Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Оруэлл Джордж

Шрифт:

Чорнавалосая дзяўчына ішла да яго праз поле. Адным рухам яна сцягнула з сябе адзенне і рашуча адкінула яго ўбок. Цела яе было белае і гладкае, аднак яно не абуджала ў ім ніякага жадання, ён нават не надта ўважліва на яго глядзеў. Ён быў зачараваны тым рухам, якім яна адкінула адзенне. Здавалася, што яе павабнасць і бестурботнасць здольныя знішчыць цэлую цывілізацыю, цэлую сістэму ідэй, быццам ад аднаго гэткага ўзмаху рукі могуць знікнуць назаўсёды і Вялікі Брат, і Партыя, і Паліцыя Думак. Гэты ўзмах рукі таксама быў са старых часоў. Ўінстан прачнуўся са словам «Шэкспір» на вуснах.

З тэлегляда чуўся пранізлівы свіст, бесперапынны аднастайны сігнал, што цягнуўся трыццаць секунд. Было нуль сем пятнаццаць — час пад'ёму службоўцаў. Ўінстан саскочыў з ложка — голы, бо сябра Знешняй Партыі атрымліваў на год толькі тры тысячы талонаў на адзенне, а піжама каштавала шэсцьсот — і схапіў з крэсла зашмальцаваную майку і трусы. Праз тры хвіліны пачыналася Ранішняя гімнастыка. Але раптам ён зайшоўся моцным кашлем, які амаль заўсёды нападаў на яго, адно ён прачынаўся.

Кашаль спустошыў лёгкія, і ён мусіў ляжаць пластом на спіне і прагна хапаць ротам паветра. Ад напружання напухлі жылы і засвярбела язва на назе.

— Група ад трыццаці да сарака! — пранізліва вішчаў жаночы голас. — Група ад трыццаці да сарака! Калі ласка, заняць месцы! Ад трыццаці да сарака!

Ўінстан стаў па стойцы «смірна» перад тэлеглядам, у якім ужо паказалася жанчына-трэнерка, яшчэ не старая, худая і жылістая, у трыко і спартовых чаравіках.

— Рукі сагнуць і разагнуць! — камандавала яна. — Разам са мной. Раз, два, тры, чатыры! Раз, два, тры, чатыры! Ну, таварышы, жывей, жывей! Раз, два, тры, чатыры!..

Пакутлівы прыступ кашлю не выцесніў да канца Ўінстанавы ўражанні ад сну, а рытмічныя рухі гімнастыкі нават яшчэ болей іх асвяжылі. Пакуль ён машынальна кідаў рукі ўперад і ўзад і рабіў пры гэтым задаволены твар — як лічылася патрэбным пад час Ранішняй гімнастыкі, — ён напружана спрабаваў аднавіць у памяці цьмяныя часы свайго маленства. Гэта было надзвычай цяжка. Усё, што адбылося да канца 50-х гадоў, сцерлася з памяці. Без нейкіх знешніх пунктаў адліку, за якія можна было б учапіцца, нават уласная біяграфія траціла выразныя абрысы. Прыгадваліся больш ці менш вялікія падзеі, якія, цалкам верагодна, зусім не адбываліся, прыгадваліся падрабязнасці нейкіх здарэнняў, аднак іх атмасферу ўжо немагчыма было аднавіць, а пасля цягнуліся беззмястоўныя адцінкі часу, ад якіх увогуле нічога ў памяці не засталося. Тады ўсё было інакшае. Нават назвы краін і іхнія абрысы на картах. Узлётна-пасадачная паласа No.1, напрыклад, не насіла тады гэтага назову, а звалася Ангельшчынай або Вялікабрытаніяй. Аднак Лондан, ён быў упэўнены, заўсёды называўся Лонданам.

Ўінстан не мог з пэўнасцю прыгадаць час, калі б яго краіна не ваявала, але, з другога боку, у часы ягонага дзяцінства мусіў быць даволі працяглы мірны перыяд, бо адным з першых яго ўспамінаў быў паветраны напад, які, як здавалася, быў для ўсіх нечаканасцю. Можа, гэта было якраз тады, калі ўпала атамная бомба на Колчэстэр. Ён ужо не памятаў самога паветранага нападу, але прыгадваў, як моцна сціскала бацькава рука ягоную, калі яны палахліва беглі ўніз, усё глыбей і глыбей, глыбока пад зямлю, спускаючыся па спіральных сходах, што рэхам адгукаліся пад нагамі, і ўрэшце яго ногі так стаміліся, што ён пачаў енчыць, і яны прысталі, каб трошкі адпачыць. Маці, як заўсёды павольная і задуменная, бегла даволі далёка ззаду. Яна несла сястрычку або, можа, толькі скрутак коўдраў — ён не памятаў, ці была ўжо тады сястрычка. Урэшце яны дабраліся да перапоўненага людзьмі памяшкання, у якім ён пазнаў станцыю падземкі.

На выкладзенай пліткаю падлозе паўсюль скурчыўшыся сядзелі людзі, іншыя сядзелі, цесна скупіўшыся, на лавах каля сцен. Ўінстан, маці і бацька знайшлі месца на падлозе, побач з імі на лаве сядзелі, шчыльна прытуліўшыся адно да аднаго, стары і старая. Стары быў апрануты ў добры цёмны гарнітур, з-пад чорнага брыля тырчалі сівыя валасы. Ягоны твар быў пунсовы, блакітныя вочы поўныя слёз. Ад яго моцна пахла джынам, здавалася, што яго скура выдзяляла джын замест поту, і можна было падумаць, што нават слёзы, што каціліся з яго вачэй, былі чыстым джынам. Але нягледзячы на ап'янеласць, ён пакутаваў ад нейкага гора, сапраўднага і нясцерпнага. Сваім дзіцячым розумам Ўінстан адчуваў, што толькі што здарылася нешта жахлівае, нешта недаравальнае, назаўжды непапраўнае. Яму нават здавалася, быццам ён ведае, што здарылася. Загінуў нехта, каго гэты стары вельмі любіў, можа, яго маленькая ўнучка. Штохвіліны стары ўзрушана казаў:

— Не трэба было ім верыць. Я ж заўсёды казаў, ці ж не так? Усё гэта з-за таго, што мы ім верылі. Я заўсёды казаў. Не трэба было верыць гэтым нягоднікам.

Але якім нягоднікам не трэба было верыць, пра гэта Ўінстан цяпер ужо не мог прыгадаць.

І якраз з таго часу вайна літаральна зрабілася штодзённай з'явай, хоць, уласна кажучы, гэта ўжо была не заўсёды тая самая вайна. Калі ён быў малы, у самім Лондане некалькі месяцаў ішлі зацятыя вулічныя баі, пра некаторыя з іх ён яшчэ вельмі добра памятаў. Але дакладна прасачыць цяг гістарычных падзей і сказаць, хто тады з кім ваяваў, зрабілася цалкам немагчыма, бо ніякія пісьмовыя дакументы, ніякая вусная традыцыя ніколі не згадвалі іншага стану рэчаў, чым той, што існаваў цяпер. Так, напрыклад, у гэты момант, у 1984 годзе (калі цяпер і праўда быў 1984 год), Акіянія была ў стане вайны з Эўразіяй і ў альянсе з Усходазіяй. Ні ў адным публічным або прыватным паведамленні ніколі не дапускалася, каб гэтыя тры дзяржавы былі калі-небудзь у нейкіх іншых адносінах адна да аднае. У сапраўднасці ж, і Ўінстан добра гэта ведаў, усяго толькі чатыры гады таму Акіянія ваявала з Усходазіяй і мела Эўразію за саюзніка. Але гэта быў толькі пробліск гістарычнага ведання, які быў магчымы толькі таму, што яго памяць не была як след кантраляваная. Афіцыйна ж ніякіх змен у камбінацыі партнёраў і ворагаў ніколі не адбывалася. Акіянія вяла вайну з Эўразіяй — значыць, Акіянія ваявала з Эўразіяй заўсёды і ва ўсе часы. Цяперашні вораг заўсёды быў увасабленнем зла, і з гэтага вынікала, што ўсялякае пагадненне з ім у мінулым або ў будучым было

немагчымае.

Страшнейшым за ўсё было тое — дзесяцітысячны раз адзначаў сабе Ўінстан, балюча напружваючы плечы (яны рабілі цяпер нахілы тулавам — практыкаванне, што ўмацоўвае мышцы спіны), — страшнейшым за ўсё было тое, што ўсё гэта магло быць праўдай. Калі ўжо Партыя магла гэтак умешвацца ў мінулае і сцвярджаць пра тую або іншую падзею, што яна ніколі не адбывалася, — ці не было гэта страшнейшым за катаванні і смерць?

Партыя казала, што Акіянія ніколі не была саюзнікам Эўразіі. Ён, Ўінстан Сміт, ведаў, што Акіянія не даўней як усяго чатыры гады таму была ў альянсе з Эўразіяй. Але дзе існавала гэтае веданне? Толькі ў яго свядомасці, якая ў хуткім часе непазбежна расцярушыцца на пыл. І калі ўсе іншыя верылі ў ману, якую навязвала Партыя, калі ўсе пісьмовыя запісы падзей гучалі аднолькава, тады мана ўваходзіла ў гісторыю і рабілася праўдай. «Хто кантралюе мінуўшчыну — той кантралюе будучыню, хто кантралюе цяпер — той кантралюе мінуўшчыну», — гучаў партыйны лозунг. І ўсё ж мінуўшчына, якой бы зменлівай ад прыроды яна ні была, ніколі не мянялася. Сённяшняя ісціна была ісцінай спрадвеку і назаўсёды. Гэта было вельмі проста. Патрэбная была толькі няспынная чарада перамог над уласнаю памяццю. Гэта называлася «кантроль рэчаіснасці», або на навамоўі — «двухдумства».

— Вольна! — гыркнула трэнерка ўжо трохі прыязней.

Ўінстан апусціў рукі і павольна набраў у лёгкія паветра. Яго думкі блукалі ў заблытаным сусвеце двухдумства. Ведаць і не ведаць; быць упэўненым у сваёй праўдзівасці, расказваючы старанна збудаваную ману; адначасна падтрымліваць два ўзаемавыключальныя меркаванні, ведаць, што яны супярэчаць адно аднаму, і верыць у абодва; абвяргаць логіку логікай; адкідаць мараль, адначасна ёю прыкрываючыся; верыць, што дэмакратыя немагчымая і што Партыя, аднак, ёсць аплот дэмакратыі; забыцца на тое, на што цябе вымушаюць забыцца, каб пасля, калі будзе трэба, зноў успомніць пра гэта, аднавіць забытае ў памяці, а пасля зноў старанна забыцца; і перадусім — выкарыстоўваць супраць ужытага прыёму той самы прыём. У гэтым была найвялікшая хітрасць: свядома прыкрывацца несвядомасцю і рабіць выгляд, што не заўважыў толькі што праведзенага табою сеансу гіпнозу. Нават каб зразумець слова «двухдумства», трэба было ўжыць двухдумства. Трэнерка зноў скамандавала «смірна». — А зараз ну-тка паглядзім, хто з нас можа дастаць пальцы на нагах! — вымавіла яна з падкрэсленай бадзёрасцю. — У поясе са-гнуцца! Раз — два! Раз — два!..

Ўінстан ненавідзеў гэтае практыкаванне, бо яно прычыняла нясцерпны боль у нагах ад пят да азадка і часта канчалася новым прыступам кашлю. Яго пакінулі ўсе хоць колькі прыемныя думкі. Мінуўшчына, падумаў ён, не толькі мянялася, яна проста знішчалася. Бо як можна было пацвердзіць нават самыя відавочныя факты, калі пра іх не было ніякай інфармацыі, акрамя сваіх успамінаў? Ён паспрабаваў прыгадаць, у якім годзе ён упершыню пачуў пра Вялікага Брата. Яму здавалася, што гэта было ў 60-я гады, але ён не мог ведаць напэўна. Вядома ж, згодна з партыйным выкладам гісторыі, Вялікі Брат выступаў як правадыр і вартавы Рэвалюцыі ад самых яе вытокаў. Яго подзвігі паступова адсоўваліся назад у часе, пакуль не дасягнулі міфічнага свету саракавых і трыццатых гадоў, калі капіталісты ў сваіх дзівосных цыліндрычных капелюшах яшчэ ездзілі па вуліцах Лондана ў сваіх бліскучых аўтамабілях або экіпажах з бакавымі вокнамі. Ніхто не ведаў, колькі ў гэтай легендзе было праўды, а колькі прыдуманага. Ўінстан не мог нават прыгадаць, калі ўпершыню з'явілася на свет сама Партыя. Яму здавалася, што да 1960 года ён ніколі не чуў слова «Ангсоц», але, магчыма, яно ўжывалася і раней у сваёй старамоўнай форме — «Ангельскі Сацыялізм». Усё расплывалася ў тумане. Але часам можна было заўважыць відавочную хлусню. Напрыклад, было няпраўдай — хоць гэта і сцвярджалася ў падручніках гісторыі Партыі, — што Партыя вынайшла самалёты. Ён помніў, што бачыў самалёты яшчэ ў далёкім маленстве. Але давесці гэта было немагчыма. Не было ніякіх доказаў. Толькі аднойчы ў сваім жыцці ён трымаў у сваіх руках відавочны дакументальны доказ фальсіфікацыі гісторыі. Гэта было тады, калі…

— Сміт! — закрычаў ядавіты голас з тэлегляда. — 6079, Сміт У.! Так, вы! Ніжэй нахіляцца. Вы можаце рабіць значна лепей, чым робіце цяпер. Вы не стараецеся. Ніжэй, калі ласка! Так ужо лепей, таварыш Сміт. Вольна! Паглядзіце ўсе на мяне!

Па ўсім целе Ўінстана раптоўна выступіў цёплы пот. Твар яго заставаўся безуважны. Ніколі не выдаваць свайго незадавальнення! Ніколі не абурацца! Варта толькі здрыгануцца воку — і ён прапаў. Ён стаяў і ўважліва глядзеў, як трэнерка падняла рукі над галавой і — не сказаць, каб грацыёзна, але з дзіўнай дакладнасцю і спрытам — нізка нахіліла тулава, дастаўшы пры гэтым рукамі пальцы на нагах.

— Вось так, таварышы. Вось так я хачу каб рабілі і вы. Паглядзіце ўважліва яшчэ раз. Мне трыццаць дзевяць гадоў, у мяне чацвёра дзяцей. А зараз глядзіце! — яна нахілілася яшчэ раз. — Бачыце, мае калені не сагнуліся. І вы таксама здолееце, калі захочаце, — дадала яна, выпростваючыся. — Кожны чалавек да сарака пяці гадоў абавязкова павінен даставаць да пальцаў ног. Не ўсім нам выпала шчасце змагацца на фронце, — працягвала яна, — але мы, прынамсі, павінны заўсёды быць у добрай форме. Падумайце пра нашых хлопцаў на Малабарскім фронце! І пра матросаў на Плывучых Крэпасцях! Падумайце толькі пра тое, колькі ім даводзіцца зносіць. А цяпер паспрабуйце яшчэ раз. Вось так ужо лепей, таварыш, так ужо значна лепей, — дадала яна, падбадзёрваючы, калі Ўінстан рэзкім рухам упершыню за многія гады здолеў, не згінаючы каленяў, дастаць пальцы ног.

Поделиться с друзьями: