Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Оруэлл Джордж

Шрифт:

4

Ўінстан глыбока ўздыхнуў, не зважаючы цяпер, на пачатку працоўнага дня, нават на блізкасць тэлегляда, падсунуў да сябе мовапіс, здзьмухнуў пыл з мікрафона і надзеў акуляры. Пасля ён разгарнуў і сашчапіў разам чатыры маленькія скруткі паперы, што вылецелі з трубкі пнеўматычнай пошты справа ад яго стала.

У сценах кабінета былі зроблены тры адтуліны. Справа ад мовапіса была маленькая трубка пнеўматычнай пошты для пісьмовых паведамленняў, злева — трошкі большая для газет; у бакавой сцяне, якраз пад рукой у Ўінстана, была вялікая выцягнутая шчыліна, закрытая драцянымі кратамі. Гэтая шчыліна замяняла сметнік, гэткія самыя шчыліны былі раскіданыя тысячамі ці нават дзесяткамі тысяч па ўсім будынку, не толькі ў кожным кабінеце, але праз кароткія прамежкі нават у кожным калідоры. Зваліся яны чамусьці дзірамі памяці. Калі нейкі дакумент падлягаў знішчэнню або недзе валяўся непатрэбны шматок паперы, любы службовец Міністэрства аўтаматычным рухам адкідаў краткі найбліжэйшай дзіры памяці і кідаў туды паперу, а далей павеў цёплага паветра нёс яе да вялізных печаў, што былі схаваныя ў патаемных глыбінях будынка.

Ўінстан разгарнуў і прачытаў чатыры

цыдулкі. У кожнай было кароткае паведамленне-інструкцыя з аднаго ці двух радкоў на скарочаным жаргоне, які ўжываўся ў Міністэрстве ва ўнутраных мэтах і меў шмат паасобных слоў з навамоўя. Там было напісана:

таймз 17.3.84 вб прамова афрыка памылзвест выправіць

таймз 19.12.83 прагноз 3 гп 4 кв 83 памылдрук праверыць новавыд

таймз 14.2.84 міндаст шакалад памылцыт выправіць

таймз 3.12.83 справаздача вб загад дня звышплюснядобра называе нечалавекаў усё перапісаць угору перадархіў

Ўінстан задаволена адклаў апошняе паведамленне ўбок. Гэта было складанае і адказнае заданне, і ён вырашыў адкласці яго на пасля. Тры астатнія былі звычайнымі, хоць другое і патрабавала нуднага перагляду шматлікіх лічбаў.

Ўінстан набраў на тэлеглядзе «Старыя нумары», замовіў «Таймз» за адпаведныя дні, і праз пару імгненняў яны ўжо выпалі з трубкі пнеўматычнай пошты. Паведамленні, што ён атрымаў, датычылі газетных артыкулаў і рэпартажаў, якія з той або іншай прычыны было патрэбна выправіць ці, паводле афіцыйнай тэрміналогіі, удакладніць. Так, напрыклад, з «Таймз» за 17 сакавіка вынікала, што напярэдадні Вялікі Брат у сваёй прамове прадказаў, што на Паўднёва-індыйскім фронце ўсё будзе спакойна, а ў Паўночнай Афрыцы хутка пачнецца эўразійскі наступ. У сапраўднасці, аднак, Эўразійскае Вышэйшае Камандаванне запланавала наступ у Паўднёвай Індыі, а ў Афрыцы панаваў спакой. Таму трэба было напісаць новы варыянт прамовы Вялікага Брата, які б прадказваў тое, што адбылося на самай справе. У другім выпадку «Таймз» за 19 снежня змясціла афіцыйныя прагнозы вытворчасці розных тавараў шырокага ўжытку на чацвёрты квартал 1983 года, які адначасна быў шостым кварталам Дзевятай Трохгодкі. Сённяшні выпуск змяшчаў справаздачу пра фактычны ўзровень прадукцыі, з якой вынікала, што шмат у якіх галінах прагнозы не спраўдзіліся. Ўінстанава задача палягала цяпер у тым, каб выправіць старыя лічбы і прывесці іх у адпаведнасць з новымі. Што да трэцяй паперкі, дык тут была простая памылка, якую можна выправіць за пару хвілін. Яшчэ ў лютым Міністэрства Дастатку выступіла з абяцаннем (у афіцыйнай мове — «катэгарычнай гарантыяй»), што ў 1984 годзе не будзе ніякіх скарачэнняў нормы на шакалад. У сапраўднасці, як ужо ведаў Ўінстан, у канцы гэтага тыдня норма шакаладу змяншалася з трыццаці да дваццаці грамаў. Заставалася толькі замест ранейшага абяцання падставіць папярэджанне, што, магчыма, будзе неабходна скараціць норму на працягу красавіка.

Апрацаваўшы тры гэтыя паведамленні, Ўінстан прышпіліў свае надыктаваныя на мовапіс папраўкі да адпаведных нумароў «Таймз» і паклаў іх у цыліндр пнеўматычнай пошты. Пасля ён амаль зусім машынальна скамячыў усе свае нататкі і ўкінуў іх у дзіру памяці, аддаючы іх пажыральнаму полымю.

Што адбывалася ў нябачным лабірынце, куды збягаліся ўсе трубкі пнеўматычнай пошты, ён ведаў толькі ў агульных рысах. Калі ўсе папраўкі, неабходныя для аднаго нумару «Таймз», збіраліся і крытычна параўноўваліся адна з адной, нумар друкаваўся нанова, старыя нумары знішчаліся, а іх месца на архіўных паліцах займалі новыя, выпраўленыя выданні. Гэты няспынны працэс пераробкі ахопліваў не толькі газеты, але і кнігі, часопісы, брашуры, плакаты, улёткі, фільмы, магнітазапісы, мультфільмы, фотаздымкі — усе віды літаратуры ці дакументацыі, якія маглі мець хоць якое палітычнае ці ідэалагічнае значэнне. Мінулае асучаснівалася штодзённа, нават штохвілінна. Гэткім чынам зацвярджалася дакументальна слушнасць кожнага партыйнага выказвання. Натуральна ж, не пакідалася ніякіх пісьмова зафіксаваных паведамленняў і выказванняў, якія б супярэчылі інтарэсам бягучага моманту. Уся гісторыя была палімпсестам, з якога саскрэбвалі старыя пісьмёны і пісалі новыя, так часта, як гэта было неабходна. Пасля таго як справа была зробленая, было абсалютна немагчыма выявіць фальшаванне. Самая вялікая секцыя аддзела дакументацыі, значна большая за тую, дзе працаваў Ўінстан, складалася з людзей, задачай якіх было вышукваць і збіраць усе асобнікі кніг, газет і іншых дакументаў, што сталі несапраўднымі і падлягалі знішчэнню. Такім чынам, адзін нумар «Таймз» з прычыны змены палітычнай кан'юнктуры або нездзяйснення памылковых прагнозаў Вялікага Брата быў ужо, магчыма, тузін разоў перапісаны, аднак усё яшчэ стаяў у архіве пад першапачатковай датай, і нідзе не існавала супярэчнага яму асобніка. Кнігі таксама канфіскоўвалі, хутка перапісвалі і выдавалі зноў без найменшай спасылкі на змены ў тэксце. Нават у пісьмовых інструкцыях, якія Ўінстан атрымліваў і, выканаўшы, заўсёды адразу знішчаў, не ўпаміналася ні слова пра тое, што трэба было зрабіць фальшаванне: гаворка заўсёды ішла пра недагляд, памылкі ці неправераныя цытаты, якія дзеля дакладнасці трэба было прывесці да ладу.

І сапраўды, думаў ён, выпраўляючы лічбы Міністэрства Дастатку, гэта было нават не фальшаванне. Проста адну бязглуздзіцу замянялі на другую. Матэрыял, які трэба было перарабіць, у большасці выпадкаў не меў нічога агульнага з рэчаіснасцю. Лічбы ў першапачатковым варыянце былі гэткім жа прадуктам фантазіі, як і выпраўленні. Часцей за ўсё іх проста выдумлялі. Напрыклад, Міністэрства Дастатку ў сваіх прагнозах прадугледжвала, што выпуск ботаў за квартал складзе 145 мільёнаў пар. Паводле фактычных дадзеных, было выпушчана 62 мільёны. Перапісваючы прагнозы, Ўінстан, аднак, зменшыў лічбу да 57 мільёнаў, каб стварыць падставы для звычайнага сцверджання, што план быў перавыкананы. Аднак 62 мільёны былі не бліжэй да рэчаіснасці, чым 57 або 145 мільёнаў. Вельмі верагодна, што ўвогуле не было выпушчана ніводнага бота. Яшчэ верагодней было тое, што ніхто не ведаў, колькі ботаў выпушчана, не кажучы ўжо пра тое, што гэта нікога не цікавіла. Вядома было толькі, што на паперы за квартал выпушчана астранамічная колькасць ботаў, тым часам як, можа, палова насельніцтва Акіяніі хадзіла босая. І гэтак было з кожным дакументальна зафіксаваным фактам, незалежна ад яго важнасці. Усё расплывалася ў нейкім свеце ценяў, дзе ўрэшце нават даты сталі няпэўнымі.

Ўінстан кінуў позірк праз залу. У гэткай самай нішы-кабінеце з другога боку працаваў Тылатсан, маленькі педантычны чалавек са скамячанай газетай на каленях, з мікрафонам мовапіса каля самага рота. Ён трымаўся так, быццам тое, што ён казаў, мусіла застацца таямніцай

паміж ім і тэлеглядам. Ён падняў вочы, і яго акуляры варожа бліснулі.

Ўінстан мала ведаў Тылатсана і не меў ніякага ўяўлення, чым ён займаецца. Людзі ў аддзеле дакументацыі не любілі гаварыць пра сваю працу. У вялікай зале без вокнаў з двума радамі нішаў, з заўсёдным шамаценнем паперы і ціхім гоманам галасоў, што дыктавалі на мовапісы, было з дзесятак людзей, якіх Ўінстан не ведаў нават па імёнах, хоць і бачыў іх штодня, калі яны паспешліва снавалі сюды-туды па калідоры або махалі рукамі пад час Двуххвілінкі Нянавісці. Ён ведаў, што ў суседняй нішы маленькая жанчына з пясочнымі валасамі дзень пры дні корпалася ў прэсе, вышукваючы і выкрэсліваючы імёны людзей, што былі выпараныя, і гэткім чынам выходзіла, нібыта яны ніколі не існавалі. І чамусьці не здавалася недарэчным, што ўсяго толькі пару гадоў таму быў выпараны яе муж. За пару нішаў ад Ўінстана сядзеў рахманы, няўдачлівы, летуценны чалавек, якога звалі Эмплфорт. Ён меў парослыя шчэццю вушы і нязвыклы талент штукарыць з рыфмамі і строфамі і таму займаўся прадукаваннем перакручаных варыянтаў — гэтак званых канчатковых тэкстаў — вершаў, якія зрабіліся ідэалагічна шкоднымі, але з той ці іншай прычыны пакідаліся ў хрэстаматыях. А ўвогуле гэтая зала, дзе працавала каля пяцідзесяці чалавек, была толькі падсекцыяй, асобнай камерай у велізарным корпусе аддзела дакументацыі. Побач, зверху і знізу ад іх працавалі іншыя натоўпы службоўцаў, самых разнастайных спецыялістаў. Там былі гіганцкія друкарні з рэдактарамі і друкарамі, былі адмыслова абсталяваныя студыі, у якіх падрабляліся фотаздымкі. Там была секцыя тэлепраграм са сваімі тэхнікамі, аператарамі і групамі актораў, якіх адмыслова набіралі з улікам іх імітатарскіх здольнасцяў. Там быў цэлы тлум бібліятэкараў, якія займаліся толькі тым, што складалі спісы кніг і часопісаў, што падлягалі канфіскацыі. Там былі вялізныя печы, дзе знішчалі першапачатковыя выданні. І недзе ў патаемным месцы сядзеў мазгавы цэнтр, які ўсё выпраўляў і вызначаў галоўную палітычную лінію, згодна з якою той фрагмент мінулага захоўваўся, гэты фальшаваўся, а яшчэ нейкі ўвогуле пераставаў існаваць.

І разам з тым аддзел дакументацыі быў толькі адным асобным адгалінаваннем Міністэрства Праўды, галоўная задача якога палягала не ў тым, каб перапісваць мінулае, а каб забяспечваць грамадзян Акіяніі газетамі, фільмамі, падручнікамі, тэлепраграмамі, тэатральнымі п'есамі, раманамі, карацей кажучы, усімі магчымымі відамі інфармацыі, навучання і забаў, ад помнікаў да лозунгаў, ад лірычных вершаў да біялагічных трактатаў, ад дзіцячых лемантароў да слоўнікаў навамоўя. І Міністэрства мусіла задавальняць не толькі разнастайныя патрэбы Партыі, але і паўтараць увесь вытворчы працэс на ніжэйшым узроўні для патрэбаў пралетарыяту. Быў цэлы шэраг асобных аддзелаў, якія адмыслова займаліся пралетарскай літаратурай, музыкай, тэатрам і забавамі. Тут фабрыкавалі бульварныя газеткі, у якіх пісалася толькі пра спорт, злачынствы і гараскопы, танна-задзірлівыя 5-цэнтавыя нізкапробныя выданні, поўныя сексу фільмы і сентыментальныя песні, што складалі цалкам механічна, з дапамогай адмысловага калейдаскопа, гэтак званага версіфікатара. Была нават цэлая падсекцыя — Порнасек на навамоўі — што фабрыкавала найбруднейшую парнаграфію, якую пасля рассылалі ў запячатаных пакетах і якую не меў права бачыць ніводзін сябра Партыі, апрача тых, хто займаўся яе вырабам.

Пакуль Ўінстан працаваў, з трубкі пнеўматычнай пошты выпала яшчэ тры паведамленні. Гаворка ішла аб простых рэчах, і ён паспеў скончыць з імі да пачатку Двуххвілінкі Нянавісці. Калі Нянавісць скончылася, ён вярнуўся ў сваю нішу, узяў з паліцы слоўнік навамоўя, адсунуў убок мовапіс, працёр акуляры і ўзяўся за галоўную справу сённяшняй раніцы.

Найвялікшай Ўінстанавай радасцю ў жыцці была яго праца. Хоць у большасці выпадкаў яму даводзілася сутыкацца з нуднымі штодзённымі справамі, усё ж сярод іх трапляліся такія цяжкія і мудрагелістыя заданні, што можна было патануць у іх, як у глыбінях якой-небудзь складанай матэматычнай праблемы, — адмысловыя фальшаванні, рабіць якія можна было толькі добра разумеючы прынцыпы Ангсоцу і патрабаванні Партыі. Ўінстан меў талент на гэткія справы. Час ад часу яму нават даручалі выпраўляць перадавіцы «Таймз», якія былі цалкам напісаныя навамоўем. Ён разгарнуў паведамленне, якое раніцай адклаў убок. Там было напісана:

таймз 3.12.83 справаздача вб загад дня звышплюнядобра называе нечалавекаў усё перапісаць угору перадархіў

На старамоўе гэта можна было перакласці так:

Паведамленне пра Загад дня Вялікага Брата ў Таймз ад 3 снежня 1983 года вельмі незадавальняючае і згадвае неіснуючых асоб. Перапішыце яго цалкам і накіруйце ваш папярэдні варыянт у вышэйшыя інстанцыі, перш чым здаць у архіў.

Ўінстан прачытаў забракаваны артыкул. Загад дня Вялікага Брата быў у асноўным прысвечаны выхваленню дзейнасці арганізацыі, вядомай пад назвай ПКЦР, якая забяспечвала матросаў Плывучых Крэпасцяў цыгарэтамі і рыштункам. Нейкі таварыш Ўідэрз, дзеяч Унутранай Партыі, быў згаданы па імені і ўзнагароджаны Ордэнам за Асаблівыя Заслугі другой ступені.

Праз тры месяцы ПКЦР была нечакана распушчана без абвяшчэння прычыны. Можна было меркаваць, што Ўідэрз і кампанія цяпер страцілі ласку, аднак ні газеты, ні тэлегляд пра гэта нічога не паведамлялі. І ў гэтым не было нічога дзіўнага, бо звычайна палітычных злачынцаў не судзілі і публічна не абвінавачвалі. Вялікія чысткі, што закраналі тысячы людзей, з публічнымі працэсамі над здраднікамі і думзлачынцамі, якія складалі прызнанні аб сваіх нялюдскіх злачынствах, былі адмысловымі відовішчамі і адбываліся не часцей, чым раз на некалькі гадоў. Звычайна ж людзі, якія выклікалі незадавальненне ў Партыі, проста знікалі, і пасля ўжо ніхто пра іх ніколі нічога не чуў. Ніколі не заставалася нават найменшай згадкі пра тое, што з імі сталася. У некаторых выпадках яны нават заставаліся жывыя. Прыблізна трыццаць чалавек, якіх Ўінстан асабіста ведаў, не лічачы яго бацькоў, зніклі якраз такім чынам.

Ўінстан пацёр сашчэпкай нос. У нішы па той бок прахода сядзеў таварыш Тылатсан, які яшчэ ніжэй сагнуўся над сваім мовапісам. На імгненне ён падняў галаву — зноў варожа бліснулі акуляры. Ўінстан падумаў, ці не займаецца таварыш Тылатсан той самай працай, што і ён. Гэта было цалкам магчыма. Гэткае складанае заданне ніколі б не даверылі толькі аднаму выканаўцу, з другога ж боку, перадаць гэтую працу цэлай камісіі было б раўназначна публічнаму прызнанню ў тым, што трэба зрабіць фальсіфікацыю. Вельмі верагодна, што з дзесятак людзей шчыравала цяпер над тым, каб найлепшым чынам перапісаць прамову Вялікага Брата. А пасля нейкі «мозг» з Унутранай Партыі выбера той або іншы варыянт, выдасць яго нанова і пусціць у ход складаны механізм неабходных выпраўленняў у іншых галінах, пасля чаго старанна апрацаваная хлусня пойдзе ў архіў і зробіцца праўдай.

Поделиться с друзьями: