Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Шрифт:
З неба зноў ліўся паскудны дождж, які барабаніў аб скураны навес павозкі. Лёднік і Пфальцман пачалі ўспамінаць падзеі прускай вайны, падчас якой абодвум давялося зашыць нямала ран і адрэзаць горы раструшчаных канечнасцяў. Фрау Эльза час ад часу спрабавала спыніць крывавую гаворку, але мужчыны рассмакаваліся, і Вырвіч задрамаў пад натхнёны расповед пра цікавыя прэцэдэнты кшталту даставання кулі з сёмага пазванка.
Пад вечар давялося зноў выцягваць павозку з калюжыны. Пасля фрау Эльза вылучыла ўсім па кавалку белага хлеба, лусце вяндліны і цыбуліне, а Пранцішу дык нават дастаўся кавалачак саксонскага перніка на мёдзе, які фрау
Затое выпала магчымасць трохі пахадзіць па лесе, размяцца. Пранціш адыйшоўся да маладых хвоек і выхапіў шаблю: нельга закідваць высакароднае мастацтва фехтавання! Выпад, выпад, узмах, адбіць, прапароць… Вырвіч забыўся на ўсё на свеце, уяўляючы на месцы хвоек, з якіх так і абляталі ссечаныя галінкі, бяссілых супраць спрыту і сілы вырвічаўскай варожых рыцараў. Раптам пры выпадзе з разваротам шабля Пранціша стукнулася аб метал… Лёднік улез са сваёй шабляй! Паківаў галавой расчаравана, адступіў на крок, адсалютваў зброяй, як робіцца перад кожным паядынкам, і па-настаўніцку скамандваў:
— У пазіцыю!
Гэты дактарок што, вырашыў выпрабаваць баявое ўменне шляхціца? Ну, зараз атрымаеш!
Пранцысь кінуўся на Лёдніка, спадзеючыся збіць з таго фанабэрыю… Але неяк хутка аказаўся без шаблі. Выбітая з рукі нейкім невядомым чынам, яна ўторкнулася ў вільготную глебу побач з норкай лясной мышы.
Лёднік занудным голасам тлумачыў Пранцысю ягоныя памылкі, і наконт паставы, і наконт увагі, і як правільна адбіваць удар… Вырвіч ужо нічога не чуў, толькі шум уласнай крыві… Схапіў шаблю — і на доктара…
Ды што ж гэта такое!
Задыханы Вырвіч, з потнымі кудзерамі, прыліплымі да ілба, хрыпла дыхаў і глядзеў на сваю шаблю, якая зноў ляжала на зямлі. Лёднік схаваў зброю ў похвы, падыйшоў да юнака і ўзяў за плечы:
— Паглядзі на мяне! Чуеш? Удыхні і затрымай дыханне! Так! Цяпер выдыхні… Яшчэ раз… Пастарайся супакоіцца. Cave canem, бойся сабакі, як казалі рымляне, і асабліва ўласнага гневу.
Пранціш з прыкрасцю страсянуў з сябе рукі слугі. Хацелася плакаць, але слёзы былі б ганьбай. Яшчэ хацелася адлупцаваць паскуднага доктара, так, каб у нагах валяўся, падла. А той стаў перад панам, скрыжаваўшы рукі на грудзях, сур’ёзны, як прафесар на іспыце.
— Я бачу ў табе два розныя тэмпераменты, якія, відаць, дасталіся ў спадчыну па родавых лініях і ўступаюць у канфлікт. З аднаго боку — ты жыццярадасны, здольны да спачування, празрысты і хуткі, як вада ў ручаі. З другога — у тваёй крыві занадта шмат агню, калі ты ўсхваляваны, абражаны, агонь успыхвае, кроў бяжыць хутчэй, і ты губляеш над сабой уладу і робішся жорсткім. Гэтая якасць узмоцніцца, калі пачнеш ужываць алкаголь. Кепска, што ў моманты перавагі другога, халерычнага, тэмпераменту ты нічога не чуеш, не ўспрымаеш… Калі размахваў шабляй, я да цябе лёгка падыйшоў са спіны. Ты мусіш вучыцца ўладаць сабою!
— А ты мяне і навучыш, значыць? — раздражнёна прамовіў Пранцысь. — А я, між іншым, не дазваляў табе скрыжоўваць са мной зброю! Гэта ты што, адпомсціць захацеў за мінулае, калі я шаблю табе да горла прыставіў?
Лёднік разгубіўся, нават пачырванеў.
— Як табе ў галаву такое прыйшло? — злосна прамовіў
ён. — Я сам усё жыццё кіраваўся тым, што калі ёсць чаму і ў каго навучыцца, трэба не ўпускаць такой магчымасці! І калі можаш падзяліцца ведамі, трэба гэта рабіць. Але, відаць, некаторыя высакародныя асобы маюць устойлівую агіду да навукі…Лёднік пакрыўджана адвярнуўся. Пранцысь некалькі разоў паводле парады доктара глыбока ўздыхнуў. Два тэмпераменты… Агонь і вада… Што ж, лепей, чым чорная жоўць альбо флегма.
— А дзе ты так фехтаваць навучыўся?
— У Лейпцыгу, — неахвотна адказаў доктар. — Ва ўніверсітэце кожны бурш павінен удзельнічаць у студэнцкіх двубоях — на шаблях, з морам крыві… Спецыяльна ставяць навічка супраць самых моцных — каб выпрабаваць, ці зможа стрываць раны, ці не схібіць. Хочаш выжыць — вучыся біцца і цярпець. А я ў кожнай навуцы прагнуў дайсці да вяршынь. А потым… усялякія школы былі. На вайне і доктар павінен умець абараніцца.
Пранціш памаўчаў, яшчэ раз уздыхнуў:
— Гэй, доктар, пакажы той прыёмчык… Калі ты апошні раз у мяне шаблю выбіў.
Лёднік, вытрымаўшы імгненні гонару, моўчкі павярнуўся. Выпрабавальна паглядзеў на гаспадара, маланкава выхапіў шаблю:
— У пазіцыю!
Цяпер Пранціш быў упэўнены, што кожную вольную хвілю знаходжання побач з доктарам той будзе выкарыстоўваць, каб напружваць альбо мазгі маладога гаспадара, альбо ягонае фізічнае цела…
Адзіная выратавальная думка — затое гэты настаўнік пры ўсёй сваёй суровасці ні дысцыплінай не адхвастае, ні ў карцэр не пасадзіць. А вось Пранцысь яго можа адлупцаваць! І той нічога не зробіць і не ўцячэ, мураш бяскрылы.
Шлях цягнуўся страшэнна марудна — пешкі, магчыма, дайшлі б хутчэй. Затое хапала часу на разважанні. Дапамагаць Пфальцманам — гэта вельмі добры, і, магчыма, адзіны шанец патрапіць у Слуцкі замак. Але ж трэба і знайсці Аляксандра Сапегу! А той, як сцвярджалі чуткі, спыніўся са сваім войскам на падыходзе да горада, у будынку кавалергардыі. У горад яго не пускаюць, але й прагнаць не могуць: узброенае перамір’е, ён з Радзівілам усё роўна як два шчупакі застылі над маленькай паўжывой рыбкай, ведаючы, што калі пачнуць біцца за здабычу, адзін аднаго зжаруць, ускаламуцяць усё возера, а рыбка, глядзіш, і выслізне.
Пранціш сядзеў побач са сваім слугою на козлах брычкі, весела пабоўтваючы нагамі ў нямецкіх чаравіках і недарэчных белых панчохах, якія зрабіліся плямістымі, як лемпард. Пфальцманы драмалі ззаду на сенніку, воз з жалезнай чарапахай цягнуўся за брычкай, як грахі за грэшнікам. Лёднік упэўнена кіраваў коньмі і вучыў Пранцыся вымаўляць без акцэнту нямецкія фразы.
Апошнія елачкі расчыніліся ў прыцемку, замільгалі хаты… Наперадзе гарэлі цьмяныя агні ў вокнах камяніцаў…
— Стой! Хто такія?
Дарогу перагарадзілі людзі ў амарантавых жупанах каралеўскіх войскаў, асвятляючы падарожных паходнямі. Пранцысь насунуў капялюш як мага ніжэй, зрабілася млосна, як перад іспытамі. Няўжо зноў? Лёднік таксама апусціў галаву.
Якуб Пфальцман вылез наперад.
— Я доктар Якуб Пфальцман з Лейпцыгу! Вязу дэкарацыі і піратэхнічныя прылады да тэатру найяснейшага князя Гераніма Радзівіла!
— А, Гераніма Радзівіла? А ці не ёсць гэтыя дэкарацыі толькі, так бы мовіць, дэкарацыямі? — з’едліва адгукнуўся высокі ўлан. — Можа, вы дапамагаеце пану Радзівілу рыхтаваць паўстанне супраць нашага законнага караля? Пакажыце, што везяце!