрок выйшаў на двор, па сцежцы перайшоў гарод, пералез цераз плот да рова.
Гэтаю сцяжынкай трэба было абмінуць поле, перайсці цераз узровак — за лугавінай Баранняга Логу пад лесам было Заграззе, дзе ў хаце пад вязам з буслянкай жыў Цімка Рукаты, на ўсе рукі ўмелы чалавек, які мог зрабіць усё, што ты хочаш.
18
Лёс ці выпадак далі перадышку, быццам бы адсунулі ўбок самае страшнае, і Сцепаніда трошкі душэўна выпрасталася. А то былі хвіліны, калі яна развітвалася з жыццём і толькі шкадавала, што была занадта баязлівая, наважылася на дужа нямногае і так мала зрабіла. А і тое, што зрабіла, было не заўсёды ў лад, атрымлівалася цераз пень-калоду, па-дурному. Па-дурному яна асталася без Бабоўкі, праз свой недагляд пагубляла курэй. Ды і Янка таксама, мусіць, прапаў праз яе, — каб была разумнейшая, дык бы неяк давяла хлопцу, што і блізка нельга патыкацца да хутара. Але каб жа тое веданне, што прыходзіць заўжды надта позна, калі яно ўжо без патрэбы.
Як бы там ні было, жыццё покуль доўжылася, трэба было нешта есці і, можа, паклапаціцца пра заўтра, а не толькі пра тое, што было на падворку. Насоўваліся халады, каторы дзень спрэс хмарылася восеньскае неба, дажджыла, а бульба ўсё ляжала ў кучы на канцы гарода. Петраку ўсё не выпадала ўзяцца за яе, і Сцепаніда, разважыўшы, дастала рыдлёўку. Не дужа складаная гэта справа, хоць і лічылася чыста мужчынскай, — забуртаваць якія два вазы бульбы. Сцепаніда падраўняла кучу, падгрэбла, шчыльней абклала саломай і пачала абкопваць зямлёй.
На сядзібе яе болей нічога не турбавала, спакваля сабралася ў хляўку шэсць курыц, чатырох, пэўна, з'елі немцы. Учора ж, як толькі з падворка, забраўшы Петрака, з'ехалі паліцаі, яна найперш кінулася ў роў, знайшла ў барсуковай нары свайго згаладнелага парсючка, які так ёй узрадаваўся, што кінуўся ў ногі і забыўся пра голад, як яна пачасала ягоны схуднелы бок. Ён не падаў нават голасу, як яна валакла яго на ўзровак, а затым трушком бег па сцяжыне да хутара і, відаць, з вялікай неахвотай зноў улез у цесны свой застаронак. Там ужо яна яго ўволю накарміла бульбай, не пашкадавала вобмешкі, пасля ён выпіў чыгунок вады і супакоіўся.