Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Цыганскі кароль

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

І таму, што ён усё яшчэ гладзіў яе галаву, адхіснулася ад яго і, прынікшы да сцяны, сказала:

– Я хацела б толькі, каб наступны раз, калі гэта будзе... мне хацелася б, каб гэта былі вы. Бо калі нейкі разлезнік або проста пан... я ўтаплюся тады.

Яноўскаму стала пякуча сорамна. П'янка, наезд, суд - і гэтыя словы, першыя словы, у якіх быў чалавек. За ўсе дні.

Ён сядзеў невядома колькі, сціснуўшы скроні, а пасля ўбачыў, што яна спіць, стомленая перажытым жахам.

І тады ён ціха, як злодзей, чырванеючы ад сораму, паклаў яе на падушкі, нячутна накрыў коўдраю,

а сам доўга яшчэ глядзеў ёй у твар.

Пасля ўздыхнуў, сцягнуў з сябе чугу і, разаслаўшы яе ла дзвярэй, расцягнуўся на ёй.

У гэтым была і ганьба, і помслівая асалода, і нейкае светлае, чыстае, трохі сумнае і зусім новае пачуццё. 

VI

– Пане, уставайце. Ой, пане, уставайце!

– Што, што такое?

– Ой, пане, дрэннае нешта робіцца за агароджаю.

Яноўскі ўсхапіўся на ногі. Перад ім стаяў адзін з гайдукоў караля, спуджаны ледзь не да смерці. Міхал, здзіўлены, чаму ён спіць на падлозе, нарэшце ўсё ўспомніў і спытаў:

– А дзяўчына дзе?

– Якая дзяўчына? А, гэтая, што тут?
– І гайдук ашчэрыўся.
– Мы іх раніцою не трымаем. Пайшла дахаты.

– Ну і добра.

З дзённым святлом, хоць і вельмі саслабелыя, вярнуліся забабоны і правілы маралі дзён былых. Яноўскаму было пякельна сорамна за падзеі гэтай ночы. Так, гэтая Аглая цудоўная дзеўка, так, суддзя не чалавек, а брудная свіння, і ён не шкадуе, што ўчора набіў яго. Але суцяшаць, як быццам поруч з табою няшчасная княгіня, але спаць ля дзвярэй, як быццам ты ў спальні каралевы. Бязглуздзіца!

Ён хутка апрануўся, прычапіў шаблю і пабег да дзвярэй. У замку было пуста. На ганку Міхал убачыў натоўп гайдукоў, якія завіхаліся ля гарматы, наводзячы яе на зачыненую браму. Бязладныя крыкі. Нехта сыпле ў жарало порах з картузоў. Мітусяцца, крычаць.

Яноўскі расштурхаў людзей, выбег на двор.

Што такое?

– Паглядзі сам, - змрочна кінуў нейкі шляхцюк, жоўты з перапою.

Яго вачам адкрыўся жахлівы малюнак: выган перад частаколам быў чорны ад цыганоў. Задзёртыя засмаглыя твары, разяўленыя зяпы. Суцэльны крык. У паветры калы, сякеры, пугі.

Кажухі расхрысталіся на грудзях. У вачах лютасць.

Медыкус стаў поруч з Міхалам. Вочы яго ззялі незразумелым захапленнем.

– Сёння мы, здаецца, загінем.

Міхал кінуў на яго бліскавічны злосны позірк:

– Яны загінуць. Забыліся, на каго ўзнялі меч. Мы п'янюгі, але мы ўмеем ваяваць.

І скінуў шапку.

– Дзякуй табе, божа. Ты яшчэ раз дасі мне перад смерцю пабачыць, як замест віна льецца блакітная кроў.

Медыкус іранічна глядзеў на яго:

– Божа, якія героі!

– Дзе кароль? Дзе госці?
– замест адказу спытаў Міхал.

– Дрыхнуць.

– Ну што ж, тым лепей.

І ён спусціўся ўніз. Яму ўдалося згуртаваць атрад з дваццацёх цвярозых шляхцюкоў. Ён паставіў іх трохі воддаль ад гарматы, злева ад брамы, каб ударыць, калі пачнуць прабірацца на двор.

"Каронны суддзя" выбег з дзвярэй, пабачыў, што шляхту ўзначальвае Міхал, і пачаў аддаваць загады гайдукам:

Смялей, дзецюкі. Радзіма глядзіць на нас. Яна дарагая, яна вялікая. Хто памрэ, таго бог адзясную сябе пасадзіць. За радзіму, за караля!

– На злом! На злом!
– раўлі тыя, што асаджалі.
– Смерць уладарам!

У браму пачалі біць чымсьці цяжкім. Паляцелі гнілыя трэскі. І тут Яноўскі ўбачыў караля. Апрануты, як на баль, ён махаў у паветры шабляй, стоячы сярод захмялелых гасцей.

– Неба! Радзіма! Кароль! Валі, браткі! Сякерай іх! Друком!

Сэрца Яноўскага палала нябесным ярасным захапленнем. Не, жывая была адвага сотні пакаленняў, жывая была слава! Вось яна, сонная, ля віннай бочкі, убачыла небяспеку, разгарнула крылы і ляціць над галовамі людзей.

Форткі брамы разляцеліся. На двор рынуў натоўп інсургентаў.

– Святы Юры і Русь! Памром!
– дзікім голасам закрычаў Яноўскі і кінуўся з шабляю насустрач. Адначасова ён пачуў крык Якуба і ўбачыў яго ўзнесеную шаблю. Не памятаючы сябе, у дзікім захапленні бою, ён урэзаўся ў натоўп, скрыжаваў з кімсьці шаблю, чакаючы, што зараз поруч стануць яшчэ і яшчэ людзі, Гарацыі, героі Плутарха.

Штосьці ўразіла яго. Ён азірнуўся. На пляцоўцы нікога не было, акрамя Якуба і яго. Дзе падзеліся астатнія, цяжка было сказаць. Міхалу здалося толькі, што пад ганкам, у лебядзе, варушыліся чыесьці ногі. Аднак ён біўся.

– Зараз ахне гармата. Вы заскачыце яшчэ.

Страшэнны пярун прагучаў над сечай. Калі дым разышоўся, Міхал убачыў ствол гарматы, амаль раздзёрты на закручаныя палосы, падобны на жоўтую лілею. Поруч з гарматай ляжаў, задёршы дагары зад, "кароння суддзя".

У тую ж хвіліну шалёны натоўп закруціў Міхала і караля і панёс ад ганка. Іх схапілі, абяззброілі, паставілі воддаль адзін ад другога, скруцілі рукі.

Цыган, што атрымаў тады поўху, узлез на ганак:

– Роме, мы скінулі ярмо, што давіла нас. Цыганская рэспубліка, жыві! Прэч дэспатаў!

Натоўп адказаў крыкамі. Шапкі ўзляталі над галовамі людзей.

Мы будзем судзіць караля. А ўсіх, што лютавалі, баронячы яго, аддаю ў твае рукі, народ цыганскі. Скончыліся паборы, скончыўся прыгнёт.

– Ура, Ян! Жыві! На шчасце цыганам!

Караля павялі ў палац. На ганку ён крыкнуў:

– Кароль у кайданах - усё роўна кароль!

Яноўскі кусаў вусны ад ганьбы. І гэта былі людзі, гэта былі героі! Лепей было памерці... Адны беглі на гармату - і гэта была быдлячая чарада з пугамі. Другія - узброеныя, магутныя, моцныя! Божа, божа! Засталася смерць. Толькі яна.

Ян падышоў да Міхала:

– Гэты вёў супраць нас шляхту. Ён адзін кінуўся на нас. Войска яго знікла. Праўда гэта, былы пан?

Яноўскі ўскінуў галаву:

– Праўда. І я пагарджаю вамі. Забіце мяне.

Натоўп зароў, замільгалі ў паветры друкі.

– Смерць яму, смерць!

Яноўскі глянуў на неба, якое было сведкам яго смяротнай ганьбы.

– Забівайце. Я хачу смерці. Мне нельга жыць.

Ён узвысіў голас:

– Калі тут не было сёння шляхты, калі тут былі адны свінні, хай хоць адзін памрэ за ўсіх.
– І дадаў хрыпла: - Гонар, жыві!

Поделиться с друзьями: