Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Агасфэр (Вечны Жыд)

Гейм Стефан

Шрифт:

Юны Айцэн сочыць за жвавай гульнёй на твары суседа, але бачыць і неяк дзіўна скасабочаную сьпіну й дэфармаваную нагу й думае: не, я ўсё-такі ня ведаю яго, бо дзе ж такога забудзеш, такі западае ў памяць; аднак застаецца нейкая і рэшта з таго, што ў Франкфурце называюць дэжавю (deja vu), і ён дзіўна занепакойваецца, асабліва калі незнаёмы кажа:

— Бачу, вы кіруеце ў Вітэнбэрг, гэта якраз пасуе мне, бо як рыхтык і я ж туды.

— Адкуль вы ведаеце? — пытаецца Айцэн. — Такіх, як вы, шмат праз Лейпцыг, і спыняюцца ў «Лебедзях», пасьля расьцякаюцца хто куды.

— На гэта ў мяне свая рахуба, — кажа чалавек. — Людзі часта дзіву даюцца з таго, што я ведаю, але, паверце, усё цячэ натуральным цёкам, вопыт, разумееце, юны

мой пане, вопыт! — І зноў сьмяецца сваім ладам.

— У мяне ліст да магістра Мэланхтона, — кажа Айцэн, быццам яго моцна турбуе адкрыцца субяседніку, — ад маёй цётачкі ў Аўгсбургу, там якраз год таму пабываў магістр Мэланхтон і гасьціўся ў яе, паласаваўся, упароўшы шэсьць пераменаў, хоць, як кажа мая цётачка, ён худзюшчы, бы кнот, і бог яго ведае, куды ўлезьлі тыя шэсьць пераменаў, ня лічачы пірага зь яблыкамі на закуску.

— Ну але акурат бо, духоўныя асобы, — кажа той, — яны ўжо ўмеюць натаптацца, наш гер доктар Марцінус Лютэр асабліва, але па ім відаць адразу, заўсёды чырвоны ў твары, што наядаецца да ўпаду, аж проста страх божы як наядаецца.

Юны Айцэн, заскочаны, крывіць рот.

Незнаёмы паблажліва паляпвае яго па плячы.

— Гэта разьлічана не асабіста на вас. Я ведаю, вы тасама абралі сабе духоўную кар'еру, але ж вы чалавек меры, сканаеце сваім часам, у сталым веку, і мілым анёлам лёгенька будзе, калі яны патарабаняць вас на неба.

— Ня люблю думаць пра сьмерць, — кажа юны Айцэн, — а ўжо пра сваю, дык божа барані.

— Як, нават пра вечную шчаснасьць? — Сусед зноў сьмяецца. — Якая павінна быць мэтай і прагай кожнага хрысьціяніна й у якой ён лунае ў вечным бляску, у непамыслотных вышынях, яшчэ вышэй, вышэй, вышэй над нябёсамі?

Трохразовае «вышэй», сказнае незнаёмым, скаланае юнага Айцэна. Ён спрабуе сваім розумам дацяць такія вышыні й такі вялікі бляск, але ў яго абмежаваных мазгах розуму яўна не стае; калі юны Паўлюс фон Айцэн наогул спрабуе ўявіць сабе вечнае жыцьцё, тады лакальнасьць яго хутчэй падобная на бацькаву гасподу, толькі большую, раскашнейшую і больш пышную, а ў даражэнькага бога хітры позірк і сьвецкія манеры купца Райнгарда фон Айцэна, палатно й шэрсьць.

Нарэшце гучыць даўно чаканы званок да агульнай вячэры. Слуга, чорная маршчыністая патыліца, расхрыстаная на сівых грудзях нямытая кашуля, спрабуе ссунуць сталы, за якімі, відаць, неўзабаве будзе вячэра; скрынкі й валізкі падарожнікаў сьпіхаюцца ўбок, клункі, калі іх гаспадары не падхопліваюць адразу, шпурляюцца на падлогу да сьцяны, падымаецца пыл, а з каміна попел, людзі кашляюць і чыхаюць.

Юны гер фон Айцэн, з новым сябрам, які прыладзіўся да яго, рушае да сярэдняга верхняга стала; там пазьней панастаўляюць місак, гэта ён ведае, і яму як сыну з заможнага дома якраз і лічыць заняць месца менавіта там. Ніхто й не пярэчыць, меней за ўсё новы сябар, кульгавы й зь невялікай гарбацінай. З другога боку ад Айцэна сядае нехта адзін бяз правай рукі; Айцэнава вока адразу фіксуе куксу: чырвоная, гузаватая скура нацягненая на косьці; як толькі чалавек можа ўпраўляцца зь ежай гэтай штуковінай пад носам, але вось ужо госьці за сталом, цесна ўкліненыя, ніводнага вольнага месца. І новы сябар пазірае на яго, пакепліва выскаляецца й шэпча яму:

— Шмат было тады тых, што паднялі руку на начальствы; ім хацелася ўгору; хлопцу яшчэ моцна пашыхавала, што яго ўкарацілі на руку, а не на галаву.

Юны Айцэн, якому спачатку прыйшліся ня дужа па нутры такія шырокія веды незнаёмага, цяпер раптам набраўся сьмеласьці; але яшчэ толькі дзіву даецца, колькі ж таму можа быць гадоў, бо час, калі падымаліся супроць начальстваў і за што ўціналі руку альбо галаву, складаў добры чалавечы век і ўжо даўно прамінуў; але па новым сябры ня скажаш, колькі ж яму, бо з выгляду ўдаваў на дваццаць пяць альбо на сорак пяць. Вось ён дастае з кішэні ножык, далікатнай работы рэч, тронка з ружовых каралаў з выявай голай жанчыны en miniature,

вытачанай у самых дробных дэталях; юны Айцэн аж чырванее; так, заклаўшы рукі за галаву й падняўшы адно калена, перад ім ляжала прастытутка, ушыхаваўшы яму ўдалую спробу пасьля трох-чатырох марных; але гэтая на тронцы нажа куды прыгажэйшая, і такую каштоўнасьць той носіць проста ў кішэні й пры гэтым з выгляду ня скажаш, каб меў лішак грошай.

Тым часам слуга накрыў сталы абрусамі з грубага палатна, даўно ня мытымі, і ўжо прапануе меню сама мала мінулага тыдня: некалькі лыжак парашковага супу, некалькі валаконцаў мяса й нейкае іншае едзіва, скялемзанае з рыбы; людзі нацягваюць на калені краі абруса, каторае нават падтыкае за пояс: лепш ужо абрус той згаўняць, чым штаны. Юны Айцэн разглядвае драўляную місу, якую паставілі перад ім, драўляную лыжку, цынкавы пакарабачаны кубак і азіраецца вакол сябе, ці не акажа ў сабе хто французкай хваробы альбо гішпанскай каросты; з пашчаў сьмярдзіць, бадай, ва ўсіх аднолькава, і ўсе пачэсваюцца пад пахамі, грабаюць калені, чухаюць чарапы, можа, нават больш з нудоты, бо з варывам задоўжылася, зь віном таксама; чуваць, як на кухні гаспадар перабрэхваецца з бабамі, і гэта вам называецца, казалі, «Лебедзі», адзін з найлепшых гатэляў, і ўсе застаюцца радыя. У паветры ад стала да стала пачынаюць пырхаць сальнасьці, пра гера сьвятара й ягоную кухарку, як тое ў іх там бывае. Гэта зноў злуе младога Айцэна, бо ён успрымае сваю веру сур'ёзна й ведае, што з часу, калі гер доктар Марцінус Лютэр вывесіў у Вітэнбэргу свае тэзісы, усе сьвятары вельмі ахвоча шлюбаваліся са сваімі кухаркамі.

А пакуль там тое, прынесьлі вялікую круглую місу варыва, нават з ашмоткамі мяса й тлушчам. Пасьля ладнай штурханіны на разборы той місы, куксаты пры гэтым разьвівае дужа вялікі спрыт, чуваць толькі плямканьне й сёрбаньне й ціхія сьмешкі Айцэнавага гарбатага суседа, які кажа яму:

— Бачыце, юны мой пане, у людзей яно не намнога лепей, чым у быдла, і вось часам пытаешся ў самога сябе, а што ж бо такое меў сабе Гасподзь Бог на ўме, ствараючы, з дазволу кажучы, вось такое брыдоцьце й маючы яго за шэдэўр паводле вобразу свайго.

А куксаты, плямкаючы, акідаецца:

— Злы твой бог і несправядлівы, калі карае ўбогіх, а магутных адорвае, так што каторае нават падумаць можа, быццам над гэтым пахібным богам павінен быць яшчэ адзін, вышэйшы, зусім далёкі, які добрым часам прынясе сьвятло ўсім нам.

Жоўць расплываецца ў юнага Айцэна; ён ускоквае, тузаючы з сабою свой канец абруса, аж закалыхаліся недаедзеныя міскі, і крычыць:

— О вы, агуднікі бога й яго справядлівасьці, а ня хочаце ж вы бачыць, што зноў наведзены парадак як на небе так і на зямлі!

І як што ўсе тут разам прыціхлі, чакаючы новых догматаў, у галаве ў юнага Айцэна раптам разьзеўрылася пустата, і ён ня ведае, што сказаць далей і каўтае сьліну, а ўжо там-тут сюд — туд, а пасьля і з усіх бакоў выбухае рогат і бушуе, пакуль не ўваходзіць гаспадар зь мясам і ўсе не хапаюцца за свае міскі, каб уварваць сваё, юны гер фон Айцэн — першы сярод першых. Пад мяса ўсе п'юць кіслае віно з даліны ракі Заале, гарачацца й весяляцца з выпіўкі й жратвы, і Айцэн дзівуецца са свайго гарбатага суседа справа, зь якой грацыяй той есьць, упраўляючыся трыма пальцамі, як ахайна пакрышыў свой хлеб, як пакроіў прыгожым ножыкам мяса, набіраецца духу й пытаецца ў яго:

— Калі вы так моцна абазнаныя, што да мяне, і што я студыёзус, і што выпраўляюся ў Вітэнбэрг, хто ж такі вы, і што прывяло вас сюды, у горад Лейпцыг?

— Той? — кажа чалавек з куксай. — Яго я ведаю, ён усюды й нідзе, і вычварае штукі з картамі, што чыстае вам дзіва, і каторае з вас нават падумае, што ён умее загаворваць казіныя бэбахі, каб яны ператвараліся ў залатыя, але калі каторае паспрабуе расплаціцца такім золатам, яно тут жа, у руцэ, зноў гаўнякамі абернецца.

Той другі сьмяецца бязрадасным сьмехам і будзе казаць:

Поделиться с друзьями: