Беларусы, вас чакае Зямля
Шрифт:
Выдатныя помнiкi варварства цывiлiзаванага, «прагрэсыўнага» чалавека 20-га Стагодзьдзя. Помнiкi, што так цi накш у нашу сьведамасьць уелiся. Вобразы пакут, суцэльнага зьнiшчэньня, нэгацыя Бога й Ягонае навукi. А дзе ў параўнаньнi з гэтымi гiстарычнымi гiгантамi дробненькая макулiнка попелу, што звалася Залатухай?
Гэта не праслаўленыя Лiдычэ й не разбарабаненая лiхой варожай прапагандай Хатынь. I ў тэй Хатынi, у сьпiску ймёнаў вёсак, спаленых на нашай бацькаўшчыне двума напасьнiкамi разам з жыхарамi iх, Залатусе памiну няма. Здавалася-б, гiсторыя з памяцi яе вымазала. Ня згадваецца яна i ў Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыi, што называе зьнiшчаныя вайной акупантамi мясцовасьцi, у якiх было больш чымся па пяцьдзесят жыхароў.
Пацiкаўцеся
Гэта ўсё было, але куды пазьней. Спачатку-ж у тым раёне спалiлi, разам з жыхарамi, Залатуху i ў той раньнi пэрыяд лiквiдацыя яе голасным рэхам расплылася па ваколiцы, урэзалася й назаўсёды асталася ў памяцi асобаў з нашага апавяданьня.
Ляжала яна ў суседзтве вёскi Вярэнькi, на поўдзень ад двухшляховай чыгункi мiж Пархвенавам i Будславам, блiжэй да апошняга, дзе стаялi немалыя вайсковыя адзьдзелы Немцаў i Ўкраiнцаў. Апошнiх мясцовыя жыхары называлi ўкраiнскай палiцыяй. У вадрозьненьне ад мясцовай, чорнай палiцыi, якой у Будславе тады ня было, Украiнцы насiлi зялёную вопратку.
У Залатусе было ўсяго сем гаспадарак, усе жыхары каталiкi. У той вясеньнi вечар залатускi селянiн думкамi да касавiцы рыхтаваўся, пазiраў на свае мазолiстыя рукi, мяркаваў зь якога кута, яшчэ перад усходам сонца, войстрая каса пачне ў сакавiтую асаку ўядацца. I якiм чынам мог спанатрыць, старанна клепячы на бабцы зьлiзанае лязо касы, што заўтра ўпоперак дарогi на сенажаць стане вогненная, што ўсё да тла спалiць, Садома?
У гэны лагодны, цёплы вясеньнi вечар перагукалiся ў калiшнiм панскiм лесе нястомна-галасiстыя зязюлi й лiчыла залатуская малеча дый старэйшыя колькi адна цi другая шэрая, нявыглядная птушка накукуе гадоў…
У той дзень на захад сонца ля бусьлянкi кружыў прыгожы птах. Бусьлiха на яйках драмала. I цi нейкiм няведамым спосабам магло памясьцiцца ў бусловай галаве, што заўтра й бусьлянку, што на баране, дый самае гумно, на страсе якога яна знаходзiлася, спалiць пражорлiвы агонь, а яму з абсмаленай бусьлiхай няведама куды ўпрочкi трэба будзе з гэнага папялiшча адлятаць?
I шмат звычайных i простых, нармальнага будзённага парадку, рэчаў адбывалася ў гэны вечар у невялiкай вёсцы Залатусе. Навокал буйнела й красавалася шматколерная сакавiтая прырода. Неадкладнае ўвагi вымагалi нiкiм непалiчаныя дробязi пярэстага сялянскага жыцьцця. Каму было ведаць, што iхная маленькая мясьцiна, у сiлу нейкiх чужых iдыёцкiх правоў, апынулася на мапе мясцовых уладаў у так званай чырвонай зоне?
Верхам i бокам рынула й мiма прайшла на ўсход вайна. Туды ёй i дарога. Праўда, яшчэ раней, напярэдаднi гэтай навалы, што абрушылася й сюды але, на вялiкае шчасьце, iх мiнула, змабiлiзавалi з Залатухi ў войска Палякi пару дзяцюкоў. Унармаванага кроку вясковага жыцьця не зьмянiлi за куртаты час свае акупацыi i ўсходнiя «вызвольнiкi».
Няхай сабе й гэта надта вялiкая, ужо куды, як выглядала, большая за папярэднiя войны. I м, да зямлi ад веку прывязаным, адно араць, сеяць, плёны зьбiраць, статак гадаваць, сем'i даглядаць, сыноў жанiць i дачок замуж аддаваць ды памагаць iм на свае ногi станавiцца. Дзiва няма, што i ў гэны вечар адно ўмеру пра вайну думалася.
Праўда, побач чыгунка. Па ёй едуць гарматы, танкi, амунiцыя, харчы, войска. Яе вартуюць i ў роўных прамежках часу ходзяць па ёй у шлёмах узброеныя вартавыя. Не бяз прычыны. Кагадзе побач цягнiк на мiну наехаў, загарэўўся, былi ахвяры. Але-ж i раней, калi iх тыя з усходу «вызвалiлi», надта часта йшлi па чыгунцы цягнiкi.
Тыя валаклi ўсякае дабро й зброю на захад, а гэтыя на ўсход.Ведама-ж, вайна. Чуваць было, што ў Будславе ад войска аж кiшэла. Цi раз ужо й сюды заглядалi. Дзiву даешся, зьявiлiся нейкiя, у зялёным, Украiнцы. Гаварылi-ж неяк у нос, нацiскалi на «i» i «лы», але-ж зразумець нешта можна было.
А аднойчы, — гэта дык ужо дзiвы-дзiвосы, — да сяржаньцiхi Юргялiхi, што мела двух, у школьных гадох, хлапчукоў i муж якое дзесьцi за Польшчу ваяваў, дый якога сьлед даўно прапаў, вечарам зайшлi вайсковыя ў польскiх мундзiрах. Аж чатыры. Павiталiся, з парогу «Езус пахвалёны» сказалi. Надзвычайна прызваiта захоўвалiся. Сяржаньцiха, жанчына сярэднiх гадоў i яшчэ ў поўнай красе, крыху зьдзiвiлася й надта ўсьцешылася, нечаканых гасьцей навет угасьцiць манiлася. Тыя ветлiва адмовiлiся, а ў гутарцы, быццам мiмаходам, пыталiся, цi больш яна любiць Немцаў цi Палякаў. Ня скрываючы свае радасьцi й ня маючы нiякiх прычынаў да падазрэньня, сяржаньцiха асьветчыла, што, бязумоўна, яна любiць Палякаў. Тужлiвы па страчаным калiсьцi добрым жыцьцi «за польскiх часоў» голас поўнасьцю пацьвердзiў кiрунак сяржаньцiшынай ляяльнасьцi.
Праўда, крыху зьдзiвiла яе стрыманасьць, нейкая зьвязанасьць наведвальнiкаў. Суседзi-ж вымяркавалi, што недзе ў ваколiцы зьявiлiся польскiя банды. Дый цi яны адны ў лесе сядзелi? Працаваў-жа раней у гэтай самай сяржаньцiхi прыдзелены воласьцю савецкi палонны. Той, каб яго трасца, зiму адзiмаваўшы, адпасьвiўшы жывот, да нейкай бальшавiцкай банды ў лес павалачыўся. Ваўка, як кажуць, як нi кармi, усяроўна ў лес цягне.
Здарылася пасьля адыходу таго Ванькi ў лес нешта нязвычайнае. Нi раз i ня два, а ажно тры разы нехта ноччу раськiдаў у вёсцы бальшавiцкiя афiшкi. «Сьмерць фашыстам» сулiлi. Як на зло, якраз у наступны дзень тыя вайсковыя з Будслава ў Залатуху зьявiлiся дый распытвалi чыiх рук гэта работа. Вядома-ж, нiхто ў вёсцы такой брыдотай не займаўся. Сумлеву ня было. Хто гэта каго ў такой малой вёсцы ня ведаў? Як i ўсюды ў Беларусi, былi тут i свае пахатухi, якiя чамусьцi лiчылi абавязкам даведацца кажную макулiнку: што хто еў на харчаваньне, якi хлапец на якую дзеўку зiрнуў, цi што гаварыў, чыя авечка зараньня акацiлася, хто й чаму яшчэ падаткаў не заплацiў. Шмат мякiны ператрасалася, каб адно зярнятка дзе якое знайсьцi.
Вiзыты чужынцаў выклiкалi трывогу й страх. Немцы зьбiралi на вулiцы ўсiх жыхароў, доўга трымалi пад зброяй, распытвалi пра афiшкi й бандытаў у лесе дый рабiлi розныя, здавалася зусiм недарэчныя, пагрозы. Асаблiва да моладзi прыставалi. Але што гэтым простым сялянам было да таго, што нейкiя мярзотнiкi ноччу афiшкi параськiдалi, цi тое, што збоку грымела пераладаваная ваеннымi цацамi чыгунка, або тое, што да сяржаньцiхi Юргялiхi людзi ў ваенных польскiх мундзiрах прыходзiлi? I думалася, што паколькi яны зусiм нявiнаватыя, дык у найгоршым выпадку прыедуць з Будслава раз цi другi вайсковыя, зьберуць iх, пачнуць распытваць, пагражаць. Ну не павесяць-жа!
Аднае ночы бальшавiцкiя бандыты забралi й пагналi ў лес двух дзяцюкоў. Калi адзiн зь iх уцёк дамоў, за пару ноч па яго прыйшлi. Змусiлi людзей выдаць яго сховiшча й пагналi назад у лес. Такiм чынам у ваколiцы ўстанавiлiся дзьве ўлады. А залатускiя не зьвязалi ўсiх гэных выпадкаў i фактаў на адну нiтку, не падсумавалi й не зрабiлi належных выснаваў. Вы ваюеце, дык ваюйце… Вам, вайсковым, вайной, а нам, сялянам, зямлёй займацца. Нас клiча поле й луг, i лес, i сад, i гарод.
I ў тую кароткую вясеньнюю ноч, зьняможаная працай, цiха адпачывала Залатуха. Супакой трывожыў адно рэдкi брэх сабак i тая-ж самая чыгунка. Скрыпучы канцэрт пеўняў пад ранiцу будзiў старэйшых. Пазяхалi, дый задаволеныя, што яшчэ ўставаць ня трэба, засыналi. I ўжо калi на ўсходзе зазьзялi зарнiцы, усхадзiлiся канцэртам у кустах салаўi. Цёхкалi, тахкалi, высьвiстывалi, ёхкалi, ахкалi ды быццам на цымбалах трымкалi. А з сонцам вiтала новы дзень Залатуха.