Албанскае танга
Шрифт:
– Я чакаю Аблонскага…
Далей пісаніна ня йшла. Герой аповесьці разьвітваўся з сваёй каханай, мусіў сказаць нейкія шчымлівыя словы, але словы тыя не нараджаліся. Паволі санлівасьць зьбегла з вачэй і пісьменьнік усё з большым раздражненьнем і злосьцю глядзеў на экран. І вось, нарэшце, чхнуўшы, як мае быць, Аскольд прасьвятлеў з твару, пальцы заляпалі па клявіятуры і на экране зьявіліся наступныя радкі:
– Наташа, з Аблонскім ты загінеш, а разам з табою загіну і я! Мне не перажыць… чуеш? не перажыць нашага расстаньня…
Хвіліну
– Патрэбныя нестандартныя хады.
Пад бокам, блытаючы думкі, зазваніў тэлефон.
Аскольд чакаў званка з Саюзу пісьменьнікаў – там абяцалі творчую камандзіроўку ў Кіргізію, – таму, падхапіўшы слухаўку, ён гукнуў імя эспэшнай начальніцы, але слухаўка азвалася голасам хаця і жаночым, але сіплаватым і незнаёмым.
– Гэта я ў васямнаццатую кватэру патрапіла?
– Ну, – Аскольд тузануў валасы на грудзіне.
– У вас, я чула, кот жыве… Якой ён пароды? Блакітная шыншыла?
– Ну, – гукнуў Аскольд, губляючы цярпеньне.
Слухаўка зьлёгку загула, насьпела працяглая паўза і жанчына на другім канцы дроту гульліва пралепятала: – А ці не пазнаёміць нам нашых кісуняў?
Ня цямячы – пра што гаворка, Аскольд перакрывіўся, загаварыў рашуча і непрыязна.
– Я ўвогуле працую, у часе абмежаваны, так што… калі ласка… без эківокаў.
– Ну што тут незразумелага: я шукаю жаніха для сваёй дзяўчынкі…
– Якой дзяўчынкі? – улякнута перапытаў Аскольд.
– Мальвіны… кошычкі маёй. Яны ж з вашым катом адной пароды…
– О-о-о! – вырвалася, нарэшце, з Аскольдавай грудзіны, – вам страшэнна пашанцавала! Патрыцый, як увойдзе ў смак, можа задаволіць ня толькі Мальвіну, але й яе гаспадыню! – Аскольд крутнуўся на ўслоне, на другім канцы дроту пакрыўджана хмыкнулі, памаўчалі дзеля прыліку, і занадта сур’ёзным голасам паведамілі: – Мы на пятым паверсе жывем, у трыццатай кватэры.
Званок прагучаў як ніколі дарэчы. На мінулым тыдні Аскольдава жонка паехала адпачыць да бацькоў; грошы, што пакінула, былі ў першы ж дзень прапітыя, і цяпер галодны Патрыцый не даваў спакою – блукаў па кватэры і здушана вякаў. У лядоўні, праўда, ляжала пакарабачаная путасіна, але ж яе трэбы было расьцягнуць на тры дні і, паводле графіка, рыбінага хваста кот мусіў атрымаць толькі адвячоркам.
Адчыніла яму бялявая саракоўка зь вялікімі грудзямі і даволі зграбнай паставай.
– Вось вам, шаноўная… кавалер, – Аскольд выпусьціў ката і той адразу ж сігануў у кухню. – Вы яму што-небудзь дайце, а то я кагадзе з камандзіроўкі, не пасьпеў накарміць, – мовіў госьць і тут жа пачуў прагнае храбусьценьне.
– За гэта не хвалюйцеся, я яму поўны сподак «кацікету» насыпала. Вы, дарэчы, што даяце – сухі корм, ці кансэрвы?
– Патрыцый аддае перавагу рыбным кансэрвам, – з годнасьцю адказаў Аскольд і, падвысіўшы голас, крыкнуў свайму гадунцу: – Глядзі там, працуй з поўнай аддачай, як запавядаў вялікі Ленін!
– Дзіўнае імя, – выдыхнула гаспадыня, лёгкай усьмешкай ацаніўшы Аскольдавы жарцік, –
упершыню такое чую.– Мужчыны на Беларусі ўсе скрозь плебеі, няхай хоць кот будзе патрыцыям.
Саракоўка глянула на госьця зь вясёлым захапленьнем, чакала, відаць, камплімэнту на свой адрас, але Аскольд рашуча павярнуўся і выбег з кватэры.
Сеўшы пры кампутары, ён цэлую гадзіну глядзеў на экран, тузаў валаскі на грудзіне, нарэшце сабраўся з думкамі і крануўся клявішаў.
– Наташа, гэта жорстка! Тым часам, калі мяне змагла хвароба каханьня, калі я не валодаю сабой і шукаю сьмерці, ты кажаш мне пра Аблонскага…
Аскольд прачытаў напісанае, здушана выдыхнуў: – Фу, бля… – і сьціснуў скроні. Творчыя пакуты дарэшты выматалі душу. Глыбокім пісьменьніцкім нутром ён адчуваў: патрэбныя новыя сюжэтныя хады, нечаканая павароты. Замест усяго гэтага у сьвядомасьці гучала мілоснае бляяньне, на экран лезьлі дакучлівыя дыялёгі, і калі б раптам у пакоі зьявіўся той самы Андрэй, герой аповеду, ён бы яго, не міргнуўшы вокам, пазбавіў жыцьця. І акурат у той міг, калі творца згадаў пра капусны сякач, які вісеў на кухні і якім было зручна цюкнуць лірычнага героя па галаве, пакой напоўніўся нецярплівым тэлефонным зумканьнем.
– Паслухайце, гэта нейкі жах! Ён мне на ложак насцаў… – у слухаўцы ўсхліпнулі, і Аскольд, зразумеўшы, хто тэлефануе, знэрвавана заўважыў: – Пазначае тэрыторыю.
– Ён жа нічога ня можа… імпатэнт… адно разьдзёр Мальвіначцы вуха… – на другім баку дроту замітусіліся, крыкнулі: – Зьлезь зь цюлю! – і Аскольд кінуў слухаўку…
Дзьверы трыццатай кватэры былі прачыненыя. Празаік пераступіў парог і ўбачыў жаночы азадак: гаспадыня кватэры стаяла вокрач і, ціснучы вуха да падлогі, шоргала пад канапай насадкай адпыльніка.
– Брысь, брысь, паскуда!
Празаік таксама плюхнуўся на калені, а ягоны гадунец, шкрабануўшы кіпцюрамі па дыване, узьбіўся на шафу.
– І навошта мне быў гэты кот?! Усю кватэру спаскудзіў, а чаго трэба не зрабіў, – жаночы голас дрыжэў і зрываўся.
– Парода такая: ён блакітны, яна блакітная… – пажартаваў Аскольд і, угледзеўшы ката, пагрозьліва крыкнуў: – Злазь долу!
Гаспадыня такога жарту як і ня чула: – І што за кацера такая? Кошку задаволіць – і то ня можа, – жанчына узьлезла на канапу, хацела схапіць ката за шкірку, але той махнуў лапай й на шляхетным жаночым носе стаў набіраць чырвані кручкаваты пісяг.
– Паця, цябе што, вучыць трэба? – душа пісьменьніцкая, аж па край, напоўнілася безразважнай весялосьцю. – Глядзі і вучыся! – Аскольд абхапіў гаспадыню за шырокія клубы, апусьціў на падлогу.
Гаспадыня адхінулася, уперлася локцем у ягоную грудзіну: – Вы што, ашалелі?! Я зараз паклічу суседку!
– Вы аматарка групавухі? – зноўку пажартаваў Аскольд і прагнай пяцярнёй сьлізгануў па дрыготкім, як тая квашаніна, азадку.
Імгненьне гаспадыня яшчэ супраціўлялася, ухілялася ад пацалункаў, а потым зморана апусьціла рукі і яны кулём паляцелі на канапу. Сьледам за імі на канапу скочыў Патрыцый. Аскольд скінуў яго нецярплівай нагой і, выцягваючы з-пад станіка важкія грудзі, пачуў гарачы шэпт: – Пойдзем пад душ.