Золак, убачаны здалёк
Шрифт:
11
Тады з вайны вярталіся па-рознаму. Хто зусім цэлы, здаровы, хто трохі паранены, хто газу глытнуў і яшчэ ўсё бухукае. Адзін быў бязногі. Другі на каня крычаў «донарвэтар»: гэта — з палону, дзе ён, у той Германіі, і «страляць» навучыўся ў хаце, добра, што хоць не за сталом, як тыя яго «баўэры».
А некаторыя і не вярнуліся…
У Тоні бацька быў. Няхай сабе ён для нас, малых, «нейкі латыш», у нейкім горадзе Лібава, — але быў, і яна не сірата, хоць бацьку таго ніколі не бачыла.
Мой тата памёр у Казлове, на Тамбоўшчыне, у тым
Я свайго бацьку вельмі мала памятаў. Можна сказаць, што больш уяўляў па маміных ды Раманавых успамінах.
Зямаў бацька, што і ў арміі быў кавалём, загінуў пад самы ўжо канец «мікалаеўскай» вайны і пахаваны невядома дзе, хутчэй за ўсё ў той вялікай салдацкай яме, што называецца брацкай магілай. Пра гэта мне расказвала Зямава мама, калі я, ужо як вучыўся ў Мілтачах, заходзіў да іх.
Зяма бацькі таксама не ведаў. Шура мог бы свайго пабачыць аж двойчы — калі тата ішоў на захад і калі вяртаўся, першы раз на коратка, а другі яшчэ на карацей заглянуўшы дахаты. Аднак тады яго бедны Аляксандр Сяргеевіч якраз ляжаў, больш за два месяцы, непрытомны, аглушаны выбухам той бліскучай, спакуслівай цацкі, і ні жывога, ні мёртвага бацькі ён не пабачыў.
Апроч гарадской фатаграфіі на сцяне, дзе яго тата з мамай, таксама невядомай Шуру, зняты яшчэ да яго нараджэння, мелася ў іх і яшчэ адна памятка па Шуравым бацьку. Памятка патаемная, якую ні дзед Богуш, ні дзядзька Іван не паказалі б мне, а Шура паказаў.
Гэта была не проста якая-небудзь адна — шэптам кажучы — бальшавіцкая афішка, за якую катуюць у пастарунку і гоняць у турму — гэта было аж некалькі газет, на кожнай з якіх вялізнымі і нібы гнутымі літарамі стаяла ў загалоўку: «Правда»…
Праз многа гадоў і мноства падзей, я, савецкі пасляваенны студэнт, бачыў у бібліятэцы падшыўку «Правды» за той час, вясну і лета дваццатага года. Лісты вялікія, большыя за сённяшнія газеты, папера розных адценняў, благенькая, фарба слабая, цяжка чытаецца. Толькі зрэдку чатыры старонкі, а то ўсё дзве, адзін вялікі ліст. Буйныя загалоўкі: «Телеграммы», «Оборона Советской России», «За границей», «Борьба з польскими белогвардейцами»… І словы Леніна, з яго выступлення перад чырвонаармейцамі, што накіроўваліся на польскі фронт:
«…С польскими крестьянами и рабочими у нас нет ссор, мы польскую независимость и польскую народную республику признавали и признаем…»
Гартаючы тую падшыўку, успамінаў я Шуру (з якім мы, дарэчы, разам і партызанілі) і ў мнагалюднай бібліятэчнай цішыні з усмешкай бачыў, як мы, малыя змоўшчыкі, чыталі гэтыя лісты, замкнуўшыся ў Богушавай хаце. Загучнае слова — чыталі: проста гарталі, шапталіся, як заварожаныя тым вялікім словам — «Правда», яшчэ праўдзівейшым ад забароны
гаварыць яго ўголас, на людзях…Шураў тата таму і забавіўся быў у іхняй хаце, заскочыўшы ў яе другі раз, што Шура тады яшчэ ўсё нічога не гаварыў, не разумеў. А потым тату, калі ён, ранены куляй, зваліўся з каня, уланы дабівалі шаблямі…
Ці не згадаў Шура яго і тады, на аўтагонках, калі кабыла панесла ў поле няўдалага ездака-каменданта?..
Ці не пра Шуравага бацьку намякаў нам у злосці ды ў страху Камар, калі ставіў нас на калені, а сам крычаў: «Я вас ведаю! Ведаю!..»
Словам, і Аляксандр Сяргеевіч быў сірата ваенны.
Аднак ні ён, ні Зяма, нават ні Тоня не называліся — брыдкае, непрыемнае слова! — байструкамі.
Такімі былі ў нас два хлопцы — Валодзя Казак і Толя Немец.
Яшчэ студэнтам, на бульбе ў калгасе, пачуў я ад цёткі, у якой мы з сябрам кватаравалі, мянушку Пяціхвілінка. Пра малую дзяўчынку, суседчыну. «Чаму?» «А гэта ўжо як нашы немцаў гналі, дык яе адзін баец за пяць хвілін змайстраваў». Мы пасмяяліся разам з тою гаваркою цёткай. Можна, вядома, і пасмяяцца з трапнага слова, але тады гэта, калі не думаць пра тую дзяўчынку.
Неяк пры мне, у санаторыі, за абедзенным сталом, адзін паважаны таварыш у гутарцы з другім паважаным, да таго ж яшчэ і пісьменнікам, расказваў салідна, з пэўным, амаль непрыкрытым разлікам:
— Я быў у свае мамы выблядак. Нашай змене, падрастаючым пакаленням, вы самі гэта панімаеце, каб добра, шчацельна апісаць, было б очань палезна ведаць, як гэта з выблядка палучыўся такі чалавек, як я…
І ніхто з нас тады, ні я, ні нават пісьменнік, не сказалі таварышу: «Бедная ваша маці!..»
Народ і ў грубасці сваёй мудры, і прымаўку мае спрадвеку: «Байструк — з божых рук». У гэтым азначэнні ёсць і тая праўда, што такія дзеці найчасцей бываюць спраўныя ды здольныя, а ёсць і іншае: крыўдзіць такога грэх. Трэба думаць, што не толькі ў нас, беларусаў, ёсць такая разумная прыказка. Спецыяльна я гэтым не займаўся, але нядаўна, у «Первых воспоминаниях» іспанкі Аны Марыі Матутэ, з прыемнасцю сустрэў дзве цікавыя рэчы. Аказваецца, і ў Іспаніі ў гады майго малалецтва ў вёсках рабілі хадакі з аўтамабільных пакрышак, як і ў нас, у Заходняй Беларусі, дзе і прымаўка была: «што ні беларус, то і аўтабус» — след такі самы. І другое, — і там, у Іспаніі, байструкоў, «незаконных» дзяцей, народ называе божымі дзецьмі.
Дзіця-то божае, але ж доля ліхая.
Жылі ў Аўсяніках дзве дваюрадныя сястры, Каця Курыца і Жэня Паганка. Каця, бялявая, ціхманая, хадзіла паволі, нібы і ў белы дзень крадучыся, і час ад часу неяк па-курынаму цікавала на неба: то адным вокам збоку ўгару, то другім. Ад гэтага і мянушка пайшла. А Паганка была чарнявая, прыгожая, разбітная, з мянушкай спадчыннай — ці ад грыбоў такіх, ці ад нейкай у іхнім родзе па-язычаску свавольнай весялухі. У Каці пасля бацькоў засталася старая хата і шнурок поля, яна сяк-так і гаспадарыла. А Жэня, яшчэ раней асірацелая, хатку сваю і палоску прадала і паехала, як многія тады, у Пецярбург, працавала там на панчошнай фабрыцы, гады ў рады наведваючыся ў Аўсянікі, дзе жыла іх цётка, адна на дзвюх з Кацяй.