Дубянецкі
Шрифт:
Пра сродкі масавай інфармацыі. Не навешваць ярлыкоў. Не распраўляцца з тым, хто пакрытыкаваў некага ў друку.
Пасля 17-ай гадзіны сустрэліся ў мяне з Зянонам Пазняком. Я яго некалькі ўжо дзён шукаю і ён мяне – таксама. Патрэбна стварыць грамадскую камісію па расследаванні сталінскіх рэпрэсій на Беларусі.
26 чэрвеня 1988 года. На кнізе Ул. Караткевіча “Старыя беларускія хронікі”: «Эдзіку Дубянецкаму – дарагому пляменніку і гісторыку-неафіту з нагоды ўвядзення ў гэты сан і з празрыстым намёкам, што ў наш бурлівы, ачышчальны час, які дыскрэдытаваў тваіх папярэднікаў, народ, пазбаўлены
М. Дубянецкі,
ініцыятар выдання гэтай Кнігі
Мінск, 26 чэрвеня 1988 г.»
10 ліпеня 1988 года. Галя дала пачытаць мне дзесяць сваіх твораў. Першыя экземпляры іх паклала ў белую прыстойную папку. Мабыць, рыхтуе зборнік, і гэта ўжо канчатковая яе рэдакцыя. Ніякіх паправак няма – чыставік. “Настальгія” – 16 радкоў, “Галінка” – 20, “Палёт” – 22, “З прадоння” – 9, “Яснасць” – 24, “Памылка Стваральніка” – 22, “Прамень” – 30, “Чытаю Шлях” – 12, “Снежная Мроя” – 22, “Светлае” – 32. Усяго – 229.
Сярод іх ёсць і добра знаёмыя мне. Але ж ёсць і новыя. Такіх болей.
Пачынаючы з колішняе “Даратэі”, паэтычны герой ці гераіня маладой аўтаркі ўсё імкнуцца ў далёкія галактыкі. Вось і верш “Настальгія” з гэтага “цыклу”, дзе
Нас грымота й вятры ўзнялі б
Да нябёсных сваіх сяліб,
Дзе Тытанаў багі да глыб
Вяжуць…
У вершы “Памылка Стваральніка”, праўда, гэты матыў, можа, нават раней, чым у “Даратэі” загучаў. Здаецца, некалі ён называўся “Гліна”.
Створанаму з гліны чалавеку Бог
…З дрыготка-жывога чагосьці
Напаследак прыладзіў крылы.
І грэшная гліна надумала скарыстаць свой бязважкі дадатак, але “гліна – глінаю – плясь – у гліну!”
І валочыцца недарэчы
За плячыма дарунак боскі…
Дарэчы, і Розум, што “таксама з гліны”, раіць чалавеку “астудзіць парыў нецвярозы”.
Адчуваецца, з якім болем Аўтар раіць чалавеку, што зрабіць з тым дарункам і як жыць далей:
Мо, адрэж ты яго, чалавеча,
Ды спакойна, урэшце, поўзай.
У вершы “З прадоння” таксама адчуваецца імкненне ўгару, кліч “Уладара Гары”.
Аднойчы, праўда, пашчасціла Галінай паэтычнай гераіні, гэтаму “уціснутаму ў цеснае цела пругкаму шматку бязмежжа”:
Хмары, што снег мой ад неба
Хавалі ў сівой абалонцы,
Аднойчы апалі снегам…
І атулілі сонца, —
чытаем мы ў вершы “Яснасць”.
І вось сэрца шалёна ірванулася яму насустрач. О, як хораша тут, як свабодна. Але ж чамусьці “плача, шкадуе сэрца колішняга палону”. Яно ўбачыла зусім нечаканае:
Свет мой пустэльна-шырокі,
Свет мой сляпуча-голы…
Аднойчы расталі аблокі,
Дзе сноўдалі цені анёлаў.
Сапраўды, горкае расчараванне спасцігла гераіню тады, калі яна, здавалася б, дасягнула сваёй мары.
Некалі на нашым вакне стаяў у вазоне, рос і цвіў ад сакавіка да канца года (1987) ружовы гваздзік. Недзе глыбокай восенню ён быў увесь усеяны пышнымі кветкамі. Асабліва незвычайны выгляд меў гэты небудзённы цуд на фоне вялікага цёмнага вакна – калі глядзіш на яго з асветленага пакоя. Так і здавалася, што гэты “вечны” гваздзік
цягнецца “у ноч – у бязмежжа – у зоры – у людзі…”. Туды, дзе “Купалінцы бронзавай – вечнай гарэзе-падлетку – упляліся жывыя ў вянок галубы”. Гэта таксама (верш “Светлае”) той самы цыкл!Два творы навеяныя паэзіяй Алеся Разанава. Адзін з іх – “Чытаю Шлях” – несумненна маецца на ўвазе зборнік паэта “Шлях-360”.
Другі верш з “Разанаўскага цыклу” называецца характэрным для Аўтаркі словам “Палёт”. У ім кожная з пяці строф канчаецца назваю аднаго з пяці зборнікаў паэта-куміра Алеся Разанава: “Шлях”, “Каардынаты”, “Назаўжды”, “Адраджэнне”. Назва апошняга, пятага, зборніка “Вастрыё стралы” крыху зашыфравана. Варта прывесці ўсю гэтую страфу:
Як бор смалой, табой струменю,
Вар’яцтва і святло маё.
Ляціць – пагібель ці збавенне –
Стралы
насустрач
Вастрыё.
Сёмым творам у гэтым “чырвонцы” стаіць верш “Прамень”. Думаю, я не надта памылюся, мысленна паставіўшы да яго прысвячэнне “А. Р.”, ці “Алесю Разанаву”. У апошняй страфе нават такое імя адчайна выкрыквае Галіна паэтычная гераіня. Ці не да яго гэта звяртаецца яна з пытаннямі:
Хто ты? Зорка?.. Маланка?.. Бог?..
Што прыйшоў – апаліў – і змог?
Што ліянай душа абвіла
Бы стваліну, струмень святла?..
Вяртаючы папку паэтцы, я пачуў ад яе пытанне, ці ўсё зразумеў я там у яе. Адказваю смела: Усё! Нават паклаў там табе “расшыфровачку”. Я сапраўды зрабіў нешта накшталт гэтага.
18 ліпеня 1988 года. Скончыў працу над апратэставаннем штрафаў, накладзеных на Сяргея Вітушку і Віктара Івашкевіча за мітынг у Курапатах. Атрымалася цэлых пяць старонак машынапісу. Аднак не спадзяюся, што пракурор горада заявіць пратэст супраць гарвыканкама і двух райвыканкамаў.
Не давяраючы пошце, я панёс сам дакумент у пракуратуру, тым больш што яна побач з маёй хатай, на Інтэрнацыянальнай, 24. Звярнуў увагу, што да гэтай установы прыбудавалі яшчэ шматпавярховы чырвоны гмах з вялізным гербам СССР (!) на фасадзе. Падняўшы над сабой парасон, паглядзеў, ці ёсць гэтая “цацка” на асноўным будынку. Ёсць. І таксама СССР, толькі разоў у чатыры меншая, чым на прыбудове.
У вестыбюлі сядзіць прынцыповая жанчына з павязкаю, а не міліцыянер у форме. Яна, дазнаўшыся, па якой я справе завітаў, накіравала мяне ў кабінет нумар 10. Гэта аказалася прыёмная. Адсюль паслалі мяне ў 8-ы кабінет – у канцылярыю. Адгэтуль накіраваліся ў 13 пакой. Тут таксама было цікава. Чатыры сталы. Тры пракуроры. Перад адным сядзіць эмацыянальная кліентка. Другі, маладзейшы за астатніх, беспаспяхова круціць тэлефон. Трэці – вольны. Ён мяне “прыняў”.
Я падаў яму свой дакумент і праз паўхвіліны ўбачыў, што ён не ўмее чытаць! Цуд, дый толькі! Пракурор не умее чытаць!.. Скажы дзе-небудзь па-за Беларуссю пра такое – не павераць. А ў нас – гэта норма! Ён на першыя ж словы грыфа глядзеў так доўга і так трагічна, што мне аж няёмка было асіставаць яму. Чытаў і злева направа, і справа налева. Углядаўся то ў адно слова, то ў другое, а то паволі, няўмела слізгаў вачыма то па нейкім радку, то па цэлым абзацы, і ўжо не гарызантальна, а вертыкальна – зверху ўніз, альбо наадварот, знізу ўверх.