Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дубянецкі

Неизвестно

Шрифт:

28 чэрвеня 1988 года. Гляджу па тэлебачанні адкрыццё ХІХ Усесаюзнай канферэнцыі КПСС. Сфарміраваны яшчэ ўчора і цяпер адзінагалосна, як і раней, ухвалены кіруючыя органы канферэнцыі.

Канферэнцыю адкрыў М. С. Гарбачоў. Пасля стырно яе ўзяў у свае рукі Я.Лігачоў. Ён “дафарміраваў” тыя ж органы, “ухваліў” парадак і рэгламент і даў слова для адзінага на абодва пытанні дакладу М. С. Гарбачову, якога зала сутрэла воплескамі, усе ўсталі пры гэтым.

І вось на трыбуне галоўны архітэктар перабудовы Міхаіл Гарбачоў. Я горача жадаю поспехаў гэтай яго нялёгкай справе.

Гаворыць пра харчовую “праграму” і праблему.

Некаторы прырост прадуктаў, кажа, пайшоў на пакрыццё першачарговага недахопу, але ж не забяспечыў прырост насельніцтва. Першай названа Беларусь, дзе быццам бы ёсць поспехі ў вырашэнні прадуктовай праблемы.

Вёска знаходзіцца на нізкім узроўні. У грамадства вялікія даўгі перад ёю. Аднавіць эканамічныя сувязі паміж горадам і вёскаю.

Жыллёвая праблема. Тут мы пайшлі, кажа М. Г., на неардынарныя рашэнні, у т. л. дазволілі выкуп кватэр у дзяржавы прыватнымі асобамі і перадачу кватэр па спадчыне.

Крытыкуе адносіны да кааператываў. Правільна!

Б’е па “дзяржзаказе”, які выкарыстоўваюць супраць перабудовы.

На экране час ад часу доўга трымаюць пустое крэсла М. С. Гарбачова паміж Лігачовым і Грамыкам. Не дай Бог сесці ў яго цяпер некаму іншаму! Асабліва аднаму з гэтых двух…

Апарат. Скарачаць, а не пераводзіць у іншыя канторы. Рэформа цэн. І аптовых, і рознічных. Абяцае, што насельніцтва аніколечкі не страціць ад павышэння цэн. Гэта нешта фантастычнае.

Крытэрыі і паказчыкі эканамічнага развіцця.

Пра рэвалюцыю ў свядомасці людзей. Ёсць яна!

Сярод усіх галін навук найбольш пацярпелі ад культу асобы і некампетэнтнага ўмяшання грамадскія навукі. Некаторыя дагэтуль яшчэ выступаюць супраць вяртання да ленінскай палітыкі ў сферы духоўнага жыцця.

Валюнтарызм выявіўся і ў міжнароднай палітыкі. Далі ўцягнуць сябе ў гонку узбраенняў. Патрэбна было не проста ўдасканаленне, а карэнная змена ў знешняй палітыцы.

На пэўным этапе палітычная сістэма, створаная ВКР-ай, падверглася дэфармацыям. 1/3 дарослага насельніцтва краіны была выбрана ў розныя кіруючыя органы. Выбрана і адхілена ад актыўнай ролі там!

Імкненне ўсім кіраваць – “спеленала”, скавала грамадства, яго актыўнасць. Гаварыльня пра дэмакратычныя інстытуты і іх фактычная паралізацыя.

Калі палітычная сістэма застанецца нерухомай – перабудова загіне.

(4) Забяспечыць умовы свабоднага развіцця кожнай нацыі і народнасці…

(7) Стварыць такі механізм улады, каб ён быў здольны самааднаўляцца ў залежнасці ад абставін.

Правы чалавека. Змяніць умовы і гарантыі “защищенности” кожнага чалавека, змяніць выбарчую сістэму… Нарэшце!

Палітычныя свабоды. Пра новую ролю грамадскай думкі ў краіне.

Пра свабоду сумлення… “Мы не утойваем сваіх адносін да рэлігіі, як не матэ­рыялістычнага ненавуковага погляду…”

Але ж…

Больш не будуць разглядацца ананімкі! Пра агульнанароднасць Савецкай дзяржавы. Адрадзіць паўнаўладдзе Саветаў! Нішто ў краіне не можа праводзіцца без іх. Павялічыць адлічэнні ў бюджэт мясцовых Саветаў, у т. л. з усімі прадпрыемствамі, незалежна ад іх падпарадкавання.

Рэкамендаваць на пасаду старшынь Саветаў, як правіла, першых сакратароў адпаведных партыйных камітэтаў. Члены выканкама і загадчыкі яго аддзелаў не могуць быць дэпутатамі гэтага Савету. Распаўсюдзіць гэта на пракурораў, суддзяў…

12 гадзін. Перапынак на 30 хвілін.

Пасля перапынку. Структура

вышэйшых органаў улады патрабуе таксама істотных змен. Спасылаецца на вопыт прыленінскай практыкі, на шырокую сучасную дыскусію па гэтаму пытанню і прапановы, зробленыя ў яе ходзе. З’езд народных дэпутатаў (5000 тыс.). Ён, збіраючыся 1 раз у год, выбіраў бы са свайго складу Вярхоўны Савет – пастаянны орган, чалавек з 400-450.

Пра найвышэйшую фігуру ў краіне: увесці пасаду Старшыні Вярхоўнага Савета. Будзе і Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета. Камітэт канстытуцыйнага нагляду, які будзе выбірацца з’ездам народных дэпутатаў.

Ужо восенню гэтага года прыняць адпаведны закон, а вясною наступнага – пачаць на практыцы.

На экране паказалі, як сядзіць на канферэнцыі беспартыйны акадэмік Дзмітрый Ліхачоў. Толькі ўчора да яго прыставаў карэспандэнт з пытаннем: “Што вы сказалі б на Канферэнцыі, калі былі б яе дэлегатам?” Ён і сказаў, што перш за ўсё ён беспартыйны…

Пра нацыянальныя адносіны. “Саюз вытрымаў выпрабаванні часам. Нацыянальнаму пытанню будзе прысвечаны спецыяльны пленум ЦК. Але і на канферэнцыі трэба заняцца гэтым пытаннем”… Мы сведкі, якія вузлы могуць завязацца тут, – сказана пад воплескі. Узаемасувязі паміж Саюзам і рэспублікамі. Змірыцца з рухомасцю насельніцтва, кажа. Вось Казахская ССР. Тут поўны інтэрнацыянал. Але ж ніхто не скажа, што гэта не Казахская рэспубліка! Замкнуцца нацыям ў сабе – гібель усім нам.

Дазволена ўсё, што не забаронена “законам” – вось які прынцып павінен быць у нас у адносінах да правоў чалавека. Суды. Прынцып прэзумпцыі невінаватасці. Пракуратура. Міліцыя. Следчы апарат не будзе падпарадкоўвацца мясцоваму начальству МУС. Адвакатура – самакіруемая структура.

Юрыдычны ўсенавуч пачынаць са школы. Прафсаюзы. “Колькі праўды – столькі і веры”, сказана пад воплескі пра адносіны з моладдзю.

“Жаночае пытанне”. Няма іх адпаведнага прадстаўніцтва ў кіруючых органах.

Бурны рост грамадскіх арганізацый. У цэлым гэта заслугоўвае падтрымкі. Але ёсць тут і такія, што не кіруюцца мэтамі сацыялізму.

Партыя. Нават строга яе ўнутраныя праблемы сталі прадметам ўсенароднага клопату.

Чаму КПСС не змагла супрацьстаяць і культу, і застою? А таму, што сама была дэфармаваная. Але ж без КПСС задач перабудовы не вырашаюць.

Прынцып дэмакратычнага цэнтралізму быў падменены бюракратычным цэнтралізмам. Непамерна вырасла роля апарату Партыі на ўсіх узроўнях. Гра­мадска-палітычная атэстацыя членаў Партыі. Прыём у Партыю. Пазбавіцца ад розных разнарадак.

Выбарныя органы Партыі. Пярвічныя партарганізацыі павіны мець права выказвацца наконт кандыдатур у вышэйшыя органы Партыі.

Размежаванне функцый Партыі і дзяржавы.

Не выдаваць партдакументаў з прамымі дырэктывамі савецкім і гаспадарчым органам.

Райкамы. Гаркамы.

Часова вызвалілася і крэсла Я. Лігачова. Побач аказаліся два яны вольныя, і я заўважыў, што пад М. Гарбачовым крэсла сантыметраў на 10 вышэйшае ад усіх астатніх за гэтым сталом!

Цікава. Але ж і нармальна. Можна б было прадугледзець і больш прыкметную розніцу. Гэта ўсё-такі Гар-ба-чоў!!! Ён выпраўляе і ленінскія памылкі, хай, на жаль, пад лозунгам “вяртання да ленінскіх нормаў”. А трэба было б і на ленінскую “практыку”паглядзець без ружовых акуляраў. Ці боязна! Магчыма. Інакш Лігачовы абвінавацілі б і прыбралі б.

Поделиться с друзьями: