Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:
— Калі я атрымаў дыплом у Празе, мы з сябрукамі загарнулі ноччу ўсе статуі на Карлавым мосце ў белыя прасціны, а раніцу я сустрэў на верхняй пляцоўцы званіцы, — меланхалічна сказаў Лёднік устрывожанай жонцы. — Прычым як я патрапіў на тую званіцу — забіце, не ўспомню.
І пайшоў варыць свайму вучню свежае зелле ад наступстваў начнога балявання.
Нараніцу Пранціш сапраўды мала што мог успомніць. Але дыплом — вось ён, з пячаткай! І шапачка доктарская, і мантыя! Цяпер можна заняцца і вайсковай кар’ерай… Хай прафесар выбачае — але медыцына Пранціша не вабіла.
Пасля візіту да палкоўніка коннага рэгімента вялікай булавы пана Мыцельскага, сябра памерлага вялікага гетмана Радзівіла
Пранціш, ганарыста заламаўшы новенькую шапку, зайшоў у дом з зялёнымі аканіцамі ля Вострай брамы. Хвелька, які і не падумаў схуднець за час расстання з доктарам, пакланіўся маладому пану Вырвічу асабліва ўрачыста: зразумеў, што цяпер пан не студэнт, а сапраўдны рыцар! Напрыканцы тыдня будзе гатовы драгунскі мундзір, італьянскі конь колеру спелага каштану чакае ў стайні, іншы рыштунак набудзецца… Вырвічу нават аванс выдалі — з увагі на асаблівыя адносіны да Лёдніка гетмана-нябожчыка, які да смерці сваёй быў шэфам рэгіменту.
А вось доктара, перад якім асабліва хацелася пахваліцца, дома не было. Пані Саламея дарэмна намагалася хаваць трывогу.
— Прыходзіў пан Агалінскі, — расказвала яна. — Вясёлы такі, прыбраны… Пагаварылі з Бутрымам, і паехалі.
— Куды? — разгубіўся Пранціш.
Пані Саламея паціснула плячыма.
— Бутрым сказаў — у госці да пана Агалінскага. Нібыта даўно слова даваў да яго з’ездзіць, вось і настаў час… Жартаваў, усміхаўся… А ў мяне нешта на сэрцы неспакойна. Разумею, што дарэмна турбуюся — паехаў да сябра. Сына свайго, напэўна, пабачыць, пацешыцца… Ну хіба што перап’юцца з панам Гервасіем…
Але голас пані дрыжэў, а пабачыўшы, як бялее твар Пранціша, Саламея дык і зусім голас страціла.
Не можа быць… Вырвіч даўно і думаць кінуў пра страшную прысягу Лёдніка, пра пагрозы пана Гервасія засцябаць таго да смерці за свайго брата і братаву жонку, у гібелі якіх вінаваціў доктара… Пасля перажытага разам! Пасля таго, як доктар столькі разоў таму ж пану Гервасію ратаваў жыццё, столькі разоў выяўляў свае ахвярнасць і высакароднасць — а яе ж у сына гарбара было не пазычаць… Няўжо Амерыканец вырашыў скарыстацца правам на жыццё былога раба?
А Лёднік — вось жа ўпарты! Да згубы ўпарты! Мог і паехаць на смерць…
Пранціш кінуўся ў прафесарскі кабінет, без усялякіх цырымоній параскідваў на стале паперы, павыцягваў шуфляды… У верхняй ляжаў запячатаны канверт, падпісаны пані Саламеі Лёднік і пану Пранцішу Вырвічу. Новаспечаны доктар і падхаружы не вагаўся: разарваны канверт паляцеў на падлогу, а змесціва…
Аркуш выслізнуў з пальцаў і адправіўся на падлогу за разарваным канвертам. Саламея падняла паперу, прабеглася вачыма па роўненькіх радках… Непаслухмянымі вуснамі спытала Вырвіча:
— Што гэта значыць?
Вырвіч схапіўся за галаву. Ён жа даваў слова Лёдніку не расказваць ягонай жонцы пра прысягу!
— Ведаеш, дзе маёнтак Агалінскіх? — раптам уладна крыкнула кабета, схапіўшы Пранціша за каўнер. — Пакажаш дарогу! Едзем!
І зноў яны гналі коней, і зноў цаной было жыццё… Вецер, які яшчэ захоўваў веснавую пранізлівасць, нецярпліва падганяў у спіны, з пад капытоў коней расплюхвалася фантанамі брудная вада, якая яшчэ нядаўна была празрыстым, бы дыяменты, дажджом. Пранціш паглядаў на ваяўнічы профіль жанчыны, якая прыгнулася да шыі каня, нібыта хацела прыспешыць тым ягоны бег, і прыходзіла ў галаву, што не хацеў бы ён апынуцца на месцы
таго, хто пакрыўдзіць ейнага каханага. Ды і пісталеты пані прыхапіла з сабой. А што такога? Жаночыя двубоі — справа звычайная. Нават расійская імператрыца Кацярына яшчэ ў якасці жонкі спадчынніка трону кожны год па некалькі разоў бывала секунданткай у сваіх прыдворных дам. Ёсць кабеты ў Еўропе, якія і мужчын на двубоі выклікаюць. Адна такая, у Францыі, адразу з двума білася на шпагах, аднаго прыкончыла ўколам у горла, другога — у сэрца. Нават кароль умяшаўся і загадаў баявітай паненцы больш двубояў не ўчыняць. Панна Багінская вунь як спрытна ўпраўляецца з кінжальчыкам, хоць і шчуплая… І пані Саламея, падобна, не схібіць.Маёнтак Агалінскіх быў не такі вялікі, як палацы Багінскіх і Радзівілаў, але ўсё-ткі — двухпавярховы мураваны дом з калонамі, каменныя гаспадарчыя пабудовы, прыгожы парк з мармуровымі альтанкамі… Яшчэ было заўважна, хоць гасцей прапусцілі без перашкод, што маёнтак падрыхтаваны да абароны, як сапраўдны замак — нават гарматы стаялі на валах.
— Дзе ягоная мосць пан Гервасій Агалінскі? — крыкнуў Пранціш лёкаю ў белай світцы. Той спалохана пакланіўся:
— Ягоная мосць пан з госцем пайшлі на стайню… Туды вось… За дрэвамі… Але пан Гервасій загадаў іх не турбаваць! І каб ніхто да стайняў не падыходзіў! Ні блізка! Пабачыць, што хтось падглядае — вушы адсячэ!
Апошнія словы лёкай з адчаем крычаў ужо ў спіну гасцям.
Завярнуўшы за кут доўгай каменнай будыніны, у якой размяшчаліся стайні, Пранціш пабачыў дзве постаці… І спыніў Саламею, зашаптаў:
— Пачакай… Тут справа гонару… Калі ўмяшацца — можам зрабіць яшчэ горш. Няхай разбяруцца паміж сабою раз і назаўсёды. З’явіцца паспеем, калі дойдзе да… незваротнага… Але ж не будзе пан Гервасій Бутрыма сапраўды забіваць!
Саламея, якая кусала вусны да крыві ад трывогі, моўчкі кіўнула галавой. Абодва асцярожна падабраліся бліжэй, схаваўшыся за таўшчэзную ліпу. Пранціш трымаў Саламею за плечы — баяўся, што яна ўсё сапсуе, выбяжыць… Бо жанчыну ажно калаціла ад страху за любага.
А той любы ніякага страху не выяўляў. Змрочны, саркастычны… Ну, як заўсёды. Пан Гервасій таксама не ўсміхаўся, стаяў, сунуўшы рукі за літы слуцкі паяс, які падпярэзваў сінюю чугу.
— Ну што, Бутрым, месца табе знаёмае. Наколькі я ведаю, праводзіў ты тут шмат часу… Без карысці, праўда, для тваёй спіны.
— Выбар месца аддаю вашамосці, — холадна прамовіў Лёднік. — Я не пераборлівы.
Пан Агалінскі крыва пасміхнуўся:
— Яшчэ б табе перабіраць… У стайню, на звычную табе лаўку, не пойдзем. Кладзіся, доктар, проста на зямлю… І без усялякіх дыванкоў.
Вырвіч рыпнуў зубамі. Біць шляхціца на голай зямлі — гэта ганьба! На дыване — можна… Каго на дыване не сцябалі? Нават Пана Каханку бацька — вялікі гетман ахаджваў. Але Лёдніку шляхецкія тонкасці, падобна, былі абыякавыя. Зняў камзол, кашулю, няўважна кінуў, скамечыўшы, убок, проста на вільготную ад нядаўніх дажджоў траву, як бы не спадзяваўся больш апранаць. Лёг…
— Так вашай мосці зручна будзе мяне забіваць? — яшчэ і атруты ў голас падпусціў. — Папярэджваю, я жывучы. Папрацаваць пану давядзецца цяжка.
— Нічога, я дужы! — насмешна прамовіў пан Агалінскі. — І спяшацца нам няма куды.
І зняў са сцяны, з аднаго са спецыяльна ўбітых крукоў, нат не бізун — а пугу, з цяжкім плеценым «хвастом»… Ды што гэта, Амерыканец усур’ёз сабраўся доктара прыкончыць? Гэта ўжо не жарцікі!
Пранціш ледзь утрымаў Саламею, якая заціскала рот кулаком.
— Як жа доўга я марыў гэта зрабіць! — весела прарычэў пан Гервасій і з усяе моцы ўдарыў па спіне доктара.
— Гэта табе за пані Галену… Гэта за брата майго… Гэта за тое, што лезеш у ложкі шляхцянак без сораму!