Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)
Шрифт:
Шэсце ўжо хавалася з вачэй. "Глядзi, Тэд, глядзi!" - крыкнуў малодшы з пiльных сышчыкаў у вялiкiм здзiўленнi, паказваючы на мае ногi. Я зiрнуў унiз i адразу заўважыў цьмяныя абрысы сваiх ног, абмаляваныя гразёй. На хвiлiну я аслупянеў.
"Ах, чорт!
– усклiкнуў старэйшы.
– Вось дык штука! Як прывiд, далiбог!" - Пасля некаторай развагi ён падышоў да мяне блiжэй i працягнуў руку. Нейкi чалавек крута спынiўся, каб паглядзець, што гэта ён ловiць, потым падышла дзяўчына. Яшчэ секунда, i хлапчук датыкнуўся б да мяне. Тут я скемiў, што мне рабiць. Ступiўшы наперад, - хлапчук з крыкам адскочыў убок, - я хутка пералез цераз агароджу на ганак суседняга дома. Але малодшы хлапчук прыкмецiў мой рух, i, перш чым я паспеў спусцiцца на тратуар, ён ачомаўся ад часовай збянтэжанасцi i стаў крычаць, што ногi пераскочылi цераз агароджу.
Усе
Увесь народ на вулiцы, акрамя маiх трох праследавацеляў, спяшаўся за Армiяй выратавання, i гэтая плынь затрымлiвала не толькi мяне, але i пагоню. З усiх бакоў сыпалiся пытаннi i чулiся воклiчы здзiўлення. Я збiў з ног нейкага юнака i кiнуўся бегчы вакол Рэсел-сквер, а чалавек шэсць цi сем здзiўленых прахожых iмчалi па майму следу. Тлумачыць, на шчасце, iм не было калi, а iнакш, напэўна, увесь натоўп кiнуўся б за мной.
Я мяняў кiрунак уцёкаў, тройчы пераходзiў цераз вулiцу i вяртаўся назад той жа дарогай; ногi мае сагрэлiся i высахлi i ўжо не пакiдалi мокрых слядоў. Нарэшце, падлавiўшы свабодную хвiлiну, я начыста выцер ногi рукамi i такiм чынам канчаткова схаваўся. Апошняе, што я бачыў з пагонi, былi чалавек дзесяць, якiя збiлiся кучкай i ў бязмежным неўразуменнi разглядвалi паволi высыхаючы адбiтак нагi, якая трапiла ў лужыну на Тавiсток-сквер - адзiны адбiтак, такi ж незразумелы, як той, на якi натрапiў Рабiнзон Круза.
Мае ўцёкi крыху сагрэлi мяне, i я стаў прабiрацца цераз сетку малалюдных вулачак i завулкаў ужо ў больш бадзёрым настроi. Спiну ламала, пад вухам ныла ад пальцаў рамiзнiка, скура была разадрана яго пазногцямi, ногi моцна балелi, i з-за парэзанай ступнi я накульгваў. Да мяне наблiзiўся нейкi сляпы, але я своечасова прыкмецiў яго i кiнуўся ўбок, асцерагаючыся яго тонкага слыху. Раз цi два я выпадкова сутыкаўся з прахожымi, i яны спынялiся ў неўразуменнi, аглушаныя лаянкай, якая немаведама адкуль пачулася. Потым я адчуў на твары штосьцi мяккае, i плошча стала пакрывацца тонкiм слоем снегу, якi паволi падаў зверху. Я, напэўна, прастудзiўся i не мог утрымацца, каб час ад часу не чхнуць. А кожны сабака, якi трапляўся мне на шляху i, выцягнуўшы морду, пачынаў з цiкаўнасцю абнюхваць мае ногi, выклiкаў у мяне жах.
Потым мiма мяне з крыкам прабег чалавек, за iм другi, трэцi, а цераз хвiлiну цэлы натоўп дарослых i хлапчукоў стаў абганяць мяне. Дзесьцi быў пажар. Натоўп бег у напрамку да майго дома. Зазiрнуўшы ў завулак, я ўбачыў густое воблака чорнага дыму, якое падымалася над дахамi i тэлефоннымi правадамi. Я не сумняваўся, што гэта гарыць мая кватэра. Уся мая вопратка, апараты, уся мая маёмасць засталiся там, за выключэннем чэкавай кнiжкi i трох тамоў запiсаў, якiя чакалi мяне на Грэйт-Портленд-стрыт. Я спалiў свае караблi - сапраўды так! Увесь дом гарэў.
Невiдзiмка замоўк i задумаўся. Кемп з трывогай паглядзеў у акно.
– Ну!
– сказаў ён.
– Працягвайце!
Раздзел XXII
ВА ЎНIВЕРСАЛЬНЫМ МАГАЗIНЕ
– Дык вось, у студзенi, у снег i мяцелiцу, - а варта снегу пакрыць мяне, i я быў бы выяўлены!
– змораны, прастужаны, з ламатой ва ўсiм целе, невыказна няшчасны i ўсё яшчэ амаль напалову перакананы ў сваёй нябачнасцi, пачаў я новае жыццё, на якое сам сябе асудзiў. У мяне не было нi прыстанiшча, нi сродкаў да iснавання, не было нiводнага чалавека ва ўсiм свеце, якому я мог бы даверыцца. Раскрыць сваю таямнiцу азначала б адмовiцца ад сваiх шырокiх планаў на будучае - мяне проста сталi б паказваць як дзiва. Тым не менш я было амаль адважыўся падысцi да якога-небудзь прахожага i прызнацца ва ўсiм. Але я занадта добра разумеў, якi жах i якую нечалавечую жорсткасць абудзiла б такая спроба. Пакуль што мне было не да новых планаў. Я хацеў толькi схавацца ад снегу, захутацца i сагрэцца, - тады можна было б падумаць i пра будучае. Але нават для мяне, чалавека-невiдзiмкi, рады лонданскiх дамоў стаялi замкнёныя i непрыступныя.
Толькi адно бачыў я тады выразна перад сабою: холад, беспрытульнасць i пакуты блiзкай ночы сярод снежнай завiрухi.
I раптам мяне натхнiла блiскучая думка. Я звярнуў на вулiцу, якая вяла ад Гаўэр-стрыт да Тотэнхэм-Кортроўд, i апынуўся перад вялiзным магазiнам "Omnium"- вы ведаеце яго, там гандлююць абсалютна ўсiм - мясам, бакалеяй, бялiзнай, мэбляй, вопраткай, нават карцiнамi. Гэта хутчэй гiганцкi лабiрынт разнастайных крамаў, чым адзiн магазiн. Я спадзяваўся заспець дзверы
магазiна адчыненымi, але яны былi закрыты. Пакуль я стаяў перад шырокiм уваходам, пад'ехала карэта, i швейцар у лiўрэi, з надпiсам "Omnium" на фуражцы расчынiў дзверы. Мне ўдалося прабрацца ўсярэдзiну, i, прайшоўшы першы пакой - гэта быў аддзел стужак, пальчатак, панчох i да таго падобнага, - я трапiў у больш прасторнае памяшканне, дзе прадавалiся кошыкi i плеценая мэбля.Аднак я не адчуваў сябе ў поўнай бяспецы, таму што тут увесь час таўклiся пакупнiкi. Я стаў бадзяцца па магазiне, пакуль не трапiў у вялiзнае аддзяленне на верхнiм паверсе, якi быў увесь застаўлены ложкамi. Тут я нарэшце знайшоў сабе прытулак сярод велiзарнай кучы складзеных матрацаў. У магазiне запалiлi ўжо святло, было вельмi цёпла; я вырашыў застацца ў сваiм сховiшчы i, уважлiва сочачы за групамi прыказчыкаў i пакупнiкоў, якiя сноўдалiся па мэблевым аддзяленнi, стаў чакаць час, калi магазiн зачыняць. "Тады ўсе пойдуць, - думаў я, - i я здабуду сабе ежу i вопратку, абыду ўвесь магазiн, абследую яго запасы i, напэўна, нават пасплю на адным з ложкаў". Гэты план здаваўся мне рэальным. Я хацеў узяць вопратку, каб ператварыцца ў захутаную фiгуру, якая ўсё ж не выклiкае падазрэнняў, расстарацца грошай, затым атрымаць свае кнiгi i прэпараты з паштовай канторы, наняць дзе-небудзь пакой i распрацаваць план поўнага выкарыстання той перавагi над маiмi блiзкiмi, што - як я ўсё яшчэ ўяўляў - давала мне мая нябачнасць.
Час закрыцця магазiна наступiў даволi хутка. Прайшло не больш гадзiны, як я забраўся на кучу матрацаў, i вось я заўважыў, што шторы на вокнах апушчаны, а апошнiх пакупнiкоў выправаджваюць. Потым некалькi жвавых маладых людзей узялiся з незвычайнай хуткасцю збiраць тавары, якiя ляжалi на прылаўках. Калi натоўп парадзеў, я пакiнуў сваё логава i асцярожна прабраўся блiжэй да цэнтральных аддзяленняў магазiна. Мяне ўразiла хуткасць, з якой цэлая армiя юнакоў i дзяўчат прымалi тавары, што былi выстаўлены на працягу дня для продажу. Усе картонкi, развешаныя тканiны, гiрлянды карункаў, скрынкi з ласункамi ў бакалейным аддзяленнi, самыя розныя прадметы, выстаўленыя на прылаўках, - усё гэта ўбiралася, згортвалася i складвалася ў спецыяльныя сховiшчы, а ўсё, чаго нельга было прыняць i схаваць, прыкрывалася чахламi з якога-небудзь грубага матэрыялу накшталт парусiны. Нарэшце ўсё было састаўлена на прылаўкi, на падлозе не засталося нiчога. Закончыўшы сваю справу, кожны з маладых людзей спяшаўся пайсцi з выразам такога натхнення на твары, якога я нiколi яшчэ не бачыў у прыказчыкаў. Потым з'явiлася плойма падлеткаў з апiлкамi, вёдрамi i шчоткамi. Мне даводзiлася раз-пораз ухiляцца ад iх, але ўсё ж апiлкi траплялi мне на ногi. Разгульваючы па цёмных апусцелых памяшканнях, я яшчэ даволi доўга чуў шастанне шчотак. Нарэшце, праз гадзiну з лiшнiм пасля закрыцця магазiна, я пачуў, што замыкаюць дзверы. Усталявалася цiшыня, i я застаўся адзiн у вялiзным лабiрынце аддзяленняў i калiдораў. Было вельмi цiха - помню, як, праходзячы мiма аднаго з выхадаў на Тотэнхэм-Корт-роўд, я прыслухоўваўся да стуку абцасаў прахожых.
Спачатку я накiраваўся ў памяшканне, у якiм я бачыў панчохi i пальчаткi. Было цёмна, i я ледзьве адшукаў запалкi ў скрынцы невялiкай канторкi. Але яшчэ трэба было здабыць свечку. Давялося сцягваць чахлы i шнарыць па скрынках i каробках, але ў рэшце рэшт я ўсё ж знайшоў тое, што шукаў. Свечкi ляжалi ў скрынцы, на якой быў надпiс: "Шарсцяныя панталоны i фуфайкi". Потым я ўзяў шкарпэткi i тоўсты шалiк, пасля чаго накiраваўся ў аддзяленне гатовай вопраткi, дзе ўзяў штаны, мяккую куртку, палiто i капялюш з загнутымi ўнiз палямi, накшталт тых, што носяць святары. Я зноў адчуў сябе чалавекам i найперш усяго падумаў пра ежу.
На верхнiм паверсе аказалася закусачная, i там я знайшоў халоднае мяса. У кафейнiку засталося крыху кавы, я запалiў газ i падагрэў яе. Увогуле, я ўладкаваўся зусiм няблага. Затым я накiраваўся на пошукi коўдры - мне давялося задаволiцца пуховымi пярынамi, - i натрапiў на бакалейнае аддзяленне, дзе знайшоў цэлую кучу шакалада i зацукраваных фруктаў, якiмi я ледзьве не аб'еўся, i некалькi бутэлек бургундскага. А побач знаходзiўся аддзел цацак, якi навёў мяне на блiскучую думку: я знайшоў некалькi штучных насоў, - ведаеце, з пап'е-машэ, - i тут жа падумаў аб цёмных акулярах. На жаль, у "Omnium" не знайшлося аптычнага аддзела. Але ж нос быў для мяне сапраўды важнай справай. Спачатку я падумаў нават аб грыме. Адшукаўшы сабе картонны нос, я пачаў марыць аб парыках, масках i так далей. Нарэшце я заснуў на пярынах, дзе было вельмi цёпла i зручна.