Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чалавек з брыльянтавым сэрцам
Шрифт:

Радаслаў знясiлена апусцiў рукi, зiрнуў на Карла. Твар быў, як белы рачны пясок.

– Жонка?
– спытаў Карл.

– Так. Нiнка-трысцiнка.

Нейкая хвiлiна, за якую ён прыняў мазгаграму i даў адказ на яе, каштавала вялiкай нервовай энергii. Ён адчуваў, як кружыцца галава.

У гэтым месцы патрабуецца тлумачэнне. Справа ў тым, што чалавецтва, няспынна шлiфуючы свой iнтэлект, вышукваючы глыбiнныя рэзервовыя сiлы арганiзма, навучылася намаганнем сiлы волi i любовi пасылаць на неабмежаваныя адлегласцi думкi - ад чалавека да чалавека, з мозгу ў мозг. Для такiх мазгаграм не патрэбны былi нi гукавыя або светлавыя хвалi, нi якiя-небудзь хiтрыя тэхнiчныя выкрунтасы. Ад людзей патрабавалася

толькi адно - каханне. Збалелая i ўсхваляваная душа выпраменьвала энергiю, якая, нiбы ўспышка маланкi, ляцела праз сотнi кiламетраў, беспамылкова знаходзячы адрасат. Дзецi маглi прыняць мазгаграму ад мацi, але самi былi няздольны паслаць яе, бо няспелую i нямоцную мелi душу. Дарослыя таксама валодалi такiм дарам не ўсе. Ды некаторыя дужа i не бедавалi - калi што якое, званiлi на тэлеграф. I ў Вялiкую Эру Плюралiзму ў людзей, як i заўсёды, былi розныя, вельмi непадобныя душы.

Буслейка, усё яшчэ знаходзячыся пад салодкiм гiпнозам размовы з жонкай, сядзеў з прасветленым тварам, аж пакуль яго не тармаснуў за плячо Гакенхольц.

– Пойдзем. Усе плазмоiды ўжо знiклi. Застаўся адзiн, маленькi, i ён павядзе нас некуды на начлег.

– А хiба плазмоiды спяць?

– Гэтага я, як i ты, не ведаю. Але спаць трэба нам.

Яны выйшлi з ужо абсалютна пустой залы, пабрылi па нейкiх дужа вузкiх цёмных лабiрынтах. Маленькi шарык плыў наперадзе.

– Мяркуючы па ягоных памерах, гэта васьмi - дзесяцiгадовы хлапчук, сказаў Радаслаў.
– Цiкава, як у плазмоiдаў устроены галаўны мозг? Ну, можа быць, i не галаўны, i не мозг, а той орган, якiм яны думаюць?

– Мозг мозгам, а мяне асабiста болын хвалюе, чым яны харчуюцца i як пераварваюць сваю ежу, - азваўся з цемры Карл.

– Не бойся. Пэўна ж не мясам, не каўбасой, а той жа электрычнасцю, плазмай. Падключыцца вось такi шарык да якой-небудзь энергаўстаноўкi, смактане пяць-шэсць ват i задаволены, i танцуе, - i паплыў шукаць сабе электрадзевачку.

– Яны бясполыя.

– У такiм разе, я iм не зайздрошчу. Сумна жывуць.

– Можа, сумна, а можа, i не, - па-фiласофску ўздыхнуў Гакенхольц. Гэта мы, найвялiкшыя з найвялiкшых эгаiстаў i сябелюбцаў, прывыклi ганарлiва лiчыць, што чалавек - пуп усяго, мера ўсiх мераў, вяршыня ўсiх вяршынь, зроблены па вобразу i падабенству божаму, што мы павiнны ўладарыць на Зямлi i ў Космасе. А чым, напрыклад, ластаўка горшая за нас? У ёй што - няма божай часцiнкi, божай iскры?

– Згодзен з табой.

Так iшлi яны, цiха перагаворваючыся, па таямнiчых лабiрынтах, i плыў наперадзе яркi шарык, i яны не ведалi, што чакае iх у кожную наступную хвiлiну.

Нарэшце дабралiся да месца начлегу. Радаслаў, агледзеўшыся па баках, здзiўлена ўсклiкнуў:

– Паслухай, дык гэта ж самая што нi ёсць сапраўдная манаская келля! Не хапае толькi распяцця на сцяне.

– Вельмi падобна, - сеў на каменны куб, якi замяняў крэсла, Карл.
– I сцены такiя ж, i столь, i вузенькае акенца... Цi гэта пакiнуты i забыты людзьмi падземны манастыр, цi СЦ зрабiла дужа ўдалую копiю, мяркуючы, што iдэал, вянец чалавечага жытла - суровая манаская келля. Калi так, то СЦ даволi аскетычная асоба i я з ёй не сябрую.

На каменным стале гарэла вiтая свечка, ляжаў на белым абрусе хлеб, пасыпаны соллю, стаяў цёмна-чырвоны збан з нейкiм пiтвом.

– Можа, вiно?
– хiтравата ўсмiхнуўся Радаслаў.
– Пакаштуем?

У збане была вада, халодная, смачная.

– Жывучы мiж воблакаў, мiж электрычных разрадаў, СЦ уявiла, што i мы, нiкчэмныя стрэсаператары, харчуемся толькi плазмай або, у крайнiм выпадку i па вялiкiх святах, божай расой, - змрочна пажартаваў Карл Гакенхольц.

Плазмоiд, пра якi яны амаль забылiся, вiсеў, прыляпiўшыся да столi, i раптам сказаў:

– А

мне па вашаму летазлiчэнню трыста восем гадоў.

Стрэсаператары анямелi ад здзiўлення. Потым Радаслаў, пачцiва, хоць i з доляй iронii, пакланiўшыся, прамовiў:

– Вы, наш невядомы дарагi гаспадар, старэй за Вялiкую Эру Плюралiзму. Калi я не памыляюся, Вы нарадзiлiся праз год пасля Сёмай Нафтавай Вайны.

– Не выкай мне, Радаслаў Буслейка - весела засмяяўся плазмоiд.
– Сярод вас, людзей, мне было б ад сiлы дзесяць - трынаццаць гадоў. Я самы сапраўдны хлапчук.

– Калi ты хлапчук, то навошта ўблытваешся ў размовы дарослых?
– зрабiў выгляд, што раззлаваўся, Карл.

I тут плазмоiд знiк. Гэта адбылося так iмгненна, што стрэсаператары не паспелi нават вокам мiргнуць.

– Не чакаў я ад яго такой далiкатнасцi, - разгублена сказаў Гакенхольц.

– Варта было б табе, Карл, прышыць на рот "маланку"-засцежку, - суха ўсмiхнуўся Радаслаў.

– У якiм сэнсе?

– У самым прамым. Аказваецца, СЦ не падабаецца твой гумар. Вось i зашмаргнуў бы ты рот i сядзеў моўчкi.

– Зашмаргнi свой.

– Навошта? Твой шырэйшы.

Вось-вось павiнен быў грымнуць эмацыянальны выбух. Радаслаў, каб не абвастраць сiтуацыю, дастаў з унутранай кiшэнi курткi дарожны партманет, раскрыў яго. У адным з аддзяленняў партманета ляжаў малюсенькi чырвоны чалавечак-лялька. Радаслаў нацiснуў кнопку, пачуўся свiст, i чалавечак адразу пачаў надзiмацца.

– Хутчэй, хутчэй, Якуб, - падганяў яго Радаслаў.

Чалавечак, быццам пачуўшы загад, скокнуў з партманета на падлогу i хвiлiны праз тры-чатыры быў ростам упоравень з Буслейкам. Вось ён прыняў баявую баксёрскую стойку, i пачаўся паядынак. З усiх спартыўных адзiнаборстваў Радаслаў аддаваў перавагу класiчнаму ангельскаму боксу. Якуб быў нядрэнным спарынг-партнёрам, вельмi хутка рухаючыся, валодаючы адчувальным ударам. Яго чырвоныя гумавыя кулакi ярасна малацiлi паветра, i неўзабаве Радаслававай скiвiцы давялося ўздрыгнуць.

– Малайчына Якуб!
– крыкнуў Буслейка.
– Так мне i трэба!

Гарачымi пругкiмi хвалямi поўнiлася цела. Азарт маладзiў душу. Надзейна i важка адчуваўся кожны мускул.

Карл, забыўшыся пра нядаўнюю спрэчку, смяяўся:

– Сцеражыся, Радаслаў, а то гэты гумавы джэнтльмен табе нос расплешча.

Перамог, вядома ж, чалавек. Магутным аперкотам Радаслаў звалiў Якуба. Той распластаўся на падлозе i зноў змiзарнеў, ператварыўся ў малюсенькую лялечку, каб заняць звычнае месца ў партманеце.

– Вось так я супакойваю свае нервы, - сказаў Буслейка, шматзначна зiрнуўшы на Гакенхольца.

– Дзе ж мы будзем спаць?
– захваляваўся праз нейкi час Карл.
– На голай падлозе? Цi, можа, седзячы на каменным кубе?

Ён пакрыўджана, як дзiця, засоп носам.

– Давядзецца ўсю ноч успамiнаць анекдоты, - адломваючы кавалачак хлеба, уздыхнуў Радаслаў.

– Анекдоты - саржавелая зброя даплюралiстычнай эпохi. Зброя слабых i прыгнечаных.

– Ну не скажы...

Так яны вялавата перакiдвалiся словамi, а твары iхнiя ўсё больш змрачнелi. Каго ж узрадуе перспектыва спаць на халодных камянях?

Раптам зайграла звонкая бадзёрая музыка. Над галовамi ў стрэсаператараў, шчоўкнуўшы, адчынiлiся два круглыя люкi, з iх апусцiлiся два гамакi з поўным наборам пасцельнай бялiзны.

– Слава Старой Цывiлiзацыi!
– запляскаў у ладкi Радаслаў.
– Няхай жыве дружба памiж чалавекам i плазмоiдам!

Спалi моцна. Буслейка бачыў ува сне бой каля Пятровiцкага вадасховiшча. Зноў ён ляжаў побач з капiтанам Хвалiбогам i зноў iшлi па вадзе шышкагаловiкi, страляючы з псеўдааўтаматаў. Маршыруючы паперадзе iх, iмi камандаваў сухарлявы чарнавусы франт, апрануты ў форму рэспублiканскай гвардыi.

Поделиться с друзьями: