Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:
Вырвіч рэзка паставіў кубак на стол і ўзняўся на ногі, якія былі як бы ватнымі, гнеўна ўтаропіўся ў Паланэйку.
— Зноў вашамосць атруты намяшалі? А ты… — звярнуўся да Бутрыма, — ты ведаў? Папярэдзіць не мог?
— Па маіх назіраннях, канцэнтрацыя рэчыва невялікая, падабраныя інгрэдыенты па-майстэрску… У італійскага знаўцы вучыліся, вашамосць? — ветліва папытаўся Лёднік у Паланэйкі. Тая нязмушана кіўнула. — Вось і не папярэджваў. Самыя важныя сакрэты ніхто не агучыў, вечар прабавілі цікава… Парашок у медальёне носіце? — зноў папытаўся Бутрым у княжны.
— У большым аб’ёме гэта імгненная бязбольная атрута, самі ведаеце, прафесар, — паціснула плячыма Паланэйка. — Рэч неабходная для дзяўчыны ў вандроўцы.
— Я люблю атруту, —
— Вы можаце забіць жанчыну? — зацікаўлена перапытала Багінская. Яна, відаць, усё-ткі здзівілася, што яе падступны ўчынак Амерыканца не абурыў, як Вырвіча. А той шырока пасміхнуўся і раптам падскочыў і адным рыўком падняў на выцягнутых руках фатэль з паннай Багінскай. Тая ледзь галавой аб бэлькі не далася, добра, столь высокая.
— Я магу кахаць жанчыну! Так, што ёй не захочацца падсыпаць мне парашок ці настаўляць рогі!
Панна Багінская верашчала, учапіўшыся ў падлакотнікі, але Амерыканец урачыста пранёс яе па ўсім пакоі і толькі тады асцярожна апусціў разам з фатэлем.
— І калі пан Караль будзе літасцівы і падаруе мне жыццё, хоць я здабыў за морам толькі бескарысную скрынку з люстэркамі, я паспрабую выйсці яшчэ раз у кола супраць Галіяфа — пазмагацца за вас, чароўная панна. Супраць князя Паца, князя Багінскага, усяе Рэчы Паспалітае і ўсяго свету, — зірнуў на збляднелага Пранціша. — Ну і супраць вашага даўняга прыяцеля, студыёзуса.
Паланэйка прагаварыла сур’ёзна:
— Вы з панам Вырвічам бачылі мяне ў мужчынскім адзенні, у гразі, на саломе, без пудры і памады, вы бачылі, як я магу спраўляцца з кінжалам і атрутай, лаяцца і падманваць…
— Золатка маё, гэта робіць вашу мосць яшчэ каштоўней у маіх вачах, — галантна пакланіўся Амерыканец, — Мне не патрэбная васковая лялька, нават калі яна ўмее маляваць месца скарбу.
Пазяхнуў.
— Але ад атруты тваёй, мая панна, так у сон хіліць, што, бадай, пайду ў ложак… Пакуль што халасцяцкі, — падміргнуў і сышоў. А Пранціш зразумеў, што часам забіць чалавека вельмі лёгка — прынамсі, ён прыкончыў бы пана Гервасія з такой насалодай… Нават у спіну не пасаромеўся б загнаць кінжал.
— Ну што, панна атрымала задавальненне ад свайго ўчынку? — ціха спытаўся Лёднік. Паланэйка не адказала, задумліва гледзячы ў агонь і круцячы ў пальцах срэбны медальён з рэшткамі парашочку.
Так гэты вечар у Ангельшчыне застаўся ў памяці ліцвінаў блёкатам, трызненнем і сумам…
А Каляды сустрэлі на караблі. І каталіцкія, і праваслаўныя. Карабель быў магутнейшы, чым «Святая Брыгіта» — двухпалубны фрэгат «Залаты альбатрос». Усе атрымалі па асобнай каюце, а панна Багінская — нават з прыслугай жаночага полу, з мяккім ложкам і люстэркам у пазалочанай раме. З чаго вынікала, што капітан быў папярэджаны, што на борт падымецца радавітая дама. Радавітая і багатая настолькі, што на яе не распаўсюджваюцца прыкметы і забабоны. У адрозненне ад купецкай «Святой Брыгіты», тут высакародныя пасажыры прысутнічалі часта.
Зімовае мора прадказальна было неспакойным, і Лёднік сядзеў у каюце, забяспечаны вынайдзенымі падчас мінулага плавання лекамі ажно па макаўку. Але стараўся не напівацца — прымаў ромавую настойку столькі, абы не нудзіла. І Пранціш, пазбаўлены прафесарскага нагляду, кінуўся ў віры куртуазныя. Панна Паланэя, відаць, вырашыла кампенсавацца за ўвесь час, праведзены ў мужчынскай вопратцы, і цяпер у сваёй каюце зладзіла мініяцюрны свецкі салон, цвелячы па чарзе абодвух сваіх рыцараў, а падчас абедаў у кают-кампаніі распаўсюджвала чары і на флоцкіх афіцэраў. Падобна, і прафесара Віленскай акадэміі была б не супраць далучыць да сваёй світы — але паглядзела, як ён гайдаецца ў падвясным ложку, няшчасны, змрочны, аброслы чорнай шчэццю, прыціскаючы да сябе напалову пустую бутэльку, уздыхнула з прыкрасцю і сышла. Пакуль пад нагамі не акажацца сушы — ад вялікага мага і фехтавальшчыка толку
мала.Пранціш крэмзаў вершы, Амерыканец вывучаў крышталёвы чэрап і скрынку з люстэркамі і ўздыхаў, нібыта прыкідваў, ці не памяняцца з паннай Багінскай здабычай. А панна Багінская змушала нізенькую чарнявую іспанку-камерыстку рабіць сабе мудрагелістыя прычоскі і весялілася — як асуджаная на смерць.
Бяда здарылася, калі выдаўся рэдкі пагодны дзень, і ў хмарах залунала вялізная белая птушка з чорнымі крыламі. Вырвіч і Амерыканец стаялі на верхняй палубе, ля афіцэрскіх каютаў, і назіралі за палётам істоты, якая нават не ўзмахвала доўгімі крыламі, яе нёс вецер, як вада — рыбу, і ў гэтым адчувалася такая воля, такая сіла, што мімаволі хацелася паспрабаваць так жа.
— Кажуць, стары кароль зараз забаўляецца тым, што страляе з пісталету і кулямі перасякае ніткі і гасіць свечкі. Трэба ж — ледзь жывы, тлусты, як воз, а рука цвёрдая, — бязвінным галаском прамовіла Паланэйка, якая вызірнула са сваёй каюты, захутаная ў белае футрачка па апошняй лонданскай модзе.
Не трэба было быць астролагам, каб прадказаць бліжэйшую будучыню: Вырвіч і Агалінскі, абы давесці ўласную трапнасць і цвёрдасць рукі, пачалі пуляць у няшчасную птушку, забыўшыся на эстэтычныя ўражанні. І падстрэлілі — якраз калі белая прыгажуня крыляла над караблём… А толку — калі невядома, чыя куля пацэліла.
Птушка біла па палубе здаровым крылом — другое было афарбаванае крывёй, і страшна і хрыпла крычала, проста вычуваліся словы лаянкі. Нос у яе быў загнуты, як у Баўтрамея Лёдніка.
Не паспеў пан Агалінскі ўрачыста дабіць здабычу, як наляцелі матросы — з шаблямі, абардажнымі крукамі, пісталетамі, і не паспелі паны ачомацца, як іх укруцілі ў нерат, як двух селядцоў. На крыкі выскачыў штурман, і, пабачыўшы параненую птушку, таксама раззлаваўся, як бы ягоную матку абакралі, і патлумачыў дурным гасцям: птушка — альбатрос, сустрэць яе ў гэтых шыротах выпадае дужа рэдка і лічыцца за шчасце, бо на поўначы толькі адзін від яе трапляецца, з чорнымі крыламі і бровамі, які ладзіць гнёзды ў Шатландыі. А забіць альбатроса — вельмі кепская прыкмета, і накліча няшчасце на ўсіх. Альбатрос паказвае мараку дарогу дахаты, амаль ва ўсіх на караблі захоўваюцца побач з ладанкамі ды распяццямі фігуркі гэтых чароўных птушак. А паколькі фрэгат называецца «Залаты альбатрос», дык злачынства пасажыраў выглядае зусім недаравальным. Затоне карабель!
Паланэйка даўно схавалася, а двое рыцараў пачыналі ўсведамляць, што з-за свайго зухаватага бязглуздага подзьвігу патрапілі, як прусак у саладуху. Вырвіч дужа спадзяваўся, што зараз прыдуць афіцэры, адукаваныя людзі, з’явіцца капітан, разгоніць матрасню… Падумаеш, птах! Але калі капітан з’явіўся, становішча палепшала не нашмат. Пан з пагрознымі чорнымі вусамі патлумачыў скрозь зубы, што адзінае, чым ён можа ўратаваць жыцці сваім пасажырам — гэта пасадзіць іх пад ахову ў спецыяльны турэмны адсек у труме. Таму што падчас першага ж шторму — а яны будуць непазбежна ў такую пару — забойцаў альбатроса хутчэй за ўсё альбо зусім выпадкова змые за борт, альбо на іх упадзе нешта цяжкое. І вінаватых у тым ніхто не знойдзе. На шчасце, птушка яшчэ жывая, яе аднясуць да карабельнага доктара, і няхай паны моляцца, каб іх ахвяра выжыла.
Пранціш і пан Гервасій сядзелі ў цёмным і вузкім, як кішэня, катуху, дзе страшэнна смярдзела прагорклым тлушчам, і не маглі асэнсаваць такі выспятак Фартуны. Святло працэджвалася толькі скрозь закратаванае вакенца ў дзвярах, ад ліхтара, каля якога сядзела варта.
— Праўда, што баба на моры — да згубы, — тужліва прагаварыў пан Гервасій. — У Ангельшчыну плылі — бунт на караблі ўсчаўся з-за яе, доктара змусілі малітвы чытаць хвалям. Назад плывем — зноў з-за яе ў карцэр патрапілі, ды яшчэ і ўтопяць нас, не дай Бог. Трэба была нам тая птушка, як свінні завушніцы. От вясёлая мне жонка дастанецца! Буду з ёй часцей на паляванне едзіць. Дзічыну пастраляе да стомы — глядзіш, муж і ацалее да раніцы.