Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:

У Вільню ўляцелі, як начніцы за імі гналіся, пад нядзельны святочны перазвон. На шчасце, ці ніхто не насмеліўся затрымаць знакамітага доктара, які водзіцца з дэманамі, і ягонага сябрука, зухаватага харужага, ці не паспелі сюды яшчэ паведаміць, што іх належыць затрымаць. Капыты звонка цокалі па мокрай брукаванцы, люд паспаліты раздражнёна шугаўся ўбакі — гоніць жа паноў у святую нядзельку некуды… Лёднік змэнчыўся ўвесь ад трывогі — ці не спазніліся? А Вырвіч думаў толькі пра тое, як не зваліцца з каня — бо рабілася млосна…

У Акадэмію доктар заляцеў, як чорны віхор, і адразу кінуўся ў кабінет да рэктара.

Пранціш, абліваючыся потам, бег следам, перад вачыма мітусіліся залатыя пчолкі.

А ў калідорах і аўдыторыях пуста, як у каморы пасля каляднага карнавалу… Можа, зманіў Батыста?

Рэктара не было на месцы, знайшоўся толькі намеснік, паўнаваты ўсмешлівы пан, знаўца рыторыкі. Прарэктар, калі выслухаў упэцканага і знерваванага прафесара, збялеў, як варанае яйка.

— Яны там… У зале, дзе вы рабілі даклад… Пан Рысь, ксёндз Марэк… І студэнтаў з сотню, але ўсе правераныя, рэкамендаваныя! Што рабіць? Калі іх тут схопяць — Акадэмію могуць зачыніць!

За зашклёнымі дзверцамі шафы стаялі кнігі па юрыспрудэнцыі — не так даўно гэтую свецкую навуку ўпусцілі ў акадэмічныя муры.

— Вы лепш думайце пра лёс маладых людзей! — раўнуў Баўтрамей. — Іх жа перастраляюць, як куранятаў! А хто выжыве, пасадзяць — і хто быў, і хто не быў. Ключы ад маёй лабараторыі ў каго?

Прарэктар трошкі памарудзіў, потым моўчкі палез у шуфляду стала, пабразгаў там жалеззем і дастаў звязку розных ключоў памерам з добрую вінаградную гронку.

— Ваш — вось гэты, з самай доўгай бародкай… А ад сутарэнняў — з шышачкай…

Паколькі ў начальства аказаліся ўсе ключы, было зразумелым, як у свой час з таемнай лабараторыі Лёдніка знікалі некаторыя каштоўныя рэчы, а менавіта лялька-аўтамат па імені Пандора, і якім чынам рабіліся рэгулярныя ператрусы ў крамольнага прафесара.

— Дзякую, калега, не сумняваўся, што ад вас ніякіх таямніцаў у акадэміі не захаваеш, — не прамінуў з’едліва азвацца Бутрым. — Паспрабуем маладых вывесці такім шляхам.

— Думаю, мне лепей застацца тут… — адвёў вочы прарэктар. — Вы ж разумеце, пан Лёднік, што ў інтарэсах Акадэміі трэба, каб кіраўніцтва не было замешанае… А вось каб вы, калега, узялі на сябе перагаворы!

Знаўца рыторыкі лісліва ўсміхнуўся.

— Вы ж чалавек аўтарытэтны, ваша мосць, з Рапніным і Разанцавым сябруеце! Перастрэньце тых, хто прыйдзе арыштоўваць студэнтаў, патлумачце, што юнакі ўсяго ў карты гулялі, што не было закалоту… Вам павераць!

— Усе мне давер аказваюць, — гнеўна адказаў Лёднік, — Толькі пасля чамусьці ў аддзяку хочуць забіць!

І шпурнуў на стол ліст ад Шрэдэра.

— Спадзяюся, хаця б мае вучні не пацерпяць ад такога даверу!

Ясна, што дапамогі тут не дачакацца, і акадэмікі дружненька запэўняць улады, што нічога не ведалі, студыёзусы самі па сабе сваволілі…

Калі Лёднік, як з шыбеніцы сарваўся, уляцеў у залу вучонай рады, у дарожнай вопратцы, зарослы чорнай шчэццю, а побач быў яшчэ Пранціш з рукой на перавязі, студэнты ў жаху расступіліся, пан Рысь падавіўся ўрачыстым словам, а той-сёй і схапіўся за шаблі.

Тая самая зала, куды харужы Вырвіч з’явіўся, каб паслухаць блюзнерскі даклад прафесара Лёдніка пра крывезварот у арганізме чалавека. Цяжкія лаўкі, высокія скляпеністыя вокны… Вунь там сядзела пані Саламея з малым Алесікам… Там — выкрыкваў свае рэплікі граф

Міхайла Разанцаў… А за кафедрай стаяў фанабэрысты прафесар.

За кафедру ён і стаў зноў, сагнаўшы агаломшанага пана Рыся. Лёднік быў па — прафесарску лаканічны, абмалёўваючы сітуацыю. Твары студэнтаў паказвалі гнеў, расчараванне, а часам і страх — юнаку можна адчуваць страх, бо толькі ў ягоным пераадоленні выспявае сапраўдны вой. Вядома, спрабавалі крычаць, што зараз пачнуць біцца — розум не кулеш, у галаву не ўвальеш, але прафесар быў як вопытны вайскаводца і некалькімі словамі суцішыў бунт. Далучыўся і ксёндз Марэк, жыццярадасны таўстун, які выдатна ўмеў натхняць моладзь на патрыятычныя дзействы, але разбіраўся і ў палітычных кампрамісах. Пераможныя бойкі — наперадзе. А пакуль — разумны манёўр дзеля ўратавання вайсковага патэнцыялу і роднай альма матэр. Хто ж будзе вучыцца ў акадэміі Пане Каханку, калі ўсе тут палягуць, не стаўшы кадэтамі? А за таемнай лабараторыяй Лёдніка пачынаўся шлях у сутарэнні, якія вялі за межы ўніверсітэту, ажно да каралеўскіх стайняў.

Ксёндз адамкнуў дзверцы насупраць галоўнага ўваходу ў залу, справа ад кафедры:

— Ціха! Выходзім моўчкі! Бог нас абароніць!

І тут у дзверы залы грукнулі. Пачуўся ўладны голас:

— Адчыніце імем караля!

— Не паспеем… — схаладнеў Пранціш. Лёднік стамлёна перадаў ксяндзу Марэку ключы.

— Паспееце… Давай, Пранціш, ідзі! Ты ведаеш усе хады-выхады…

Студэнты адзін за адным знікалі ў вузкім ходзе. Пан Рысь падскочыў да Лёдніка:

— Давай гасцей пасячэм на капусту!

Прафесар сумна пахітаў галавою.

— Паверце, тут будзе дастаткова войска, каб перабіць усіх. І Акадэмію зачыняць… Нават калі проста вас тут пабачаць, пан Рысь — адразу выявіцца сувязь з князем Радзівілам. Закалот, антыдзяржаўная змова… Расейцам толькі таго і трэба! Падставы ўмяшацца. Можа пачацца сапраўдная вайна! Колькі народу бязвінна і дарэмна загіне… А так — сабраліся студэнты ў карты гуляць, а я іх разагнаў. І акрамя ўсяго — можа, яшчэ атрымаеце сваю бойку, калі на юнакоў нападуць па дарозе. Ну, хутчэй жа сыходзьце!

У галоўныя дзверы пачалі калаціць чымсьці цяжкім, як бервяно.

— Бутрым, я не пакіну цябе! — выкрыкнуў Пранціш. — Што за глупства — ты што, адзін збіраешся стрымаць цэлае войска?

— Ды не бойся, там мой сябар, граф Міхайла Разанцаў, я пазнаў ягоны голас, дамоўлюся як небудзь, час пацягну, — нудна прагаварыў Лёднік, падыйшоў блізка да пана Караля Рыся і нешта зашаптаў яму на вуха. Той пачціва пакланіўся, раптам рашуча схапіў Пранціша за параненую руку і выкруціў яе… Вырвіч ускрыкнуў ад болю, у вачах заімглілася… Так, што ўсвядоміў, што яго ганебным чынам нясуць, як мяшок, толькі тады, калі над галавой была не каменная столь, а шэрае ліцвінскае неба.

Пан Рысь асцярожна паставіў драгуна на напоеную дажджыма і спалоханую блізкімі замаразкамі зямлю, падтрымаў за плечы:

— Ісці самі зможаце, ваша мосць? А то ваша рана адкрылася, выбачайце… Але пан Баўтрамей папрасіў так зрабіць, сказаў, што адзінае, што ён просіць — вывесці вас.

Вакол былі дрэвы — сосны, пахіленыя на адзін бок, бо іх карэнні падмывала рачулка, голыя пруты ляшчыны. Непадалёк шарэў будынак гарадской лазні. Самая ўскраіна Вільні, далей ціснуліся хаціны беднаты прадмесця.

Поделиться с друзьями: