Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:
У пакоі, не забыўшыся замкнуць дзверы на ключ, пані Серафіна запаліла свечкі ў падсвечніку на сакрэтніку з чорнага дрэва і павярнулася да госця, які не збіраўся траціць час дарэмна і прыабняў пані:
— А ты мяне, мусіць, пазнала…
Прынцэса самую трошачку разгубілася, цень спалоху мільганула ў светла-зялёных вачах:
— Можа, пан нагадае, дзе мы сустракаліся з вашай мосцю? У Парыжы? У Рыме на карнавале?
Пранціш прыцягнуў красуню да сябе і прашаптаў ёй на вушка:
— У Слуцку… У тэатры… Гадоў шэсць таму… Ішла рэпетыцыя… Ты, Міхалішыўна, была на сцэне, з такой выразнасцю і майстэрствам іграла царэўну Наўсікаю, а я сядзеў у зале, і глядзеў на цябе, не адрываючыся… Я пазнаў бы цябе ў любым уборы!
Паводзіны графіні Батысты на вуркатанне кавалера проста спалохалі. Прыгажуня
— Я думала, памылілася… Вы падаліся мне знаёмым… Але нам сказалі, што вучань нямецкага доктара загінуў.
Пранціш самазадаволена ўсміхнуўся — вось чаго яна пералякалася, вырашыла, што мае справу з прывідам! А яшчэ магіяй займаецца, дурнічка, з духамі размаўляе! Драгун пастараўся супакоіць самазваную прынцэсу, патлумачыўшы, што ў замку Радзівіла Жорсткага яны з Лёднікам выконвалі таемную місію, таму мусілі быць пад чужымі лічынамі, і выратаваліся дзякуючы ўласнай смеласці і жалезнай чарапасе на вадзяным рухавіку, якую Геранім Радзівіл замовіў вынаходніку Якубу Пфальцману, аднакурсніку Лёдніка. У тым, што ён жывы, Пранціш пастараўся пераканаць прыгажуню куртуазным спосабам, але тая адхінулася ад пацалунка, яе па-ранейшаму трэсла.
— Пан Вырвіч… Прашу вас… Малю… Толькі не гаварыце нікому, што вы мяне пазналі!
Цяпер у Міхалішыўне не было і следу ад той свецкай какеткі, якая прывяла яго ў гэты пакой. Вочы ліхаманкава гарэлі, пальцы, якімі яна ўхапілася за даланю Вырвіча, былі халоднымі, як лёд.
— А, вось яно што, граф Батыста не ведае, з кім ажаніўся? — трохі пагардліва спытаўся Пранціш. Такая цалкам магла выдаць сябе за шляхцянку. Але Міхалішыўна толькі горка рассмяялася.
— Яшчэ як ведае… Ён жа мяне купіў — пасля смерці князя Гераніма тэатр занепадаў, артыстаў разганялі, каго куды. Мяне маглі зрабіць пакаёўкай ці ўвогуле адправіць на мануфактуру, габелены ткаць. А граф бачыў мяне на сцэне і вырашыў, што я яму спатрэблюся. — Сіньёра Батыста глыбока ўздыхнула і, наважыўшыся, прамовіла дрыготкім голасам. — Ён мне такі ж муж, як і граф. Як казалі ў нашай слабадзе — шлюб пад плотам, а вяселле потым. Хто я? Рабыня, якая іграе прынцэсу. Калі Луіджы… Яго насамрэч Луіджы завуць… даведаецца, што я… не справілася з ягоным даручэннем… што вы пазналі мяне, і цяпер уся ягоная дзейнасць пад пагрозай, бо яму могуць перастаць верыць, і егіпецкая прынцэса страціць свае чары… Кепска будзе не толькі мне, але і вам. Пан Вырвіч, ён страшны чалавек!
Пранціш хмыкнуў:
— Не бойся, я нікому нічога не скажу. І няма чаго палохацца — мой сябар, прафесар Лёднік, твайго мага як камара размажа.
Дзяўчына перахрысцілася па-праваслаўнаму, у празрыста-зялёных вачах плёскаўся спалох.
— Ратуй нас, святы Кіпрыян… І праўда, ваш сябар яшчэ страшнейшы за Луіджы. Ён так раззлаваў графа, што не ведаю, чым гэта абернецца для мяне. Батыста падманшчык, а ваш… Ён жа сапраўдны чараўнік!
Голас дзяўчыны сышоў на пераляканы шэпт. Пранціш хмыкнуў.
— Гэта ты з духамі размаўляеш, як вядзьмарка. А Лёднік — вучоны, доктар, прафесар… Праўда, тое-сёе можа, але ён добры хрысціянін, і ніколі людзям не нашкодзіць. Ну, пакуль ён без шаблі. А… што за даручэнне табе Батыста даў?
Міхалішыўна апусціла галаву:
— Нічога незвычайнага. Завабіць вас, змусіць закахацца, каб потым здабываць патрэбныя звесткі і кіраваць вашымі дзеяннямі.
На Вырвіча быццам халоднай вадой лінула. Вось табе і куртуазная прыгода, непераможнае хараство драгуна… Той Батыста наўрад верны адэпт ордэна. Хутчэй, ад страху перад езуітамі выслужваецца, каб інквізіцыя не чапала. А золата з менскіх сутарэнняў — прываба неадольная, да якой можна дабрацца праз закаханага драгуна. У душы віравала злосць на падступную дзеўку.
— І граф часта дае табе такія даручэнні? Налаўчылася?
Міхалішыўна раптам ганарліва выпрасталася, і Пранцішу стала трохі сорамна за сваю грубасць пры поглядзе на яе змучанае і ўсё-ткі трагічна-гожае аблічча. Маска, усяго толькі маска актрыскі! — напомніў сабе Пранціш.
— Я магла не прызнавацца вам. Магла падмануць. Але мне падалося, што вы, пан Вырвіч, чалавек сумленны і міласэрны. Магчыма, мне трэба было яшчэ ў Слуцку ўчыніць,
як рымлянцы Лукрэцыі — засіліцца, абы не даць сябе згвалтаваць. Магчыма, трэба было зрабіць гэта яшчэ ў дзяцінстве, калі мяне забіралі з дому тыя, хто забіў маіх бацькоў. Але — што ж, і пырнік пад плотам дзеля чагосьці расце. Мастацтва замяніла мне ўсё… In arte libertas! [11] Прынамсі, ні Еўрыпіда, ні Шэкспіра, ні Лопэ дэ Вега ў мяне ніхто не адніме… І пан Батыста шмат чаму навучыў мяне. Мовам розным, іграць на клавесіне і флейце. І ў навуках таемных веды даў, і ў ложку. І я буду ўсміхацца вам, ваша мосць, і вы можаце скарыстацца з маіх вабнотаў, калі вам будзе заўгодна.11
У мастацтве воля! (лац).
Міхалішыўна па-блазенску пакланілася і вымавіла фразу, з якой рымскія артысты звярталіся да публікі:
— Videte et applaudite! [12]
Цяпер было зразумелым, адкуль на далікатнай скуры паненкі сінякі. Не столькі ў словах, колькі ў самім тоне прамовы гучала стоеная дзёрзкасць, выклік, што сведчыла — не пакорлівая авечка перад Пранцішам.
— А хто забіў тваіх бацькоў? — папытаўся Вырвіч. Прыгажуня апусціла вочы.
— Мы з Крычава. Мой бацька быў збройнік, браў удзел у паўстанні.
12
Глядзіце ды пляскайце ў ладкі! (лац).
Ого, крычаўскае паўстанне! Тады мяшчукі і мужыкі біліся супраць войска князя Гераніма Радзівіла так, што шляхта дасюль не любіць успамінаць. І расправа над бунтаўнікамі была жорсткай. Пранцішаў бацька, Даніла Вырвіч, тады таксама патрапіў памахаць шабляй супраць вілаў ды цэпаў. Наколькі памятаў Пранціш, увязаўся бацька ў бойку выпадкова… Мала што па дарозе з карчомкі ў карчомку з высакародным панам можа надарыцца. Але не вагаўся, які бок прыняць — вядома, шляхціцаў! Няхай прасталюдцы дзесяць разоў маюць рацыю, няхай пан беззаконнем сваім давёў іх да адчаю. Вось толькі ўспамінаць пра тыя падзеі пан Даніла Вырвіч не любіў, бо не лічыў ганаровым для шляхціца бойку з мужыкамі. Але, атрымліваецца, ён мог быць забойцам сваякоў Міхалішыўны. Пранціш пра гэта, вядома, прамаўчаў, не зводзячы вачэй з дзяўчыны: а такая і нажом можа пырнуць… Вунь як вачыма бліскае.
Але, з другога боку, пан Вырвіч ёй відавочна падабаецца, дый звязаная яна цяпер тым, што Пранціш ведае яе таямніцу. А значыць, зброю Рудольфіюса Батысты можна выкарыстаць супраць яго самога! Зловіцца рыбачок на ўласны кручок! І гэта будзе самай прыемнай помстай!
Вырвіч зноў усміхнуўся і прыабняў прынцэсу за талію.
— Я ніколі не выкарыстоўваў жанчын, я толькі дарыў ім каханне. Таму можаш мяне не баяцца. Я нават буду перад Батыстай паказваць, што ты зусім закруціла мне галаву. А вось ты можаш мне памагчы?
Вусны Міхалішыўны здрыгануліся здзіўлёна…
— Чым я магу дапамагчы васпану?
Вырвіч схіліўся да ружовага вушка.
— Ты павінна разумець, што мы з доктарам Лёднікам зараз у небяспецы. Проста расказвай мне, што прыдумае Батыста і езуіты. Напачатку скажы, куды паедзе карэта?
Міхалішыўна апусціла вочы і ціхенька ўздыхнула.
— У Лебу.
— Што? — вырачыў вочы Пранціш. — Гэта дзе?
— Маленькі порт на беразе Балтыкі. За Лембаркам.
Вось яно што, золата пераправяць морам… І не з вялікага порту, як Гданьск альбо Гамбург, дзе поўна віжоў.
— А што тут за таемнае зборышча?
Міхалішыўна пагардліва фыркнула.
— Таемнае… Проста Луіджы шмат разоў сцвярджаў, што каб падняць кошты на білеты, трэба туману напусціць, пераканаць, што гэта толькі для выбраных, пасвечаных, ёсць небяспека… І людцы збягуцца, як пацукі на сала.
Пранціш пазіраў па актрысу, і як наяве ўспомніліся даўнія падзеі, калі яны з Лёднікам у Слуцку вызвалялі Саламею, як ім дапамагаў дырэктар опернай трупы…
— А што здарылася з сіньёрам Пучыні і з ягоным братам Джавані, калі мы са Слуцку ўцяклі?