Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дэмакратыя i этычнае жыццё

Рын Клаэс Г.

Шрифт:
Ідэя народнага вяршэнства

Але ці не з'яўляецца гэта кплівай пародыяй дэмакратычных ідэалаў? Ці не павінна сапраўдная дэмакратыя заўсёды спрыяць максімальна магчымаму народнаму кантролю над грамадскай палітыкай? Ці не схаваны за ўсенародным выбарчым правам у выглядзе амерыканскай формы кіравання аўтарытарны характар сістэмы ўвогуле? Такі дасканалы механізм абмежавання волі большасці, безумоўна, несумяшчальны з ідэяй вяршэнства народа. Гэта супярэчнасць набліжае нас да стрыжня фундаментальнага пытання, на якое павінна даць адказ дэмакратычная тэорыя. Калі сыходэіць з таго, што вяршэнства народа — аснова дэмакратыі, то што трэба пад ёй разумець?

Здавалася б, што калі мы надзяляем людзей правам самакіравання, мы маем на ўвазе адну з наступных дзвюх рэчаў: поўную свабоду народа дзейнічаць у любы дадзены момант згодна са сваім імкненнем ці магчымасць дзейнічаць выключна ў рамках дапушчальнага. Сцвярджаць, быццам толькі першы шлях спалучаецца з ідэяй народнага вяршэнства, значыць упасці ў супярэчнасць з самім сабой ці далучыцца да ўтапістаў. Калі гэтая ідэя сапраўды мае на ўвазе поўную свабоду народа дзейнічаць на ўласны одум, то яна не выключае скасавання дэмакратыі і ўстанаўлення дыктатуры, што азначае марнасць самой дэмакратыі. Гэтую ідэю не выратоўвае

і сцвярджэнне таго, што нават ва ўмовах сваёй свабоды народ павінен разам з тым захоўваць дэмакратычную форму кіравання — гэта будзе ўсё роўна, што перайсці да процілеглага пункту погляду, а менавіта, што вяршэнства народа заўсёды мае на ўвазе абмежаванне яго свабоды. У гэтым выпадку адзіным шляхам адстойвання ідэі поўнай свабоды застанецца русаісцкі падыход, які ўтрымлівае спробу даказаць, што ў пэўных абставінах людзям падабаецца дзейнічаць такім чынам, каб увекавечваўся грамадскі кантроль. Але як мы ўжо бачылі, нават Русо не надта перакананы ў сваім сцвярджэнні перавагі агульнай волі над тыранічнай воляй усіх у ідэальнай дзяржаве. Калі мы імкнемся ўнікнуць відавочна нерэалістычнага погляду на абавязковую наяўнасць у людзей моцных пачуццяў схільнасці да дэмакратыі, нам застаецца толькі тая ісціна, што абмежаванні народнага волевыяўлення не толькі сумяшчальныя з канцэпцыяй вяршэнства народа, але і маюцца ёю на ўвазе. Toe, да чаго мы можам ставіцца як да галоўнага прынцыпу канстытуцыйнага ладу, будзе, такім чынам, здавацца неад'емным ад самой канцэпцыі. Узнікае пытанне, кім павінен вызначацца памер абмежаванняў і кім яны павінны ўжывацца. Ва ўмовах дэмакратыі адказ, хутчэй за ўсё, павінен быць наступным: народам ці яго прадстаўнікамі.

Гэта гучыць парадаксальна, але канцэпцыя народнага кіравання (рэальнае паняцце, а не ўтапічная мара) мае на ўвазе кіраванне, якое ажыццяўляе народ у рамках самастойна прынятых абмежаванняў. Змест апошняга сцвярджэння трэба прааналізаваць вельмі ўважліва. 3 тае прычыны, што нашай мэтай з'яўляецца аналіз сумяшчальнасці дэмакратыі з патрэбамі этычнага жыцця, нас павінна ў першую чаргу цікавіць яе этычнае вымярэнне.

Ідэалам Русо з'яўляецца народ з адзінай палітычнаю воляй. I ён прытрымліваецца яго, паколькі сыходзіць з адзінства чалавечай прыроды. Але калі мы адмовімся ад гэтага погляду і будзем засноўваць свае разважанні на назіранні сучаснага грамадства, дык мы вымушаны будзем прызнаць існаванне пастаяннага канфлікту воляў па самых розных дробных і буйных пытаннях. У пэўных сферах паміж грамадзянамі часам забяспечваецца і падтрымліваецца згода, але паколькі верагоднасць аднадушнасці ў грамадстве малая, гэта тлумачыць частае выкарыстанне ў тэорыі дэмакратыі такіх паняццяў, як большасць і меншасць. Розныя палітычныя волі існуюць у народзе не толькі ў нейкі дадзены момант, але і на працягу часу. Грамадская думка ёсць зменлівае спалучэнне поглядаў і настрояў, асноўны акцэнт у якіх і інтэнсіўнасць таксама пастаянна мяняюцца. Супрацьстаянне раз за разам набывае новыя матывы. Большасць страчвае сваю шматлікасць, меншасць ператвараецца ў большасць. Да чаго павінна быць прывязана ідэя вяршэнства народа ва ўсёй гэтай разнастайнасці грамадскай думкі? Мы ўжо бачылі, што ніводнае волевыяўленне не мае на такое выключнага права. Адказ на гэтае пытанне можа ўтрымлівацца ў этычнай філасофіі, якая і прапаноўваецца мною.

Я казаў, што чалавек існуе на скрыжаванні двух сусветаў. Яго жыццё характарызуецца супрацьстаяннем паміж пастаяннай і заўсёды зменлівай плыняю імпульсаў і пачуццём вышэйшае мэты. Гэтая вышэйшая воля, як толькі чалавек дае ёй ход, дысцыплінуе і ўпарадкоўвае яго жаданні ў дадзены момант з улікам вечных нормаў маральнай дабрадзейнасці. Яна прыўносіць у яго жыццё адчуванне адзінства і гармоніі, пэўнае ўдасканаленне недасканалай натуры. Апроч як у тым сэнсе, што этычнае сумленне будзе адчувацца рознымі людзьмі ў розных абставінах, да яго нельга ставіцца як да ўласнага дапаможніка па пытаннях таго, што добра, а што — не. Яно сцвярджае наяўнасць агульнай для ўсіх людзей мэты, утрымліваючы ў сабе шматлікія чалавечыя ўчынкі. Дзеля азначэння такой самаапраўдальнай мэты я карыстаўся такімі словамі, як «гармонія», «шчасце» і «супольнасць», якія апісваюць розныя аспекты адной рэальнасці. Канчатковую мэту палітыкі можна акрэсліць як забеспячэнне супольнага існавання. Пад супольнасцю я маю на ўвазе асаблівы тып аб'яднання, такую форму цывілізаванага суіснавання, калі інтэлектуальнае, эстэтычнае і эканамічнае жыццё грамадства вызначаецца пэўным маральным прызначэннем, якое аб'ядноўвае ўсіх. 3 пункту погляду рэлігіі, мэтай гэтага лёсу з'яўляецца далучэнне да Усявышняга. Частковае ажыццяўленне гэтай мэты, якое магчыма з дапамогай палітыкі і якое менавіта нас і цікавіць, Арыстоцель вызначае як «дабрадзейнае жыццё».

Абавязак дзейнічаць маральна захоўваецца незалежна ад таго, маюць гэтыя дзеянні прыватны, «грамадскі» ці «палітычны» характар, як, напрыклад, галасаванне на выбарах. Тэрмін «народ», які выкарыстоўваецца ў дэмакратычнай тэорыі, не азначае нейкай таямнічай, незалежнай існасці над галовамі членаў грамадства — гэта зборная назва тых самых членаў, якія ўдзельнічаюць у палітычным працэсе. Этычнае сумленне вымагае імкнення ўсіх людзей да адзінае мэты і як мага больш шырокага ўсведамлення яе ў грамадстве. Як кожны чалавек мае высокае «я», так мае яго і ўвесь народ, што складаецца з асобных грамадзян. Высокае «я» народа — гэта этычнае сумленне ў дачыненні да «грамадскіх» ці «палітычных» спраў. У якасці агульнага «я» грамадзян, якія арганізаваліся дэеля сумеснага вядзення спраў, этычнае сумленне мае на мэце палітычны парадак, які спрыяе духоўнаму ўзвышэнню грамадства, а не аднабаковыя перавагі той ці іншай асобы або грамадскай групоўкі. Гэтай высокай волі, існаванне якой не патрабуе асаблівых доказаў, супрацьстаіць бясконцая колькасць уласных інтарэсаў, якія адымаюцца ад маральнай мэты і могуць быць вызначаны як нізкая воля чалавека.

Такім чынам, можна сказаць, што чалавек мае два «я», адно з якіх заўсёды імкнецца да супольнасці ў любых абставінах, а другое мае змест, які пастаянна мяняецца і імкнецца падпарадкаваць палітычны лад групавым інтарэсам. Але тут паўстае наступнае пытанне адносна ідэі самакіравання: якому «я» належыць права кіравання? Толькі высокае «я» чалавека — імкненне да супольнасці ў кожнага грамадзяніна, узятага паасобку, калі першае азначэнне гучыць занадта метафізічна — будзе адзіным абгрунтаваным адказам з пункту погляду маралі. Паколькі падчас аналізу філасофіі Русо і ў іншых месцах я выказаўся рашуча супраць ідэі атаясамлівання маральнасці і палітыкі, я далёкі ад сцвярджэння, што ўстанаўленне дэмакратыі вартае толькі тады, калі можна чакаць ад людзей прыняцця ўсіх рашэнняў на аснове этычнага сумлення. Я сцвярджаю наступнае: канцэпцыя дэмакратыі мае этычнае

абгрунтаванне толькі ў тым разе, калі механізм народнага самакіравання, які яна стварае, спрыяе выкарыстанню этычнага сумлення ў адносінах да палітычных пытанняў. Якія б іншыя самастойна прынятыя абмежаванні ні мела на ўвазе ідэя народнага вяршэнства, народ павінен устанавіць пэўную маральную дысцыпліну і падпарадкоўвацца ёй. Іншымі словамі, народнае вяршэнства павінна вызначацца адносна этычных нормаў супольнасці.

Можа ўзнікнуць уражанне, што ідэя падпарадкавання народа больш высокай інстанцыі ў выглядзе этычнай мэты носіць недэмакратычны характар. Калі б большасць была пазбаўлена магчымасці раптоўна змяніць дэмакратычныя правілы гульні, то ці не супярэчыць гэта ідэя на справе ўсёй тэорыі народнага самакіравання і свабоды? Гэтае сцвярджэнне будзе мець рацыю толькі ў тым выпадку, калі лічыць, што чалавек, які імкнецца вызначаць свае паводзіны этычным сумленнем, страчвае сваю свабоду і больш не з'яўляецца гаспадаром самому сабе. Але гэтая дысцыпліна прымаецца добраахвотна і з'яўляецца імкненнем да дабрадзейнасці. Падпарадкавальную ролю этычнага сумлення чалавек успрымае як нешта неабходнае для ажыццяўлення ўласнага прызначэння, а не як чужы, знешні ўплыў на яго жыццё. Назваць такое падпарадкаванне скасаваннем свабоды — значыць трансфармаваць ідэю свабоды ў формулу няшчасця.

Дакладнае ўсведамленне таго, што ёсць свабода, магчыма толькі ў спалучэнні з маральнай каштоўнасцю абраных мэтаў. У найбольш глыбокім філасофскім сэнсе чалавек сапраўды свабодны толькі тады, калі яго ўчынкі ўзбагачаюць жыццё і спрыяюць ажыццяўленню яго мэты. Супольнасць ёсць вышэйшая каштоўнасць, а шчасце — удзел у дабрадзейным жыцці разам з як мага большай колькасцю іншых людзей. Такім чынам, свабода ёсць здольнасць дзейнічаць згодна з разуменнем таго, што спрыяе духоўнаму дабрабыту ўсіх, да каго тое ці іншае дзеянне мае дачыненне. У дакладным сэнсе, народ можна лічыць свабодным у самакіраванні толькі тады, калі ён сапраўды імкнецца рэалізаваць умовы супольнага жыцця.

Сваю назву апраўдваюць дэмакратычныя «свабоды» — свабода слова, аб'яднанняў і г.д., бо ва ўмовах недасканаласці поглядаў, бесперапынных змен і разнастайнасці яны даюць усведамленне неабходнасці пастаяннага аналізу і перагляду сродкаў і неабходнасці ў абароне ўнікальнага прызначэння кожнага індывідуума, якое вызначаецца асабістымі талентамі і ўмовамі жыцця. Палітычныя свабоды самі ў сабе не з'яўляюцца канчатковымі мэтамі. Калі карыстанне імі не вынікае з клопату аб тым, што ёсць добра для ўсяго грамадства, яно ператвараецца ў магчымасць самаўзвялічвання і злоўжывання свабодай, у сродак патурання палітычна і маральна дэструктыўным сілам у грамадстве. Большасці ў грамадстве, якім спрыяе такі тып «свабоды», з'яўляюцца на справе групамі змоўшчыкаў. Яны імкнуцца пашырыць свой склад і ўплыў за кошт сапернікаў. Вызначэнне народнага вяршэнства ў сувязі з такім тыпам народнай волі будзе азначаць заснаванне канЦэпцыі дэмакратыі на тым, што з'яўляецца непазбежнай пагрозай існаванню гэтай і іншых форм кіравання.

Заўвагі

1 Hamilton, Madison and Jay. The Federalist Papers. Ed. Clinton Rossiter (New York: Mentor Books, 1961), No. 10, p. 82.

2 Willmore Kendall. Contra Mundum. Ed. Nellie D. Kendall (New Rochelle, N.Y.: Arlington House, 1971), 277278 (выдэелена ў арыгінале).

Раздзел X
Дух канстытуцыйнага ладу

Паколькі дэмакратыя адпавядае патрэбам этычнага жыцця, яна тым самым імкнецца надаць народнай волі пэўную якасць. Тут мы набліжаемся да аналізу ролі канстытуцыі. Яе магчыма разглядаць па аналогіі з правіламі ці прынцыпамі, якімі індывідуум кіруецца ва «ўласных» паводзінах. Усведамляючы ўласную маральную і іншую недасканаласць, чалавек прызнае вяршэнства не за спантаннымі імпульсамі, а за такімі нормамі паводзін, якія ён вырашыў змяніць ці скасаваць не ў выніку раптоўнага капрызу альбо сваёй гарачнасці, а толькі пасля ўважлівага і цвярозага аналізу. Канстытуцыя адыгрывае аналагічную ролю ва ўмовах грамадства. Яна ўвасабляе нормы палітычных паводзін, змена якіх павінна быць справаю не імгнення, а складанага працэсу, які гарантаваў бы прыняцце рашэння толькі пасля таго, як улягуцца эмоцыі і пачне панаваць разважлівасць. Безумоўна, толькі людзі высокай маральнай культуры будуць гатовыя падпарадкаваць свае палітычныя імкненні канстытуцыйным абмежаванням дзеля набліжэння мэты супольнасці. Там, дзе маральнай культуры не хапае, абмежаванні будуць прызнавацца грамадзянамі толькі ў той ступені, у якой яны будуць спрыяць замацаванню ўласнай перавагі ў грамадстве. Нават канстытуцыйна зацверджаная магчымасць паўторнага разгляду спрэчнага пытання з'явіцца для іх сродкам прасоўвання сваіх яўна карыслівых інтарэсаў. Але паміж канстытуцыйным ладам, натхнёным маральнымі матывамі, і канстытуцыйным ладам, якім рухае выключна вытанчаны эгаізм, існуе пэўнае падабенства. Абодва яны абмяжоўваюць распаўсюджванне ўплыву нізкага волевыяўлення індывідуумаў і груповак. Раней я казаў, што здольнасць чалавека распазнаваць, што адпавядае яго разумнай карысці, а што — не, залежыць, у рэшце рэшт, ад наяўнасці ў яго хоць бы туманнага ўяўлення аб тым, што хаваецца за яго разлікам на асабістую перавагу1.

Але каб больш пераканальна даказаць маральную неабходнасць канстытуцыйнага ладу, мы павінны больш дакладна вызначыць яго сувязь з этычным сумленнем. У цэлым можна сказаць, што канстытуцыя ёсць аформленае прызнанне неабходнасці абмяжоўваць імкненне індывідуумаў і груповак да навязвання іншым сваіх палітычных спадзяванняў. Канстытуцыя ёсць спроба пазбавіць палітыку яўнай адвольнасці. Канкрэтна акрэсленыя паўнамоцтвы і розныя працэдурныя нормы, заснаваныя на традыцыі ці аформленыя пісьмова, стрымліваюць імкненне дзейнічаць без аглядкі на астатняе грамадства. Неабходнасць паважаць асноўны закон надае фармуляванню і ажыццяўленню грамадскай палітыкі пэўную бесстароннасць і спрыяе адасабленню ўрада ад розных супярэчлівых інтарэсаў. Вяршэнства ў грамадстве належыць закону, а не той ці іншай партыкулярысцкай волі. Абаронены палітычны парадак перашкаджае моцным падпарадкаваць сваёй волі слабых, у якіх заўсёды застаецца сродак супрацьстаяння сіле. Ідэальнай альтэрнатывай адвольнасці ў палітыцы будзе супадзенне палітычнага ўплыву асобных грамадзян і груп і іх уклад у ажыццяўленне ідэі супольнасці, чаго ніякая канстытуцыя гарантаваць не можа. Канстытуцыя ёсць толькі спроба абмежаваць уплыў своекарыслівых інтарэсаў праз іх упарадкаванне, а не знішчэнне, што немагчыма. Ва ўмовах дэмакратыі гэта значыць, што большасць, якая існуе ў дадзены момант, не мае права дыктаваць сваю лінію. Наданне ёй поўнай свабоды будзе азначаць ігнараванне паняцця карыснага для ўсяго грамадства, а гэтая тэндэнцыя ў той ці іншай ступені і так прадстаўлена ў большасці палітычных волевыяўленняў.

Поделиться с друзьями: