Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Беларусы, вас чакае Зямля
Шрифт:

Янук пазiраў на сваю мiрную, залiтую летнiм сонцам, вёску. Танула яна ў садох i прысадах. Нiвы палавелi жытам, зелянелi ярыной, а дзьве сосны шапталi сабе сакрэты на могiльнiку. I тады спрабаваў Янук уявiць, што аднаго дня ягоную родную мясьцiну, як нядаўна Залатуху, возьмуцца языкi агня папялiць… Ды не! Адганяў думкi, як статак назойлiвых аваднёў.

Гэтак, заглыбiўшыся ў бязвыхаднае, Янук зыйшоў з Гараваткi й адно ля гумна пачуў бацькаў голас:

— А ты дзе гэта бадзяешся? Бяры во граблi, пойдзем у Пральлю пракосы варочаць.

22

У Гаравацкай пушчы часта пераклiкалiся совы, а ў вёсцы не гарлапанiлi яшчэ першыя пеўнi. На чыстым зорным небе рагацiнай вырысоўваўся гiгант Архiп. Лагодны заходнi

ветрык ледзь варушыў лiсьцямi дрэваў. Паважна й таямнiча пахiлiўся паточаны шашалем крыж. Дзесьцi на гасьцiнцы ў лесе затарарахалi па карэньнi калёсы, а ў Лiтоўцах спрасоньня лена загаўкаў сабака. Хто там на гасьцiнцы ў гэту пору ехаў? Палiцыя, цi хто? На станцыi ў Гацях, як заўсёды, кiпеў нiколi няспынны рух. Калi мясцовае насельнiцтва спала за пазачынянымi загадам дзьвярмi, на вулiцах, чыгунках i дарогах гаспадарылi людзi ў мундзiрах.

Апрануты ў летнюю сьвiтку, Антось абмацаў нож за пазухай, выцягнуў зь кiшэнi й пачаў смактаць сакавiтую, што проста таяла роце, ранэтку ды цэлы час пiльна ўзiраўся ў адзiн пункт. Калi гэты недабiтак задумае наведаць бацькоў, дый калi мае прыйсьцi па яго, каб яму «лясьнiчоўка бокам вылезла», дык гэта, здавалася, адзiная дарога, на якой яго неспадзеўкi можна злавiць. Знаў Антось гэту Гаравацкую сьцежку, што вяла ў пушчу, як сваю даланю. Ведаў на ёй кажны гарбок, ламень, ямiнку, кажную пахiльнасьць цi зьмяiную крутасьць. А месца сабе выбраў такое, што падарожнiк нiяк не спасьцеражэ. Прылёгшы-ж збоку, яго можна вельмi лёгка асачыць. Iншая рэч, калi-б чалавек з сабакам зьявiўся. Тады небясьпечна. Але ў запасе меў наган. А тымчасам сядзеў на камянi, кусаў ранэтку й думаў.

Насамперш — Нiна. Калi-б зацяжарыла, цi ня прызналася-б яму? Дый вiдаць было-б, як папаўнела-б. А жанчына дамагалася, каб шлюб узяць ды ўжо не намякала, а проста патрабавала, каб дзiця мець.

— Я з гэным старым лунем колька пражыла… Ён, аказваецца, толька сiлу цяглавую хацеў мець, а не сям'ю. А ты што? Дзяцей баiшся?

Нязручнае становiшча. Трэба было тлумачыць тое, пра што Нiна слухаць не хацела.

— Нiначка, любая мая, — пачынаў лагодным, цiхiм голасам. — Цi ты ўжо забылася, як мы проста зь пекла выратавалiся? Цi цяперака той час, каб дзяцьмi абзаводзiцца?

— Што гэта ты ўсё не перастаеш пра гэна пекла? Выратавалiся, ну й дзякуй Богу. Але-ж цяперака жыць ды дзяцей мець трэба.

Жанчына ў сьлёзы кiдалася. «Бабы, дурасьць. Як гэта да вас гаварыць, каб вы ладам жыцьцё скумекалi?» — разважаў у думках Антось.

— А цi ня вiдзiш ты, што робiцца? Як гэта цяперака дзiця на сьвет пушчаць? Сабе рукi зьвяжаш. Навалач нячыстая людзей б'ець, спакою нi даець, жыўцом палiць. Самiм можа яшчо прыйдзецца гняздо пакiдаць… А тады як зь дзiцём?

I намагаўся спатолiць каханую жанчыну цалункамi, абяцанкамi. Цяжэй было вытлумачыць ей, чаму ад некаторага часу, даведаўшыся ад Захарука пра Лявона, у гумно спаць хадзiў. Справа простая. Таго шалапута, самога цi зь кiм, помсты прагнага, калi зьявiцца ў двор зь вiзытаю, прывiтае Ромка. Антось, каторага Лявон будзе спадзявацца знайсьцi з жонкай у пасьцелi, атрымае ў рукi iнiцыятыву. Нiна зразумела й больш ня лiпла з назойлiвымi пытаньнямi.

— Ну а калi ён, цi яны прыйдуць у хату, тады мне што рабiць?

— Ромка разбудзiць. Ня бойся. Старайся задзержыць iх, у плач кiнься, цi што, займi iх. А я, — увiдзiш, — прылаўллю iх сукiных сыноў.

Неўзабаве Антосю ў галаву зусiм iншая думка прыйшла. Калi Лявон не жартаваў, - а на такiя жарты ён быў зусiм няздольны, — ды ляпнуў там нейкаму Барабоську пра свае намеры, дык усё-ж ня мог ён зусiм уцёмную ў Лiтоўцы йсьцi. Найлепш, — разважаў Дзяркач, — каб спанатрыць Шпунта, трэба паставiць сябе на ягонае месца. Ведаў таго як сваю пецярню. Значыцца, першае, Лявон Шпунт хоча мець Дзеркача ў сваiх руках. Калi пайсьцi ў Лiтоўцы, трэба ведаць што там робiцца, дзе жыве Дзяркач i што ён робiць. Як здабыць неабходныя весткi? Лiтоўцы не ляжалi ў бандыцкай зоне. Адылi пушча падходзiла да самага калiшняга

хутару Лазоўскага, а адтуль, пераз Гараватку, да бацькую як рукой падаць. Дык чаму не пачаць некалi топтанымi сьцежкамi? Асаблiва для маткi вялiкая радасьць была-бы. Ня бачыла-ж дарагога сынка ад таго часу, як некалi ў лес есьцi яму насiла. Магчымасьць адведаньня Лявонам бацькоў была зусiм праўдападобнай. Гэткую думку быццам Паўлоўскi пацьвердзiў.

— Ты ведаеш, Антось, дзе цяпер Лявон Шпунт? — спытаўся не такi, як раней фанабэрысты солтыс.

— Лявон? — пацерабiў галаву Дзяркач. — Дык-жа казалi, што прапаў недзiка. А чаму я маю ведаць?

— Так сабе, можа што дзе чуў. Неяк мне здаецца падазроным, што быў-жыў чалавек i раптам яго нi стала, як пад зямлю прапаў…

— А чаму ён табе ў галаву прыйшоў? Калi хочаш што знаць пра яго то чаму табе старых Шпунтоў за язык нi пацягнуць?

— Стараўся цi раз раней, i ўчорака. Кажуць, што недзе зыйшоў ды ўсё. А пасьля сьцяной маўчаць. Вы-ж, пэўне, можаце дагадацца, кажу, дзе ён ёсьцiка. Дык скоса паглядаюць, як-бы ўквялiў я iх.

— Дык ты i ўчорака да iх хадзiў?

— Ага. Ведаеш, цiкава. Пазаўчорака за поўнач гэта было. Выйшаў я на двор, ня спалася мне, ды чую, што Шпунтоў сабачонак забрахаў. Брэшуць сабакi, вядома, на тое яны сабакi, каб брахалi. Але гэтта нешта ня тое. Брахаў гэты самы Шпунтоў сабака, а пасьля чую, што саўсiм голас пiрамянiў. Гэтак радасна пачаў пiшчэць, якраз так, як сабака робiць, калi некага блiзкага ўвiдзiць. Я тады й падумаў, што каго-ж такога свайго ён так позна ўночы спаткаў. Чаго ён так з радасьцi пiшчэў.

— Дык от, можа дзе стары Шпунт быў, ды дамоў вярнуўся? Кумекаiш?

— Стары? Куды яму ноччу цягацца? Ды я-ж знаю, што немач у яго.

— Немач, цi прытворы? Ну а калi нi старога Шпунта, дык каго сабака мог з радасьцяй вiтаць?

— Ты-ж сам падумай.

Мужчыны разумелiся з паўслова. Паўлоўскага пераказ пра сабаку паставiў Антося перад аднэй рэальнай магчымасьцю зь непрадбачнымi насьледкамi. Але чаму Лявон хвалiўся, што адпомсьцiць яму? Няўжо-ж мяркаваў, што гэта да Антосевых вушэй ня дойдзе? А можа п'яны быў?

Не давяраў Дзяркач Паўлоўскаму. Дзiравы шляхцiц мог нешта лёгка прыдумаць, каб яго, Антося, за язык пацягнуць. Усё-ж магчымасьць адведзiнаў бацькоў Лявонам цяжка выключыць.

Вярталiся старыя й назойлiвыя думкi. Усе добрыя людзi сьпяць. Ды цi толькi людзi. Сьпяць вунь i жывёлы, i птушкi й паўзуны ўсялякiя. Даў Бог час працаваць, даў i пару адпачываць, цi забаўляцца. Дык чаму-ж ён, Антось Дзяркач, ня сьпiць а падпiльноўвае на Гараватцы хлыста нейкага? Ды не, няпраўда, ня ўсе сьпяць. Вунь там у гэтай разьлеглай пушчы варушацца помсты прагныя, народнай бядой ненасытныя нiкчэмнiкi. Тыя, што кагадзе сябе «народнай уладай» называлi. А цяпер плянаваньне новых зьверстваў, рабункаў i забойстваў зганяе iм сон з павекаў. Тымчасам, вiдаць, над сваiмi адно ўмеюць зьдзеквацца, бо ня чуваць, каб яны дзе зь Немцамi ўдужкi бралiся. Быццам выклiканы, у ўяўленьнi стануў перад iм Кастусь Падгайскi, з каторым кагадзе даўгую гамонку меў.

— Памятай, Антось, Залатуху. Знаеш, што сталася. Вёску спачатку банды наведалi, пару дзяцюкоў да сябе сiлай забралi. Пасьля чыгунку ўзарваклi. Вёска ў чырвонай зоне ляжала. Немiц свае пляны маiць. А цi ты думаеш, што вашым Лiтоўцам нi пагражаiць такая самая цi падобная небясьпека? Яны-ж таксама пры самай зялезнай дарозе, значыцца ў чырвонай зоне ляжаць. I вось прадстаў сабе, што спачатку гэты Лявон Шпунт прыйдзiць да бацькоў. Нехта даведаецца. У вас-жа гэты самы дзiравы шляхцiц, значыцца даношчык пад бока. Ён, пэўня, вушамi стрыжэць, а для каго працуiць то гэта я табе ўжо казаў. Дый каля вашай вёскi нiдалёка ўжо раз рэйкi разьвiньцiлi Раз цi два прыйдуць цэлай бандай, вёску абрабуюць, можа мiну пад цягнiк падложуць, а там яшчо свае афiшкi параськiдаюць цi папанаклейваюць. Тады й хвашчыся. Яны ўжо пастараюцца, каб палiцыя на наступны дзень знала. I вось вёска трапiць у два агнi. А там ужо далей сам уявi што быць можыць.

Поделиться с друзьями: