Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Агасфэр (Вечны Жыд)

Гейм Стефан

Шрифт:

Фраў Катарына хоча ведаць: дзе й чаму і які ён зь сябе? І Мэланхтон кажа:

— Жыдоў усюды пропадзь, і ўсе яны падобныя адзін на аднаго, як яйка на яйка, калі б каторае сказала, што выдзяляецца, — так мы й паверылі б.

Але Лёйхтэнтрагер заяўляе:

— У яго да ступака быў прыбіты цьвікамі крыж, пяць цьвікоў на кожнай назе.

Гэта ўжо пераконвае Піліпа Мэланхтона, нават кранае, бо, нягледзячы на сваю прыхілку да літары й параграфа, у яго чульлівае сэрца, і ён уяўляе сабе, як яно павінна быць, калі нехта зь цьвікамі ў нагах асуджаны на вечнае блуканьне, і апрача таго ён ведае, што прыйдуць благія часы, калі той Жыд акажацца.

— Калі б хто мог пагаманіць

зь ім, — кажа ён разважліва павольна, — і апытаць яго: а ці быў чалавек сьведкам таго, як нашага Госпада Ісуса Хрыста вялі на Галгофу, з крыжам на плячах; шмат нашых сумненьняў мог бы разьвеяць.

— Так, — кажа доктар Марцінус, — а ці мог бы? І якія?

— Прынамсі, — адказвае магістр Піліп, — прынамсі, ён мог бы дапамагчы нам навярнуць жыдоў у адзінашчасьцедайную веру.

Тут і азарае юнага Айцэна, што чалавек, які бачыў нашага Госпада Ісуса з крыжам на плячах, павінен ведаць і пра яго сьвятасьць. З тым большым подзівам ён успрыняў новую ўспышку гневу, якая скаланула доктара Марцінуса.

— Так, — кажа той другі раз, — дык парайце нашаму мілажальнаму геру курфюрсту, хай дазволіць схапіць жыда, калі толькі той дасца, але схапіць яго не лягчэй, чым самога чорта, ён зьнікне сярод жыдоўскай братвы, застанецца толькі смурод, бо ён такі самы, як яны, а яны такія, як ён, хацелася б думаць, — усе яны вечныя і ім зводу няма.

Ён азіраеца вакол сябе, ці зразумеў хто-небудзь, пра якія цяжкаважкія рэчы тут завялося. Кухарка стаіць у дзьвярах са смажанінай, але не адважваецца ўносіць, пакуль гер доктар так мудра прамаўляе, а гэты ў запале не заўважае яе ваганьняў.

— Дый хваробу іх навернеш, — кажа ён, — бо яшчэ й цяпер немагчыма адвесьці іх ад вар'яцкай веры ў тое, што яны богавыбраны народ, хоць вось ужо тысяча пяцьсот гадоў, як іх выгналі, расьсеялі й дашчэнту зьвялі, а самая сардэчная іх надзея і прага — што яны калі-небудзь змогуць абыходзіцца з намі, хрысьціянамі, як у часы Эстэры ў Персіі з паганамі. І сёньня мы яшчэ ня ведаем, які чорт занёс іх у нашу краіну, зь Ерусаліма іх мы сюды не звалакалі.

Гэта таксама прасьвятляе юнага Айцэна, бо яшчэ ў Аўгсбургу ён даведаўся ад сваёй цёткі, якія паскудзтвы чыняць жыды ў краіне, як яны ўсіх абіраюць, багатых і бедных, не даючы ім за гэта нічога.

— Навярнуць! — усклікае наш добры доктар Марцінус, — навярнуць жыдоў! Хачу даць вам свае добрае рады: па-першае, агнём выпаліць усе іхнія сынагогі й хэдэры, адабраць у іх усе іхнія торы-шморы й малітоўнікі, а талмудыстам і іхнім рабінам збараніць вучыць, а па-другое, даць усім маладым дужым жыдам у рукі цэп, сякеру й рыдлёўку і хай працуюць у поце свах глюгастых твараў; калі ж не захочуць, дык турнуць к чортавай матары разам зь іх Вечным Жыдам, яны ўсе зграшылі на нашым Госпадзе Хрысьце й праклятыя гэтаксама, як і той Агасфэр.

Юнаму Айцэну закруцілася ў галаве, бо ў гэтым так мала ад слоў вялікага Лэтэра пра хрысьціянскі дух, запавяданы ў Пісаньні: «Любеце ворагаў вашых і дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых». І паколькі ня так Гасподзь Ісус, як наш гер доктар Марцінус мог бы дапамагчы яму ў ягоным узьлёце на якую-небудзь катэдру, адкуль ён мог бы прапаведаваць слова божае, дык ён думае, што сьлед пагадзіцца з правільнасьцю таго, што добры доктар толькі што вяшчаў, і як што кухарка нарэшце ўносіць смажаніну й ставіць місу на стол і ўсё так цудоўна пахне, ён пра ўсё забываецца. І ў самога доктара Марцінуса нябось ужо сьлінкі набеглі і ў іх патанулі ўсе яго гарачыя словы, і ён цягнецца да місы, выбірае сабе самы сакавіты кавалак з усіх, што яму ад шчырага сэрца ахвяруюцца. Пасьля, ужо з кавалкам у зубах, ён заўважае далікатны ножык

у Лёйхтэнтрагера, які той якраз бярэ ў руку, і просіць паказаць яму зблізку, каб лепей разгледзець, і пакуль фраў Катарына сарамліва адводзіць вочы, ён разглядвае яго й знаходзіць, што тут сапраўды ўдалы твор мастацтва, але толькі, мабыць, чортавага аўтарства, бо такі ж яно так і бывае, што ні ў мастака, ні ў жарнасека, ні ў каго іншага з падабнага роду людзей ніколі не даведаешся, хто водзіць яго рукою, анёл ці, можа, сатана.

Тут бярэ слова гер Лукаш Кранах, якому раней у Вітэнбэргу належала аптэка й які цяпер таксама сядзіць сярод гасьцей, дый кажа, што сапраўдны майстар не даецца, каб ягонай рукою вадзілі, ні анёлы, ні чэрці, ён сам у сабе творца, якім і стварыў яго з усім майстэрствам Гасподзь Бог, як, зрэшты, і кожную зьвярынку, кожную былінку й кветачку, і што ён мог бы з гэтым ножыкам у руцэ намаляваць вобраз нашага доктара Марцінуса, яго вабіць разнамаснасьць чырвонай фарбы ў формах фігуры, прычым усё гэта з каралаў, і выраз у вачах добрага доктара, крытычны й адначасова прыемны. А калі б мы ўзбагаціліся яшчэ й на прыгожую выяву доктара Марцінуса, не казаў бы доктар Марцінус, што яму больш гадзіцца дазволіць намаляваць сябе з малітоўнікам у руцэ, чым з голай бабай, хай нават такой маленькай.

Гер Лукаш Кранах верыць, што Лютэр думае, быццам ён задужа перабраў сваімі гадамі, каб уздатніцца на такое, і таму ён, гер Лукаш, дазваляе сабе запярэчыць: менавіта ж бо ўзрост умее цаніць сапраўдную прыгажосьць; ці ж бо сам ён у сваіх гадах не намаляваў голую Еву, зыскаўшы за гэта шмат пахвалаў.

Але доктар Марцінус азіраецца, і вока яго затрымліваецца на юным Айцэне, яго тоўстае брыво падымаецца, ён працягвае ножык яму й пытаецца:

— Ну, а вы што на тое скажаце, малады чалавек?

Рука Айцэна, які цяпер трымае нож, пацее, у ягонай галаве мітусяцца ўсялякія думкі што да той колішняй шлюхі й сёньняшняй Маргрыт, пакуль ён нарэшце ня кажа:

— Усе мы разам грэшнікі, а пажада — гэта прыроджанае нашае зло, якое запазычвае нас вечнай сьмерці: але паколькі мы змагаемся супроць яго, дык гэта ўжо свайго роду цнота, але толькі божая мілата можа ўратаваць нас і апраўдаць.

Тут у Лютэра адвісае сківіца, і ён вымушаны зрабіць доўгі глыток піва перш чым сказаць:

— Мне здаецца, што вы ў поўнай меры дужа разважлівы, Айцэн, быццам Гасподзь Бог зьмясьціў у ваш юны чэрап мазгі старога чалавека.

Айцэн ня ведае, як яму прыняць гэтыя словы — як пахвалу ці як, і азіраецца на Лёйхтэнтрагера; але той толькі выскаляецца. Такім вось выдаўся Айцэну вечар, і нават калі пад разумныя гаворкі спажываўся дэсэрт, а піва фраў Катарыны моцна разьвесяліла яго, ня марная прахлая радасьць; толькі калі ўжо даходзіць да разьвітаньня й Лютэр зычліва паляпвае яго па плячы, ён з палёгкай уздыхае; гер студыёзус можа, кажа доктар Марцінус, зьвяртацца й да яго за парадай, калі выдасца патрэба, на што магістр Мэланхтон скроіў даволі кіслую міну. І пакуль яны йдуць наўскос цераз вуліцу, Айцэн локцем штурхае Лейхтэнтрагера пад бок:

— Вось так мой сьвяты заступнік анёл павярнуў усё да лепшага, — кажа ён, — а ты, браце Ганс, здаецца мне, дзеля добрай мэты крыху закансьпіраваўся зь ім.

Але гэта яшчэ не канец, бо калі яны адчыняюць брамку і ўступаюць у дом, яны чуюць галасы; адзін — голас Маргрыт, другога Айцэн не пазнае, мужчынскі голас, пасьля Маргрыт сьмяецца, як сьмяюцца жанчыны, калі ім засьвярбіць пад спадніцай. У юнага Айцэна, надзьмутага й важнага ад посьпеху, валасы ўстаюць дыбарам, і ён сьпяшаецца ў пакой за Лёйхтэнтрагерам, які, здаецца, ведае, хто той позьні госьць.

Поделиться с друзьями: