Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Аўтобус

Гапееў Валерый

Шрифт:

– Ён не будзе спыняцца!
– катэгарычна запратэставала ўрач.
– У нас усіх - аднолькавы лёс. І прыміце свой так, як і трэба - як свой крыж І нясіце яго. І думайце над тым, дзе і што зрабілі так, каб атрымаўся менавіта такі вынік. Вы намалявалі сябе бязгрэшнай, а хіба гэта так? Хіба не шчыміць сумленне? Хіба не шукалі Вы ў сваім жыцці адказу на пытанне: "Ці ж не я вінаватая

ў хваробе дачкі?" Ну, што спалохаліся? Вы тут не перад амбонам - перад сабой. Нічога ўжо нельга змяніць, нічога! Дык самі сабе адкажыце - вінаватыя?

– Вінаватая... Мае грахі - толькі мае. Не Вам мяне судзіць, - раптоўна апала жанчына з хударлявым тварам.
– Ведаю. Ведаю, што мяне трэба караць, але навошта такім чынам? Завошта ж дачушцы будзе такая смерць? Ёй, як мне, як нам усім, не ехаць у аўтобусе, ёй цэлую вечнасць, бясконца, пакутаваць ад болю, лежачы пад кропельніцай! Бог наш - міласэрны ці кат бессардэчны? Што вы яго малявалі чалавекалюбцам?.. Пусціце мяне! Вадзіцель! Адчыніце дзверы! Я скочу на хаду, калі вы так баіцеся! Я буду біць вокны! Спыніцеся!

– Разаб'ецеся!
– данеслася папераджальнае аднекуль з салона і жанчына засмяялася з папярэджання:

– Мёртвы баіцца разбіцца! Вадзіцель! Спыняйцеся!

– Дурніца, чым ты можаш дапамагчы жывому, калі сама мёртвая! Што гэта дасць?

– Вадзіцель! Не спыняйцеся! Невядома што здарыцца можа, яна з глузду з'ехала, а нам потым разлічвайся з-за яе!

– Вадзіцель! Прытармазіце да таго часу, як і раней, калі пачнецца свяціцца абшыўка аўтобуса!
– толькі па яму зразумелай прычыне ўладна загадаў нечакана для самога сябе Антось.
– Потым зноў сабе паедзеце. Адчыніце дзверы. Мы скочым удваіх...

Вадзіцель нічога не адказаў, але толькі глянуў аднекуль зверху здалёк - ад свайго крэсла на Антося і жанчыну, пераключыў рычаг. Зялёнае месіва за акном стала разбівацца на асобныя плямы.

Антось уважліва сачыў за падлогай. Калі праз яе стала угадвацца шаша, ён сказаў:

– Адчыняйце дзверы...

– Мяне пачакайце!
– пачуўся голас аднекуль ззаду. Антось азірнуўся - з глыбіні салона, ужо так далёка ад іх, з месца ўзняўся хлопчык-інвалід.

– Куды ж ты, унучак?
– з болем

спытала яго бабуля.

– Баб, тут жа я магу на сваіх нагах!
– весела і пераканаўча загаварыў хлопчык.
– Дык пусці мяне пабегаць - з я ж ніколі не бегаў...

– Бяжы, унучак любы, - бабуля ўзнялася з крэсла, выпусціла хлопчыка і перахрысціла яго ў спіну.
– Бяжы, родненькі, - і ўпала ў крэсла, а слёзы пакаціліся з яе вачэй, хоць старая ўсміхалася.

Хлопчык дабег да Антося і жанчыны, якія стаялі ля ўжо адчыненых дзвярэй. Мабыць, час яшчэ скараціўся, бо нічога не было відаць, адно адчувалася толькі велізарная хуткасць аўтобуса. Адразу за парогам нібыта ўзнікала сцяна - цвёрдая, аб якую абавязкова разаб'ешся.

Жах сціснуў сэрца Антося.

– Спыніцеся, дурні!
– аднекуль здалёк закрычаў дзелавы мужчына.
– Яшчэ некалькі хвілін пацярпець - і мы дакладна будзем ведаць праўду! Там жа - немінучая пагібель! Вы проста знікніце, як знікаў аўтобус! Час вернецца ў нуль - і мы вернемся назад! Як Вам гэтага не зразумець? Спыніцеся!

Антось завагаўся. Тыя ж ваганні ён пабачыў на твары жанчыны. Але потым яго позірк спыніўся на хлопчыку - і Антось рашуча ўзяў яго за руку, працягнуў другую жанчыне:

– Давайце скочым разам. Мы і на самай справе мёртвыя. Двойчы не паміраюць... Ну, на лік тры: адзін, два тры!..

З паведамленняў у СМІ:

"Пярун патрапіў у аўтобус. Трагедыя адбылася на трасе ў 11:25. Магутны разрад маланкі патрапіў у пасажырскі аўтобус. Відавочцы бачылі, як той літаральна асвяціўся блакітным полымем, потым з'ехаў па поўнай хуткасці з трасы і тройчы перакуліўся. З 18 пасажыраў аўтобуса і яго вадзіцеля у жывых засталося толькі трое пасажыраў: малады мужчына, жанчына і хлопчык-інвалід, якіх невядомым чынам выкінула з аўтобуса - іх целы былі знойдзеныя у некалькіх метрах побач. Цяпер яны ў рэанімацыі. Медыкі кажуць аб іх цяжкім, але ўстойлівым стане. Пра іх далейшы лёс мы праінфармуем сваіх чытачоў. Цяпер відавочна, што вадзіцель парушыў правілы тэхнікі бяспекі, не спыніўшы рух аўтобуса ў час навальніцы".

Поделиться с друзьями: