Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Аўтобус

Гапееў Валерый

Шрифт:

– А... муж?
– асцярожна спытала жанчына-ўрач.

– Збег... Збег наш татачка, як толькі дыягназ выставілі... Я не магу, мужчыны, ну прыдумайце ж што-небудзь! Нельга мне забіраць з сабой гэтыя грошы! Я ж забіваю дачку. Ёй жа толькі 7 гадочкаў, Божа! Ты чуеш, ці не? Што ж мне брахалі папы ў цэрквах? Дзе ты, Бог? Дзе той твой свет, дзе вароты і Пётр?

– Супакойцеся, - мякка, але настойліва сказала жанчына-ўрач.

– Не супакойвайце мяне!
– істэрычна закрычала жанчына, ў роспачы падхапілася і апынулася ля мужчыны з ноўтбукам.

– Ну выйдзіце, выйдзіце ў Сеціва,

напішам пісьмо, я скажу паролі, перадам ключы!

Мужчына уздрыгнуў, сцяўся, быццам чакаў удару, і адчуваючы нейкую толькі яму зразумелую віну ў тым, што адбывалася, адказаў:

– Я магу выйсці ў Сеціва... Але...там таксама спыніўся час... для нас спыніўся... І... мне нічога не ўдаецца перадаць. Я пішу... а даныя не перадаюцца... Як быццам нас няма...

– Нас і няма. Нас няма для свету жывых, - катэгарычна паўтарыла свой вывад жанчына-ўрач.
– А свет мёртвых не можа стасавацца са светам жывых.

– Ы-ы-ы-ы, - раптам завыла тоўстая жанчына, з нянавісцю павярнулася да свайго худога пасажыра, якога карміла нядаўна курыцай.
– Праз цябе! Няўклюда! Бздыр! Ты нават машыну не здолеў купіць! Не змог навучыцца вадзіць! Праз цябе! Ўсё жыццё загубіла, што я бачыла? Тхор смярдзючы! 25 гадоў табе аддала, а што бачыла? У-у-у, смактун-крывасос!

– Праз мяне?
– нечакана весела адрэагаваў мужчына.
– Ты калі-небудзь лічыла мяне за чалавека, не кажучы ўжо пра мужчыну? Ты са сваёй мамай зрабіла з мяне свайго слугу - і ты хацела ад мяне нечага, вартага чалавека?

– От і пражыў пад спадніцай маёй! Хоць гэта мяне супакойвае!

– Ты ніколі не вызначалася сваім розумам, - з усмешкай працягваў мужчына.
– Думаеш, калі ты не бачыш ува мне чалавека, то і ніхто не бачыў?

– Што-о-о?
– разгублена акругліла вочы таўстуха.

– Тое. Усе гэтыя 25 гадоў у мяне была жанчына. Не проста жанчына - сям'я! Яна нарадзіла мне сына, і той ужо вырас. І прозвішча ён маё узяў. І мы былі шчаслівыя.

Таўстуха хапала ротам паветра, імкнулася нешта сказаць. Але мужчына не стаў чакаць, пакуль яна здолее выціснуць з сябе слова, устаў і загадаў ёй:

– Выпусці! Хоць памерлі мы разам, ды пасля смерці я з табой не буду!

І яна падхапілася мітусліва. Ён выйшаў і сеў на свабоднае месца ў заднім радзе.

– Эх, людзі... І мёртвым няма спакою, - ціха прагаварыла ўрач.

– А вы не занадта спакойныя?
– з выклікам спытаў Антось.

– Усё нармальна, - ціха адказала жанчына.
– Я ўдзячная Богу, што два дні таму мама памерла ў мяне на руках, і яе пахавала. Дачка замужам, сын заканчвае універсітэт. Муж - чалавек самастойны... Шкада, што яны будуць гараваць па мне. А так... я рабіла свае справы так, быццам была гатовая памерці ў любы дзень. За мной не засталося даўгоў, - горка ўсміхнулася жанчына.

– Ага, дзякаваць Богу...
– скептычна пакрывіўся Антось.
– Цяпер дакладна вядома пра мілыя казкі...

– У цябе не б'ецца сэрца, - павольна прагаварыла дзяўчына, што сядзела побач з хлопцам, паклаўшы яму галаву на грудзі.

Хлопец мякка пагладжваў яе па плячах, глядзеў за акно, дзе мільгацелі шэра-зялёныя плямы.

– Дык і выдатна, яно не забаліць, мне не стане блага, я не памру ад сардэчнага

прыступу, - усміхнуўся хлопец.
– У цябе ж вось таксама не б'ецца - а ты ж мяне кахаеш так, як і кахала, праўда?

– Праўда, - падняла галаву дзяўчына, усміхнулася.
– Мы цяпер можам пачаць цалавацца - і будзем цалавацца вечна...

– Ага, - усміхнуўся і хлопец.
– Пачнём?

Антось не вытрымаў - адчай стаў душыць яго. Гэта немагчыма! Яму трэба выжыць, яму трэба вярнуцца туды, хоць на хвілінку, хоць на імгненне! Ён павінен сказаць Алене, што ў яго кампутары у асобнай папцы пад назвай "Рознае" ляжыць яго аповесць - аповесць яго жыцця. Ён павінен перадаць дэтэктыў заказчыку, атрымаць грошы і аддаць іх жонцы. Яна ж у доўг ужо набрала у гандляроў, што разносяць розныя шмоткі прама па рабочых месцах, ён павінен папрасіць прабачэння за тое, што не здолеў зрабіць яе шчаслівай...

Антось устаў і накіраваўся да мужчыны з ноўтбукам. У яго не было ніякай асаблівай надзеі, не было нават думкі нейкай, але здавалася: падыдзе ён бліжэй да тэхнікі - і нешта народзіцца, нейкі выхад адшукаецца. Нечакана давялося зрабіць многа крокаў, а потым, прысеўшы побач з мужчынам, Антось пабачыў, што яго крэсла можа на цэлы метр аддалена ад крэсла хлопца.

– Не разумею...
– пачаў Антось, паказваючы вачыма на крэсла.
– Што адбылося?

– Нічога такога, я думаю, - ахвотна адказаў лысаваты.
– Мы ўжо набылі дастаткова вялікую хуткасць адносна нерухомага назіральніка. Так што мы набываем для яго форму кропкі. А для нас унутры гэтая кропка азначае бясконцасць.

– А прасцей?

– Прасцей? Наш аўтобус з кожнай хвілінай будзе рабіцца усё большым і большым. І стане ўрэшце адным сусветам. Бясконцым.

Антось пракаўтнуў.

– Слухай... Можа, ёсць магчымасць нешта зрабіць? У мяне... рукапіс... Не магу я яго з сабой тут пакінуць. Ён там трэба...

– Не магу, - адмоўна пакруціў галавой хлопец.
– Я праўду сказаў - адсюль мы нічога не перададзім. Зараз ужо час звярнуўся да 3 хвілін...

За шыбамі акон салона нічога амаль не было відаць - адзіная шэра-зялёная паласа.

Пачуліся крокі ззаду. Антось азірнуўся - да іх ішла жанчына з непрыгожым худым тварам. Яна ішла доўга - салон стаў падобным да паўпустога кіназала з чатырма радамі крэслаў.

– Я не магу тут застацца!
– сказала жанчына і Антось зразумеў, што калі жанчыне адказаць нешта банальнае, то пачнецца істэрыка.

– Я таксама не магу, - адказаў ён шчыра.

Жанчына быццам чакала такога адказу менавіта ад Антося, зрабіла некалькі крокаў наперад (хоць раней гэта было адразу, побач), стала ля вадзіцеля.

– Спыніцеся і адчыніце дзверы. Я выйду!

У салоне павісла маўчанне. Жанчына-ўрач прайшла наперад.

– Які сэнс? Вы што, не зразумелі, што прыпынак - гэта наша поўнае знікненне? Вы не бачылі хіба, як мы раствараемся?

– Дык чаго мне баяцца? Чаго?
– закрычала жанчына з хударлявым тварам.
– Я ж - мёртвая! І вы - мёртвыя! Як можна баяцца яшчэ адной смерці?! Спыніце! Вадзіцель! Спыняйцеся! Мне ўсё роўна. Але калі ёсць магчымасць зрабіць хоць крок некуды - я абавязана яго зрабіць. Я не магу паміраць проста так!

Поделиться с друзьями: