Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Агасфэр (Вечны Жыд)

Гейм Стефан

Шрифт:

— Што, я? — кажа юны Айцэн і ўвесь праменіцца ад шчасьця за гонар, які яму так згопалу-зьнянацку прыпадае.

— Так, ты, — кажа Лёйхтэнтрагер, але змоўчвае пры гэтым, што ён сам прапанаваў Мэланхтону дадатковага госьця; сваё на ўме маючы; апрача таго ён ведае і Лютэра й Мэланхтона, абодвух іх, адзін аднаму ім сказаць ужо няма чаго, але калі яны выбіраюцца на публіку, якая разьзяўляе рот на кожную іхнюю мудрасьць, тады ўжо іх прарывае, і яны глаголяць не раўнуючы як сьвятыя апосталы, і, такім чынам, думае Лёйхтэнтрагер, вечарына можа атрымацца бяседная.

Да вялікай гадзіны юны Айцэн выпуцаўся шыкоўна; абуў новыя боты зь мяккай скуры й чорны са шліцам каптан

з чорным шаўковым падбоем і нашмальцаваў валасы, каб прыгожа блішчалі; яшчэ ён добра абмазгаваў, як яму вытыкацца зь языком, калі гаварыць дойдзе да яго: будзе пра сваіх гамбургскіх і як яны ўпадаюць за шчырым божым словам; пры гэтым потайкам думае сабе, што калі раптам сам Лютэр дабраславіць яго, гэта мусова дойдзе да гамбургскай парафіі, а пазьней, можа, і да супэрінтэндэнтуры. А Маргрыт толькі сьмяецца, гледзячы, як важна ён спускаецца па лесьвіцы, і пытаецца, ужо ці не на запіткі да маладое вышыкаваўся юны герык, а Лёйхтэнтрагер кажа, што а куды ж бо яшчэ, але толькі да нявесты нябеснай.

Пасьля яны зьбіраюцца за вялікім сталом у Мэланхтона, дактары й студэнты й іншыя госьці, каторыя і з жонкамі, у каго яны былі ў наяўнасьці. Юны Айцэн бачыць, як згасаюць апошнія промні дня ў круглых шыбінах вокан; ужо гараць сьвечкі й кідаюць мігатлівае сьвятло на твары, так што хацелася б думаць, недзе заварушыліся здані; але гэта толькі ад скразьняку з кухні, дзе няма ладу як пахне. Пасярэдзіне ўздоўжнага краю стала, як наш Гасподзь Ісус за апошняю паскай, сядзіць доктар Марцінус, узваліўшы на кулакі магутную галаву, і скоса пазірае на застольле; толькі калі ягонае вока, здаровае, якім ён яшчэ бачыць, застывае на Лёйхтэнтрагеры, які ўсьмешліва сядзіць за ніжнім краем, ён уздрыгвае й ссоўвае тоўстае брыво так, быццам стараецца нешта ўспомніць, што ніяк яму не даецца.

Але калі ўносяць рыбу, вывараную і пад смакавітай поліўкай, ён адкідае нядобрыя думкі, захмараны лоб яго разьвідняецца, і ён пачынае гаварыць пра божую творчасьць і яе цудоўнасьць, кажучы:

— Скіньце толькі вокам, як прыгожа ікрыцца рыбка, кожная дае тысячы; калі самчык б'е хвастом і сее малокі ў ваду, іх прымае паненка. Скіньце толькі вокам на птушак, як далікатна прыгожа праходзіць у іх такі ж самы расплод; самчык дзюбае ў чубчык, яна акуратненька кладзе яечкі ў гнязьдзечка, садзіцца на іх, і вось ужо з-пад яе выглядваюць птушаняткі; зірніце на птушанятка, як яно сядзела ў тым яечку!

— І усё гэта на карысьць і выгоду людцам, — дадае наш магістр Мэланхтон, — як напісана, чалавек павінен валадарыць над рыбамі марскімі, над птушкамі нябеснымі, над зьвярамі польнымі й над ўсім, што па зямлі поўзае.

— І над самім сабою, — кажа Лёйхтэнтрагер. — І павінны чалавекі адзін аднаму выпякаць вочы, і ўцінаць рукі, і сячы, і калоць, і расьцягваць, і ламаць хрыбты, і калесаваць, і ўсякага роду гвалты чыніць. Аман.

Юны Айцэн бачыць, як доктар Марцінус чырванее, бы рак печаны, як застрагае яму ў горле карп, і думае сабе: адно, калі такое гаворыцца пад чарку ў даверчай кампаніі, і зусім іншае, калі перад вучонымі мужамі, і ён ціха кажа Лёйхтэнтрагеру:

— Што ты вярзеш, Ганс; грэх прыйшоў у сьвет са зьмеем, але й мы магутныя, а з божай помачу й са словам аслоны нашых настаўнікаў Марцінуса Лютэра й Піліпа Мэланхтона мы раздушым галаву пачвары й яшчэ на адзін крок наблізімся да царства божага.

Тым часам наш доктар выкашляў карпа са сваіх лёгкіх, нават з хрыбетнікам, дый пытаецца:

— Хто вы будзеце, малады чалавек?

І пакуль фраў Катарына налівае свайму ўсё яшчэ ўсхваляванаму мужу й пускае вялізны кубак па крузе, бо зь Лютэравага дома павінна

й сюды сягаць піўное права й справядлівасьць, юны Айцэн паведамляе, заікаючыся ад шчасьця, хто ён такі будзе, адкуль сам будзе, і якія ў яго планы й замахі, а доктар Лютэр схіляецца да Мэланхтона й кажа таму:

— Зьмецьце яго сабе, магістр Піліп, гэты пойдзе сваёй дарогай і далёка пойдзе. — А Лёйхтэнтрагеру праз увесь стол: — Вы проста як той злыдзень; але і яго трэба выслухваць, балазе, для асьцеражэньня.

Хто іншы, можа, зьбянтэжана перамоўчаў бы пасьля такіх слоў доктара Лютэра; ды не такі Лёйхтэнтрагер. Юнаму Айцэну здаецца, быццам яго кватэрны гаспадар момантам падрастае на цэлых дзьве галавы, а можа, і на тры, а горб ягоны раздаецца няма ладу як альбо, можа, гэта была гульня ценяў, і ён чуе пакеплівы сьмех сябра й як той кажа:

— Ці ж ня выступілі вы, гер доктар, перамагчы злога духа? Але скажыце самі, ці дасягнулі вы гэтага? Альбо ж ці ня сталася так, што вы спалохаліся й адступіліся і замірыліся з магутамі сьвету гэтага, убачыўшы неразьбярыху, якую самыя вы прынесьлі ў сьвет, і што чалавек, пракляты чалавек, цэлы час думае найперш пра сябе, а пра Бога пасьля альбо й зусім ня думае?

Тут падымаецца доктар Марцінус Лютэр і стаіць ва ўсёй сваёй густацялеснасьці, і ўсе за сталом як бы крыху ўціскаюцца ў сябе; а юны Айцэн, які добра засвоіў, што ў доме павешанага, бронь-божа, не гаворы пра вяроўку, ужо непакоіцца за свой посьпех, які ён з такім дбаньнем здабыў. І ён зьбіраецца з духам і кажа свайму настаўніку Мэланхтону, ці праўда яно тое, што царква й начальствы гэта як бы дзьве нагі ў чалавека; адно без аднаго — суцэльнае кульганьне.

Мэланхтон радуецца з гэтай сэнтэнцыі, ягоны вучань добра навучыўся ў яго, але яму бракуе адно толькі апошняй кропачкі над і, і ён дадае, што калі начальствы пабожныя, менавіта такія, якія караюць і не даюць ходу эпікурэйскім казаням, балвахвалству, ілжывым прысягам, д'ябальскім хаўрусам і вызнаньню бязбожных догмаў, то яны сапраўдныя дзеці царквы.

Але доктар Лютэр, здаецца, не расчуў гэтых слоў, яго ўвага ўсё яшчэ зафіксавана на Лёйхтэнтрагеры, які з усьмешкай пацягвае фраў-Катарыніна піва, і кажа яму:

— Хто б вы такі ні былі, вы шчыкнулі мяне за сэрца. Бо калі б я, пачынаючы пісаць, ведаў, што пазьней даведаюся, як варожа прымаюць людзі божае слова й супрацівяцца яму, дык я лепей памаўчаў бы й ніколі не асьмеліўся б нападаць на папу і ўсе ягоныя парадкі. Я думаў, людзі грашылі толькі праз сваё няведаньне й чалавечую крохкасьць і не забаранялі сабе нядбацца словам божым; але Бог павёў мяне, як каня, якога асьляпілі, каб ён ня бачыў тых, што скачуць на яго.

Пасьля чаго зноў садзіцца й унурвае галаву. Але як што ўсе астатнія цяпер ужо як сьлед замоўклі, нават Лёйхтэнтрагер, гер доктар заяўляе, што яго так і не зразумелі й дае працяг:

— Рэдка калі робяцца добрыя справы з мудрасьці й асьцярожлівасьці, хутчэй са сьляпой адвагі й збочваньня з дарогі. Але так яно ўжо ёсьць, збочваньне вядзе да хаосу, і хутчэй плаха стане на дарозе, чым усё само сабою на добры канец разьвяжацца.

Лёйхтэнтрагер адстаўляе свой кубак.

— І хаосу таму краю ня відаць, — кажа ён, нібы немаведама як заклапочаны, — карацей, Вечнага Жыда зноў бачылі, непадалёк ад Вітэнбэрга.

Юны Айцэн прыгадвае начныя крокі ў пустым пакоі ў «Лебедзях» у Лейпцыгу, але гэта было даўно, і доктар Марцінус падымае галаву, на яго пачырванелым твары выразна адбіваецца незадаволенасьць: чаму ён нічога ня ведае пра такія рэчы, чаму спатрэбілася гэтаму Лёйхтэнтрагеру прыносіць яму навіну, і наколькі яна верагодная?

Поделиться с друзьями: