Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Цыганскі кароль

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

– І я таксама больш не буду тут, - цвёрда сказаў медыкус.
– Я еду. Еду вельмі далёка. Мне было сорамна ўчора. Пасля такога запалу скончылася лупцоўкай. Яны далі Знамяроўскаму багатыя падарункі, з пашанаю адвялі ў палац. Хай ён выправіўся, хай будзе выдатна правіць народам - што гэта за народ, калі над ім стаіць адзін? Хіба можна такі народ назваць вялікім? Я добра бачыў, як яны падалі ніцма, як крычалі: "Хай

жыве кароль!" Я думаў, што кожны народ мае такі ўрад, якога сам варты, і няма добрых народаў на зямлі. Учора я цвёрда вырашыў атруціцца. Але я цягнуў, невядома чаму. Ці ад недарэчнай прывычкі жыць, ці аб боязі вялікага "нічога"? І я ўзнагароджаны. Шчасце ёсць на зямлі.

– А што такое?
– спытаў Міхал насцярожана.

Медыкус схапіў яго далонямі за скроні:

– Любы мой, любы. Пачынаецца новы дзень. Не ўсё яшчэ загублена. Два тыдні назад народ у Парыжы ўзяў і разбурыў Бастылію. Я ўпэўнены: пажар пачаўся надоўга. І хутка паўсюль захістаюцца троны, павее свежы, бурхлівы, магутны вецер. Я шчаслівы. Чалавек не ліжа руку, што б'е яго. Я пайду туды, праскочу неяк да Рыгі. А пасля - морам. Я з'яўлюся да іх, і папрашу, і скажу: " Вазьміце мяне. Я прыйшоў да вас ад народа, які не менш вас любіць святую волю, які абараняў яе не горш за вас усё жыццё і які зараз не мае волі нават на тое, каб памерці. Гэта недарэчны, любімы мною народ. Сячыце галаву свайму каралю, а пасля пойдзем рабіць тое самае на ўсёй зямлі. І, магчыма, чарга дойдзе і да майго маленькага народа. Ён устане, ён выпрастаецца. І ён пакажа ўсім, якая ён сіла, як ён умее працаваць, ствараць, спяваць... Я іду да іх... Але я хутка вярнуся, пабачыш. І не адзін. І тут сустрэне мяне армія волі... А цяпер бывай... Уцякайце адсюль хутчэй, дзеці. Тут нельга дыхаць. Ідзіце на дарогі, на святло, да людзей".

І ён расчыніў акно.

– Бачыце, сонца сядае. Вялікае сонца нашай зямлі. Яно будзе новым...

– Калі ўзыдзе заўтра, - цвёрда дакончыў Яноўскі, і абняўшы Аглаю за плечы, глянуў ёй у вочы. Пасля яны глянулі на захад, дзе дагараў дымны чырвоны дыск.

Эпiлог

Нам давядзецца сказаць толькі некалькі слоў пра лёс нашых герояў.

Кароль Якуб Першы выправіўся і, не прыгнятаючы цыганоў,

літасціва правіў імі да самай сваёй смерці, якая наступіла ў 1795 годзе.

Паколькі Яноўскі, нягледзячы на ўсю сваю ўдзячнасць, адмовіўся атрымаць у спадчыну цыганскую карону, са смерцю Якуба скончылася і дынастыя. Цыгыны выбралі каралём, і даволі няўдала, таксама лідскага шляхцюка Міласніцкага.

Польшча, дзякуючы гнілому панству, пала. Пачаўся новы перыяд гісторыі Белай Русі. Новыя парадкі не спадабаліся Міласніцкаму, і ён з большасцю заможных цыганоў перакачаваў у 1799 годзе ў Турцыю.

На Беларусі засталася нязначная колькасць цыганоў без дзяржавы, без урадавай арганізацыі.

Яноўскі стрымаў сваё слова, адпусціў на волю пасля смерці бацькоў сваіх сялян. Сам ён жыў працаю рук сваіх разам з жонкаю доўга, шчасліва і небагата. Да канца жыцця ён франдзіраваў перад шляхтай і нават прозвішча сваё змяніў, узяўшы "прыдомкам" да яго прозвішча прыгоннай жонкі. Так прайшлі на зямлі беларускай Свеціловічы-Яноўскія.

Праўда, дзеці яго зноў прыдбалі невялікі маёнтак, адзін з маёнткаў дзядоў, але прыгонных у іх ніколі не было. Рошчына бацькі-вальтэр'янца дала свае плады.

Што ж датычыцца слаўнага медыкуса караля Якуба, то звесткі аб ім, няпэўныя і нешматлікія, кажуць вось што.

У славутым Канвенце адным з дэпутатаў, выбраных за заслугі перад рэвалюцыяй, быў чужак, грамадзянін з невядомай краіны, што звалася па-латыні Alba Russia. Некаторыя сцвярджалі, што па прафесіі ён лекар, як Марат. Ён гэта быў ці не ён - невядома. Але ён адным з першых падаў голас за смерць караля, быў некаторы час урадавым камісарам адной з армій на Рэйне і ў Вандэі.

У страшны дзень, калі Рабесп'ер раздрабіў сабе сківіцу стрэлам з пулгака, гэты чалавек - адзін з нямногіх - да канца абараняў яго і склаў галаву на славутай машыне доктара Гільятэна, якая, як прадажная дзеўка, служыла спачатку рэвалюцыі, а пасля яе ворагам.

Калі гэта быў наш добры знаёмы - шкада. Ён так і не мог вярнуцца на сваю радзіму з воляй на сцягах. Але суцешымся тым, што ён зрабіў усё, што магчыма, што жыццё ягонае было адзіным акордам, у якім не было фальшывых нот. 

1958 г.

Поделиться с друзьями: