Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:
— Ваша імператарская мосць, — ступіў наперад Рапнін. — Мы адчынім вось гэтыя бакавыя дзверы, і няхай з галерэі паўз доктара паспрабуюць прабіцца жаўнеры ў дзверы насупраць.
— А людзей я падбяру сам! — заявіў Грыгорый Арлоў. — Каб пану ліцвіну яшчэ лепей спіну начысцілі!
Дэкарацыі хуценька арганізавалі. Від на імправізаваную сцэну для ўсіх адкрываўся выдатны, хаця Лёднік папрасіў усіх пасунуцца падалей, каб не здарылася няшчаснага выпадку, калі вылеціць выбітая з рукі шабля.
«Ага, зараз шаблі ў яго дажджом паляцяць», — бурчэў Арлоў. Дамы ў прадчуванні відовішча хутчэй замахалі веерамі, ажно свечкі замігцелі, і жыва абмяркоўвалі дэманічнае аблічча ліцвіна, які, кажуць, з’яўляецца
— Ён справіцца? — прашаптала Пранцішу Міхалішыўна, яе абцягнутая белай шаўковай пальчаткай тонкая рука, якая трымала веер з пухнатых страўсавых пер’еў, пазалочаных па краях, бы аблачынкі сонцам, трохі дрыжэла.
— Справіцца, калі не надта пагана пачуваецца… — шапнуў у адказ устрывожаны Пранціш. Бо што далей — не ведалі нават егіпецкія багі, таму што далей мог быць і змрочны Шлісельбург, і зноў катоўня, і Сібір…
Лёднік рыхтаваўся да вызначальнай бойкі спакойна, як да трэніроўкі з вучнем, але грунтоўна. Зняў камзол, застаўшыся ў белай кашулі і пералівіста-срэбнай камізэльцы, сцягнуў парык, і цёмныя валасы, перавязаныя стужкай, упалі на спіну. Выбраў з прапанаваных дзве шаблі, адыйшоўся, крутануў зброю ў апушчаных руках, рухам адных кісцей — шаблі са свістам выпісалі ў паветры кругі, і той-сёй задумаўся наконт правільнасці ставак. Спыніўся насупраць бакавых дзвярэй, у расслабленай паставе, апусціўшы шаблі. Худы дзюбаносы твар выказваў трохі грэблівы сум…
— Можаце пачынаць.
Дзесьці непадалёк рака моўчкі несла свае цёмныя думкі пад ільдом. Сумленныя мяшчукі пазяхалі, углядаючыся праз маленькія вакенцы туды, дзе над царскім палацам згасалі рознакаляровыя ўспышкі, санліва хрысціліся і клаліся спаць, настолькі далёкія ад панскіх крывавых гульняў, што не прыходзіла ў галаву зайздросціць тым, хто зараз у асветленых тысячамі свечак залах атрымлівае асалоду ад сузірання розных цудаў. Цуд для добрага хрысціяніна — справа небяспечная, бо можа ўвесці ў спакусу.
А ў палацы імператрыца кіўнула, і відовішча пачалося.
Гвардзейцы былі ўсе, як адзін, не ніжэй за Лёдніка, а многія больш плячыстыя, і стараліся, як маглі. Тым болей задача выглядала смешнай: прыбраць з дарогі ўсяго аднаго чалавека. Але той чалавек больш нагадваў пруткую змяю, а ягоныя рухі — злавесна-прыгожы танец, за якім немагчыма было ўсачыць. Вырвіч неаднойчы падобныя выступленні доктара назіраў, у ангельскім байцоўскім клубе той біўся за грошы, якія ім тэрмінова былі патрэбныя, і ўсіх мясцовых чэмпіёнаў перамог. Можа, цяпер, пасля гасцявання ў катаў, Лёдніку было і цяжэй, чым калісьці, але гэтага ніхто не заўважыў. Ён круціўся ваўчком, зразаў вусы і гузікі, выбітыя шаблі са звонам бразгаліся на паркет, а абяззброеныя жаўнеры з выццём хапаліся здаровымі рукамі за выкручаныя.
Людзі ажно крычалі ад азарту, падбадзёрвалі і лаялі вояў, верашчалі ад страху, калі ў іх бок адлятала шабля ці адступалі тыя, хто біўся… А вось і балаганныя трукі ў ход пайшлі, хаця Пранціш і так быў упэўнены, што калі Лёднік хоць трохі ачуняў, не папусціцца прадэманстраваць незвычайныя ўменні: скачок на мармуровую калону, неверагодны пераварот — і шабля бліскае ўжо за спінамі разгубленых ворагаў.
Шаблі ліцвіна са свістам разразалі паветра, а маглі жывую плоць. А кідацца на лязо, каб гераічна стрымаць коштам жыцця ворага, ніхто не збіраўся, таму ўрэшце пад націскам палачаніна ўсе гвардзейцы аказаліся за дзвярыма. На тым бойка па дамоўленасці і была скончаная. На паркеце валяліся шаблі, гузікі, зрэзаныя манжэты і напудраныя пасмы, была і кроў — хтось атрымаў свае баявыя драпіны. Лёднік з той
жа нудна-фанабэрыстай фізіяноміяй паклаў шаблі на падлогу перад імператрыцай, пакланіўся і выпрастаўся, як і не вытанцоўваў толькі што тут імклівы танец смерці. Імператрыца папляскала ў ладкі, і зала выбухнула воплескамі і выкрыкамі захаплення. Пранціш перавёў дух і адчуў, што Міхалішыўна лёгка паціснула яго руку.Але наперад лянівай хадой моцнага драпежніка выходзіў Грыгорый Арлоў.
— Паскакаць перад жаўнерамі — справа няхітрая. А вось са мной разбярыся, цвыркунок!
— Грыша! — угневана сказала імператрыца ў спіну фаварыту. — Суніміся.
— Матухна, дазволь, я пакажу яму, што такое бойка! — прамовіў Арлоў і пагрозна насунуўся на Лёдніка, які нават не зварухнуўся. — Бяры шаблю, палячышка!
Арлоў выхапіў зброю, лязо небяспечна дрыжэла ля горла ворага, прагнучы напіцца крыві. Лёднік застыў на месцы:
— Я не паляк, а ліцвін, ваша мосць, — упарта паўтарыў ён. — І тут павінны выконвацца толькі загады яе вялікасці.
Фаварыт павярнуўся да царыцы:
— Хрыстом-Богам малю, матухна, дай з ім пабіцца! Слова даю, забіваць не стану, але не вытрымаю, калі фанабэрыю з яго не саб’ю!
Царыца зрабіла выгляд, што ўгневаная, хаця Вырвіч здагадваўся, што ёй самой хочацца працягу відовішча.
— Толькі, калі што, вінаватых не шукай, Грыша! — сурова папярэдзіла яна.
Па фізіяноміях Разанцава і Рапніна Вырвіч зразумеў, што лепей бы Лёдніку не біцца з фаварытам. Прыніжэння на вачах імператрыцы той ніколі не даруе, а калі, не дай Бог, Баўтрамей суперніка параніць — тут ужо царыца раз’юшыцца.
І Пранціш ведаў, што выйсця няма, бо Лёднік сваім гонарам таксама ніколі не паступіцца, хоць з гарматы па ім страляй, і не падумае паддацца ці паддобрыцца. Вось, гуляе з супернікам, як з мышкай… Вельмі вялікай, прызнаемся, і дужа злоснай мышкай… Мядзведзем, сказаць праўдзіва. Хаця б для прыліку даў усемагутнаму пану пакрасавацца! Не, з той жа зануднай фізіяноміяй змусіў выпусціць шаблю, арудуючы сваёй так імкліва, што вока не паспявала сачыць. І другі раз. І трэці. А на чацвёрты Арлоў ужо не стаў падымаць здрадлівую зброю, а кінуўся на суперніка з кулакамі. Кулакі пудовыя, морда перакрыўленая, вочы белыя ад шаленства… Усё, гамон…
Толькі выкрыкі імператрыцы, на гэты раз з непадробным гневам, змусілі фаварыта спыніцца.
— Ды я яго на пыл… — сычэў Арлоў.
— Можа, і на пыл, дружа мой, але зараз астынь, з’ездзі ў Царскае Сяло, праветрыся, прывязі мне новыя клавікорды, што на днях з Нямечыны прыслалі.
У голасе імператрыцы цяпер гучала сталь, гэта быў голас улады, якой немагчыма аслухацца, бо значыць кінуць выклік яе моцы… Тут ніякая сардэчная схільнасць не ўратуе. Арлоў пакланіўся і толькі ўдакладніў праз зубы:
— Клавікорды? З Царскага? Цяпер?
— Менавіта цяпер, — імператрыца глядзела светлымі невыразнымі вачыма. — Думаю, як раз раніцай вернешся. А доктар Лёднік пакуль пабудзе маім госцем.
Фаварыт яшчэ раз пакланіўся, развярнуўся і сышоў размашыстымі крокамі, але позірк, які ён кінуў на доктара, быў як смяротны прысуд.
У залу зноў вярнулася весялосць. Але наступная частка вечарыны была ўжо не для ўсіх. На сёння карнавал заканчваўся. Царыца загадала накрыць стол у малой зялёнай зале, але патрапіць за яго маглі толькі выбраныя. Стамлёныя і поўныя ўражанняў госці паціху раскланьваліся, разыходзіліся, каб разнесці плёткі па ўсёй сталіцы, як мухі разносяць на лапках прыліплы бруд… Злосны і расчараваны Батыста, атрымаўшы ад імператрыцы халодную ўсмешку, сыйшоў адным з першых. Пранціш, які мусіў сысці следам, паспеў толькі пабачыць, як у куце залы, ля трону, Разанцаў і Рапнін размаўляюць з Лёднікам, які паспеў апрануць камзол і парык, і відавочна нікуды не спяшаюцца.