Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:

— Маеш магчымасць мне адпомсціць, — толькі і сказаў, апусціўшы вочы. На што Баўтрамей, які ўсё яшчэ не мог перавярнуцца на спіну, прабуркатаў «Кожны павінен выканаць свой доўг і захаваць гонар».

Як гэта разумець — Разанцаў мог толькі гадаць. Следства па справе прафесара Віленскай акадэміі Баўтрамея Лёдніка часова прыпынілася. А, каб не ягонае маўчанне, магло раскруціцца адчувальна і для ягоных блізкіх. Бо, аказваецца, усплыло і падарожжа прафесара з драгунам Вырвічам у якасці суправаджаючых падазронага хворага: з Менску даклалі, што яны праязджалі праз заставу. На шчасце, Батыста не стаў у даносе распісваць вываз езуіцкага золата, бо сам быў уквэцаны ў «залатой» справе, як котка ў смятане. Аднойчы на допыт прывялі для апазнання яшчэ аднаго вязня: Зыгмунд Грос абыякава агледзеў скрываўленага прафесара і запэўніў, што яго не ведае. Лёднік, у сваю чаргу, рашуча адмовіўся ад усялякага знаёмства з падазроным

панам. І ясна было, што хоць збівай кожнага да смерці або другіх сведкаў прывядзі, меркавання не зменяць. Сапраўды, кожны мусіць выканаць свой доўг, якім чынам бы ён яго ні разумеў, як аднойчы сказаў над паміраючым Шрэдэрам Грос.

Прыйшоў наведаць Пранціша і кітаец. Сунуўся ў дом, ступаючы бязгучна, як дух-Хатнік, нізенькі, у сінім халаце, падбітым ватай, з вечнай усмешкай на маршчыністым твары, са смешнай казлінай бародкай. Так і здавалася, што зараз вымавіць якое-небудзь пагрознае «Фух-фух, чур мяне, дай-дай, гаспадар, без солі яечні, а то атрымаеш у плечы».

Але спадар Лі гаварыў ветліва і ціха, смешна перакрыўляючы словы. Ён агледзеў Пранціша, балюча націскаючы на асобныя кропкі цела, павадзіў рукой над ранай, якая ўжо зацягнулася, паглядзеў у вочы, ды так, што галава закруцілася — хаця вузкія вочы кітайца з жаўтаватымі бялкамі зусім не здаваліся страшнымі ў параўнанні з цёмнымі пранізлівымі вачыма Лёдніка.

— Паправішся хутка, малады чалавек! — паляпаў Чунь Лі Вырвіча па спіне. — Будзеш жыць доўга, ажэнішся, прыгожыя словы напішаш!

Вырвічу ажно стала непамысна: чаму кітаец сказаў пра словы, а не пра слаўныя бойкі? Няўжо, як і Лёднік, хоча з яго выхаваць вершаплёта?

На роспыты пра здароўе Бутрыма Чунь Лі сказаў, што доктар «Моцны, вельмі моцны. Але жарсны. Жарсць перашкаджае, бо толькі халодны розум павінен кіраваць высакародным мужам у часы небяспекі, стрыманасць прыводзіць да поспеху». І дадаў, што Канфуцый вучыў, не з тым трэба быць у бойцы, хто можа кінуцца на тыгра з голымі рукамі ці кінуцца ў раку, не чакаючы лодкі.

— Але Чунь Лі сам чалавек жарсны… — заўздыхаў скрушліва дзядок і прызнаўся, што з радзімы давялося яму ўцякаць пасля таго, як ягоны гаспадар, вельмі важны чыноўнік, патрапіў у няміласць да імператара, і прыйшлі жаўнеры з загадам усё сямейства чыноўніка забіць. Чунь Лі, улюбёны вучань і целаахоўнік, не змог разам з гаспадаром ды іншымі слугамі добраахвотна прыняць смерць, а наадварот, пачаў біцца з прыхаднямі… А калі ўсіх перабіў — выратаваны гаспадар з раздражненнем на занадта стараннага слугу сябе зарэзаў, бо волю імператара парушаць нельга. Вось і блукае цяпер Чунь Лі па чужыне, як бяздомны сабака…

Пранціш трошкі не разумеў такой філасофіі, а калі спытаўся, як дапамагчы доктару Лёдніку, зноў сустрэўся з дзіўнотай.

— Канфуцый вучыў, калі табе скажуць, што высакародны муж, вядомы сваёй чалавечнасцю, патрапіў у студню, кідацца яму на дапамогу не трэба. Таму што высакародны муж можа ісці на смерць, але не можа гінуць неразважна.

Як з такой філасофіяй спалучалася выбітное баявое ўменне, невядома. Відаць, для ўжывання ўсялякіх хітрамудрых удараў у кітайца былі свае вучоныя абгрунтаванні — філосаф заўсёды здольны абгрунтаваць самы дзікі свой учынак такім высокім ды наймудрым слогам, што не тое каб упікнуць мудраца — яшчэ і ў ладкі яму папляскаюць прасцякі. Але ясна, што разлічваць на спадара Лі ў вызваленні доктара не выпадае. Добра, палечыць яго ды дапаможа аднавіцца… Нетрадыцыйнымі, хаця й жорсткімі, метадамі. Калі паедуць у Пецярбург, Лёднік павінен быць у як мага больш добрым стане.

Дзядок аказаўся вясёлы, жартаўнік… Цяпер было зразумелым, чаму перадаваў Лёднікам стравы, у якіх плавалі вочы ды іншыя жарсці. Распавядаў Пранцішу і пра звычаі кітайскіх паэтаў — як толькі такі паэт дасягаў вяршыні славы, тут жа ўсё кідаў, перасяляўся на іншае месца, дзе яго ніхто не ведаў, мяняў імя і пачынаў усё спачатку… Дзівакі, адно слова.

Распавядаў і пра свае вандроўкі па Сібіры. Як сустракаўся з тунгусамі, яны ўсе былі з тварамі, расфарбаванымі ў розныя колеры, так, што нельга адрозніць жанчын ад мужчын. Тунгусы вандруюць ад ракі да ракі, ловяць рыбу, з забітага звера смокчуць цёплую кроў, памерлых сваіх не хаваюць, а ставяць на дрэвах, страляюць з лукаў незвычайна трапна. Чунь Лі пабываў у адным іх племені ў палоне цэлы год, пакуль не абмянялі яго ў рускага пасланніка на дзесяць нажоў.

Алесіка доктар дазволіў прывесці да сябе, толькі калі змог больш-менш прыўзнімацца і, каб не напалохаць малога, пагаліў бараду, якая ўжо ладна адрасла. А Пранцішу перадаў, каб не рабіў глупстваў і не ўздумаў арганізоўваць фантастычныя планы па ягоным выратаванні. Баўтрамей Лёднік сам пра сябе паклапоціцца.

Пранціш толькі фыркнуў. Ведаем, як гэты высакародны муж умее пра сябе клапаціцца.

Праз

пару тыдняў доктар пачаў сам хадзіць. Яшчэ праз тыдзень — займацца з Чунь Лі гімнастыкай. Паколькі Лёднік, як праўдзівы беларус і палачанін, валодаў усімі якасцямі трыпутніка — здольнасцю ўставаць, калі чужым колам пераехала, капытом прытаптала, зноў і зноў, і лекаваць іншых, і трымацца за неласкавую родную зямлю, Вырвіч зразумеў, што час дзейнічаць і яму. Бо пан Рысь пра шлях Батысты даведаўся дакладна…

На маленькай прыдарожнай станцыі давялося прачакаць два дні. Каб быў пры сабе птах-кабец, па чыім палёце продкі варажылі, дык запусцілі б у сіняе неба… Бо цяпер удзень неба сінела, і ўсё здавалася прыгожым, як на нямецкай парцалянавай талерцы. Дом, з шэрых бярвенняў, з гонтавым дахам, зацярушаным снегам, нагадваў палац Зюзі, славянскага боства холаду. Падслепаватыя вакенцы зацягнула шэранню, як самымі каштоўнымі фіранкамі. Хвойкі ля весніцаў, улетку, напэўна, здратаваныя мінакамі, цяпер прыбраліся ў аксаміт і дыяменты, як сіроткі, якіх узяў пад апеку магнат, даў пасаг і вывез на баль, падабраць вартых жаніхоў. Унутры карчма была, як карчма — смярдзела лоем ды кіслай капустай. Госці пілі яшчэ больш, каб сагрэцца, спявалі яшчэ грамчэй, каб адагнаць тугу доўгіх цёмных зімовых вечароў… Пранціш, пан Рысь і яшчэ двое ўвішных хлапцоў, з выратаваных Лёднікам студэнтаў, па мянушцы Рак ды Сак, пілі і спявалі, як і астатнія. І каб не прывабліваць увагі, і проста таму, што як яшчэ маладым воям перад бойкай прабавіць час?

…Дзяўчо маё маладое, маеш вока цудаўное, Я з-за тварыка твайго страціў коніка свайго. З-за тваіх белых ручок страціў залаты лучок, З-за тваіх харошых вочак чатырох не выспаў ночак…

А пан Рысь, хаваючы ў чорныя вусы ўсмешку, вучыў студыёзусаў, як змусіць закахацца ў сябе дзяўчыну. А ўсяго толькі трэба зачапіць яе кажановым кручком. Робіцца ён проста: трэба злавіць кажана, пасадзіць у гаршчок, завязаць анучкаю з дзірачкаю, пайсці ў лес і закапаць у мурашнік. А тады бегчы бегма, каб не пачуць з гаршка крыку кажана, якога мурашы пачнуць заядаць, бо як пачуеш — дык памрэш. Праз сем дзён у гаршку застануцца адно белыя костачкі, з якіх трэба выбраць кручок і вілку. Калі ўзяць іх у рот — можна нябачным стаць, а кручком дзевак прыварожваюць. А як дзеўка надакучыць — адпіхні яе кажановай вілкай, і адчэпіцца. Вось толькі калі ты схопіш таго кажана, у якога пасля смерці ператварыўся чараўнік — гамон табе. Самога ўночы мурашы заядуць… І застанецца раніцой у ложку ад цябе адна скура, з якой якая-небудзь вядзьмарка патрапіць барабан вырабіць, каб твая душа пасля смерці ёй слугавала…

Пранціш ціха рагатаў, паглядаючы на пераляканых маладзёнаў, якія храбрыліся і дэкляравалі, што ніякіх кажаноў не баяцца, і без кручкоў чароўных дзевак чапляюць, а сам крадма мацаў плячо, пакручваў рукою: ці зможа, як раней, валодаць шабляй? Лёднік у свой час натрэніраваў яго біцца абедзьвума рукамі, але левай усё-ткі Пранціш валодаў горш.

А Пранцішаў бацька, Даніла Вырвіч, расказваў яшчэ, што карчмары прывабліваюць наведнікаў, прыбіваючы кажана да сцяны карчмы. Мусіць, вісеў забіты звярок і дзесьці тут — бо ў наведніках недастачы не было. Мніхі, купцы, шляхцюкі, судовыя… Але калі ўвечары падкаціла карэта Батысты, не заўважыць яе не змог бы нават глухі Піліп, які да печы прыліп: вялікі пан прыехаў! Карэта ззяла пазалотай, як новы куфэрак. На ёй красаваўся герб з выявай арла і змяі, якога Пранціш раней у вочы не бачыў, а значыць, быў ён фальшывы, як начаканеныя ў Прусіі польскія талеры. Ззаду, быццам грахі за валацугам, цягнуўся воз з дэкарацыямі, шчыльна ўхутанымі прасмоленай тканінай. Нават лёкаі апранутыя ў сает і чырвоныя боты. А ўжо калі выйшлі граф з графіняй, карчмар ледзь на калені не паваліўся. Надзьмутая фізіяномія Батысты выяўляла такую пагарду да гэтага вартага жалю свету, што назапасіцца яна магла сапраўды толькі за тры тысячагоддзі быцця егіпецкага жраца. Затое графіня, захутаная ў белае казачнае футрачка, была такой узнёсла прыгожай, што нават п’янтосы, якія не маглі адняць галавы ад стала, заўзіраліся, разявіўшы раты.

Для важных гасцей адвялі асобны пакой, вытурыўшы з яго кагось менш самавітага і страшэнна абуранага несправядлівасцю. А што ж небрака хацеў, у гэтым свеце каму матавіла, каму булава. Людзі часалі языкі ды лупіліся на прыезджых. Толькі маладыя шляхціцы, якія вось ужо два дні праседжвалі ў карчомцы, гулялі ў карты, гучна размаўлялі і нахабна разглядалі ўсіх, не паказваліся, і ніхто не ведаў, што за паляндра ў іх учамерылася.

Але граф Батыста з прыгажуняй жонкай даведаліся.

Калі ў іх пакоі раптам вымалявалася чужая постаць, быццам проста са сцяны выйшаў дух яшчэ аднаго егіпецкага жраца.

Поделиться с друзьями: