Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:

Вырвіч адчуў, што па шчоках коцяцца пякучыя слёзы, але яму зусім не было сорамна за гэта. Сорамна было за іншае… І пану Рысі, падобна, таксама, бо і ён плакаў, адвярнуўшы твар з чорнымі, як прыклеенымі, вусамі.

— Як вы маглі кінуць яго аднаго! Я вас заб’ю! І езуітаў гэтых падлючых — таксама! Яны яго атруціць хацелі, а ён жыццё паклаў з-за іхніх інтрыгаў!

Вырвіч не мог крычаць — бо горла пераціскала ад гора і гневу… Пан Рысь скрушна ўздыхнуў:

— Даю слова, што калі адважны пан Лёднік загіне, дазволю Вашай мосці пакараць смерцю й мяне. Але спачатку даю слова, што калі ён застанецца жывы — а я ў гэтым упэўнены, бо, нават калі пачнецца бойка, яго абавязкова

захочуць узяць жывым, каб дапытаць — мы яго выратуем! Слова гонару! Нічога не пашкадую…

Пан Рысь памаўчаў, паглядзеў на зусім зняможанага Пранціша:

— А студэнтаў усіх удалося вывесці… Бо ніводзін жаўнер не выйшаў за намі з залы, пакуль апошні з нас не прайшоў сутарэнні і мы не падалі дамоўленага знаку. Як пану Лёдніку ўдалося іх затрымаць? Можа, сапраўды дагаварыліся мірна, як дэкляраваў доктар?

Вырвіч горача захацеў, каб менавіта так і сталася. Доктар жа разумны, ён жа і збіраўся загаварыць зубы нападнікам, прадухіліць сутычку…

Дождж сыпануў халодныя слёзы, але каго ён аплакваў — наўрад сам ведаў.

Што рабілася ў тую злавесную нядзелю ў зале вучонай рады, было пасля апісана не раз, і ва ўсіх падрабязнасцях. Так што даведаўся ў свой час і Пранціш Вырвіч.

Калі дзверы зламалі, і паперадзе жаўнераў забег граф Міхайла Разанцаў, перад ім было нечаканае відовішча: пустое, як трэснуты збан, памяшканне, а на краі бліжняй да дзвярэй лаўкі, у праходзе, сядзеў прафесар Баўтрамей Лёднік, стамлёна абапершыся абедзьвума рукамі на дзяржальна аголенай шаблі, упёртай у падлогу. На худым дзюбаносым твары прафесара люстравалася сусветная туга з дамешкам лёгкай грэблівасці, вопратка была ўпэцканай, і боты па самыя халявы ў гразі, чорныя доўгія валасы звісалі неахайнымі пасмамі… Мала падобнае да прафесарскага аблічча.

— Варфаламей! Што ты тут робіш? А дзе… ўсе? — разгублена папытаўся Разанцаў, даючы свайму войску знак затрымацца.

Лёднік не зварухнуўся.

— Я выконваю свой доўг, Міхайла. Дысцыпліну падтрымліваю. Сабраліся тут студыёзусы ў карты гуляць, давялося паганяць іх.

— У карты? — у голасе Разанцава з’явіліся саркастычныя ноткі. — Ці ў іншыя, небяспечныя гульні? Дзе змоўшчыкі?

— Ваша мосць граф, яны праз тыя маленькія дзверы выбеглі! Чуеце, там тупочуць! — закрычаў нехта з жаўнераў, але калі Разанцаў ступіў крок наперад, Бутрым падняў галаву і цвёрда прамовіў:

— Прабач, сябар, але я не магу даць вам туды прайсці.

— А ты навошта ў гэта ўлез, Варфаламей? — з горыччу спытаў Разанцаў. — Нашто табе змовы магнатаў, езуітаў, каталікоў? Ты ж праваслаўны, вучоны! Жарты скончыліся… Адыдзі!

Вучоныя мужы паглядалі з партрэтаў так абыякава, быццам у іхнім жыцці ніколі не было ні болю, ні нянавісці, ні здрады… Ні пакутлівага выбару: адысціся ўбок і атрымаць спакойнае і шчаслівае жыццё, ці рызыкаваць за такое плыткае паняцце, як гонар, каб не мець нават удзячнасці. Лёднік устаў і скіраваў шаблю насустрач былому аднакурсніку.

— Прабач, не магу…

— Хопіць! — угневаўся пан Міхайла. — Хочаш, каб цябе зараз на кавалачкі пасеклі? За бунтаўнікоў, разбойнікаў, якія цябе ж за чалавека не лічаць?

— Гэта ўсяго толькі юнакі, — цвёрда сказаў Лёднік. — Таленавітыя, шчырыя, палкія, соль, рошчына любой нацыі… Я не магу дазволіць іх знішчыць. І я не хачу забіваць ні цябе, ні тваіх жаўнераў. Давай скончым ладам — не было тут ніякай змовы, я разагнаў гульцоў у карты…

Жаўнеры за дзвярыма раздражнёна гулі, не разумеючы прычыны затрымкі.

— Вашамосць, хопіць балбатаць з гэтым бунтаўніком! Уцякуць заразы! — бялявы афіцэр каралеўскай гвардыі ірвануўся наперад, але зараз жа быў спынены

шабляй Лёдніка, якая зрэзала ягоны вус.

— Што ты творыш! — угневаны Разанцаў выхапіў шаблю, але яна адляцела да сцяны, заваліўшыся са звонам пад лаву. Граф, чырвоны ад злосці, адступіўся:

— Ну, ты сам захацеў… Дагнаць змоўшчыкаў! У доктара не страляць, узяць жывым! Ён важны сведка!

І пачаўся балаган… Таму што толькі ў балагане часам можна пабачыць такія штукарствы. Доктар умела карыстаўся тым, што праход між лаўкамі вузкі, лаўкі цяжкія, доўгія, з высокімі разнымі спінкамі — з месца не зрушыш, а жаўнеры не маглі так спрытна скакаць па тых лавах, як прафесар. А галоўнае, дзверы залы абмяжоўвалі магчымасці нападнікаў, больш чым некалькім чалавекам прафесар зайсці не даваў, і тых жа змушаў вяртацца. Пракляты доктар, мроілася, быў паўсюль, арудуючы адразу двума шаблямі, адной — сваёй, і другой — здабытай у ворага. Лязо ягонай зброі здавалася размытым, як крылцы страказы ў палёце. Нехта з тых, што стаялі ў калідоры і назіралі за бойкай праз выламаныя дзверы, са злосці прыцэліўся ў фехтавальшчыка, але граф Разанцаў выбіў пісталет.

— Я ж сказаў — браць жывым!

Доктар скакаў па спінках лаваў і абрушваўся зверху, як віхор, а неяк — у гэта было немагчыма паверыць — калі яго амаль абкружылі, заціснулі ў кут — скочыў проста на сцяну, адштурхнуўся ад яе і апынуўся за спінамі ворагаў.

— Гэта д’ябал! — заверашчалі людзі.

Але доктар быў усяго толькі чалавек. Пот сцякаў па ягоным твары, дыханне рабілася хрыплым, на плячы і баку крывавілі драпіны…

— Варфаламей, спыніся! — крычаў Разанцаў. — Цябе зараз заб’юць!

Але Бутрым толькі страсянуў валасамі і, сцяўшы зубы, крутануўся, дзве шаблі са свістам акрэслілі вакол яго смяротнае кола, у якое нікому не хацелася патрапіць — хаця ніхто пакуль не загінуў і не быў сур’ёзна паранены. Ды ясна было, што сілы адзінага абаронцы на сыходзе, і каб не забарона яго забіваць, канаў бы ён ужо, прастрэлены-пасечаны.

Дзесьці далёка за вакном пачуўся стрэл з пісталету і адразу ж — другі… Лёднік прыслухаўся, твар ягоны прасвятлеў — ясна, чаканы знак. Тыя некалькі хвіляў, якія ён выйграў, сталі ратункам многіх. Але цуды скончыліся, зняможанага фехтавальшчыка нарэшце адцяснілі, у залу ўварваліся жаўнеры. Абедзьве шаблі Лёдніка ўпалі на каменную падлогу. Ён, хістаючыся, выпрастаўся, скрыжаваў рукі на грудзях. Аблічча было спакойным, як у чалавека, які нарэшце зрабіў складаную, непрыемную, але неабходную справу.

Нейкае імгненне да яго яшчэ баяліся падысці… Але гэтая бойка для прафесара была скончаная.

Чакала новая, куды больш цяжкая.

Усе вязьніцы, напэўна, падобныя адна да адной… Не столькі выглядам, як назапашанымі там пачуццямі — болем, страхам, адчаем, якія, каб можна было іх пабачыць, сівой вільготнай плесняй пакрываюць сцены, столь, запаўзаюць у кожны куток і шчыліну… Падобныя і ролі, якія там раздаюцца — кат, ахвяра… І той, хто задае пытанні, не пэцкаючы сам рукі ў крывавай працы.

— Ты мусіш назваць прозвішчы ўсіх студэнтаў, якія збеглі, — халодна прамовіў Разанцаў, але вочы яго былі апушчаныя, як ад гневу, быццам і бачыць не хацеў таго, да каго звяртаўся. Прафесар пакуль што спакойна сядзеў на зэдліку, паклаўшы рукі на калені, бы знаходзіўся не ў каменным мяшку, дзе са столі звісалі ланцугі, грувасціліся драўляныя прылады, аб прызначэнні якіх страшна было нават здагадвацца, і паўсюль ляжалі інструменты, вынайдзеныя чалавекам, каб рабіць балюча другому чалавеку. Пісар з пляскатым, як у рапухі, тварам, што сядзеў за столікам ля вакна, натапырыў вушы і падрыхтаваўся запісваць паказанні.

Поделиться с друзьями: