Цыганскі кароль
Шрифт:
- Спазніліся, - раўнуў кароль.
– Час пачынаць.
Два гайдукі ўцягнулі з суседніх дзвярэй "мітрапаліта" з сенам у валасах і коса насунулі яму на галаву штосьці падобнае на мітру. Мітрапаліт завесіў галаву і ціха мыкаў, парываючыся нешта сказаць. Паюк, што стаяў за крэслам караля, паклаў перад святым айцом на пюпітр тоўстую біблію.
- Пачынай набажэнства, - сказаў кароль.
Адказам было мычанне.
– Вы што, не маглі працверазіць чалавека?
– Цэбар вады вылілі, не дапамагло, - спуджана замармытаў гайдук.
– Раскрыйце кнігу і торкніце пальцам дзе-небудзь. Ён прывычны, не першы раз так, - параіў медыкус.
І сапраўды дапамагло. Мітрапаліт механічна
- Другазаконне, раздзел дваццаць пяты. "Калі б'юцца між сабой мужчыны і жонка аднаго падыдзе, каб адбіць мужа свайго з рук тых, хто б'е яго, і, працягнуўшы руку сваю, схопіць яго за сорамны вуд, то адсякі руку яе..."
- Не тое, здаецца, - закруціў галавою кароль.
Старонку перагарнулі. Шляхта, якая ўстала, і нацягнуўшы шапкі і выцягнуўшы з похваў шаблі на доказ таго, што яна гатова абараняць веру аж да самага скону, таксама пачала круціць галовамі. Мітрапаліт зноў пачаў мармытаць:
- "Каханы мой прасунуў руку сваю праз шчыліну, і нутро маё хвалявалася ад яго".
- М-м-м, - замыкаў Знамяроўскі, - гартайце далей, д'яблы.
- "Бо адкрыецца сын мой Ісус з тымі, хто з ім, і тыя, хто застанецца, будуць цешыцца чатырыста год. А пасля гэтага памрэ сын мой Хрыстос і ўсе людзі, што маюць дыханне".
Мітрапаліт часта залыпаў вачыма, нешта ўзважваючы п'янай галавой. Пасля пачаў дробна жагнацца.
- Дык... дык гэта мы 1400 год таму ўсе памерлі... Божа мой!.. Бо-ожа мой!.. А бо-го-го-го-жа мой!.. І яшчэ мала нам за грахі нашы... Гэта атрымліваецца, браткі мае, пекла... І агні... А ты - на ўзвышшы - Люцыпар.
Знамяроўскі пачаў пацепвацца. Гаркнуў, наліваючыся крывёй:
- А ідзі ты ведаеш куды з тваёй бібліяй?
І кінуў:
- Канчай рытуал. Халера на вас, папоўскія храпы.
Госці шумна пачалі рассаджвацца. Мітрапаліт таксама сеў, і яму ў нерухомыя рукі ўсунулі кубак.
- Слухайце, гэта ж кашчунства, - прашаптаў медыкусу Яноўскі.
- Нічога, сынок, вучыся, - таксама шэптам адказаў медыкус.
– Яны не паважаюць нават апоры сваёй. А зараз пабачыш, як яны паважаюць сябе.
Пачалі піць і закусваць. Падавалі піва чорнае і белае, настойку "тройчы дзевяць", кюмель і мёд. Госці, што сядзелі ля Знамяроўскага, елі мядзведжыя шынкі, хрыбтавіну асятровую, смажанага лебедзя і іншыя далікатэсы. Загонавая шляхта - боршч з сасіскамі, разварную ялавічыну, палаткі, гарох са свінінай; сотнямі знішчалі гарачыя, як агонь, наперчаныя біткі. Нягледзячы на тлустую ежу, усе хутка ап'янелі, бо пілі так, як нават Яноўскаму не даводзілася бачыць. Ён звык да штодзённай нормы ўжывання віна шляхецкай вялікай сям'ёй - дванаццаць бутэлек. Першыя чатыры амаль паўсюль выпівалі за першым абедам, у дванаццаць гадзін дня. Другія чатыры - за другім, у чатыры гадзіны. За вячэраю, якая бывала, звычайна, у 10-11 гадзін вечара, канчалі норму і больш не пілі. Дванаццаць апосталаў - дванаццаць бутэлек. А тут на стол усё цягнулі і цягнулі бутэлькі "мядзведзікі", "удовы", маленькія бочачкі. Бутэлькі былі розныя: пузатыя, доўгія, пляскатыя з "таліяй" (каб зручна было трымаць у п'янай руцэ). "Мядзведзікі" былі ў выглядзе мядзведзяў, бараноў, ільвоў - гарэлка біла ў іх з ратоў. Але цікавей за ўсё былі "ўдовы", бутэлькі ў выглядзе абаранка. Удовамі іх звалі таму, што такія бутэлькі і сапраўды часцей за ўсё ўжываліся ўдовамі. Прычапурыцца жанчына, налье ў такую бутэльку гарэлкі, насуне на носік абаранак, надзене бутэльку на руку, бліжэй да локця, і ідзе да аўдавелага кума развеяць тугу.
Напіліся да таго, што нейкі шляхцюк пачаў рагатаць, гледзячы на ўласны палец, а другі засяроджана браў з талеркі пірагі, выграбаў з іх пальцам начынку, а астатняе кідаў
пад стол, дзе круціліся дацкія сабакі -п'яўкі.Але стрыжнем вячэры была вялікая чаша, у якую ўваходзіла пяць бутэлек віна і яшчэ тры ў накрыўку. Сапраўдны пітун павінен быў піць не глытаючы, каб віно проста пералівалася ў горла. Таму з накрыўкі дазволена было піць толькі адным глытком, а самы келіх - у два прыёмы. І нікога не мінала горкая чаша сія.
Пасля яе зала нагадвала поле пабоішча, і гайдукі пачалі ўжо сцягваць некаторых гасцей, што абражалі апетыт параўнальна цвярозых, у "мярцвецкую". Дзіва, але мітрапаліт стаў амаль цвярозы, і толькі збытак вінных пароў выходзіў праз яго голую галаву, якая курылася, як вулкан.
Знамяроўскі сядзеў арлом. Азызлыя шчокі падабраліся, у карых вачах з'явіўся агеньчык, нос, падобны на піпку, міла чырванеў.
Усё было добра. Дзяржава яго была вялікая, сам ён быў цар цароў, эканоміка была ў парадку, пілі і елі дасхочу. Нават эмігранты з іншых краін (у асобе Яноўскага) прыпадалі да яго ступакоў. Велічны жывот караля ляжаў на каленях, доўгія рукі былі падкладзены пад зад, на твары блукала шырокая ўсмешка, і нават вочы замасліліся ад асалоды. І самыя думкі былі прыемнымі.
Ён мацнейшы за ўсіх, цыганы дрыжаць пад яго позіркам, улада над акругай поўная. Што можа зрабіць яму кароль? Праўда, царыца дабіраецца да яго зямлі, дзеліць Польшчу, але чорт яе бяры. Яму, Знамяроўскаму, і пры царыцы будзе не горш. А калі надта ўжо не спадабаюцца новыя парадачкі - можна разам з падданымі адкачаваць туды, дзе яшчэ будуць залатыя шляхецкія вольнасці. Ды не, не папусціць бог. Гэта ж такая сіла, шляхта! Хоць бы і ён нават?! А добры мой народ заўсёды дапаможа. Ён сваё панства любіць, шануе, ледзь не вышэй за пана бога ставіць. За дзевяць год улады ніхто сур'ёзна нават і не думаў абурацца. А надумаецца - скручу.
- Келіх сюды, свінтухайлы!
А медыкус, седзячы ля Яноўскага, раптам спытаў:
- Ведаеце, чаму тут так п'юць... не на жыццё, а на смерць?
- Людзі тут такія, - разгубіўся Яноўскі, - тут ужо нічога не зробіш.
Медыкус непрыемна скасавурыўся:
- Глупства! Мы любім піць не больш і не менш, як усе іншыя людзі на зямлі. Але мы - гной пад нагамі чужынцаў. Нават у жыцці сваім ніхто ў гэтым праклятым каралеўстве не ўпэўнены. А гарэлка - гэта сябры, гэта - пяць - дваццаць - тысяча шабляў такіх сабутэльнікаў, узнятых на тваю абарону, калі нападзе мацнейшы сусед. Няма цвёрдай улады - пануе моцны, мы п'ём. Простая механіка? П'янствуюць людзі - значыцца каралеўства гіне. Верная прыкмета. П'юць, каб забыць, каб заліць гора і знішчыць няўпэўненасць. Але галоўным чынам, каб прыдбаць сяброў.
І ён спапяляючым позіркам паглядзеў на шляхцюка, які "скакаў", адрываючы на які-небудзь дзюйм ногі ад падлогі, круціў галавою і вывяргаў брыдкую лаянку.
- Дурныя людзі. Усё не па-людску. З самага пачатку толькі і робяць, што гандлююць радзімай. Магутная цыганская дзяржава... П'юць, як свінні. Дзеці нараджаюцца ідыётамі: яны яшчэ ў чэраве маці атручаныя гарэлкай. Ёлупы і юродзівыя! І за ўсё гэта заплацяць нашчадкі. Ім яшчэ рыгнецца за кожную нашу чарку, за кожную ноч распуты. Яны будуць кашчавыя, слабыя на цела і мозг.
Яноўскі хацеў адказаць яму, але пабачыў, што кароль заве яго пальцам. Ён падышоў да яго. Знамяроўскі глядзеў на яго вар'яцкімі вясёлымі вачыма.
– Што , пасол, нудзьгуеш?
– Наадварот, мне весела, вялікі кароль.
– А мне нудна. Насмяшы ты мяне, пляменнічак. Насмяшыш - шкадаваць не будзеш, шчыра кажу. Загаўкай, ці што...
Яноўскі маўчаў. У гэтую хвіліну ён лепей даў бы сябе разрэзаць на кавалкі, абы не смяшыць гэтага тлустага кабана. Ён упарта сціснуў зубы.
Знамяроўскі пазяхнуў.