Золак, убачаны здалёк
Шрифт:
Ён адышоўся ад нас і павярнуўся ў другі бок. Тады ўзяў свой бізун за тоўстую ручку, пятлю надзеўшы на запясць, кінуў даўжэзную, чым далей, то танчэйшую вужаку бізуна перад сабою, тады замахнуўся над галавой, нечакана весела гікнуў і, як маланкаю, стрэліў!.. Ажно, здаецца, порахам запахла, як тады, калі мы разбіваем патронны капсуль, каменем на камені.
Стрэліўшы і яшчэ два разы, дзядзька сабраў свой бізун зноў у некалькі столак, павесіў цераз плячо, зноў ручкай наперад.
— Цяпер касаема сусліка, — сказаў ён і дастаў з правай кішэні портак камень. — Перш за ўсё тут нужон падхадзяшчы штэйн.
— Гэта камень па-нашаму, — растлумачыў мне Зяма. — А ў той, другой кішэні — гармонік.
— Залман,
Дзядзька шпурнуў свой камень у штосьці нябачнае на траве.
— Ну, маладзёж, знайсці і падняць!
Мы, смеючыся, пабеглі, знайшлі той гладкі, адшліфаваны рукамі камень, і я падаў яго дзядзьку. Штэйн пайшоў у кішэню, а дзядзька Шыман сказаў:
2
Балабос — гаспадар (жыд.).
— Ну вось. Засім астаюсь ваш быўшы сын, ныне яфрэйтар утарога Туркестанскага палка…
— Шыман, а гармонік? — як спалохана, ледзь не крыкам перапыніў яго Зяма. Дзядзька ўсміхнуўся:
— Залман, условіе: тока без нерваў!.. Музыка трэбуя паўзы і падхадзяшчага ўніманія. Позна! Вунь ужо баба Роха ідзе. Рахіль Шлёмаўна. Шэствуя важна ў спакойсцвіі чыннам…
Ён яе першы заўважыў.
Яна падышла да нас злосна і стомлена.
— Бежыце, як шчанюкі якія, старой не дагнаць… А ты ўсё, Шыман, забаўляешся? Гнаў бы далей ад гасцінца, можа, там лепшая трава. Ох, замарылася!..
Яна памаўчала хвіліну, аддыхваючыся, а тады спыталася:
— А што гэта там, у Індыках, людзей нешта многа? Я ўжо добра не бачу…
«Індыкамі» называецца канец бліжэйшай ад нас мілтачоўскай вуліцы, у якую ўліваецца гасцінец. Мы ўсе зірнулі туды. І праўда — з вуліцы на гасцінец выходзілі людзі, цэлы натоўп. Найбольш, здаецца, дзяцей…
Спачатку мы ішлі разам з бабай Рохай, а потым, з Зямам удвух, мы ўжо не вытрымалі, пабеглі.
…Усякае было — калючы дрот чорнымі хмарамі везлі па нашым гасцінцы, легкавыя машыны з розных краін ішлі ледзь не цэлы дзень, кавалерыя тупала на манеўрах, а то і галопам ішла, — але такога яшчэ не было!
У тым натоўпе, дзе найбольш было мілтачоўскіх дзяцей, ішлі мядзведзі з цыганамі… Не, цыганы з мядзведзямі… Яшчэ раз не — усё-такі не цыганы былі там перш за ўсё!..
Адзін за адным, на павадах, з намызнікамі — мядзведзі нізка над зямлёй і цяжка члапаюць ды клыпаюць сваімі лапішчамі па жвіры, нібы знарок, на пацеху панакрываўшыся вывернутымі кажухамі. Сем мядзведзяў!..
А цыганы тыя — сем цыганоў — у чорных капелюшах, у запыленых ботах, аброслыя, чорнабародыя, з кіямі. І нічога ні з кім не гавораць. Нехта хоча даць хлеба мядзведзю, той праз намызнік хоча ўзяць, але цыган яму — кіем, хлеб той за пазуху, а сам маўчыць, далей ідзе побач з мядзведзем. І мішка зноў маўчыць — толькі рыкнуў ад крыўды, замармытаў і сціх.
Усе ішлі — малыя, дзецюкі, дзядзькі — і мы з Зямам таксама ішлі ўжо назад у Аўсянікі. Бабу Роху не чулі, не бачылі, проста забыліся пра яе…
Сем мядзведзяў. Сем цыганоў. Адкуль? Куды? Як у казцы якой… Бо мы і ведалі ж іх толькі з казак, спачатку чутых, потым чытаных. Гэта я — пра мядзведзяў. А цыганы?
Дагэтуль бачыў я не цыганоў, а цыганак з цыганянятамі, яны хадзілі па хатах адны, без мужчын. У шырозных квяцістых спадніцах з мноствам бяздонных патайных кішэняў. Усе чарнявыя, з пацеркамі ды завушніцамі, голыя грудзі часамі відаць. На адной руцэ малы галапупец, а ў другой — вялікі,
знізу закураны чайнік. Туды яна злівае малако, якое хто дасць, салодкае, кіслае — брр!.. Я не еў бы, а мама казала: «От, на агні яго адтопіць, з'есць тварагом». Усе цыганкі здаваліся мне бруднымі, ніколі не мытымі, і зверху, і пад сваімі квяцістымі кофтамі і шырачэзна-даўжэзнымі спадніцамі. То варажыць, гадаць налазяць, то просяць завучана:— Мая ж ты бабка, залатая твая шапка, уся ты ў раі, толькі пята на краі! Дай беднай цыганцы сала, каб і пяту ў рай схавала!..
Ці так яшчэ:
— Дай ты, бабка, майму малачка, а свайму хоць смятанкі дасі. Красіваму ды башкавітаму! І будзеш ты жыць да белага воласу, да чорнага зуба!..
Абдурвалі яны людзей па-рознаму. Мама расказвала, як адна баба пашкадавала цыганянятка, якое цыганка пакінула «на хвілінку» ў хаце. Баба тая: «З марозу, бедненькае, ацэпла…» Узяла яго на печ, а цыганка ўбягае ды ў крык:
— Ты мне дзіця навек акалечыла! Як я вазьму яго на мароз?!
Ледзь адкупілася — салам, мукою, толькі б забрала.
А ў Руце было і такое. Гарманіст Качан і цыганка так адно аднаго ўпадабалі, што пажаніліся. Ён быў бедны, гультаяваты, і нешта праз год яго чарнявая сказала:
— Сядзі ты, міленькі, хаты глядзі, а я сама пайду хлеба шукаць. З сыночкам пойдзем, тату ам-ам прынясем.
Я і сам бачыў яе, бо і да нас яна заходзіла. Гэта яна — з галапупцам ды з чайнікам. Адна, без цыганак. І хлопчык ужо не чарнявы, а беленькі.
Усё цыганкі, цыганкі… Пра цыгана аднаго гаварылі, што ён забіў табурэткай мілтачоўскага злодзея Саўку — такога дужага, што паднімаў за аглоблі, навыцяжку, перадок воза. Ды гэта было недзе вельмі далёка, у таямнічай для нас, падшыванцаў, страшнай турме. А ў нашых Аўсяніках, і ў Руце, і ў Мілтачах, нават у цётчыных Ярах не бачыў я ні цыганоў-мужчын, ні цыганскага табара. У кнізе Канапніцкай, вельмі цікавай казцы, якую Камар чытаў нам некалькі дзён, цыган хадзіў па кірмашах адзін, пакуль не злавіў сабе двух «красналюдкаў», маленечкіх чалавечкаў. А ў нашай кнізе Пушкіна быў цэлы табар, і, чытаючы пра яго, калі адзін, дык і ўголас самому сабе, я ажно ўздрыгваў — так гэта хораша:
…И песни жен, и крик детей, И звон походной наковальни…Ці там, дзе стары гаворыць Алеку:
…Железо куй — иль песни пой И села обходи с медведем.Ды гэта ж у казках, у кнігах усё, а цяпер…
Адкуль, куды яны ішлі — сем цыганоў і сем мядзведзяў — ніхто не ведаў і не даведаўся. А нас, малых, гэта і не цікавіла. Ішлі — як з казкі, і мы побач з імі ішлі, як у казцы.
Натоўп усё меншаў патроху, старэйшыя адставалі, вярталіся. А мілтачоўскія дзеці дайшлі аж да нашай вёскі. Убачыўшы, што цыганы, якія і ў Мілтачах не спыняліся, цяпер не збочылі ў Аўсянікі, пайшлі і далей правым бокам гасцінца, дзеці спыніліся, пастаялі і вырашылі вяртацца. Далей ісці не падахвоціла іх і тое, што з нашай вёскі — ад гумнаў, полем — беглі ўжо на гасцінец дзеці і дарослыя…
Вярнуўся і Зяма. Я толькі трохі падышоў з ім, а потым мы пагаварылі, што ў Мілтачы мне сёння позна ўжо, бо вунь і сонца хутка сядзе.
Першы наш дзень, такі цікавы, закончыўся проста. Нават за руку мы не развіталіся.
Потым я яшчэ цэлы год хадзіў дома ў трэці, і з Зямам мы бачыліся вельмі рэдка. Тады быў год у чацвёртым, ужо ў Мілтачах, калі мы з ім нават за адной партай сядзелі. А па канікулах, калі ўжо мы сустрэліся ў пятым, яно і здарылася ўпершыню ў маім жыцці — пацалаваўся з хлопцам. Ад радасці. Хоць ён і не сваяк які, а проста дружны, вясёлы таварыш.