Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дэмакратыя i этычнае жыццё

Рын Клаэс Г.

Шрифт:

Павагу да канкрэтных палажэнняў канстытуцыі можна лічыць заснаванай на пачуцці вышэйшага закона, які можна разумець і як неабходнасць захоўвання годнасці распрацаваных людзьмі законаў. Усведамляючы канстытуцыйны лад як «рэальную праяву і адлюстраванне ідэі закона прыроды», Хэлоўэл пісаў наступнае: «Канстытуцыйнае кіраванне ёсць спосаб самаабмежавання, якое ва ўмовах дэмакратыі народ накладвае на сябе, і незалежна ад наяўнасці інстытутаў судовай улады далейшае яго існаванне залежыць у большай ступені ад асэнсавання ўсімі грамадзянамі неабходнасці абмежаванняў і іх гатоўнасці добраахвотна гэтым абмежаванням падпарадкоўвацца, чым ад упарадкавальнай дзейнасці ўладных устаноў»8.

Канстытуцыю мы можам разглядаць як частку разнастайных культурных звычак, з дапамогай якіх людзі накіроўваюць свае паводзіны на пабудову такой дастойнай формы асацыяцыі, як супольнасць. Такія звычкі дапамагаюць стрымліваць заўсёды маючыя быць у грамадстве адцэнтрабежныя

і разбуральныя тэндэнцыі. Гэта часовыя дырэктывы, у дачыненні да якіх трансцэдэнтны галоўны напрамак развіцця. Ставіцца да такіх звычаяў як да канчатковых і не падлягаючых перагляду ці ўдасканаленню — несумяшчальна з маральнай мэтай жыцця. Дух канстытуцыйнага ладу вымагае не толькі павагі да асноўнага закона, але і магчымасці мяняць гэты закон у адпаведнасці з больш эфектыўным спосабам набліжэння здзяйснення маральнага прызначэння чалавека. Над усімі канстытуцыямі стаіць вышэйшы закон. «Тым, хто задаецца пытаннем, у чым заключаецца гэты вышэйшы закон,— пісаў Уолтэр Ліпман, — можна адказаць, што ён уяўляе сабой пастаяннае імкненне людзей развіваць сваю цывілізаванасць і што значнасць і сутнасць гэтага закона раскрываюцца паступова і ніколі не могуць быць вычарпаныя»9.

Я сцвярджаў, што сутнасць этычнага сумлення можна лепш растлумачыць як прынцып самацэнзуры ці самааналізу, чым як загад на здзяйсненне таго ці іншага учынку. Нягледзячы на наяўнасць пачуцця высокай мэты, маральныя паводзіны ніколі не здзяйсняюць яе цалкам, заўсёды пакідаючы адчуванне здрады гэтай справе. Звязаць ідэю этычнага сумлення як прынцыпу цэнзуры з нашым абмеркаваннем канстытуцыйнага ладу мы можам праз інтэрпрэтацыю наступнага кароткага меркавання Кэлхуна: «Менавіта адмаўленчая ўлада складае канстытуцыю, a сцвярджальная — урад. Адна з іх ёсць улада дзеяння, а другая — улада прадухілення ці стрымання дзеяння. Спалучэнне абедзвюх стварае канстытуцыйнае кіраванне»10.

На фоне ранейшага этычнага аналізу гэтае меркаванне можна разглядаць як агульную фармулёўку маральнага жыцця чалавека. «Адмаўленчая ўлада» будзе ў гэтым выпадку цэнзурнай, арганізуючай роляй этычнага сумлення, a «ўладу сцвярджальную» трэба разумець як канкрэтныя людскія намеры. «Адна з іх ёсць улада дзеяння», піша Кэлхун, выклікаючы ўспамін аб нашым паняцці імпульсу як сілы, якая рухае ўчынкамі чалавека. Другая ёсць «улада прадухілення ці стрымання дзеяння», працягвае ён, тым самым апісваючы ролю этычнага сумлення ў дачыненні да імпульсаў. «Спалучэнне абедзвюх стварае канстытуцыйнае кіраванне». Змест апошняга сказа можна разумець такім чынам, што сцвярджальная дзейнасць, абумоўленая ці абмежаваная этычным сумленнем, ёсць маральнасць. Аднак такое прачытанне меркавання Кэлхуна відавочна разыходзіцца з тым, што аўтар меў на ўвазе, бо спасылаецца ён, у першую чаргу, не на маральнае «адмаўленне» ўрада. 3 прычыны таго, што палітыка ёсць у значнай ступені імкненне да рэалізацыі інтарэсаў партый і груповак, патрабаванні этычнага сумлення ў адносінах да працэдурных правілаў набліжаюцца да тых, якія ўласцівыя разумнай своекарыслівасці. Набліжэнне маральнай мэты можа здзяйсняцца толькі праз прагматычнае прыстасаванне да жорсткай рэальнасці палітычнага самавызначэння. Менавіта адносна апошняга этычнае сумленне адыгрывае ролю «адмаўленчую». Дух канстытуцыйнага ладу, які трэба адрозніваць ад рэальных пісьмовых і вусных канстытуцый, супадае з функцыяй этычнага сумлення ў адносінах да арганізацыі палітычнага жыцця; ён высоўвае ідэю супольнасці праз утаймаванне несумяшчальных з гэтай мэтай палітычных імкненняў.

Давайце зробім тут кароткую паўзу і яшчэ раз вернемся да некаторых з прагучаўшых аргументаў. Можа здавацца, што высвятленне сувязі паміж этычным сумленнем і канстытуцыяналізмам залішнюю ролю надае адмаўленчаму аспекту маралі. Вядома ж, мараль мае і сцвярджальны бок.

Гэта сапраўды так, але не будзем абмяжоўвацца лозунгам замест дакладнага аналізу зместу. Раней я больш-менш падрабязна тлумачыў, у якім сэнсе да этычнага сумлення трэба ставіцца як да «ўнутранага абмежавання», але, каб пазбегнуць непаразумення ў цяперашнім кантэксце, варта зрабіць некаторыя дадатковыя заўвагі.

Мне могуць запярэчыць, што хуткія і спантанныя рашэнні часта з'яўляюцца маральнымі, а рашэнні ў выніку доўгіх разважанняў не застрахаваныя ад амаральнасці. Пакінем апошнюю частку без увагі, бо яна толькі паўтарае тое, што мы імкнемся тут даказаць: замацаванне ў канстытуцыі працэдур абмеркавання рашэнняў можа мець на ўвазе толькі жаданне палегчыць працэс дасягнення дамоўленасці паміж рознымі групоўкамі. Аднак гэтае жаданне не мае нічога агульнага з мараллю. Самі па сабе канстытуцыйныя абмежаванні не з'яўляюцца гарантыяй забеспячэння маральнасці.

Але ж як наконт першай часткі гэтага сцвярджэння, быццам спантанныя ўчынкі могуць быць часам маральнымі? Перш за ўсё, ёй нестае яснасці. Калі на ўвазе маецца, што імпульс неяк вызначае маральнасць, то сцвярджэнне будзе відавочна памылковым, бо вышэй за любыя імкненні стаяць галоўныя крытэрыі дабрадзейнасці.

Калі ж на ўвазе маецца тое, што імпульс можа ўдаельнічаць і, такім чынам, садзейнічаць дабру, то мы зноў сутыкаемся з адлюстраваннем менавіта нашага погляду: этычнае сумленне дае санкцыю пэўным імпульсам праз сваё маўчанне і атаясамліванне з імі.

Такое пярэчанне з'явілася, хутчэй за ўсё, у выніку таго, што было выпушчана зпад увагі важнае пытанне аб тым, якім чынам імпульсы могуць набываць маральную вартасць. Менавіта дзякуючы адсутнасці жорсткага філасофскага аналізу гэтага пытання этыка Русо мае пэўны сэнс. За выключэннем спантанных рашэнняў, маральнасць якіх — з'ява не больш чым выпадковая, кожны маральны ўчынак, згодна з вызначэннем, санкцыянуецца этычным сумленнем.

Але як я ўжо казаў, гэты вышэйшы прынцып ніколі не супадае з імпульсам, які падштурхоўвае да ўчынку. Дабро трансцэдэнтнае ў дачыненні да канечнай рэчаіснасці чалавечых учынкаў. У найбольш дакладным сэнсе, такім чынам, маральная дабрадзейнасць заўсёды звязаная з пэўнымі абмежаваннямі. Паміж недасканаласцю ўсяго людскога і крытэрыем дасканаласці існуе сталае супрацьстаянне. Пастаянная цэнзура, якую адчувае чалавек у адносінах да сваіх учынкаў, робіцца тым менш вострай, чым больш ён адпавядае свайму высокаму «я». Этычнае сумленне ёсць асэнсаванне свайго прызначэння, але ў свеце, дзе пануюць дрэнныя імпульсы і ўчынкі, гэтае асэнсаванне прыходзіць да чалавека праз забарону яго імкненняў ці іх дазвол. У апошнім выпадку канкрэтны ўчынак суправаджаецца адчуваннем маральнай палёгкі.

Калі мы кажам, што спантанныя дзеянні могуць быць маральныя, то мы паспрабуем адным вельмі двухсэнсоўным словам апісаць дуалістычную з'яву, а менавіта імпульс і ўпарадкавальную ролю, якую адыгрывае этычнае сумленне. Прыняць такую фармулёўку можна толькі ў тым выпадку, калі пад спантанным разумець такі маральны ўчынак, які не суправаджаецца працяглымі этычнымі разважаннямі. Што б ні ўзялі мы ў якасці прыкладу — чалавека, характар якога маральна ўсталяваўся і імпульсіўнае жыццё якога працякае ў пэўным маральным рэчышчы, ці сітуацыю, у якой маральны курс настолькі відавочны, што можна весці размову аб «спантаннасці» рашэння ісці гэтым курсам, — але толькі пасля таго, як імпульс будзе прааналізаваны, нават вельмі хутка, з этычнага пункту погляду, ён можа быць усвядомлены чалавекам як добры і варты дзеяння на яго аснове. Маральныя паводзіны маюць на ўвазе, што чалавек ставіць сабе пытанне «ці маральна гэта?», якое з'яўляецца канкрэтным увасабленнем этычнага сумлення. Па меркаванні Арыстоцеля, напрыклад, добрыя звычкі адмаўляюць аднолькава і спантаннасць, і аўтаматызм. Яны ёсць добраахвотнае скіроўванне імпульсаў у напрамку вечнае мэты.

Гэты аналіз ні ў якім разе не супярэчыць той ідэі, што этычнае сумленне адыгрывае сцвярджальную ролю. Ен закліканы нагадаць, што адносна канечнасці чалавека ўвогуле і чалавечага зла ў прыватнасці гэтая роля непазбежна адчуваецца як «унутранае абмежаванне». Гэты момант заслугоўвае асаблівай увагі ў дыскусіі аб сутнасці канстытуцыяналізму, бо палітыка з'яўляецца пераважна барацьбой за ўласныя інтарэсы. Больш за тое, хоць індывідуумы сапраўды могуць часам дзейнічаць маральна «пад уздзеяннем імпульсу», тэорыя дэмакратыі павінна перш за ўсё імкнуцца высветліць, якім чынам трэба арганізаваць калектыўную дзейнасць, каб маральная мэта паважалася і прапагандавалася.

Духам канстытуцыйнага ладу ў аднолькавай ступені з'яўляюцца адмаўленне адвольнага і прапаганда дабрадзейнага жыцця з дапамогай палітыкі. Адмаўленне канстытуцыяналізмам аднаго з'яўляецца адначасова сцвярджэннем другога. Сказаць, што канстытуцыйны лад патрабуе арганізацыйных абмежаванняў на дзейнасць партый, значыць сказаць, што ён прызначаны спрыяць пошуку і аб'яднанню людзей, якія імкнуцца да супольнасці. У пэўным сэнсе маральную мэту грамадства можна лічыць нявызначанай; здзяйсненне яе адбываецца ва ўмовах пастаяннай змены абставін. Аднак як атмасфера, у якой прымаюцца палітычныя рашэнні, гэтая мэта заўсёды застаецца аднолькавай. Нягледзячы на немагчымасць акрэсліць усе асаблівасці дабрадзейнага грамадства, палітычны яго аспект можна вызначыць як грамадства, чыя дабрадзейнасць рэалізуецца, калі людзі дзейнічаюць у адпаведнасці з духам канстытуцыяналізму. Toe перакананне, што этычнае сумленне санкцыянуе станоўчыя дзеянні ўрада, не мае заганаў, але сярод людзей з самымі рознымі палітычнымі поглядамі пануе тэндэнцыя перабольшваць маральную чысціню сваёй справы. Нават наяўнасць чыстага, наколькі гэта магчыма, матыву не гарантуе бездакорнасці яго ажыццяўлення на практыцы. Прынцыпы канстытуцыяналізму павінны ўлічваць чалавечую недасканаласць і разбэшчанасць, з аднаго боку, і неабходнасць дзеянняў урада — з другога. Пастаянна нагадваючы аб шматлікіх чалавечых заганах, канстытуцыяналізм бярэ пад сумненне маральную вартасць усіх палітычных імкненняў. Як адзін з аспектаў прынцыпу супольнасці, канстытуцыяналізм робіць палітыку больш высокай справай і апраўдвае яе.

Поделиться с друзьями: