Беларусы, вас чакае Зямля
Шрифт:
Яны мiгам падбеглi да шэрагу вазоў, пры якiх ня было лпюдзей наскублi два добрыя ахапкi сена. Худы калгасны конь узяўся жваць неахвотна, быццам не сваймi зубамi.
— Знаiш, ён, мусiць, пiць хочыць, — скказаў Стась.
— Ага. Алi-ж дзе тутака яго напоiш? Нiхай пачакаiць. Хадзi, паслухаем што там Антось расказваiць.
Хлопцы вярнулiся да гурту людзей, што раскладалiся зь ядой на траве побач Антося й Нiны. Зянькевiч аглядаў Нiнiну лытку. З маленькай пляшкi мачаў у сьпiрт вату й абмываў закарэлую рану.
— Гэтта, дзякуй Богу, выглядаiць добра, — гаварыў лекар. — Будзiш жыць i замуж яшчо выйдзеш, —
Лекаравы словы ня выклiкалi ўсьмешкi на Нiнiным твары.
— Гэта што сталася?
— Кажу-ж, прастрэлiлi, сукiны сыны, — тлумачыў Дзяркач. — Немiц цягнiк разбамбiў, многа людзей пабiў, а ў наш вагон у сьцяну папаў, дык мы выламалiся ды наўцёкi. А канвойнiкi, гады, страляць пачалi, каб iх самае горшае пекла нi мiнула…
— I дзе гэта было?
— Ды вунь за Дзьвiной. Зь Бярэзьвiч пагналi нас на Лужкi й Дзiсну, а па дарозе тых, што нядужыя, не маглi йсьцi, як сабак стралялi. Гэтак во ейнага Паўлюка прыкакошылi, нячыстая сiла… Божа ты мой, што за сьвет настаў! Пасьля нас у цiлятнiкi, як быдла, напхалi. Недзiка на той бок Полацку, за Дзьвiной, Немiц наляцеў, разбамбiў, многа пагарэла, а каторыя разьбеглiся.
Лекар Зянькевiч перавязаў Нiнiну нагу, злажыў свае рэчы ў скураную сумку i ўстаў. — Ну от будзеш упарадку, — сказаў задаволены, Нiне. Падзякуй Богу, што куля ў лытцы не засела, а збоку прайшла.
— Дзякуй Богу й дзякуй табе, доктар, — адказала падбадзёраная ьанчына.
— Зайдуся да вас пасьлязаўтра, гляну, пiравяжу. Але, здаецца, усё ўпарадку. Гэта што, вы з Антосем цэлы час разам?
— Ага, дзякуй Богу. Каб ня ён, прапала-б я. Мяне спад агня выцягнуў, даглядаў. А майго-ж Паўлюка, вiдзiця як, недзiка пры дарозе, як скацiну, забiлi й навiт нi пахавалi. Божа мой, i за што гэта так?
Нiна пачала хлiпаць, але сухiмi асталiся змораныя вочы. Жанчыны пасьпяшылi iз спагадай. Навокал сяляне параскладалi харчы, узялiся есьцi. Угашчалi Антося й Нiну, зьявiлася навет самагонка. Радасьць зь вяртаньня Антося й Нiны была стрыманая. Думкi забягалi наперад, да няпэўнага й цьмянага заўтра.
6
Залiзваньне ранаў узяло часу. Антось Дзяркач трымаўся дому, бацьком ня скардзiўся, хоць часамi дакучалi болi ў сярэдзiне. Дражнiла яго пераборлiвая ласкавасьць мацi. Жанчына, што выплакала вочы падчас бяссоных ночаў, даглядала цяпер сына, як дзiця кволае. Яна яму то скварку, то яечка, то кавалак мяса лiшнi.
— Пiрастань, матка, давай во бацьку, а я ўжо й так ачуняў, адмаўляўсдя Антось.
— Еш, сынок, нi глядзi, трэба табе якнайскарэй на ногi стануць. Жарцiкi во, як быццам з таго сьвету вярнуўся. Веры нi дала, нi пазнала, гэтак во, нячыстая сiла, заходалi.
З гэткiмi словамi падсоўвала яшчэ больш емiны. Антось пра кашмары ў беразьвецкай турме неахвотна гаварыў. Сам пагоднага характару, не хацеў азмрочваць бацьком настрою.
— Пазьдзеквалiся, кажаш? — пытаўся бацька. — Моцна бiлi?
— Ага, тата, бiлi, крэпка бiлi.
— За што гэта?
— Ат, тата, пiрастанем. Нi люблю ўспамiнаць.
— Ну што-ж… Ня хочаш, за язык нi пацягну.
Антось маўчаў i думаў. Наглядзеўся зьверства, наслухаўся ад людзей. Крыху ачарсьцьвеў. Дый навошта раны вярэдзiць?
— Дзе Лявон Шпунт? Ня чуў? — спытаў бацьку.
— Чорт яго знаiць, ня вiдзiў.
Алi во калi гэта, цi нi пазаўчорака Васiль Якубаў казаў, што каля дому яго вiдзiў. На сяло нi паказваецца. А навошта ён табе?— Як ты думаеш? — зiрнуў сын уважна бацьку ў вочы.
— Ты скажы.
Доўгае маўчаньне.
— Хачу распытацца, як на мяне й на другiх даносы рабiў. А калi нi захочыць расказаць то я на яго загагулiну знайду, язык разьвяжу.
У Антосевых вачох загарэўся благi агонь.
— Глядзi сам, сынок. Але нашто табе? Нiхай-бы яго Немiц прыбраў. Табе можа лепi цiха сядзець…
Антось доўга думаў. Раптоўна падняў вочы й зiрнуў бацьку проста ў твар
— Цягалi адныя й другiя, ледзь вырваўся. А гэтыя што, думаеш? Немiц, ён нас так i нi зачэпiць? Вайной? Кiнь ты, бацька. I нi агледзiшся, як нейкая трасца гоп! i на сьпiну. Ня вiдзiш, што робiцца, нi кумекаеш?
— Дык што-ж рабiць будзiш?
Антось памарудзiў з адказам.
— Нi знаю, тата, можа скора што праясьнiцца. Алi знаю, што пасядзець нi дадуць.
Дзяцюк скрыпнуў дзьвярмi й выйшаў на двор. Ля Бураковай хаты радасна цяўкаў Ромка. Антось спасьцярог жаночую хустку ля тыну. Нiна пастаяла ля сабакi, мусiць нешта есьцi дала ды накiравалася ў вагарод. Антось рушыў у тым кiрунку. Ад супольнага падарожжа «з таго сьвету» часта пра яе думаў. Жанчыну трымаў на воку й раней, — дарэчы, як i ўсе дзяцюкi ў вёсцы, — але з натуры быў больш прывык ля старэйшых дзевак ацiрацца, замужнiх мiнаў, хоць, як мяркаваў, у Нiны й раней нядрэнныя вiдокi меў.
— Ай, Антоська, мой саколiк, а я толькi во пра цябе думала, распрамянiлася Нiна, пабачыўшы яго. Стаяла з матыкай мiж радоў морквы.
— Якi я табе саколiк? А што ты пра мяне думала? — усьмiхнуўся Антось.
— Як гэта што? Ты-ж мой збавiцель. Пра каго-ж, калi нi пра цябе мела думаць?
Яна папаўнела й паправiлася. Праўда, гэта ня быў той калiшнi прывабна-бесклапотны твар. У вачох з дробнымi зморшчынкамi навокал загнязьдзiлася цьвёрдасьць. Адылi працэс аздараўленьня пачаўся. Яго пазнаць можна было ў выглядзе, рухах i гутарцы.
— Ну як нага?
— Ды што нага… Дзякуй Богу, магла-б з табой ужо й польку топнуць.
Зiрнула на яго вачмi ласкай перапоўненымi. I здалося дзяцюку, што там больш, чымся ласку пабачыў.
— Ну пра гэтае топнуць дык цяперака рана гаварыць. Нi да топаньня цяперака.
Нiна нiчога не адказала. Узялася матыкаваць густое зельле ў чорнай мягкай глебе, якую добра ўчора вымачыў дождж. На абшырным кавалку адно палова была выпалата.
— Трэба во паганяць, ато саўсiм трава заглушыць.
— Алi-ж i насадзiлi яны тут вам, — сказаў Антось.
— Толькi нi нам. Сабе каўхоз залажылi. А нас, Антоська-саколiк, недзiка ў Сiбiр на дзiкiя ягады вязьлi. Ну алi выйшла, што й гэтага iм фiгу… Брунiсьчына Мальвiна ўчорака прыбягала. Дасi, кажа, Нiна, нам гароднiны, нашы-ж дзеўкi гэттака крукам цэлую вясну пацелi. Чуеш? Чаму на сваiм, кажу, твае дзеўкi нi садзiлi? Такая ўласьць, кажыць, была. А што-ж, кажу, цябе ўласьць сiлай сюды цягнула? Дык яна тады мне: — зiмля твая, алi работа наша. Дасi й нам гароднiны. Уцiкай, кажу, сучка, з майго! Бяжы, кажу, да тэй уласьцi, што людзей загадала абiраць i забiваць, нiхай яна табе дасьць, ад яе, кажу, спаганяй. Ды як сыкнула я на яе, дык от лататы дала!