Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:

— Магчыма, і так… — ціха прамовіла Саламея. — Але ты сам распавядаў мне гісторыю пражскага Галема. І я адчуваю, што найлепей было б табе ўзяць якую сякеру, пасячы гэтую ляльку на друз ды патапіць у Вяллі…

— Нервы ў цябе расхадзіліся, Залфейка! Запару табе нанач ільвінай травы… — Лёднік прыхінуў да сябе жонку, пацалаваў яе ў лоб.

— Усё, рушылі… А ты, кот марцовы, — сурова зірнуў на Пранціша, — пойдзеш з намі. І адгэтуль пераселішся ў наш дом. Цяпер штодзень, як сцямнее — каб быў у пакоі! Ясна?

— Ясна… — прабуркатаў Вырвіч. Пані Саламея нахмурылася.

— А што здарылася? Чаму ты так сурова з хлопчыкам? Пан Вырвіч нешта ўтварыў?

— Пасля раскажу… — незадаволена

адказаў прафесар, зашпільваючы камзол.

А пад вакном раўлі п’яныя галасы, нібыта грэшныя нашчадкі Адама прасіліся да дабравернага Ноя ў каўчэг, які ўздымаецца на хвалях сусветнага патопу ўсё вышэй і вышэй:

— Памёр ягоная мосць князь Радзівіл! Аплачам вялікага гетмана! Гуляйма, пане-браце, у памяць шчодрага князя нашага!

У апусцелым кабінеце глядзела ў цемру шэрымі мёртвымі вачыма васковая лялька ў белым парыку, упрыгожаным перлінамі, і ніхто не бачыў, акрамя металічнага салавейкі, што яе рука з заціснутым у пальцах алоўкам здрыганулася…

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

МАЛЮНАК ПАНДОРЫ

Калі старажытныя грэкі хацелі ўшанаваць памяць памерлага, ставілі над ягонай магілай не звычайны помнік, а так званы курас. Аголеную гліняную фігуру гэткага ідэальнага, абагуленага нябожчыка. З належнымі прапорцыямі, са слепавокім усмешлівым тварам, доўгімі кудзерамі, шырокімі плячыма… І правільна, смерць усіх раўняе, навошта нашчадкам памятаць, што былі нябожчыкі на момант адыходу з гэтага свету лысыя, кульгавыя, гарбатыя, з адвіслымі жыватамі, а сузіраючы гадамі надмагільны курас, нават той, хто калісьці ўкладваў у непрыгожа разяўлены бяззубы рот з ссінелымі вуснамі мядзяны абол — плату Харону, пачынаў верыць, што нябожчык быў менавіта вось такі — упэўнены ў сабе, усмешлівы прыгажун ды асілак…

Дзеля вялікага гетмана і віленскага ваяводы не трэба было ляпіць глінянага ёлупа, каб усе і кожны ўявілі яго сармацкім рыцарам без адзінае заганы. Бо ўслаўленні вартасцяў памерлага набывалі ўсё большую моц, шляхта адзін перад адным спаборнічала ў вынаходніцтве велягурыстых азначэнняў, чаму, ясная справа, спрыяла рака медавухі, якая шчодра лілася за хаўтурнымі сталамі. Сын нябожчыка, ягоная мосць Караль Радзівіл, нават мыкаць ужо не мог, так зацята гора сваё тапіў… Казалі, што нават падпісаў, не чытаючы, падсунутую яму ўвішным сябруком Богушам дарчую на маёнтак Дубінкі, ну і немавем што яшчэ з дабрасардэчным князем, у жаль абрынутым, хціўцы ўсялякія вытваралі…

Праўда, каб і паставілі ў гэтыя дні па антычным звычаі пасярод Вільні па князі Міхале Казіміры Радзівіле гліняны стод, адразу ж на друз яго растаўклі б неасцярожныя ў горы сваім прыхільнікі…

Так што нікога не здзівіла жывапісная група, якая сярод буйназорай вераснёўскай ночы мерала ўсе куты па Вастрабрамскай вуліцы: двое шляхцюкоў, у расхінутых кунтушах і жупанах, са збітымі набакір шапкамі, і куртаты, але таўсманны слуга, які спрабаваў надаць сваім панам больш-менш просты накірунак руху. Праўда, шляхціцы не раўлі і не спявалі. Старэйшы ды вышэйшы толькі лаяўся скрозь зубы, але неяк дзіўна, на нетутэйшых мовах, адразу некалькіх, ды час ад часу скрушна паўтараў па-беларуску:

— Тры лекцыі! Тры лекцыі назаўтра!

Той, што маладзейшы, якога вадзіла ў лукаткі не менш, суцяшаў спадарожніка неслухмяным языком, нібыта ў роце пагаспадарылі пчолы:

— Плюнь ты, Бутрым, на тыя лекцыі! Ты цяпер шляхціц, а не трубка клісцірная!

Старэйшы рэзка спыніўся, ледзь не паваліўшы ўсю кампанію, і грозна зарычэў нізкім голасам:

— Я — сын гарбара! Не збіраюся забываць пра сваё паходжанне! Мой герб — мае веды! Я — доктар! Я вучу і лячу, і ў тым прызначэнне маё! Апостал

Пётр рыбаком быў, і гэтага не саромеўся! А Госпад наш — сын цеслі!

Недзе побач завыў сабака, ягонае жаласнае выццё ахвотна падхапілі хвастатыя адзінапляменнікі ва ўсіх дварах ажно да базыльянскіх муроў.

— Ціха ты, шаленец кручаны! Хочаш, каб за блюзнерства ды абразу рыцарства ў вязьніцу заканапацілі? — злосна тузануў спадарожніка малады шляхціц, чый русявы чуб прыліп да потнага ілба. — Магу зноў цябе ў слугі ўзяць, калі панам быць не хочаш! І ўвогуле… зараз пашлю Хвэльку за пані Саламеяй!

Хвэлька, амаль цвярозы і змэнчаны, другое вынікала з першага, страпянуўся, ягоны круглы кірпаносы твар прасвятлеў надзеяй, як поўня, з якой спаўзла сумная хмарка…

— І праўда, пан Пранціш, давайце я збегаю, паклічу пані, тут ужо недалёка, а вы ягоную мосць пана доктара папільнуеце! Во як яго разабрала — ніколі такім не бачыў… З непрывычкі, відаць. Бо ён жа звычайна і не п’е зусім, адны свае адвары… А гэта шкодна! — голас Хвэлькі зрабіўся павучальным, хаця ягоныя маленькія празрыста-шэрыя вочы ўвесьчасна скошваліся палахліва ў бок гаспадара, які бездапаможна звесіў галаву, так што шапка ледзь не звальвалася. Гэткі непрывычны выгляд доктара надаў слузе адвагі.

— Нельга мужчыне зусім без віна ды гарэліцы… Гарэліца рабакоў забівае, і сала без гарэлкі ў жываце перасядае… — працягваў бубнець Хвэлька. — Вось ранейшы мой гаспадар, пан Адам Малахоўскі, уладуй, Божа, ягоную душаньку ў нябёснае карчомцы, адным духам мог кварту медавухі выпіць — і нічога! Нават яснавяльможага пана нашага караля, Аўгуста Саса, аднойчы перапіў, з двух кубкаў, імя якім было Іван ды Іваніха… — Хвэлька настальгічна ўздыхнуў. — Ах, пане Пранціш, а як жа пышна хавалі гасцей на могілках ля панскае сядзібы! І кожны дзень служылі ў касцёле імшу за памерлых ад панскага пачастунку! Ды за такое пахаванне можна паўжыцця аддаць. А ў вас што… Гі-гі-ена адна, цьху! Пасля добрага шляхецкага застолля госці не павінны на сваіх нагах дамоў ісці! Ганьба гэта! А самае нядобрае — не даваць сумленаму слузе свайму выпіць у гасцях ані глыточка добрага вінца…

— Язык ампутую! — раптам раўнуў Лёднік, падняўшы галаву, і слуга спалохана віскнуў:

— Дык, можа, я за пані Саламеяй?..

Імя Саламеі падзейнічала на доктара, як гарнец расолу. Ён зноў вылаяўся па-замежнаму, на гэты раз на старагрэцкай, злосна зірнуў цёмнымі пакутнымі вачыма на Хвэльку і моўчкі пабрыў далей… Пранціш, узбадзёраны тым, што нарэшце выявіўся ў нечым больш спрактыкаваным, чым Лёднік — праўда, доктара на гетманаўскіх хаўтурах спойвала куды болей шаноўных гасцей, чым пана Вырвіча — памкнуўся падтрымаць прафесара. Але гэткі высакародны намер, на жаль, не меў вынікаў, бо Пранціша пахіснула так, што ён на хвілю пераблытаў, дзе брукаванка, дзе плот, дзе зорнае неба, і толькі нечакана цвёрдая рука былога слугі ўтрымала яго ад абдымкаў з мокрымі камянямі. Лёднік, нават у такім стане, працягваў бараніць колішняга гаспадара. У выніку абодва ўкленчылі на віленскіх каціных ілбах перад шкяным богам, прызнаючы ягоную перамогу.

— Тры лекцыі! У мяне заўтра тры лекцыі! І кан… кан… суль…тацыя п-пячонкі!

— Да кульгавай свінні твае лекцыі, Бутрым! І пячонка таксама…

Дзесьці далёка пачуліся стрэлы і п’яныя выкрыкі.

— Вечная памяць слаўнаму гетману!

Мудрая пані Саламея не сказала ні слова. Перадаверыўшы Пранціша клопатам не дужа задаволенага такім гонарам Хвэлькі, павалакла мужа ў спачывальню. Адвараў дзеля такога выпадку было ўжо наварана два збаны.

Раніца была цяжкой. Прыблізна як гарматнае ядро. Прынамсі, калі б над вухам Пранціша стрэліла гармата, гуду ў вушах не магло быць болей.

Поделиться с друзьями: