Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:

Саламея плакала ад шчасця і ад жалю, прыкмячаючы ўсе новыя, незаўважныя чужому воку, сляды, якімі пазначыў нялітасцівы лёс яе мужа падчас неверагоднай вандроўкі. Вось паглыбілася зморшчына, з’явіўся сівы волас, дадалася драпіна… Цалавала ягоныя далоні са слядамі ад жалезных дзідаў…

— Паслухай, Саламея, я мушу прызнацца… Падчас падарожжа са мной здарылася… Я не ўтрымаўся… — з цяжкасцю падбіраючы словы, пачаў Лёднік. Пранціш адразу здагадаўся, што рыхтуецца споведзь наконт Пандоры і чараўніцкай спакусы ў Тамашове. Не, гэты доктар усё-ткі дзівак! Але мудрая Саламея прымусіла мужа змоўкнуць, паклаўшы вузкую даланю на ягоныя вусны.

— Усё,

што з табой здарылася дарогай, усе спакусы, усе няшчасці — не маюць значэння, калі ты зноў са мной. Няўжо ты думаеш, што я не падзялю з табою ўсё? Не зразумею, не дарую? Дурненькі! Ды няхай бы ты вярнуўся да мяне ў абліччы крыважэрнага цмока — я пазнала б цябе і прыняла! Чакай, я адчуваю, што тут, на тваёй левай руцэ, у цябе таксама рана… Баліць?

Пранцішу таксама дасталося радасці і ласкавых слоў… А потым пані Саламея зазірнула ў вочы студыёзуса:

— А што здарылася з панам Вырвічам? Ягоная мосць перанёс нейкую сур’ёзную страту?

— Можна сказаць, так, — мякка адказаў замест Пранціша Лёднік. — Першае расчараванне ў першым пачуцці.

Саламея спачувальна дакранулася да пляча студыёзуса, які пастараўся прыняць ганарысты выгляд. Яшчэ чаго — яго будуць шкадаваць за разбітае сэрца! За тое, што выбралі не яго! Але пані Саламея прамовіла толькі:

— Калі прыйдзе сапраўднае, тваё, хлопчык — ты яго не ўпусціш. Нізавошта. Павер, я цябе ведаю, у цябе хопіць сілаў.

І Пранціш Вырвіч знайшоў сілы ўсміхнуцца.

РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ

ШЧАСЦЕ БАЎТРАМЕЯ ЛЁДНІКА

Увогуле куфэркі з залатымі дукатамі не прынята перакульваць, як куфлі з няякасным півам.

Залатыя дукаты прынята пералічваць, любавацца іх уладным спакусным бляскам, перахоўваць, прыкідваць, на што патраціць…

Але доктар Баўтрамей Лёднік куфэрак з прыгожай разьбою, з накладным залатым вензелем з каронай менавіта перакуліў, і дукаты пакрыўджана раскаціліся па стале, са звонам спатыкаючыся аб хімічныя прылады.

— Фаўст, не гарачыся! — пагладзіла мужа па спіне пані Саламея. — Ну шпурнеш ты гэтыя манеты, па тваім выразе, у дыпламатычную пысу князя Рапніна, нажывеш яшчэ аднаго магутнага ворага, а што далей? Лепш аддай гэтыя грошы на царкву!

— Як ты не разумееш! — бушаваў Лёднік. — Ён жа прыслаў мне нібыта плату за тое, што я па ягонай замове абдурыў двух магнатаў, адцягнуў іх увагу ад барацьбы за трон! Каб я ўдзельнічаў у палітычных інтрыгах, ды яшчэ так… Ганьба!

Доктар знервавана захадзіў па кабінеце.

— Баўтрамей, не пераацэньвай сваю значнасць! — сурова сказала Саламея, зморшчынка пазначылася паміж яе чорных выгінастых броваў — праўдзівы мужчына што заўгодна зрабіў бы, абы на гэтым дасканала гожым абліччы не з’яўлялася такіх зморшчынак. Праўда, пасля свайго зняволення ў кляштары, пра якое яна ўспамінаць не любіла, прыступы тугі час ад часу находзілі на жонку доктара. — Няўжо ты думаеш, што так ужо істотна паўплываў на палітычныя падзеі, утварыў, так бы мовіць, гістарычную шкоду? Па-першае, і без цябе б нейкую інтрыгу прыдумалі. Па-другое, ты што, лічыш, ягоная мосць князь Радзівіл сядзеў і чакаў твайго вогненнага мяча? Ды ад яго на кожным сойміку ледзь не сцены рушыліся! Упэўнена — ён за гуляннямі ды засяданнямі і не ўспамінаў пра заморскую экспедыцыю, васковую ляльку, цуда-зброю… А князь Багінскі — няўжо, каб ты не выправіўся за мора, ён быў бы смялейшы, больш удачлівы? Не думаю. А па-трэцяе, ты дзейнічаў

дзеля ратунку сваіх бліжніх, а значыць, дзеля адзіна правільнай мэты ў часы палітычных карагодаў. Радзівілы і Багінскія на цябе забыліся, князь Рапнін задаволены… Ды гэта проста цуд! І ведаеш што… — Саламея лёгенька пацалавала мужа ў шчаку. — Забудзься на сваё падарожжа, як на страшны сон…

— Я б і рады… — тужліва прамовіў Лёднік і павярнуўся ў той кут кабінету, дзе стаяла напалову разабраная скрыня. А ў скрыні сядзела васковая Пандора — ніхто з хатніх не мог уцяміць, хто і навошта яе доктару вярнуў. Верны слуга Хвелька толькі хрысціўся спалохана ды пацеры мармытаў, калі апынаўся побач з шатанскім аўтаматам. Лёднік падыйшоў да лялькі, задумліва дакрануўся да яе бела-ружовага твару, акрэсліў пальцам абрыс брыві, правёў па шчацэ, як бы лашчачы…

— Яна і ў жыцці такая ж прыгожая? — ціха папыталася Саламея.

Доктар уздрыгнуў ад такой праніклівасці жонкі, і, прамарудзіўшы, стрымана адказаў, не азіраючыся:

— Яшчэ прыгажэй. Воск не перадае характар… Уладнасць, жорсткасць… Наіўнасць. Вар’яцкае спалучэнне.

Саламея сціснула рукі, але наважылася на пытанне:

— Яна закахалася ў цябе?

Бутрым адвярнуўся ад лялькі, якая пазірала ненатуральна вялікімі шэрымі вачыма на партрэт Галена, быццам прыкідвала, ці не варта і гэтага славутага доктара залучыць да сваёй світы.

— Яна пагулялася мною. Такі быў капрыз асобы каралеўскай крыві. Можа быць, апошні капрыз у яе жыцці. Яна… загінула.

Пані Лёднік сутаргава ўздыхнула, абняла мужа за плечы, прыхінулася да яго вінавата прыгорбленай спіны.

— Дарагі, не пераймайся, прыхамаці радавітых асобаў нам добра знаёмыя. Успомні, як я была ў палоне ў князя Гераніма Радзівіла. Кожны з нас… можа патрапіць у такія варункі, калі ўсе нашыя цноты нас не ўберагуць, — пры гэтых словах голас Саламеі змяніўся, Пранцішу падалося, што пані зараз заплача, але яна перасіліла сябе і загаварыла больш весела. — Добра, што гэтай высакароднай даме не зажадалася нанесці табе шкоду. Ведаеш, з тваім характарам падобнае жаданне ўзнікае шмат у каго з тваіх знаёмцаў.

Лёднік павярнуўся, схапіў жонку ў абдоймы, схаваў твар у яе чорных, бліскучых, як шоўк, валасах.

— Я не варты цябе… Ты маеш рацыю — забыцца на ўсё, як на страшны сон… Толькі б яшчэ даведацца, ці стрымаў слова пан Агалінскі, ці мой хлопчык не пакутуе, ці не сапсаваны ягоны лёс…

— Ягоная мосць пан Агалінскі — сапраўдны шляхціц, ён трымае слова, — запэўніла Саламея. — Вось пабачыш — у хуткім часе аб’явіцца!

Зіма паціху канала ў калюжынах і лагчавінах, апошнія лапікі бруднага, як пабітага воспай, снегу ператвараліся ў веснавыя ручаіны, што буркаталі, бы сярдзітыя прафесары, і смяяліся, як пракудлівыя студыёзусы. Потым цёмнае цела ліцвінскай зямлі прыбралася ў зялёныя рызманы травы, і буслы па-гаспадарску аглядалі новыя гнёзды, не ведаючы, якое з іх ацалее.

А потым Пранціш Вырвіч вярнуўся дадому не сам. Па-праўдзе, прынеслі яго, як мех груцы, ягоныя аднакурснікі на чале з чарнявым мацаком-гарадзенцам Недалужным. Аднакурснікамі яны былі ўжо былымі — бо паны студыёзусы ператварыліся ў дыпламаваных дактароў вольных навук! З якой нагоды і быў учынены баль, пасля якога прыбавіцца працы шкельнікам, якіх жыхары слаўнага места Вільні будуць запрашаць устаўляць новыя шыбы, ліхтаршчыкам, якія будуць замяняць разбітыя ліхтары, карчмарам, якім давядзецца закупляць новы посуд…

Поделиться с друзьями: