Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Шрифт:
— Па якім праве? — абурыўся гер Пфальцман, які звык, што імя Радзівілаў выклікае ў сустрэчных звычайна багавейлівы жах.
— Па загадзе генерал-маёра Аляксандра Сапегі! — адказаў улан, і Пранціш ускінуўся: вось дык шанец!
— А дзе зараз найяснейшы пан Сапега?
— А табе што за справа, немчык? — пагардліва кінуў улан, і нават палаш з похваў трохі высунуў, каб пастрашыць падшыванца. Пранцысь жа забыўся, у якім ён зараз абліччы. Але пазбаўляцца шанцу сустрэцца з Сапегам было немагчыма. Вырвіч саскочыў з брычкі, наблізіўся да ўлана і пачаў тлумачыць пра таемнае і тэрміновае пасланне.
— Нядаўна да пана Сапегі прыехаў малады казак [10] ,
Пранціш паклаў руку на сваю зброю:
— Слова шляхціца! Калі неадкладна праводзіце да пана Сапегі мяне і майго доктара, генерал толькі рады будзе.
А за ягонай спінай ужо дыхаў Лёднік, гатовы абараняць маладога гаспадара. Пфальцман выціраў насоўкай спацелы лоб, уцяміўшы, што патрапіў у рукі ворагаў свайго кліента, не менш магутных, чым той, а побач грувасцілася захінутая палотнамі жалезная чарапаха.
10
Казакі— не толькі сацыяльная супольнасць, але таксама і від лёгкай кавалерыі.
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
КАШЧЭІ СЛУЦКАГА ЗАМКУ
Для людзей занадта мітуслівых, якія хапаюцца, як немаўля за бразготкі, адразу за некалькі справаў, мысляры мінулага раілі разводзіць у доме траву ядранец, альбо каменяломку, якая прыводзіць вадкасці цела да гармоніі і супакойвае. Вакол князя Аляксандра Сапегі ядранцу з ягонымі пяшчотнымі белымі ды юлёвымі кветкамі належала прарасці праз усе сцены. Можа, тады гэты недарослы, шчуплы чалавечак з вялікім носам і блізка пасаджанымі вачыма, у недарэчна вялікім парыку і парчовым жустакоры з сумётамі брабанцкіх карункаў прысеў бы хоць на хвілю ды спыніўся б на адным са шматлікіх сваіх планаў. На партрэтах Сапега выглядаў як малады антычны бог з паблажлівым паглядам. Але цяпер Пранціш нават не раўнаваў чароўную Паланэйку, ад якой перадаў князю ліст з дасканала адноўленай пячаткай. Вядома, калі трэба да алтара ісці, нават самы плюгавы магнат падаецца практычным дамам прыгажэй за самага гожага ды дужага шляхціца-шарачка, але ж тым плюгаўцам пасля і рогі ахвотна настаўляюць з гожымі і дужымі. А ўспомніць яшчэ пра ваевадзянку Сапегу, якая ўлагоджвала сына каралеўскага амарата…
Сапега раздражнёна кінуў ліст ад Багінскіх на столік са срэбным прыборам для кавы.
— Лёгка сказаць — «з дапамогай Дзевы»! А як да той дзевы дабрацца, я што, штурмаваць павінен Слуцкі замак? Досыць, бацька наваяваўся, ледзь палову маетнасці не страцілі! — крычаў Сапега, намякаючы на нядаўнюю ўнутраную вайну, калі магнаты аб’ядналіся супраць роду Сапегаў, які надта набіраў магутнасці. — А гэты лысы паскуднік Радзівіл чхаў нават на Трыбунал!
На шпалерах з залатымі кветкамі слізгалі дзівосныя цені, спароджаныя прабяганнем князя перад кандэлябрамі. Лёднік пачціва кашлянуў, каб прывабіць увагу гаспадара.
— Магу я мовіць слова да яснавяльможнага пана? Магчыма, варта змяніць тактыку, per fas ac nefas? Можна паспрабаваць пранікнуць у замак таемна, у чужым абліччы.
Сапега злосна зірнуў на Лёдніка. Доктар выглядаў, як мае быць: акуратны белы парык, таксама выкуплены ў Пфальцмана, нямецкая вопратка, капялюш, перавязаны чыстай шаўковай белай стужкай, шабля… Нават твар згодна свецкім звычаям доктар напудрыў і румянак наклаў, ад чаго выгляд у яго быў фанабэрысты да немагчымага. Ведаў бы князь, што гэты важны муж вучоны ўсяго толькі пажыццёвы і бяспраўны слуга маладога шляхціца Вырвіча, на якога Сапега не звяртаў аніякае ўвагі… Ад гэтай думкі Пранціш
вышэй задзёр падбароддзе і пашкадаваў, што ў яго яшчэ не растуць вусы.Сапега спыніў позірк шэрых вачэй на доктары.
— Вы што, гер Лотман, думаеце, у мяне ў слуцкім замку шпегаў няма? Ды тут уся зямля нашпігаваная шпегамі, як шынка — часныком. Шпегі тут, шпегі там, двайныя, трайныя… І ўрэшце ўсё ўпіраецца ў тое, хто каго першы прадасць і купіць. Мне данеслі, панна Саламея Рэніч, якую, як вы сцвярджаеце, добра ведаеце, жывая. Але дзе князь яе трымае — ніхто не здагадваецца.
Лёднік не стрымаў уздыху палёгкі, а Сапега толькі махнуў рукой.
— Але ці можна гэтаму верыць? І ў любым выпадку яе сцерагуць так, што падабрацца немагчыма.
Лёднік сціснуў вусны.
— Але я змагу! Радзівіл мне паверыць. Я цяпер — немец, што прыехаў разам з панам Пфальцманам дэманстраваць новую магутную зброю, я — вядомы доктар, што пацвердзіць той жа Пфальцман… Мае паслугі могуць спатрэбіцца ўсім, нават князю Гераніму.
Сапега адбегся ў другі кут пакоя і пачаў калмаціць свой парык, раздумваючы. Вырвіч скарыстаўся момантам, каб высветліць адносіны са слугою.
— Што значыць — «я змагу»? А я?
— Твая місія закончана! — Лёднік быў суровы, як вецер у лютым. — Ліст перадаў, дукаты атрымаў… Усё! Гэта мая асабістая справа! Няма ніякай патрэбы рызыкаваць жыццём высакароднага шляхціца дзеля беднай мяшчанкі…
— А я не дазваляю табе выпраўляцца без мяне! — выразна шапнуў Пранціш, дастаўшы на хвілю з кішэні складзеную паперу аб куплі алхіміка.
— Дурное хлапчо! — прасычэў Лёднік, ягоны худы твар ажно плямамі пайшоў.—Застанешся тут!
— А не табе загадваць! Вось я — захачу і зусім нікуды цябе не адпушчу! — з задавальненнем прасычэў у адказ Пранціш, які нізавошта не хацеў упускаць магчымасці паўдзельнічаць у небяспечнай і цікавай прыгодзе. — Табе ж нельга совацца ў замак, бо можа нехта пазнаць нават у нямецкім строі.
— Маё жыццё нічога не каштуе! — доктар ледзь жоўцю са злосці не пляваўся.
— Ну як жа, каштуе! — шматзначна прамовіў Пранціш, намякаючы на свой шэлег. Алхімік нарэшце заторкнуўся, злосна пазіраючы на шкаляра. Сапега вярнуўся да стала, не зважыўшы на раз’ятранае перашэптванне гасцей.
— Можа быць, і варта ўзяцца за чапялу, калі меч зламаны… Але тады я павінен адпусціць да Радзівіла машыну, якую вы называеце смяротнай зброяй! А ён немаведама што з ёю наробіць! — Сапега адсёрбнуў са срэбнага кубка кавы. Тая, відаць, зусім астыла, таму што ён скрывіўся і выплюнуў яе назад, але слугу клікаць не стаў, не жадаючы, відаць, лішніх вушэй.
— Ваша княская міласць, наколькі я змог разгледзець, гэтая машына занадта марудная і неразваротлівая, — напружаным голасам загаварыў Лёднік. — Эфектнасці ў ёй больш, чым рэальнай карысці. Новы вадзяны рухавік — рэч ненадзейная, такія цягам эксперыментаў часта ўзрываліся. Хуткасць такой машыны будзе не хутчэй за тры вярсты ў гадзіну, чалавека не абгоніць. Да таго ж на сваім паліве праедзе не больш паўвярсты. Яна будзе палохаць, але не забіваць арміі.
— Што ж… — Сапега зноў забегаў туды-сюды, кратаючы рукамі то посуд на стале, то кандэлябры, то ўласны нос. — На такую рызыку можна было б пайсці, калі б я быў упэўнены, што вам удасца прывесці да мяня дачку полацкага кнігара жывой…
— Я вызвалю яе, альбо памру сам! — запэўніў Лёднік такім тонам, што сумніву ўзнікала не больш, чым у намерах кулі, што ляціць да твайго ілба.
— І прывядзеш сюды!
— Але толькі пры адной умове, прабачце маю дзёрзкасць, ваша мосць…
— Якой умове? — нахмурыўся Сапега.
— Калі вы дасцё сваё шляхецкае слова, што ў вашых руках панне Саламеі нічога не пагражае, што яна не стане палонніцай і вы не змусіце яе ні да чаго супраць ейнай волі!
Лёднік пачціва схіліўся, але было зразмела, што не адступіцца.