Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:
За сцяной сціхла вячэрняя малітва, адчытаная Лёднікам… Гараджане загасілі агні. Напэўна, маладому драгуну належала соладка і моцна заснуць — адно з правілаў вайсковай навукі вучыла, што на вайне трэба любы зацішак, хвілю бяспекі выкарыстаць, каб паспаць, няважна, дзе ты знаходзішся, у мокрым акопе альбо ў захопленым варожым палацы. Але Пранціш памятаў і правіла навукі шпегаўскай: ніколі не паслабляць увагі, нават калі ўкладуць на мяккія пярыны пад анёльскія спевы. Таму і пачуў асцярожныя крокі па драўлянай лесвіцы і ціхі стук у дзверы Лёдніка. Доктар, які таксама не пагарджаў шпегаўскай навукай, дзверы адчыніў зараз жа.
— Вас чакаюць у пана Шрэдэра, вашамосць, — прагучаў голас Гроса. — Вазьміце з сабою ўсе лекі і інструменты.
Зразумела,
Шрэдэр, трохі больш збляднелы, чым звычайна, сядзеў на ложку ў гасцёўні з зачыненымі аканіцамі і вялікай печчу, аблямаванай галандскай плінфай з сінімі дамкамі на белым фоне.
— Пан Лёднік, вы павінны зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб у бліжэйшыя некалькі гадзінаў я адчуваў сябе дужэйшым і пазбаўленым болю — мне спатрэбіцца рабіць фізічныя намаганні, хадзіць, згінацца… Ужывайце ўсё, што ведаеце — толькі каб не заімгліць свядомасць.
— Гэта небяспечна, — папярэдзіў Баўтрамеюс. — У вас слабое сэрца, і стымулятары яго надарвуць. Пасля вам станецца яшчэ горш.
— Няважна, — з усмешкай прамовіў стары. — Мне патрэбныя ўсяго некалькі гадзінаў.
— Вы разумееце, што просіце амаль неверагоднага? — змрочна ўдакладніў доктар. — Я не цудатворца. Ніякія лекі не падзейнічаюць імгненна. Нават для часовага першаснага эфекту…
— І ўсё-ткі паспрабуйце. Мы падрыхтавалі тое-сёе, што вам можа спатрэбіцца, — Зыгмунт Грос адчыніў шафу з чорнага дрэва, падобную да спавядальні, бо яе прыкрашалі выразаныя на дзверцах крыжы і чарапы. На паліцах красаваліся шклянкі і шкляніцы з настоямі і парашкамі, букецікі сухіх зёлак і нават вялізны слоік з п’яўкамі, якія варушыліся ў каламутнай вадкасці, як грэшныя душы ў пекле. На століку побач з ложкам паблісквалі ўсе інструменты фармацэўта, ад найчуйных вагаў да драўлянай ступкі са срэбным таўкачом.
— Пачынайце, ваша мосць.
Лёднік перахрысціўся, прачытаў кароткую малітву святому Панцеляймону, зняў камзол, падвярнуў рукавы кашулі і скамандваў Вырвічу:
— Падай драконаву кроў…
І праца пачалася. Пранцішу аж зрабілася радасна — нібыта вярнуліся былыя часы, калі ён студэнтам Віленскай акадэміі дапамагаў Лёдніку ў лабараторыі, цярпліва тоўк зёлкі, змешваў рэчывы, ну і патрашыў трупы, хоць апошні занятак прыемных успамінаў не выклікаў…
Колькі за гадзіну лекаў Лёднік уліў у старога — Пранціш стаміўся лічыць. Абязбольваючае, стымулюючае, сардэчнае, крыветворнае… Некаторыя лекі Вырвіч пазнаць не мог — але, мяркуючы па фанатычнай фізіяноміі Лёдніка, той наўсур’ёз захапіўся «цікавым эксперыментам» і сачыняў нешта на хаду.
Стары трываў здзекі над сваім арганізмам стаічна, хаця яго кідала то ў гарачку, то ў холад. Твар ягоны паружавеў, вочы, цяпер першаснага шэрага колеру, заблішчэлі, як у ліхаманцы. Напрыканцы прафесар учыніў старому езуіту адмысловы масаж, уціраў у ягоныя суставы мазі, потым націскаў на асобныя кропкі на руках, на шыі, на галаве… Пан Шрэдэр трохі моршчыўся — відаць, было балюча… Але цярпеў. Бо лепей за іншых разумеў, па ўласных адчуваннях — тое, што зараз робіць Баўтрамей Лёднік, здольныя зрабіць адзінкі ў свеце… Калі б птушку каландзер з «Бестыярыя» Леанарда да Вінчы паднесці цяпер да Шрэдэра, яна б дакладна не адвярнулася, як робіць каля смяротна хворых.
Нарэшце былы алхімік адыйшоўся, пот сцякаў па ягоным худым твары. Лёднік глядзеў на пацыента крытычна і стамлёна-задаволена, як скульптар, які закончыў ляпіць з гліны чарговы твор. Пан Шрэдэр устаў, памахаў адной рукой, другой, сагнуўся, выпрастаўся…
— Гэта сапраўды цуд!
Лекар скептычна пакруціў галавой.
— Гэта навука і часовы эфект. Калі ён скончыцца, вы ўстаць, магчыма, не зможаце. Ab posse ad esse consequentia non valet. [9] Мне… патрэбна ісці з вамі?
9
Па магчымым не варта судзіць
аб дзейсным (лац).Зыгмунд Грос паспешліва дапамог старому апрануць цёплы аксамітны каптан на ваце.
— Не, доктар, не станем надалей вас турбаваць. Дзякуем. Вы ж цяпер ледзь на нагах трымаецеся. Адпачывайце. Заўтра раніцой мы ўсе адправімся ў дарогу.
Лёднік працягнуў Гросу шкеліцу з чырванаватай вадкасцю.
— Тады вазьміце, ваша мосць… Калі пану Шрэдэру стане кепска, дайце яму адпіць дваццаць кропляў… Не больш. Калі не дапаможа, але не раней, чым праз дзесяць хвілін, яшчэ дзесяць кропляў. Запомнілі?
Грос узяў шкеліцу… І Вырвіч не вытрымаў:
— Я магу прасачыць за правільнасцю ўжывання! Калі вашыя мосці вазьмуць мяне з сабой…
Доктар раззлавана збліснуў вачыма на ўвішнага вучня, які ўвесь час шукаў прыгодаў на сваю русявую галаву, але запярэчыць не паспеў. Пан Грос з той жа абыякавай фізіяноміяй ветліва прамовіў:
— Ваша прапанова — гонар для нас, шаноўны пан Вырвіч, але мы не можам узяць з сабой кагосьці яшчэ, шчыра перапрашаем вашу мосць. Адпачніце таксама пасля дарогі, я загадаю прынесці ў ваш пакой збан найлепшага віна.
Пранціш толькі губу прыкусіў ад расчаравання.
Віно сапраўды прынеслі, але Пранціш піць не стаў. Мала што падмяшалі хітраваны. Прыгода і таямніца былі побач, і вабілі, як ваўкалака поўня.
Юнак ляжаў, не распранаючыся, пад коўдрай і напружана прыслухоўваўся: у доме відавочна з’явілася шмат людзей, на першым паверсе чуліся ціхія галасы, рыпелі дзверы. А вось і на двары крокі.
Не, выседзець немагчыма… Адвага ці мёд п’е, ці кайданы трэ. Застаецца спадзявацца, што Лёднік сапраўды ўшчэнт выснажыўся — Вырвіч бачыў, чаго таму каштаваў «энергетычны масаж», і спіць не так чуйна, як звычайна. Былы шкаляр хуценька змайстраваў пад коўдрай з усяго, што пад руку трапілася, «цела», як звык рабіць у канвенце езуіцкага калегіюму, выбіраючыся ноччу на пракуды, ціхенька вышчаміўся за дзверы і слізгануў уніз па прыступках. Каб не сутыкнуцца з кімсьці, давялося сунуцца ў катух пад лесвіцай, прызначаны для прыслугі — там пахла півам і хтось, лежачы на сенніку, соп, бачачы ўва сне, відаць, дзясяты шчасліва асушаны куфаль. Нечая постаць набліжалася да прыадчыненых дзвярэй. Дрогкае святло свечкі слізганула ў пакой, як здрадлівы балотны агеньчык. Вырвіч прыціснуўся да рыззя, што вісела на ўбітым у сцяну цвіку і выпраменьвала водар прэлага лісця.
— Трэба прыхапіць Базыля, — зашапталіся ў калідоры. — Ён нягеглы, але дужы і да таго ж нямко.
Зараз жа ў пакой зайшоў чалавек, захутаны ў плашч:
— Базыль, уставай! Праца ёсць…
Для вернасці тыцнуў похвамі шаблі ў постаць на сенніку і сышоў. Базыль замыкаў… Але не прачнуўся, толькі перавярнуўся на другі бок і засоп далей. Напэўна, піва ў Менску варылі не горшае, чым у Вільні.
Гэтым Вырвіч не мог не скарыстацца. Хуценька намацаў вопратку, што вісела на сцяне… Світка была трохі велікаватая ў плячах — на жаль, Пранціш Вырвіч не адрозніваўся асілкавым целаскладам, затое меўся капюшон… Які драгун зараз жа нацягнуў на галаву. Ён бачыў учора гэтага Базыля — унуранага, з апушчанай галавой, толькі адзін раз паказаліся з-пад каптура запалыя вочы на круглым твары. Нічога, не пазнаюць… Крывабокага нямко ўдаваць няцяжка.
На двары сабраўся тузін самых падазроных асоб: у плашчах, капелюшах, каптурах, насунутых на вочы, як у Пранціша, альбо з завязанымі да вачэй шалікамі. А вось, мусіць, і пан Шрэдэр — ступае павольна, але сам, нездарма Лёднік стараўся.
Адна з постацяў стала перад ліхтаром, чалавек прыўзняў руку, адхінулася крысо плашча… Сіні жупан са срэбным літым поясам, з гузікамі з вензелем Караля Радзівіла… Альбанчык! Адзін з прыбліжаных Пане Каханку! У бойку пад штандарам свайго пана, дзе можна загінуць, альбанчыкі заўсёды так апраналіся, значыць, і цяпер чакае небяспека. Вырвіч агледзеўся: вунь у таго таксама шабля з-пад плашча тырчыць, срэбны пояс паблісквае… Значыць, дзеля Радзівіла справа будзе!