Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:

Вельмі ўважліва Лёднік выслухаў і расповед пра залатую сагнутую паласу, якую Шрэдэр цалаваў. Доктар запатрабаваў, каб Пранціш дакладна ўспомніў, як выглядала, што за арнамент яе прыкрашаў. А калі Вырвіч накрэмзаў алоўкам нейкую загагуліну, якую запомніў, доктар схапіўся за галаву.

— Гэта руны, — абвесціў ён. — Такія могуць быць толькі на прадмеце, які належыць каралю. І лепей бы я памыляўся, але падаецца мне, што мы зноў маем справу з рэліквіяй, за якую моцныя гэтага свету могуць доўга і зацята грызці адно аднаму горлы.

— Ды што ж гэта такое? — здзівіўся Пранціш.

— Хто ведае… — змрочна сказаў Лёднік. — Можа быць і каралеўскі пояс, і кавалак рэлікварыя ці рызы ад іконы, ці нават карона.

— Дык не падобна ж ні кропачкі на карону!

— А ты ўяві, што залаты абруч памялі і пашкамуталі…— разважыў Баўтрамей.

— Дык…

дык тады гэта карона Вітаўта! — ўзрадваўся Вырвіч. Але доктар толькі паморшчыўся.

— Цяпер ніякай байкі пра даўніну не пачуеш, каб не згадваўся дзіўным чынам аднойдзены кавалак той скрадзенай Вітаўтавай кароны, і абрыдлі гэтыя гавэнды, як казка пра цара Дадона. Не, васпан. Руны, што ты бачыў — скандынаўскія. Гэта штука з поўначы, ад саксаў ці шатландцаў… У 1649 годзе, калі кромвелеўцы ангельскаму каралю галаву адсеклі, то ўсе кароны, знойдзеныя ў скарбніцы, пастанавілі паламаць і пашкамутаць. Тады любы валацуга мог займець каралеўскую рэліквію. Ат, што гадаць, як бабка на рэшаце, лепей нам пра тую рэч нічога не ведаць.

А яшчэ Лёднік змрочна заявіў, што хутчэй за ўсё ні ў які Гутаўскі кляштар езуіты ехаць і не збіраліся, проста калі шпегі данеслі Юдыцкаму пра планы Вырвіча, абвешчаныя ва ўсе карчомныя прасторы, гэта выкарысталі, каб вярней залучыць драгуна і прафесара ў найміты. Ад чаго Пранцішу сталася яшчэ паганей — каму прыемна ўсвядоміць, што яго падманулі, як хлапчыску.

Вось такі атрымаўся расклад Таро — у цяперашнім часе ўсе карты перакуленыя, а на той, што прадказвае будучыню, намаляваны пачэплены за нагу шыбенік. Нават малітва перад абразам маці Божай Менскай, пісаным апосталам Лукою, не прынесла палёгкі. Бо тут жа маліліся езуіты Грос і Шрэдар з такой багавейлівасцю, што ўспаміналіся старагрэцкія трагедыі і акцёры на катурнах.

А пасля — вось гэты візіт у палац пад Менскам, што дастаўся ў пасаг Вераніцы Радзівілаўне, дачцы гетмана-нябожчыка Казіміра Рыбанькі.

Усе прысутныя былі з закрытымі тварамі, як на маскарадзе. Прычым і Лёдніку з Пранцішам Грос выдаў яшчэ ў карэце чорныя аксамітныя маскі. Ціха — чуўся толькі ўсхваляваны шэпт. Змова? Закалот? Таемнае таварыства?

Толькі ў паўцёмнай зале з невялікай, ярка асветленай паходнямі сцэнай, дакладней, пляцоўкай, уладкаваўшыся на крэслы ў самым куце, Пранціш і Лёднік даведаліся, куды патрапілі. На пляцоўку выйшаў чалавек у белым камзоле, без маскі, але па ўсім відаць — не пан, так, паўпанак, прыслуга.

— Ад імя яснавяльможных гаспадароў вітаю высокае панства і выказваю падзяку за той гонар, які вашыя мосці ўчынілі гэтаму дому, уганараваўшы сваім наведваннем. Але сеанс белай магіі, які зараз прадэманструе ўсім вам вядомы магнетызёр і знаўца таемных навук граф Рудольфіюс Батыста, што завітаў у гэты маёнтак па дарозе ў Варшаву, павінен апраўдаць усе надзеі вашых мосцяў і ўзнагародзіць за дарожныя нягоды.

Жабрак жабраку відаць па кійку… Пранціш скасавурыўся на Лёдніка: вядома, у цемры ды пад маскай немагчыма было разгледзець доктарскія эмоцыі, але Вырвіч выразна ўяўляў, як прафесар крывіцца, і словы «яшчэ адзін шалбер», напэўна, самыя мяккія з тых, якімі прафесар у думках адорвае чарговага мага. Але самому Вырвічу было дужа цікава паглядзець на дзівосы — Лёднік, хоць тое-сёе ўмеў і сам, паказваць свае магчымасці адмаўляўся катэгарычна.

Слуга нізка пакланіўся — святло паходні афарбоўвала белую парчу ягонага камзолу ў крывавы колер — і абвесціў з некаторай дрыготкай у голасе:

— Ягамосць граф Рудольфіюс Батыста і ягоная жонка, графіня Серафіна Батыста!

Зараз жа па зале прайшоўся халодны павеў ветру, агні паходняў і свечак замігцелі, прыгнуліся, як бы ў жаху… І на сцэну выйшаў чалавек сярэдняга росту, гадоў за сорак, у чырвоным камзоле, расшытым чорнымі і срэбнымі змеямі, і ў цюрбане, на якім паблісквалі каштоўныя каменні. Рысы фанабэрыстага круглага твару былі хутчэй мяккія, чым суровыя, толькі куточкі роту пагардліва апушчаны, ды шырока расстаўленыя шэрыя вочы глядзелі непрыемна пранізліва. У прынцыпе, у абліччы чалавека не было нічога незвычайнага — такога можна было ўявіць на любой асамблеі, свецкай бяседзе, насупраць за ломберным столікам… Але нешта ўсё-ткі мелася ў рысах, што наводзіла на думку пра гадзюкаў, скарпіёнаў і тыя нябачныя позіркі, што мрояцца, калі заходзіш на гарышча ці ў цёмную камору. Чалавек нейкі час стаяў моўчкі, пільна ўглядаючыся ў залу, як палкаводзец з гары аглядае перад пачаткам вырашальнай бойкі войска праціўніка. Пранцішу нават

прымсцілася на імгненне, што з вачэй мага выпраменьваюцца веерамі вясёлкавыя промні.

— У гэтай зале сабраліся смелыя людзі, якія не баяцца зазірнуць за тую завесу, за якой знаходзіцца недаступнае звычайнаму чалавечаму воку, — нарэшце, калі чаканне зрабілася амаль невыносным, прамовіў густым, заварожваючым голасам граф Батыста. — За апошнія тры тысячы дзвесце сорак адзін год я магу ўспомніць толькі некалькі дзесяткаў людзей, якія перанеслі такое знаёмства без аніякай шкоды для нерваў. І большасць з іх я сустрэў яшчэ ў той час, калі быў жрацом Тота ў Мемфісе і мяне звалі Атхесенпаамон. Калі хтосьці адчувае, што не вытрымае далучэння да таямніцаў, яму лепей зараз жа сысці.

Граф абвёў вачыма грамаду. Але ніхто не ўстаў з месца, толькі дамы пачалі мацней абмахвацца веерамі, так што ад павеваў зноў здрыгануўся агонь свечак і паходняў. Маг расцягнуў вусны ў злавеснай усмешцы:

— Ну што ж, я вас папярэдзіў. Тады зараз перад вамі пакажацца тая, каго вы ведаеце пад імем графіні Серафіны Батыста, а насамрэч мы з ёй пазнаёміліся тры тысячы гадоў таму, і была яна дачкой фараона, і насіла імя Семпенсентра, што азначае Тая, што размаўляе са змеямі.

У цемры загучала трывожная і пяшчотная мелодыя, якую нехта наігрываў на флейце. Але графіня не з’явілася, замест яе двое слуг асцярожна ўнеслі вялізнае люстра ў цяжкой бронзавай раме з выявамі пераплеценых змей і паставілі пасярод сцэны. Граф падыйшоў да яго — усе выразна бачылі ягонае адлюстраванне, прагаварыў нешта на незнаёмай мове, сыпануў у люстра нейкім парашком і зараз жа адскочыў. Шкло памутнела, быццам запацела, потым па ім пайшлі дробныя хвалі, як па вадзе, а потым паверхня перастала быць роўнай… Яе, як тканіну, нацягвала нешта знутры… Раптам мутная паверхня лопнула, як мыльны пухір. І пад віскат кабетаў з бронзавай рамы на сцэну выйшла егіпецкая прынцэса.

Што гэта прынцэса — пазнаў бы нават вясковы пастух. Таненькая, але высокая, з каралеўскай паставай, захутаная ў залацісты шоўк, які абліваў вытачаную фігурку. Галава ганарыста адкінутая, на чорных бліскучых валасах — простая дыядэма з адзіным камнем, які ззяў зялёным агнём. І вочы— светла-зялёныя, аж празрыстыя, і вялізныя — мусіць, ад таго, что падведзеныя чорным. Тонкія бровы, таксама падфарбаваныя, узляталі над імі не ганарліва, а журботна… Скура не смуглявая, а малочна-белая, аж свяцілася. Рысы твару тонкія, але носік зусім не такі, як на карцінках з выявамі фараонаў, самую трошачку прыўзняты, да яго вельмі пасавалі б пяшчотныя рабацінкі, хаця якія рабацінкі могуць быць у прынцэсаў? Яркія велікаватыя пульхныя вусны з цнатлівай, даверлівай складкай, як у дзіцяці. Але галоўнае — што гэтая прыгажосць была не лялечнай, а адухоўленай, здавалася, што без слоў пані расказвае трагічную гісторыю, якая не можа не кранаць… І рухі — гэтак плаўна, гэтак грацыёзна немагчыма рухацца, калі чалавек не вучыўся балету…

І тут Пранціш усвядоміў, каго яму нагадвае егіпецкая прыгажуня. Ну так, яна страшэнна падобная да прыгоннай актрысы Міхалішыўны са Слуцкага тэатру, які належаў Гераніму Радзівілу. Толькі ў той валасы былі не чорныя, а светла-русявыя. Пранціш з Лёднікам у палацы выдавалі сябе за немцаў, і Вырвіч гадзінамі сядзеў на рэпетыцыях, заварожаны плаўнымі рухамі Міхалішыўны, і як мог, перамігваўся з ёю… Праўда, калі наглядчык заўважаў, што актрыса скіроўвае ўвагу ў залу, ёй зараз жа даставалася палкай па руках і спіне. Такія ўжо былі парадкі ў палацы Радзівіла Жорсткага… У тэатр забіралі гвалтам дзяцей сялянаў і нават мяшчукоў, і дзеткі тыя ад суровай муштры хварэлі, паміралі… А тыя, што выжывалі, маглі таньчыць так, што знаўцы з Еўропы захапляліся.

Тады Пранціш доўга не мог змірыцца з тым, што прыгонная дзяўчына выглядае так высакародна… Бо яна ж закранула ягонае сэрца, а дама шляхціца павінна быць радавітай!

А цяпер ён не мог даць веры, што графіня Серафіна Батыста — і ёсць тая Міхалішыўна! Але чым больш углядаўся, тым здагадка мацнела.

Між тым пасярод сцэны паставілі стол, накрыты доўгім чорным аксамітным абрусам з вышытымі залатой біццю незразумелымі знакамі. На стале ўмацавалі вялізны крышталёвы шар.

Лёднік выразна хмыкнуў, абазнаны ў падобных штукарствах. Падобным шарам дурыў ангельскага доктара Дзі ягоны слуга, паказваючы духаў, у прыватнасці нейкага Урыеля, так што доктар урэшце страціў аўтарытэт, жонку і грошы. Пранціш гэта таксама выдатна ведаў, бо давялося пабываць у Ангельшчыне і змагацца за спадчыну таямнічага Дзі.

Поделиться с друзьями: