Дэмакратыя i этычнае жыццё
Шрифт:
У пэўнай ступені спробы ўвесці ў арсенал палітычных навук метады, якія, як лічыцца, набліжаюцца да строгасці і дакладнасці, уласцівых метадам навук прыродазнаўчых, могуць з'яўляцца рэакцыяй на павярхоўнасць у навуковых даследаваннях і экстравагантныя меркаванні ў мінулым. Але прапанаваным «лекам» характэрныя не менш праблематычныя рысы, чым самой хваробе. Вядома, у паліталагічных даследаваннях існуюць напрамкі, у якіх да вымяральнасці — у пэўным сэнсе гэтага слова — трэба імкнуцца, але ці ёсць сэнс імкнуцца да яе нават тады, калі атрыманая карціна палітычнай рэальнасці будзе аднабаковаю ці скажонай, не кажучы ўжо аб трывіяльнасці знаходкі? Ці не лепей больш уважліва паставіцца да выслоўя Арыстоцеля, што «адзнака адукаванага чалавека — ісці ў пошуку дакладнасці ў кожным класе рэчаў не далей за мяжу, акрэсленую прыродай прадмету»4. Больш за тое, можна сцвярджаць, што існуе тып філасофскай дакладнасці, які характарызуе прадмет ці з'яву лепшым чынам, чым любы колькасны эквівалент.
Адной з мэтаў выкарыстання навуковага метаду ў палітычных навуках з'яўляецца вызначэнне «схем» ці «правіл» у палітычных паводзінах. Вось як выглядае адно з тлумачэнняў гэтага
Перавага ў выкарыстанні метадаў прыродазнаўчых навук, якую ім аддаюць іх прыхільнікі ў навуках сацыяльных пры даследаванні палітычных праблем, мае больш глыбокую падаплёку, чым гэта прынята лічыць. Прыхільнікі навуковага метаду часам заяўляюць, што яго выкарыстанне пры даследаванні сацыяпалітычнай рэчаіснасці неабавязкова з'яўляецца спробай распаўсюдзіць яго прымяненне на ўсё, што адбываецца ў свеце, — хутчэй гэта спроба садзейнічаць развіццю метаду, які даказаў сваю «працаздольнасць», напрыклад, дзеля палягчэння прагназавання. У такім выпадку будзе карысным паставіць пытанне: ці не азначае імкненне капіраваць механізмы прыродазнаўчых навук, што чалавечыя паводзіны могуць вызначацца пэўнымі канкрэтнымі характарыстыкамі? Калі ж апроч біялагічных і фізічных працэсаў адбываюцца і нейкія іншыя, якія характарызуюць чалавека як палітычную істоту і абавязкова павінны ўлічвацца пры вызначэнні палітычнага жыцця ў цэлым, то выкарыстанне ў палітычнай навуцы выключна эмпірычна-колькасных метадаў і звязанай з імі тэорыі давядзецца прызнаць спосабам нездавальняючым і няслушным. Такі спосаб будзе мець права на існаванне толькі ў тым выпадку, калі «схемы» і «заканамернасці» палітычнага жыцця не будуць выходзіць за рамкі прычынна-выніковых сувязяў рэальнасці, устаноўленых прыродазнаўчымі навукамі. Сама сабой напрошваецца выснова: калі адзіным шляхам набыцця дакладных ведаў аб сацыяпалітычнай рэчаіснасці з'яўляецца навуковы метад, значыць, гэтая рэчаіснасць павінна ў сваіх асноўных характарыстыках адпавядаць прыродзе ўзаемасувязяў, якія існуюць паміж рознымі з'явамі фізічнага і біялагічнага свету. Але ў такім выпадку погляд на чалавечую прыроду і грамадства ўжо загадзя ставіцца ў жорсткія рамкі.
У адказ можна пачуць аргумент, што дакладныя — a значыць, тыя, што сапраўды заслугоўваюць давер,— веды аб сацыяпалітычнай рэчаіснасці можна атрымаць, толькі канцэнтруючы ўвагу на з'явах, якія паддаюцца вымярэнню, і імкнучыся да колькаснага іх выражэння. Але чаму трэба аддаваць такую перавагу ведам, «дакладным» у колькасным сэнсе? Калі ўжо загадзя так ці іначай не прадвызначаць, што сабой уяўляе сацыяпалітычная рэчаіснасць, чаму толькі такія веды трэба лічыць адзінымі, якія заслугоўваюць давер?
Схаванае прызначэнне чалавека і грамадства пастаянна бярэцца пад сумненне (у лепшым выпадку не аспрэчваецца актыўна), паколькі ўсе «заканамернасці» палітычных паводзін уціснуты ў пракрустава ложа «навуковага» тлумачэння. Мяркуецца, што схаваны элемент непрадказальнасці і нявызначанасці або недасягальны для пазнання навуковымі сродкамі, або проста з'яўляецца часовай праблемай, вырашэнне якой павінна пачакаць больш маштабных даследаванняў і далейшага ўдасканалення метадалогіі. Такі падыход часта выглядае амаль як ньютанаўская канцэпцыя рэчаіснасці, якая нібыта не цалкам вытрымліваецца нават у фізіцы. Пярэчанні гуманітарна-філасофскага характару наконт таго, што «схемы» сацыяльнага жыцця належаць не да той самай катэгорыі, што і, напрыклад, «схемы» астраноміі ці фізікі, бо з'яўляюцца актамі волі ў кантэксце свабоды, мэты і адказнасці,— такія пярэчанні не могуць устояць з дапамогаю ўласцівай толькі ім аргументацыі. Яны або адкідаюцца як «ненавуковыя», а значыць, не эаслугоўваючыя ўвагі навукоўцаў, або выпустошваюцца з дапамогаю падмены канцэптуальных паняццяў згодна з тым, як гэтага патрабуе прыродазнаўчы метад, г.зн. зводзяцца да тлумачэння загадзя вызначанай пазіцыі.
Сказанае вышэй сведчыць, што прыхільнікі выключнай ці пераважнай апоры на эмпірычна-колькасныя метады ў паліталогіі дэманструюць фундаментальную адвольнасць у вызначэнні таго, што з'яўляецца сапраўды навуковым. I іх адвольнасць робіцца яшчэ больш відавочнай, калі яны, апроч іншага, не прызнаюць яшчэ і патрэбу ў філасофскім асэнсаванні чалавечай прыроды і грамадства. Цяжка зразумець, як можна адстойваць метады прыродазнаўчых навук ці падобныя да іх метады ў якасці ідэальных для навук сацыяльных, так ці іначай не прааналізаваўшы перад гэтым, што сабой уяўляе чалавечая прырода ва ўсёй яе складанасці, і не вызначыўшы, у якой ступені гэтыя крытэрыі могуць быць прыдатнымі для вывучэння перадусім самога чалавека. Гэта — філасофскія пытанні і, апроч таго, вельмі складаныя. Дзеля лепшага разумення ролі і значэння палітыкі ў чалавечым жыцці і таго, якая метадалогія найбольш падыходзіць для гэтай задачы, неабходна праводзіць даследаванні такім чынам, каб факты рэальнага жыццёвага досведу і самаспасціжэння чалавека маглі гаварыць самі за сябе. Палітолагу не да твару пачынаць з увядзення нягнуткае шкалы доказаў, запазычанай з нейкай спецыялізаванай
даследчыцкай галіны. Адмаўленне вяршэнства філасофскага пачатку чалавечай прыроды пры адначасовым адстойванні універсальнасці прыродазнаўчай метадалогіі раўназначна прызнанню апошняй у якасці вышэйшага суддзі рэчаіснасці і, тым самым, прыняццю застылай метафізічнай сістэмы. У сваю чаргу, прызнанне неабходнасці філасофскага аналізу ў якасці навукова абгрунтаванага даследавання чалавечага досведу дазваляе выйсці з цеснаты эмпірычна-колькасных метадаў, бо філасофская аргументацыя не прадугледжвае адначасовага выкарыстання гэтых метадаў і звязанай з імі тэорыі, а з'яўляецца агульнаю ацэнкай рэчаіснасці, якая лагічна папярэднічае ім.Аргументы на карысць філасофіі не маюць на мэце аспрэчваць мэтазгоднасць — дзеля дасягнення пэўных навуковых мэтаў — разгляду чалавека як часткі фізічнага сусвету, які вывучаецца прыродазнаўчымі навукамі. Такі падыход дае чалавеку магчымасць спецыфічнага кантролю над сваім лёсам. Дзеля прыкладу можна сказаць, што распрацоўка канцэпцыі прычынна-выніковых сувязяў даказала сваю каштоўнасць для развіцця такой галіны, як фізіка. Але прызнанне практычнай каштоўнасці гэтай і іншых канцэпцый прыродаэнаўчых навук не азначае прыняцця чыста «прыродазнаўчага» погляду на свет. Такі погляд абапіраецца на ўзвышэнне фізічнага сусвету, калі ён успрымаецца ўжо не проста як абстрактная гіпатэтычная канструкцыя, карысная пры даследаваннях у пэўных галінах, а ўзводзіцца ў статус усёй рэчаіснасці ў цэлым. Такім чынам, ігнаруецца сутнасць усіх гуманітарных ведаў, якія ўтрымлівае філасофія: чалавек, як мы ўсведамляем яго з уласнага досведу, не замкнёны ў нейкай каўзальна вызначанай вялікай сістэме. Быць чалавекам — гэта значыць займацца асэнсаванай, мэтанакіраванай дзейнасцю, абдумваць і выбіраць тую ці іншую лінію паводзін. Мы ведаем, што ў пэўнай ступені ўплываем на хаду падзей, калі ўмешваемся ў іх і фарміруем згодна з нашымі намерамі. Непасрэднае ўсведамленне намі сваёй свабоды ў момант выбару з'яўляецца яскравым і сапраўды вырашальным гуманістычным абвяржэннем таго меркавання, быццам чалавечыя паводзіны могуць быць растлумачаныя па аналогіі, напрыклад, з рухам більярдных шароў, якія сутыкаюцца адзін з адным і са сценкамі стала. Механістычныя тэорыі, якія тычацца прыроды чалавека, напэўна, могуць здавацца даволі стройнымі, калі іх разглядаць абстрактна, але яны цалкам не прыдатныя дзеля інтэрпрэтацыі канкрэтнай рэальнасці жывога і дзейснага чалавечага быцця.
Мова філасофскай самаінтэрпрэтацыі складаецца з такіх паняццяў, як «досвед», «дзеянне», «намер» і «свабода». Яны з'яўляюцца неабходнымі пры аналізе спецыфічнага чалавечага жыцця, але страчваюць сэнс, будучы прымененымі для апісання рэчаў. Рэчы не набываюць «досведу», «намераў», не ўчыняюць «дзеянняў» і г.д. I наадварот, паняцці кшталту «прычына і вынік», «функцыя» і іншыя з фізічных навук — далёкія ад апісання чалавечай дзейнасці, хоць і могуць часам выкарыстоўвацца дзеля метафарычнага апісання. Тэорыя, быццам свабода ёсць ненавуковая ілюзія, якую паступова знішчыць выяўленне каўзальных «схем» у розных галінах даследаванняў, застаецца метафізічнай выдумкай, абстрактным меркаваннем, гвалтам над магчымасцю асэнсавання. Няслушная і адвольная выснова з незавершаных інтэлектуальных канструкцый, пабудаваных эксперыментальнымі навукамі, уцісквае сапраўдны чалавечы вопыт у абмежаваную і скажоную схему тлумачэння.
Палітычныя даследаванні, якія нібыта вядуцца ў адпаведнасці з навуковым метадам, звычайна выратоўваюцца пастаянным і непазбежным зваротам да гуманістычных інтэрпрэтацый. Менавіта яны забяспечваюць для самога даследчыка і ўсіх, хто вывучае яго адкрыцці, захаванасць часткі гуманістычнага зместу, які страчваецца пры спробе сфармуляваць палітычную рэчаіснасць з дапамогай прыродазнаўчай метадалогіі. Нават узнікае пытанне, ці сапраўды могуць абаронцы строгай прыхільнасці да навуковага метаду наблізіцца да абвешчанай імі ідэальнай формы аналізу ў галіне філасофіі. Такім чынам, я аспрэчваю ў першую чаргу не тое, што робяць гэтыя палітолагі, хоць гэта ўрадлівая глеба для крытыкі, а тое, што яны зрабіць спрабуюць.
Яшчэ вельмі далёкая ад знікнення, спакуса «прыродазнаўчага» падыходу, тым не менш, здаецца распаўсюджанаю ў паліталогіі ўжо не так шырока, як раней. Магчыма, гэта адзнака пачатку новаадкрыцця менавіта чалавечага парадку дзейнасці. А калі так, то ёсць надзея на адраджэнне гуманістычнай, філасофскай сутнасці палітычнай навукі, для якой такія паняцці, як свабода і мэта, з'яўляюцца не непажаданымі ўскладненнямі, а стымулам да разважанняў.
Фізік і хімік, як і біёлаг, шмат чаго могуць паведаміць нам пра чалавека. У мае намеры не ўваходзіла адмаўляць тое, што чалавек шмат у чым нагадвае жывёлу. У яго ёсць патрэбнасці, якія небеспадстаўна можна разглядаць як вынікаючыя з удзелу ў жыцці арганічнага свету. Але прыродазнаўчай навуцы з яе эмпірычнымі схемамі, у адрозненне ад філасофіі, нестае дакладнасці ў апісанні універсальнай структуры пастаяннага назапашвання вопыту; наадварот, гэтыя схемы з'яўляюцца гіпатэтычнымі, прагматычнымі канструкцыямі, якія мусяць увесь час пераглядацца. Для палітолага першапачатковую важнасць мае тое, што, апроч як у вельмі спецыфічных і абмежаваных мэтах, чалавека нельга разглядаць з чыста эмпірычнага пункту погляду ў якасці арганізма з адпаведнымі функцыямі. Па словах Эрнста Касірэра, чалавек ёсць animal symbolicum, істота, якая мае розум і ўяўленне. I яны, розум і ўяўленне, працуюць на сімвалах6. Розум чалавека, як сцвярджае Сьюзэн Лэнджэр, «ёсць орган, які абслугоўвае асноўныя патрэбнасці, але патрэбнасці, характэрныя толькі для чалавека»7. Якімі істотнымі ні былі б падабенствы паміж чалавекам і жывёлай, усёпранікальнасць сімвалізацыі ў разумовым працэсе чалавека стварае адзінае ўсёвызначальнае адрозненне. Гэта адрозненне, якое непасрэдна адбіваецца на вывучэнні палітыкі, было ўважліва прааналізавана ўплывовай школай сучасных даследаванняў, вядомай як «філасофская антрапалогія», якая выкарыстоўвае і аб'ядноўвае адкрыцці біялогіі, заалогіі, псіхалогіі жывёл, антрапалогіі і філасофіі. Касірэр і Лэнджэр — асноўныя прадстаўнікі гэтай школы, вядомыя, перш за ўсё, сваім філасофскім укладам8.