Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

22.15

Пачынаецца дождж, зранку было сонечна і цёпла, паветра прагрэлася, вось і дах нагрэўся, я ўжо думаў усё – нармальнае лета пачалося, а тут ізноў – дождж, нямоцны, праўда, так – накрапвае сабе, арашае тэрыторыю, але ўсё адно непрыемна, асабліва калі ты сядзіш на даху чатырохпавярховага будынку на варожай завадской тэрыторыі, аплеценай калючым дротам, ня вельмі весела выходзіць, я нацягваю на галаву сваю старую джынсавую куртку і намагаюся заснуць, у каго-небудзь гадзіньнік хаця б ёсьць, пытаюся апошняе, па зорках зарыентуемся, кажа Чапай, мудак, кажа ў ягоны адрас Сабака, прывальваецца да мяне плячом і мы спрабуем заснуць. Час ад часу я чую галасы таварнякоў з вакзалу, нават паведамленьні чуваць, не з самога вакзалу, а ўжо з запасных пуцей, нейкія іхныя аб’явы, тыпу для сваіх, яны адзін з адным, здаецца, толькі праз мацюгальнік і размаўляюць,

у іх іншыя паняткі прасторы й адлегласьці, я то заглыбляюся ў свой сон, то выходжу зь яго, нібы зь ценю на сонца, правальваюся туды, як у цёплы чорны сьнег, чорны-чорны, але ад гэтага ўсё адно цёплы, я думаю, што, цікава, зараз робіць Юрык, пра што ён думае ў сваім палацы, у яго на расьпяцьці Ісус быў залачоны, а крыжавіна – зялёная. Прыкольна, думаю я, можа, ва ўсіх цыганоў Ісус – залачоны, можа, гэта нейкая іншая вера, вера ў тое, што Ісус насамрэч залачоны, у іх тады павінна быць усё інакш, і гэтыя, як іх там, прарокі, павінны былі б прадбачыць прыход у сьвет такога вось хлопчыка – цалкам нармальнага ўсходняга хлопчыка, які фізыялагічна, ці там, анатамічна, нічым не адрозьніваўся б ад сваіх аднаклясьнікаў, акрамя таго, што ён залачоны, то бок не мэталічны, не жалезны, не пафарбаваны, а вось проста – залачоны, у яго скура павінна была б мець нейкую іншую атамную ці клеткавую структуру, там нешта магло б быць са складам соляў ці кальцыю ў скуры, нейкія такія хімічныя штукі, трэба будзе запытацца ў Чапая, ён разьбіраецца ў хіміі, ці можна генным способам вывесьці залачоную скуру, і ў колькі гэта можа абыйсьціся дзяржаўнаму бюджэту.

23.05

Ісус ня можа быць залачоным – кажа мне Ісус. Чаму ня можа? зьдзіўляюся. Гэта немагчыма, кажа ён, гэта ня ў тэму. Чаму ж тады цыганы думаюць, што ты залачоны? Цыганы, кажа ён, ведаюць, што я не залачоны, проста яны хаваюць гэта ад усіх іншых. Дзеля чаго? не разумею я. А дзеля таго, каб дыстанцыявацца ад астатніх, цыганы, – кажа Ісус, – карпаратыўныя, ім не патрэбна прыманьне іх веры іншымі, разумееш? Яны спэцыяльна стварылі залачоны вобраз Ісуса, каб усе думалі, што яны, цыганы, лічаць, што Ісус залачоны. Насамрэч яны лепш за іншых ведаюць, што я не залачоны. Але ўсё-ткі – чаму ты не залачоны?

Але Ісус не адказвае. Я толькі бачу перад сабой цяжарную Марыю і пад яе скурай, у яе жываце, лёгка пераварочваецца малы, яшчэ не народжаны Ісус, і нешта мне распавядае, і вось нарэшце змоўк, здаецца, я яго расчараваў, таму ён проста бавіцца пад скурай сваёй багародзіцы, пераварочваеца там, як касманаўт у стане бязважкасьці, кранаючыся вуснамі, і сьпінай, і іншымі часткамі скафандра тонкіх падатлівых сьценак, што атачаюць яго, плавае сабе ў мацярынскім улоньні, час ад часу падплываючы да паверхні і штурхаючы яе зь сярэдзіны, тады яго ножка або галоўка, або антэны прагінаюць Марыіна цела, і з-пад яе грудзей, ці з-пад яе жывата, як з гумовага шарыка, выпінаецца Ісус, які, у адрозьненьні ад мяне, ведае, што ніякага цела не існуе – ні майго, ні Марыінага, ні ягонага ўласнага, і што ўся скура нацягнутая цыганамі на крохкія і балючыя целы нашых каханьняў і нашых смуткаў проста дзеля таго, каб ніхто ня ведаў, што насамрэч ніхто і ні ў чым нас не абмяжоўвае, і што можна плысьці куды хочаш – няма ніякіх сьценак, няма ніякіх перасьцярогаў, няма нічога, што магло б цябе спыніць; і калі ён у чарговы раз дэфармуе яе скуру, акурат пад горлам, Марыя весела сьмяецца, бліскаючы вострымі зубамі, і я бачу, як яе нёба асьвятляецца аднекуль зьнізу мяккім залацістым бляскам, і гэтае залацістае зьзяньне перамешваецца зь белым густым малаком у яе лёгкіх, тады бляск цямнее і пераліваецца, і вочы ў яе – зялёныя-зялёныя.

19.60.93 (субота)

02.15

– Слухай, – альбо пайшлі ламаць дзьверы, альбо валім дахаты Я ўжо ўвесь мокры. Сабака, вунь, здаецца, наагул памёр.

Чапай падыходзіць да Сабакі і гідліва кранае яго сваім кедам.

– Нічога ён не памёр, – кажа. – Проста сьпіць моцна.

Дождж усё сыплецца, хопіць, кажа Чапай, мабыць, час ужо, гэта ты як, кажу, па зорах зарыентаваўся? па якіх зорах, крыўдуе Чапай, я проста чуў, як ахоўнік заходзіў, хвілін 15 таму, так што можам ісьці – мы будзім Сабаку, той спачатку не разумее, дзе ён і хто мы такія, але паступова вяртаецца ў прытомнасьць, і мы спускаемся ўніз.

2.25

Парткам на другім. Мы стаім каля дзьвярэй, значыць так, тлумачыць Чапай, ты – паказвае на мяне – ідзі ўніз да дзьвярэй, ты – паказвае Сабаку – будзеш мне дапамагаць, зараз я знайду што-небудзь цяжкае, і мы стукнем

па дзьвярах, ды ладна, кажа Сабака і з нагі высаджвае дзьверы, – будзем тут ябацца яшчэ паўгадзіны, я задаволена ўсьміхаюся, я бы і сам – кажа Чапай, – выбіў, але ў мяне ж кеды, так, дадаю я, і трыпер. Мы хутка пераварочваем усё ў пакоі – дзьве шафы з паперамі, у адной пачатая пляшка каньяку, Сабака адразу ж пхае яе ў кішэню штаноў, дзьвюхтумбавы стол, начынены розным канцылярскім гаўном, як гамбургер халестэрынам, шнарым па падваконьнях, глядзім на стале, шукаем які-небудзь схоў, альбо хаця б невялічкі сэйф, што заўгодна, і раптам у кутку бачым тое, што шукалі – скрыню з-пад ксэракснай паперы, заклееную і запячатаную зьверху. Месяцовае зьзяньне прабіваецца скрозь жалюзі на вокнах і драпежна паблісквае на сьвежым сургучы. Яно – кажа Чапай. Я спрабую падняць скрыню, у прынцыпе яна ня надта цяжкая, можа быць. Што, кажу, бяром? Канешне бяром, кажа Чапай, бяром, давай, цягні яе да мяне, там паглядзім. Можа, яшчэ пашукаем? прапануе Сабака, здаецца, адчуваючы нешта, усё-усё, – нэрвуецца Чапай, досыць, валім адсюль. І мы выходзім з пакою, асьцярожна спускаемся ўніз, Чапай нешта мудруе з замком, нарэшце мы апынаемся на вуліцы, Чапай зачыняе за намі і мы вяртаемся дахаты – наперадзе я са скрыняй, за мной Сабака і ў канцы Чапай, ляпаючы кедамі па калюжынах.

2.55

– Зрывай сургучы! – кажа Чапай Сабаку.

– Што гэта? – Вася таксама прачынаецца і спалохана сочыць за намі з тапчана.

– Усё нармальна, – кажу, – ня бойся, – ты таксама ў долі.

– У якой долі? – баязьліва пытаецца Вася.

– Зараз убачыш, – кажу.

Сабака знаходзіць між зьмеевікамі шырокі кухонны нож і зразае пячаткі, павольна ўсё гэта размотвае і разгортвае, хутчэй, хутчэй! прысьпешвае Чапай, але Сабака робіць усё ўпэўнена і нясьпешна, адкрывае каробку і кажа – о, помнік! дастае адтуль бюст вышынёй недзе з паўмэтры і ставіць яго на табурэт.

– Што гэта? – не разумею я.

– Помнік, – кажа Сабака.

– Бюст, – папраўляе яго Чапай.

– Чый бюст? – пытаюся.

– Наш, – адказвае Чапай.

– Ты не зразумеў – хто гэта такі? – паказваю я на бюст.

Чапай задумліва працірае акуляры.

– Можа, гэта дырэктар? – гаворыць Сабака.

– Не, – кажа Чапай, – гэта не дырэктар. У дырэктара вусоў няма.

– А ён сабе для красы прырабіў.

– Усё адно не падобны, – кажа Чапай.

– Гэта нейкі марксыст, – мяркую я.

– Троцкі, – кажа Сабака. – Бачыш, нос які? Дакладна, Троцкі.

– Гэта ня Троцкі, – нэрвуецца Чапай. – У Троцкага барада. А ў гэтага барады няма.

– Гэта Троцкі ў Мэксыцы, – кажа Сабака.

– Гамбургскага пэрыяду, – дадаю я.

На Васю нават глядзець шкада.

– Ніякі гэта ня Троцкі, – бадзёрыцца Чапай, намагаючыся прыхаваць свой мандраж. – Гэта Молатаў. Член цк.

– Молатаў? – кажу я разгублена.

– Молатаў, – кажа Чапай. – Член цк, – дадае ён на ўсякі выпадак.

– Нішто сабе, – кажу.

Сабака насуплена дастае скрадзеную пляшку каньяку і пье з рыльца.

– Молатаў, – працягвае Чапай, – зь іх усіх адзіны нармальны быў тып. Ён быў геданістам. Як Ціта.

– Як што?

– Як Ціта. Любіў жанчын, спорт, рэстараны.

– Кактэйлі, – кажу я. – Адкуль ён у твайго дырэктара?

– Яны некалі рабілі іх, – кажа Чапай, падумаўшы. – З адкідаў. Тут быў спэцыяльны цэх суправаджальных матэрыялаў. Мне мой стары распавядаў.

– Бюст Молатава гэта што – суправаджальны матэрыял?

– Яны рабілі ня толькі бюст Молатава, – апраўдваецца Чапай.

– А што яшчэ?

– Яшчэ бюст гэтага, як яго – Варашылава. А гэты, здаецца, нейкім цудам ацалеў. Хацеў прадаць, сука, – жорстка кажа Чапай, – народны бюст.

– Слухай, ты! – не вытрымлівае Сабака. – Выходзіць што – мы ламалі дзьверы, хаваліся ад аховы, пакінулі там процьму сьлядоў і ўсё гэта дзеля гэтага дзяўбанага геданіста?

Чапай падыходзіць да яго, рашуча бярэ з рук каньяк, усаджвае ў сябе тыя 200 грамаў, што там былі, ідзе да тапчана, адсоўвае Васю і ляціць ніцма ў свой брудны бяздонны трыперны ложак. Нават ня скінуўшы кедаў.

3.30

– Значыць, робім так, – кажа раздражнёны Сабака, – забіраем усё бухло, сцэджваем брагу, бярэм траву, шмоткі, – ён глядзіць на Чапая, – не, хай падавіцца сваімі шмоткамі. Бярэм вось гэта, – ён паказвае на Молатава, – і валім, пакуль ахова нічога ня ўбачыла.

– А што зь ім рабіць будзем? – пытаюся я.

– Спалім, – кажа Сабака. – Адным уродам будзе меней.

– А Карбюратар?

– Які Карбюратар? – крычыць Сабака. – Ты што, не разумееш – валіць трэба! Давай, пайшлі.

Поделиться с друзьями: