Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Знак бяды

Быкаў Васіль

Шрифт:

Ну, так яно і было, ён не памыліўся — з хаты чулася размова: адзін голас быў Сцепанідзін, а другі… Не ўцяміўшы адразу, чый быў той голас, Пятрок нясмела расчыніў дзверы ў хату.

— Во, а мы чакаем. Думалі ўжо — не дачакаемся сёння.

«Вы ды каб не дачакаліся — воўк за гарой здохне», — падумаў Пятрок, пазнаўшы паліцая Недасеку, што падняўся насустрач з лавы. Ён падаў Петраку шырокую далонь, якую той ціхенька паціснуў, думаючы ўсё: «Каб ты здох, унюхаў-такі. Але што ж, мабыць, здагадлівыя… Не паспееш нешта падумаць, як яны ўжо ведаюць».

— Але калі на работу, дык не пайду, — сказаў Пятрок. — Учора падбіўся, няма рады.

— Ай, не хадзі, — ахвотна

пагадзіўся паліцай. — Сёння можна і не ісці, немцы паехалі. Ну як, ці нагнаў? — раптам запытаў ён і сціх, поўны ўвагі.

Пятрок зразумеў, што ён мае на ўвазе, і ўжо хацеў быў аднекацца, нешта схлусіць, але перш зірнуў на Сцепаніду, якая моўчкі стаяла пры печы. Злавіўшы ягоны позірк, яна сказала:

— Во дажыдаецца. Быў жа Гуж, ужо ўсё ведае.

Каторы ўжо раз Пятрок моўчкі пры сабе вылаяўся, ну але што ж! Без Гужа тут, ведама, не абыдзецца, але, можа, і лепей, што няма самога старшага паліцая, не трэба нічога тлумачыць ці апраўдвацца. І ўсё ж самагон ён хацеў аддаць ва ўласныя рукі Гужа, каб было зразумела, каму і ад каго, ды, можа, яшчэ і абгаварыць, за што. Папрасіць, каб не дакучаў з працай, не прысылаў немцаў кватараваць, перастаў чапляцца да жонкі. Ці мала ў яго было спраў да Гужа! Але ж во трэба цяпер ні за што, ні пра што аддаваць самагон Недасеку, які, можа, сам усё і вып'е.

Памарудзіўшы трохі, Пятрок выйшаў з хаты і на дрывотні выцягнуў з-за штабялька дзве бутэлькі гарэлкі. Трэцюю рашыў не аддаваць, паберагчы трохі. Ідучы ў хату, трошкі пабойваўся, што Недасека заўпарціцца, скажа: мала, тады прыйдзецца апраўдвацца, што мала нагнаў, бо кепскае начынне ці мала заквасіў. Але, на яго здзіўленне, Недасека не сказаў ні слова, запіхаў бутэлькі ў кішэні суконнага галіфэ, што нізка спаўзло на калені.

— З бульбы ці жытняя? — толькі і пацікавіўся паліцай.

— Жытняя. Стараўся, а як жа! Цяпер жа, ведаеш, трэба ўсім дагадзіць, уласці асобенна, — ветліва сказаў Пятрок.

— Уласці заўжды дагаджаць трэба. Хоць савецкай, хоць нямецкай, а як жа, — глыбакадумна заключыў Недасека і ўзяўся за клямку. — Ну, то да пабачэння!

Ён пайшоў, быццам нават задаволены тым, што ўзяў, Пятрок падазрона пасачыў у акно, як паліцай выходзіў з варотцаў, і тады стомлена сеў на лаву. Сцепаніда палезла ў печ па чыгунок з рэшткай капусты.

— Дзвюма бутэлькамі думаеш заліць яму вочы? — з'едліва запытала яна, спадылба пазіраючы на супакоенага Петрака.

— А што, мала?

— Сам ведаеш. Як бы зноў не прыпёрся.

— А не дам. Што ў мяне, спіртзавод?

— Аднак ужо ведаюць, што гоніш. Што змеявік на скрыпку выменяў. Агентура, кажа.

— Во як! Каб яна спрахла, агентура тая!

— Толькі во бомбу не могуць знайсці. Бомба там ля моста ляжала, дык спёр нехта.

— Бомбу! Ну каму яна трэба… Хіба Карніла? Пэўна, Карніла, — сказаў Пятрок, падумаўшы. — Таму ўсё трэба. Што дзе ляжыць, усё дамоў цягне.

Седзячы на тым самым месцы, дзе нядаўна еў Недасека, Пятрок сёрбаў капусту. Адчуваў ён сябе дашчэнту змораным, дужа сіпела ў грудзях — мусіць, ад дыму, але ўпершыню за шмат дзён з'явілася задаволенасць у душы, што зрабіў справу і тым трохі адкупіўся дзеля спакою, надоўга толькі ці не — невядома. Але на сёння, дык, мабыць, пэўна адкупіўся, ужо сёння Гуж пакіне яго ў спакоі. Даядаючы засквараную капусту з глінянай міскі, ён думаў, што спярша закурыць, а пасля трохі адпачне ў цяпле свае хаты, а там памяркуе, што рабіць далей. Але, як заўжды, Сцепаніда болей за яго ведала, што трэба рабіць найперш, а што пасля.

— Капец так і не абладзілі. Мне сёння не далі гэтыя. Ды і хлеба нямашака, малоць

трэба.

— Бульба пачакае. Не марозіць яшчэ.

— Ну а хлеб? Есці ж няма чаго.

— Заўтра, — сказаў Пятрок. Пасля яды, у хатнім цяпле яго зусім размарыла ад стомы, і ён не меў сілы брацца цяпер за якую справу. Хоць бы і за самую пільную.

— А калі заўтра выганяць абаіх? На мост ці на бульбу? Ці яшчэ куды, — насядала Сцепаніда.

— Не выганяць.

— Як гэта — не выганяць! Што, ён табе даў аслабаджэнне? Нап'ецца ды зноў прыедзе, будзе чапляцца.

Можа, і прыедзе і будзе чапляцца і пагражаць, але Пятрок так ужо выматаўся за гэтыя дні, што цяпер не меў жаднае сілы што-небудзь рабіць. Паеўшы, ён згарнуў цыгарку, прыпаліў яе ад вугольчыка з загнеткі і пайшоў у запечак.

— Я зараз…

Не скідаючы апорак, ён прылёг у запечку і, не дакурыўшы цыгаркі, заснуў. Здалося, толькі самкнуў павекі, як на падворку дужа забрахаў забыты ім Рудзька, штось затупацела ў доле — Пятрок прахапіўся са сну і з цяжкай галавой кінуўся да акна. На тым месцы, дзе нядаўна стаяла кухня, нехта прывязваў да тыну спраўнага рудога коніка, і, як павярнуўся, каб ісці да ганка, Пятрок пазнаў Каландзёнка — у шынялі, з вінтоўкай за плячмі.

— Каб вы паздыхалі ўсе! — роспачна вылаяўся Пятрок, ужо адчуваючы, якая патрэба прывяла гэтага паліцая ў Яхімоўшчыну.

Рудзька ўсё брахаў — спярша на каня, які апасліва паводзіў вушамі, але не саступаў з месца, а пасля напусціўся на Каландзёнка. І той раптам спыніўся, хапаючыся рукой за вінтоўку. Пятрок, як быў без кажушка, выскачыў у сенцы і закрычаў на сабачку:

— Рудзька, прэч! Прэч ты, шчанюк! Я табе дам! Не трэба яго страляць, ён не ўкусіць! — загаманіў ён да паліцая, які ўжо піхаў патрон у патроннік. Рудзька, мабыць, зразумеў нарэшце, што яму пагражае, і забег за вугал на дрывотню. Ён яшчэ пабрэхваў адтуль, але ўжо без вялікае злосці, і Каландзёнак закінуў вінтоўку на вузкае, абвіслае ў шынялі плячо.

— Па гарэлку прыехаў, — проста абвясціў паліцай, не мяняючы поснага выразу на белым панурым твары.

— Дык я ж аддаў! Недасека ж узяў дзве бутэлькі, — захваляваўся Пятрок. — Што ж у мяне, фабрыка?

— Гуж сказаў: яшчэ дзве бутэлькі. Інакш заўтра будзе рэпрэсія.

— Што будзе? — не зразумеў Пятрок.

— Рэпрэсія. Ну гэта — будзем цябе вешаць. Ці, можа, страляць? — усумніўся Каландзёнак. — Не, вешаць, здаецца. Ага, успомніў — вешаць. Рэпрэсія, значыць.

— Ото дзівосы! — развёў рукамі Пятрок. — Дык дзе ж я вазьму? Я ж аддаў. Недасека…

— Тады бяры шапку.

— Зачым?

— Пойдзеш у мястэчка. Гуж сказаў: не дасць гарэлкі — самога за каршэнь і сюды. На рэспрэсію.

— Гэтак?..

Ну што яшчэ можна было зрабіць перад гэтымі злыднямі? Пятрок памаўчаў, падумаў і амаль з відавочнай выразнасцю зразумеў, што і гарэлка — не выйсце. Не, не ўратуе яго самагон — як бы не пагубіў хутчэй, чым што іншае.

Ён моўчкі ступіў на воглую зямлю падворка, не тоячыся, прайшоў на дрывотню і выцягнуў з-за альховага штабялька трэцюю сваю бутэльку.

— Ну во! А казаў — няма! Пакуль вам рулю ў пашчэнкі не сунеш, не зразумееце! — тонка завішчэў Каландзёнак і выхапіў з ягоных рук мурзатую бутэльку. — А яшчэ?

— Няма! Яй-богу, болей няма. Во хоць абшукайце. Выгнаў, знаеце, мала, запарка няўдалая.

— Ладна, — падумаўшы, згадзіўся Каландзёнак. — Аддам, а там хай сам рашае.

Ён адвязаў каня і скочыў на яго ўпоперак хрыбта жыватом, перакінуў па другі бок даўгую ў боце нагу. Конік пабег да гасцінца, а з гарода на падворак выйшла Сцепаніда, несучы кош з бульбай.

Поделиться с друзьями: