Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:

— На, пі…

Нечая рука паднесла да вуснаў студыёзуса жалезны кубак з гарачым вохкім адварам. Пранціш нават вочы як след не разляпіў… Адвар патрапіў у горла, сухое, як пустыня, дзе сорак гадоў блукаў Майсей са сваім народам, і ажывіў гэтую бясплодную пустку… Вочы нарэшце расплюшчыліся… Ну так, перад студыёзусам узвышаўся прафесар Лёднік, суровы, як скала, з якой толькі Майсей і мог выбіць жазлом ваду… Нягледзячы на вогненных конікаў, што скакалі ў вачох, Пранціш хіхікнуў: сітуацыя да болю нагадвала раніцу трохгадовай даўніны, калі Вырвіч зухавата напіўся такайскага віна ў прыдарожнай карчме пад гучным назовам «Рым», і толькі што набыты слуга — гэта самы доктар — падаваў яму падобны адвар з такім самым кіслым выразам твару…

— Лекцыі адмянілі…—прабурчэў

Лёднік, якому, па логіцы, павінна было быць зараз, як снапу на таку пасля добрай апрацоўкі цапамі, і аніяк не да лекцый. — Жалоба па ўсім горадзе.

Пранціш з уздыхам палёгкі паваліўся назад на падушку і зараз жа застагнаў ад галаўнога болю. Памяць вярталася ўрыўкамі, адкручваючыся назад, як ланцуг на калодзежным вораце. Вось яны вяртаюцца дадому, абабіваючы куты ды абціраючы брукаванку, вось у палацы Радзівілаў уздымаецца кубак за кубкам у памяць памерлага вялікага гетмана, нехта гарлае: «Падліце яшчэ шаноўнаму пану Лёдніку!». Вось на чырвоным твары спадчынніка, Караля Станіслава, ашклянела блішчаць вочы, і малады князь у сваім улюбёным белым жупане, успадчыненным ад продкаў і заплямленым намаганнямі тых продкаў ды самога Караля ва ўсе колеры, у чарговы раз валіцца пад стол, яго падхопліваюць шматлікія рукі прыліпалаў, адзін з іх крадма сцягвае з пальца сюзерэна сыкгнет… Вось Пранціш з Лёднікам пад’язджаюць да палацу… Выходзяць з універсітэту… Вось замыкаецца пакой, у якім застаецца лялька з шэрымі вачыма…

— Пандора! — Пранціш забыўся на галаўны боль і ўскінуўся на ложку. — Бутрым, пайшлі ляльку дапраўляць!

Лёднік пацёр лоб, які, відаць, усё ж трашчэў неміласэрна.

— Ad res portandas asini vicitantur ad aulam. (Аслоў клічуць на двор для перавозкі цяжару) Паснедаем, ачомаемся, прыму пісара з хворай пячонкай, тады можна будзе і аўтаматам заняцца.

Пранціш устаў на нядужыя пасля ўчорашняга ногі, нецярпліва ўздыхнуў. Зануда ўсё-ткі гэты доктар.

— Снедаць паны будуць, ці абмяжуюцца расолам? — з лёгкай насмешкай прагучэў голас гаспадыні, якая нячутна зайшла ў пакой, і Пранціш усміхнуўся: калі глядзіш на пані Саламею, якая ветла ўсміхаецца, аўтаматам бяздушным трэба быць, каб не адказаць тым жа. У пані ямінка ўтваралася чамусьці толькі на левай шчацэ… І гаспадар дому, калі не было старонніх, гэтую ямінку зараз жа імкнуўся пацалаваць. Сёння, падобна, яму было не да таго. Дзіва яшчэ, што фанабэрыцца, як звычайна. Лекцыяў непрачытаных шкадуе. Ды страшна ўявіць, як бы ён сёння на тых лекцыях студэнтаў цвічыў!

Пані Саламея апранутая была ў сціплую брунатную сукенку, бліскучыя чорныя валасы схаваныя пад белы каптур, танклявая рука сціскала ружанец. Пранціш ведаў, што больш за ўсё на свеце пані марыць падарыць мужу дзіця, але Бог не дае… І пані бясконца моліцца аб такой літасці. Вось і сёння, відаць, паспела ўжо злётаць у Свята-Духаву царкву.

Дзесьці на ратушы гадзіннік прабіў полудзень. Нічога сабе заспаўся студыёзус! У прафесарскім доме зараз жа азваўся напольны гадзіннік з чорнага дрэва, які стаяў у сталоўні — прыстойны строгі гадзіннік без усялякіх упрыгажэнняў ды забавак, без штучных салавейкаў, нетутэйшых краявідаў у эмаляваным вакенцы, танцуючых фігурак. Гэты гадзіннік, як і гаспадар, быў строгі і ўпарты: дванаццаць гадзінаў полудня — і ўсё, маеце навуковы факт.

Але, як і гаспадар, ён хаваў у сабе шмат таямніцаў — бо час таямніца найвялікшая, ідэя, субстанцыя, пустэча, інтэнцыя, уяўная велічыня, лік руху і рух вечнасці, тое Нешта, якое нельга ўсвядоміць, але страшэнна хочацца закілзаць. Прынамсі, Пранцішу вельмі хацелася трошкі абагнаць яго ды зазірнуць у тую светлую будучыню, дзе ён, з гетманскай булавою ў адной руцэ, другой рукой абдымае чароўную паненку Паланэю Багінскую ў сляпуча-белай сукенцы, расшытай сапраўднымі дыяментамі! І глядзіць Паланея на яго так, як… як пані Саламея на дзюбаносага пахмурага Лёдніка, калі той не бачыць.

Пранцысь не перастаў уяўляць свае будучыя подзвігі, нават калі за стол усеўся, ад салодкіх карцінаў ледзь лыжку ў крупнік не ўпусціў, чаму і злавіў строгі позірк Лёдніка з другога канца стала. Эх, дзе тыя

часы, калі слаўны шляхціц Вырвіч мог свайго бяспраўнага слугу Лёдніка, што аддаў сябе ў пажыццёвае рабства за даўгі, адным поглядам змусіць маўчаць, меў права яго на калені паставіць і нават галаву бязродную за абразу адсячы… Не тое каб Пранціш жадаў для свайго настаўніка рабскае долі, але захаваць трохі ўлады над гэтым Фаўстам не пашкодзіла б.

Вырвіч тужліва ўтаропіўся на карціну ў цяжкой пазалачонай рамцы, якая ўпрыгожвала сталоўню: на ёй шаноўны філосаф Арыстоцель, худы старэча з доўгімі сівымі кудзерамі і барадой, паважна прыклаўшы руку да ілба, займаўся мудраваннем на фоне мармуровых калонаў, абвітых вінаградам і ўюнкамі. Карціну Лёдніку падарыў адзін з пацыентаў, малявальшчык, выпісаны з Італіі дзеля роспісаў у касцёле. Доктар спрытна ўправіў худзенькаму, калматаму, як чорны баранчык, італійцу на месца локцевы сустаў, пашкоджаны падчас падзення з рыштаванняў, заадно падлячыў ягоныя хворыя лёгкія. І вось вам — Арыстоцель… Калі прыгледзецца, дык старажытны грэк меў пэўнае падабенства з прафесарам. Прынамсі, у старасці апошні мог бы выглядаць неяк так… Пранціш ледзь стрымаў смех, уявіўшы Лёдніка з даўжэзнай сівой барадой, у сандалях і белым прасцірадле…

— Рубцы з анісам, як ты любіш, — прамовіла гаспадыня да прафесара, асцярожна ставячы на стол цяжкую місу. Пах быў такі спакусны, што Пранціш, які, сядаючы за стол, быў упэўнены, што пару лыжак крупніка — гэта ўсё, што можа гэтым ранкам прыняць ягоны няшчасны страўнік, мімаволі аблізнуўся.

Але не лёс быў студыёзузу атрымаць насалоду ад смакоцця, падрыхтаванага Саламеяй Лёднік. На вуліцы адчайна забрахаў руды Піфагор, у браму настойліва пастукалі, пачуўся тонкі спалоханы голас Хвелькі…

Госць у дом — Бог у дом, як сцвярджаюць захавальнікі сармацкіх звычаяў… Але ўсе захавальнікі часам памыляюцца. На гэты раз гасцей было двое, але дужа небяспечныя. Абодва апранутыя ў мундзір банды альбанцаў — асаблівага войска, якое Пане Каханку яшчэ юнаком стварыў у сваім маёнтку ля Нясвіжа, урачыста называным Альба. У банду адбіраліся самыя адчайныя, дужыя, і да канца адданыя свайму пану. Канцлерам у іх быў у свой час нядобрай памяці Міхал Валадковіч, расстраляны два гады таму ў Менскай ратушы за асаблівыя буянствы — па ягонае смерці князь гараваў нечувана, казалі, ён нават прывід Валадковіча штоноч бачыць.

На абодвух плячыстых вусатых гасцях былі жупаны з блакітнага атласу, саетавыя кунтушы саламянага колеру, срэбныя паясы, жоўтыя саф’янавыя боты, чырвоныя шаравары ды блакітныя шапкі з аколышам з крымскай мярлушкі. Гузікі блішчэлі дыяментавымі літарамі — ініцыяламі Караля Радзівіла.

— Перапрашаем ягамосця пана гаспадара за раптоўнасць нашага візіту, але няхай ягоная мосць пан Лёднік літасціва даруе забітым горам рыцарам, што страцілі свайго яснавяльможнага правадыра…

Альбанчык з чорнымі акуратнымі вусікамі і пранізлівымі вузкімі зялёнымі вачыма, які прадставіўся як пан Дамінік Богуш, найбліжэйшы сябра шаноўнага пана Караля Радзівіла, гаварыў велягурыстыя жаласныя словы па ўсіх правілах этыкету. Пранціш са здзіўленнем адзначыў, што абодва шляхцюкі былі амаль цвярозымі, іх твары не спухлі ад рыданняў ды перапою. А пільны позірк чарнавусага дык і зусім не падабаўся. Пранціш паціху-паціху пасунуўся да сцяны, дзе ў спецыяльных падстаўках драмалі шаблі, шпагі ды палашы. Лёднік не збіраўся закідваць высакароднае майстэрства фехтавання, і ў доме, хоць і невялікім, акрым кабінета ды лабараторыі, быў вылучаны адмысловы пакой дзеля муштры, і калекцыя зброі папаўнялася рэгулярна.

Між тым пан Богуш адгаварыў, як у скрыпку граў, належную і нават з каптуром порцыю выбачэнняў-зычэнняў і перайшоў да справы. Паводле ягоных словаў, ягамосць Пане Каханку дзеля найлепшага захавання памяці бацькі гатовы за любую суму выкупіць тую васковую ляльку, якую Міхал Казімір Радзівіл на смяротным ложы завяшчаў доктару Лёдніку.

Гучэлі рулады наконт вечнай сыноўняй памяці, але Пранціш, які сам прыродную здольнасць меў зацярушваць вочы і прыгожа сцяліць языком, нават патыліцай адчуваў нейкае шалберства.

Поделиться с друзьями: