1984
Шрифт:
Ўінстан не ведаў, чаму Ўідэрз страціў ласку. Можа, праз хабарніцтва, можа, праз некампетэнтнасць. Можа, Вялікі Брат хацеў толькі пазбавіцца ад занадта папулярнага падначаленага. Можа, Ўідэрз або нехта з блізкіх яму людзей выказаў нейкія шкодныя погляды. Ці, можа, — і гэта самае верагоднае — усё адбылося толькі таму, што кампаніі чыстак і выпарэнняў былі мерапрыемствамі, неабходнымі для падтрымання жыццядзейнасці дзяржаўнага механізму. Адзіны ключ да разгадкі быў у словах «называе нечалавекаў» — гэта сведчыла пра тое, што Ўідэрз быў ужо мёртвым. Нельга было напэўна сцвярджаць, што гэтак канчалі арыштаваныя людзі. Часам іх зноў выпускалі і давалі жыць яшчэ год ці два на волі і толькі тады каралі смерцю. Зусім нечакана чалавек, якога даўно лічылі мёртвым, з'яўляўся, нібы прывід, на публічным судовым працэсе, дзе паспяваў
Ён мог ператварыць прамову ў звычайнае абвінавачанне здраднікаў і думзлачынцаў, але гэта было б занадта проста. З другога боку, ён задаў бы шмат працы аддзелу дакументацыі, калі б апісаў перамогу на фронце ці бліскучае перавыкананне планаў Дзевятай Трохгодкі. Найлепей прыдалася б чыстая фантазія. І ён уявіў сабе, як жывога, нейкага міфічнага таварыша Огілві, які нядаўна ў гераічных абставінах загінуў у баі. Часам здаралася, што Вялікі Брат прысвячаў свой Загад дня памяці якому-небудзь простаму сябру Партыі, жыццё і смерць якога ён паказваў як прыклад, варты наследавання. Такім чынам, 3 снежня ён павінен быў згадаць пра таварыша Огілві. Хоць чалавека з такім імем і не існавала, аднак некалькі друкаваных радкоў і пара падробленых здымкаў маглі хутка і без цяжкасці яго ажывіць.
Ўінстан хвілінку паразважаў, пасля падсунуў да сябе мовапіс і пачаў дыктаваць у добра вядомым стылі Вялікага Брата. Стыль гэты, адначасна ваяўнічы і педантычны, лёгка было падрабідь дзякуючы звычцы Вялікага Брата ставіць пытанні і адразу на іх адказваць («Які ўрок атрымліваем мы з гэтага, таварышы? Той урок, які таксама ёсць адным з асноўных прынцыпаў Ангсоцу, а менавіта —…»).
У тры гады таварыш Огілві адмовіўся ад усіх цацак, акрамя барабана, аўтамата і верталёта. У шэсць гадоў ён дзякуючы асобнаму дазволу на год раней, чым прадугледжвае статут, уступіў у Шпіёны, у дзевяць гадоў ён стаў важатым групы. У адзінаццаць гадоў ён выдаў Паліцыі Думак свайго дзядзьку, адчуўшы пад час адной размовы, што той выяўляе нездаровыя тэндэнцыі. У семнаццаць гадоў ён стаў акруговым старшынёй Антысексуальнага Саюза Моладзі. У дзевятнаццаць ён вынайшаў ручную гранату, якая была прынята на ўзбраенне Міністэрствам Міру і пад час першага выпрабавання забіла адным выбухам трыццаць аднаго эўразійскага палоннага. У дваццаць тры ён загінуў у баі. Ратуючыся ад варожых рэактыўрых знішчальнікаў, што праследавалі яго, калі ён ляцеў праз Індыйскі акіян з важнымі дэпешамі, ён скочыў з самалёта ў мора разам з дэпешамі, захапіўшы дзеля вагі бартавы кулямёт, каб адразу пайсці на дно, — гэткай смерці, сказаў Вялікі Брат, можна толькі пазайздросціць. Вялікі Брат дадаў яшчэ колькі слоў пра сумленне і беззаганнае жыццё таварыша Огілві. Ён ніколі ў жыцці не піў і не паліў, не ведаў іншага адпачынку, акрамя штодзённай трэніроўкі на спортпляцоўцы, і склаў абяцанне застацца нежанатым, бо лічыў шлюбныя і сямейныя клопаты несумяшчальнымі з штодзённай дваццацічатырохгадзіннай адданасцю абавязку. Ён не меў ніякіх іншых тэм для размовы, акрамя прынцыпаў Ангсоцу, і ніякай іншай жыццёвай мэты, акрамя знішчэння эўразійскіх ворагаў і абясшкоднення шпіёнаў, сабатажнікаў, думзлачынцаў і ўсіх іншых здраднікаў і падазроных элементаў.
Ўінстан вагаўся, ці не ўзнагародзіць таварыша Огілві Ордэнам за Асаблівыя Заслугі. Урэшце вырашыў, што не трэба, бо гэта пацягнула б за сабой зашмат непатрэбных выпраўленняў.
Ён яшчэ раз зірнуў на свайго суперніка з нішы насупраць. Нешта падтрымлівала яго ўпэўненасць, што Тылатсан займаецца тым самым, што і ён. Невядома, чый варыянт будзе ўрэшце прыняты, але недзе ў глыбіні душы ён адчуваў, што пераможа. Яшчэ гадзіну таму таварыш Огілві быў у цемры невядомасці, а цяпер ён ужо рэальны факт. Яму падумалася, як лёгка можна ажывіць нежывога. Таварыш Огілві, які ніколі не існаваў у сучаснасці, існаваў цяпер у мінуўшчыне, і як толькі забудзецца сам факт фальшавання, ён стане гэткім жа сапраўдным, як Карл Вялікі або Юлій Цэзар.
5
У сталоўцы,
што знаходзілася глыбока пад зямлёй, чарга рухалася вельмі павольна. Зала была напханая да берагоў і аглушальна шумная. З акенца раздачы валіла пара ад густой поліўкі з кісламеталічным пахам, які, аднак, не мог заглушыць смуроду джыну «Перамога» — у канцы залы быў маленькі бар, простая адтуліна ў сцяне, дзе можна было за дзесяць цэнтаў купіць вялікую шклянку джыну.— Вось каго я шукаў! — пачуўся голас з-за спіны Ўінстана.
Ён азірнуўся. Гэта быў яго сябар Сайм, які працаваў у аддзеле даследаванняў. Можа, слова «сябар» не надта тут пасавала. Цяпер сяброў не было, былі таварышы; але былі таварышы, з якімі было прыямней, чым з іншымі. Сайм быў мовазнаўцам, спецыялістам у навамоўі. Ён належаў да вялікай групы спецыялістаў, якім цяпер было даручана скласці Адзінаццатае выданне Слоўніка навамоўя. Сайм быў дробны, ніжэйшы за Ўінстана, чалавечак, цёмнавалосы, з вялікімі вылупленымі вачыма, што пазіралі адначасна сумна і насмешліва і, здавалася, даследавалі пад час гутаркі твар размоўцы.
— Я хацеў спытацца, ці няма ў цябе часам лёзаў для галення, — сказаў ён.
— Ніводнага! — з вінаватай паспешлівасцю адказаў Ўінстан. — Я шукаў паўсюль. Болей нідзе няма.
Увесь час нехта пытаўся пра лёзы. Праўду кажучы, у Ўінстана заставаліся яшчэ два нечапаныя. Ужо некалькі месяцаў лёзаў нідзе не было. Цяпер увесь час бракавала якога-небудзь тавару першай неабходнасці, якога не было ў партыйных крамах. Часам гузікаў, часам цыравальных нітак або матузкоў да чаравікаў. Цяпер жа не было лёзаў. Калі і можна было іх здабыць, дык толькі наведваючы час ад часу «чорны рынак».
— Я ўжо шэсць тыдняў галюся старымі, — зманіў Ўінстан.
Чарга зноў пасунулася наперад. Спыніўшыся, Ўінстан зноў павярнуўся да Сайма. Кожны з іх узяў тлусты металічны паднос з высока нагрувашчанага стоса, што стаяў на канцы стала раздачы.
— Ты хадзіў глядзець учора, як вешалі палонных? — спытаўся Сайм.
— У мяне было шмат працы, — адказаў безуважна Ўінстан. — Пагляджу пасля ў кіно.
— Хіба ж кіно параўнаеш з сапраўднасцю, — сказаў Сайм і дапытліва паглядзеў на Ўінстана.
Яго насмешлівы позірк прабег па Ўінстанавым твары. Здавалася, яго вочы казалі: «Я цябе ведаю! Я бачу цябе наскрозь! Я вельмі добра ведаю, чаму ты не пайшоў глядзець». Сайм быў зацяты артадокс, але з пэўнай дамешкай інтэлектуальнасці. Ён мог з нейкай асалодай, з нейкім агідным задавальненнем гаварыць пра верталётныя напады на варожыя вёскі, пра судовыя працэсы і прызнанні думзлачынцаў і пра катаванні ў сутарэннях Міністэрства Любові. Каб з ім пагаварыць, трэба было ўхіліцца ад гэтых тэм і, калі магчыма, перавесці гаворку на тэхнічныя асаблівасці навамоўя, тэму, на якую ён мог гаварыць цікава, з захапленнем і веданнем справы. Ўінстан адвярнуўся ўбок, каб унікнуць пранізлівага позірку вялікіх цёмных вачэй.
— Павешанне было вельмі цікавае, — сказаў Сайм, прыгадваючы. — Я думаю, вельмі псуе ўсю справу тое, што ім звязваюць ногі. Я люблю глядзець, як яны дрыгаюць нагамі. І вельмі важна, каб пад канец відовішча з рота вылазіў язык, блакітны, светла-светла-блакітны. Якраз гэтая дэталь мне падабаецца.
— Наступны, калі ласка! — рыкнуў прол у белым фартуху з апалонікам.
Ўінстан і Сайм пасунулі свае падносы пад акенца. Кожнаму адным рэзкім рухам быў накладзены стандартны комплексны абед: міса, поўная ружова-шэрай поліўкі, што была адначасова і першай і другой стравай, луста хлеба, кубік сыру, кубачак кавы «Перамога» без малака і гузік сахарыну.
— Там пад тэлеглядам ёсць пусты столік, — сказаў Сайм. — Давай захопім па дарозе джыну.
Джын выдаваўся ў фарфоравых кубачках без вушка. Яны прабіліся скрозь натоўп і разгрузілі свае падносы на металічны стол, на якім нехта перад тым разліў сваю поліўку — брудную кашу, падобную да ванітаў. Ўінстан падняў свой кубачак з джынам, на хвілінку затрымаўся, каб набрацца адвагі, і хутка праглынуў пітво, што смакам нагадвала алей. Перамогшы слёзы, што выступілі ў вачах, ён раптам адчуў, што хоча есці. Ён пачаў на поўную лыжку сёрбаць поліўку, на слізкай паверхні якое плаваў нейкі сітаваты ружовы кубік, напэўна, кавалак штучнага мяса. Абодва маўчалі, пакуль не з'елі ўсё, што было ў місах. За столікам злева ад Ўінстана, трошкі ззаду, нехта гучна і няспынна гаварыў — гэтая непрыемная балбатня, падобная да кракання качкі, прабівалася скрозь гаману залы.