Чалавек з брыльянтавым сэрцам
Шрифт:
Але недарэмна загiнуў Рохк. Жалезны Чалавек, у якога ён парваў дроцiк, нiяк не мог скрануцца з месца. Ён быццам аслеп, бязладна тыкаў перад сабой чорным прутом. Вось ён няўклюдна крутнуўся i сваiм прутом зачапiў плячо суседа. Раз!
– i суседа не стала. Нешта, вiдаць, парушылася ў, здавалася б, неадольным ланцугу. Жалезныя Людзi пачалi знiшчаць адзiн аднаго. За некалькi хвiлiн усе яны разам са сваiмi чорнымi прутамi знiклi. Толькi iхнiя скрыначкi з белымi шарыкамi засталiся ляжаць у балоце ды з чорнай, нiбы смаляной вады з шыпеннем узвiвалiся срабрыстыя пухiры.
Фырк не верыў вачам. Ён ужо чакаў смерцi, а тут прыйшло нечаканае збавенне. Два апошнiя ланцугi Жалезных Людзей, тыя, што залiвалi голую зямлю бетонам i ўтоптвалi бетон, пастаялi як здранцвелыя, пачакалi, усе адначасова павярнулiся i пайшлi з балота. "Дзуг, дзуг", -
I Фырк iрвануўся са свайго сховiшча. Нiколi раней не бегаў ён так хутка. Здавалася, ён ляцеў над балотам. Шбы замест хвосцiка ў яго раптам з'явiўся прапелер. Чараты так i трашчалi пад нагамi.
Але Вялiкае Балота даўно ўжо зрабiлася маленькiм, бо Жалезныя Людзi з усiх бакоў удзень i ўначы наступалi на яго. Вось чаму вельмi хутка Фырк вьь скачыў на шэры цвёрды бетон, паслiзнуўся на iм i ўпаў. Ён узняўся, аддыхаўся, асцярожна i палахлiва агледзеў наваколле. Да самага небасхiлу ўсё было залiта бетонам, якi дзе-нiдзе пабраўся ўжо трэшчынамi i трэшчынкамi. Нi травы, нi кветкi, нi кусцiка не ўбачыў перад сабой Фырк. Толькi вулкан, не дужа вялiкi, з коса зрэзанай чорнай вяршыняй, дымiўся непадалёку. Да яго, нiзка ўнурыўшы ў зямлю галовы, iшлi Жалезныя Людзi. Яны тупалi адзiн за адным i блiшчалi пад промнямi сонца. Здавалася, вялiзная блiскучая гадзюка павольна ўспаўзае на схiл вулкана. Усё вышэй i вышэй узнiмалiся Жалезныя Людзi i правальвалiся, знiкалi ў кратэры. Вось знiк апошнi, i зноў пустэча i цiшыня зазвiнелi наўкол.
Вельмi сумна зрабiлася Фырку. Няма Вiнга, няма Рохка з Буркам... Што рабiць? Куды iсцi? Ён павярнуўся i патрухаў назад, у сваё балота. Увесь дзень праляжаў у чаратах. Нават не ўзняўся i тады, калi пачаўся вечар, калi на чорна-зялёным выстылым небе загарэлiся яркiя чырвоныя зоркi. Ён глядзеў на зоркi i думаў, што Вялiкi Статак загiнуў. Ранiцой прыйдуць новыя Жалезныя Людзi, i нехта з iх дакранецца да яго, Фырка, чорным прутом, у якiм хаваецца смерць. Не, ён не здасца iм без бою! Да сканання ён будзе падобны на Вiнга!
Фырк ускочыў на ногi. Сэрца бiлася рашуча i смела. Ён панюхаў паветра, асцярожна, але ўпэўнена, пайшоў па чаратах. "Пакуль жыве Фырк - жыве Вялiкi Статак!" - увесь час думалася яму. Там, дзе Жалезныя Людзi спалiлi адзiн аднаго, ён наткнуўся раптам на металiчную скрыначку, што напалову была залiта вадой. Белыя шарыкi высыпалiся з яе i аж зiхцелi на чорнай зямлi. Мiльготкае святло зорак рабiла iх нiбы жывымi.
Фырк доўга глядзеў на гэтыя дзiўныя белыя шарыкi, таптаўся вакол iх, абнюхваў, потым з асцярогаю праглынуў адзiн шарык. Трохi пачакаўшы, праглынуў другi i трэцi. Дагэтуль ён не каштаваў нiчога падобнага. Шарыкi былi горка-кiслымi, ад iх анямела ў роце i закружылася галава. Ён падумаў, што галава кружыцца ад стомленасцi, i дзе стаяў, прылёг крыху адпачыць. Але лягчэй не зрабiлася. У вачах успыхвалi яркiя iскры, падобныя на вясновых жывых апалонiкаў, якiя ператваралiся ў зялёныя i сiнiя кветкi. Тыя кветкi раслi, буйнелi, спляталiся мiж сабой. Iх схiляў да зямлi моцны парывiсты вецер. Фырк адчуў, як ударыла ў вочы гэтым гарачым нясцерпным ветрам, i адразу ж заснуў.
Невядома, колькi ён праспаў. Калi прачнуўся, сонца стаяла высока над зямлёй. Рознакаляровыя стракозы пырхалi тудысюды. Птушка кранг шпарка бегла па балоце, трымаючы ў вялiзнай плюскатай дзюбе сваё яйка, круглае, цяжкое, з чырвонымi плямамi на асляпляльна белай шкарлупiне. У ранейшыя часы Фырк адразу б сiгануў у чарот, каб толькi не сутыкнуцца з крангам, бо той, ледзьве што, шпурляе гэта яйка пад ногi першаму сустрэчнаму зверу альбо птушцы, i яйка адразу ж узрываецца, са страшнай сiлай раскiдваючы наўкол востранаточаныя касцяныя пласцiнкi, якiя могуць нават забiць. Але зараз Фырк адчуваў, што ён ужо не той, што быў раней, i таму нi кропелькi не спалохаўся дурнога кранга. Гэта здзiвiла i насцярожыла Фырка. Вядома ж, упершыню пакаштаваныя белыя шарыкi зрабiлi яго такiм. Незвычайныя сiла i лёгкасць адчувалiся ў целе. Ён быў мацнейшы за Вiнга, за ўсiх дзiкоў, якiя калi-небудзь жылi на планеце Вар. Але, самае галоўнае - ён пачаў разумець глыбiнны сэнс таго, што адбываецца. Нiбы з цёмных непраходных чаратоў выскачыў на шырокую, залiтую сонцам прагалiну. Ён i ўчора разумеў зыкi i пахi наваколля. Ды яны жылi ў iм i вакол, сплеценыя ў шчыльны клубок, засланялi адзiн аднаго, перашкаджалi з усiх галасоў выдзелiць нейкi адзiн голас. Сёння ж ён чуў, як тоненька, танюсенька
спявае чарот, як з мокрага шчацiння зрываюцца срэбныя кроплi вады, як сiняя страказа, што села на пёрка травы, iмклiва б'е па паветры сваiмi празрыстымi крылцамi."Белыя таямнiчыя шарыкi Жалезных Людзей зрабiлi мяне такiм, вiдушчым i мудрым, - сам сабе сказаў Фырк.
– Значыць, Вялiкi Статак не загiне. Учарашняга Фырка, палахлiвага i няўмелага, болей няма. Сёння я - Аюс Першы. Я разумею галасы прыроды. Я ведаю, што мае ворагi Жалезныя Людзi i тыя, хто прысылае гэтых жалязяк сюды з вулкана. Яны хочуць знiшчыць усё жывое i непадобнае на iх, хочуць, каб скрозь быў шэры цвёрды бетон. Але iм не адолець, не перамагчы Аюса Першага".
Аюс (назаўсёды забудзем iмя Фырк!) вырашыў, як толькi змеркнецца, выйсцi з балота i разведаць тэрыторыю па той бок вулкана. А пакуль што ён старанна пазбiраў металiчныя скрыначкi з белымi шарыкамi i схаваў iх у надзейнае месца - мiж тоўстых каранёў старога дрэва тулур, якое, свецячы патрэсканай попельна-сiняй карой, расло непадалёку. Ён ведаў - яны абавязкова спатрэбяцца i яму, i яго новым сябрам. А ў тым, што ён напаткае сяброў, не ў балоце, дык па той бок вулкана, Аюс Першы нi кропелькi не сумняваўся. Жалезныя Людзi, гаспадары Жалезных Людзей, бетон, якiм яны, нiбы струпам, хочуць пакрыць усё, нiчога не будуць варты ў параўнаннi з Аюсам i ягонымi адважнымi сябрамi.
Так думаў, чакаючы прыцемкаў, Аюс Першы, кароль жывёл з планеты Вар.
IX
– Дык вось адкуль узялiся ўсе нашы зямныя казкi аб жывой вадзе, сказаў Радаслаў Буслейка Веры Хрысцiнюк, убачыўшы, што твар у Клёна Дубровiча паружавеў, затрымцелi вейкi, а неўзабаве расплюшчылiся вочы. Лептонная энергiя, якая застаецца пасля фiзiчнай смерцi кожнага чалавечага iндывiдуума, як i прадказвалi вучоныя i фантасты, не знiкае, не рассыпаецца ў космасе, а стараецца трымацца кампактнай масаю, чакаючы цi аднаўлення ранейшага цела (як у выпадку з Клёнам), цi з'яўлення абсалютна новага, каб усялiцца ў яго. Я гэта ўбачыў яшчэ ў час бою з шышкагаловiкамi каля Пятровiцкага вадасховiшча. Але ж там былi не людзi, а псеўдабiялагiчныя копii. А тут - чалавек, падлетак, якi быў мёртвы, знаходзiўся ў стане клiнiчнай смерцi i на нашых вачах ажыў.
Ён сядзеў, звесiўшы ногi, на круглым металiчным дыску. Гэты дыск, знутры якога даносiлася роўнае, мяккае, як пчалiнае, гудзенне, знаходзiўся на вышынi ў два-тры з паловай метры над Ракой Адноўленых Твараў. Лёгкiя хвалi беглi па рацэ. Але там, унiзе, у блiскучых металiчных берагах, цякла не вада, а нейкая густая маслянiстая вадкасць, колерам падобная на малако. Яна была ў меру празрыстая, i Радаслаў добра, выразна бачыў твар Клёна Дубровiча - нахмураныя цёмныя бровы, запалыя шчокi. Усё цела падлетка было пагружана ў гэту вадкасць, у тым лiку i твар. Клён ляжаў на спiне, танклявы, худы, i часам здаваўся Радаславу маладой драпежнай акулай, якая, затаiўшыся, падкаравульвае здабычу.
– Ты будзеш жыць, - пiльна i неадрыўна ўзiраючыся ў твар Клёну, як заклiнанне, як малiтву, паўтараў i паўтараў Буслейка. Так загадалi плазмоiды. Тое ж самае рабiла i Вера Хрысцiнюк, дыск якой вiсеў над ракой метры за тры ад Радаслава.
I вось Клён павольна i, адчувалася, пакутлiва расплюшчыў вочы.
– Ура!
– пляснула ў ладкi Вера Хрысцiнюк, i дыск пад ёй захiстаўся.
– Цiшэй, жыхарка не нашай планеты, - адразу пачулася збоку невялiкага зялёнага шара, якi цiха-цiха кружыўся над металiчным берагам Ракi Адноўленых Твараў.
– Трэба суадносiць свае дэцыбелы, акустычную моц свайго голасу са свяшчэннасцю гэтай хвiлiны. У дадзеную бiялагiчную структуру вяртаецца жыццё, а ты можаш спалохаць яго, як лугавую птушку, сваiм крыкам. Цiшэй.
Вера Хрысцiнюк пагардлiва зморшчыла прыгожы носiк, але адразу ж прыкусiла язык. Радаслаў жа прыкмецiў, што акрамя зялёнага шара па абодва берагi ракi роўным шнуром, як бы нешта вычэкваючы, застылi фiялетавыя i чырвоныя шары. "Два кланы, якiя не хочуць мiрыцца з чалавецтвам, здагадаўся стрэсаператар.
– Iхнiя прадстаўнiкi, дакладней, iхнiя шпiкi, таксама прысутнiчаюць пры ажыўленнi Клёна. Настроены яны даволi агрэсiўна пускаюць iскры".
Тым часам Клён здзiўлена пазiраў знiзу ўверх на Радаслава i Веру, на iхнiя дыскi. Потым, рэзка шырока раскрылiўшы рукi, адштурхнуўся ад "вады", стаў на ногi, i адчувалася - рака глыбокая i стаiць ён не на дне. I што цiкава - не пачулася анiякага плёскату. "Вада" была безгалосая, нямая.