Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дубянецкі

Неизвестно

Шрифт:

Адвакатка ката-Сталіна намякае на яго “асабістую сціпласць, што даходзіла да аскетызму ў той суровы час”. Але ж тады, шматзначна кажа яна, “патэнцыяльныя савецкія міліянеры яшчэ баяліся праклёўвацца ў цішыні заштатных кантор гандлёвых баз”, а “выдуманыя сваякі яшчэ не спяшаліся зазываць сваіх аднапляменнікаў у “зямлю запаветную”, ператвараючы іх ў “адказнікаў” ад сацыялізму”.

А вось толькі пэўная тэрміналогія гэтай сталіністкі: “атакі на дзяржаву дыктатуры пралетарыяту і тагачасных лідэраў нашай краіны”; “прафесійныя антыкамуністы на захадзе, што даўно выбралі быццам бы дэмакратычны лозунг “антысталінізму”; “нашчадкі звергнутых Кастрычніцкай рэвалюцыяй класаў, што далёка не ўсе змаглі забыць пра матэрыяльныя і сацыяльныя страты сваіх продкаў”; “духоўныя нашчадкі Дала і Мартава і іншых

па ведамству расійскага сацыял-дэмакратызму”; “духоўныя нашчадкі Троцкага альбо Ягоды”; “пакрыўджаных сацыялізмам нашчадкаў нэпманаў, басмачоў і кулакоў”…

Н. Андрэева вось якой хоча развязкі ў дачыненні да свайго крывавага куміра Сталіна: “Сёння мала каго бянтэжаць асабістыя якасці Пятра Вялікага, але ўсе памятаюць, што ў перыяд яго праўлення краіна выйшла на ўзровень вялікай еўрапейскай дзяржавы. Час кандэнсаваў вынік, які ляжыць цяпер у ацэнцы гістарычнай асобы імператара Пятра. І нязменныя кветкі на яго саркафагу ў саборы Петрапаўлаўскай цытадэлі ўвасабляюць павагу і ўдзячнасць нашых далёкіх ад самадзяржаўя сучаснікаў”.

Неа-Салтычыха кліча на дапамогу Маркса і Энгельса, што “называлі цэлыя нацыі на пэўным этапе іх гісторыі “контррэвалюцыйнымі””, “не саромеліся даваць даволі рэзкія характарыстыкі шэрагу нацый, у т.л. рускім, немцам, а таксама і тым нацыянальнасцям, да якіх належалі самі. Яе высновы: “у брацкай садружнасці савецкіх народаў кожнай нацыі і народнасці трэба “беречь честь смолоду”, не дазваляць правакаваць сябе на нацыяналістычныя і шавіністычныя настроі…”

За дапамогай яна звяртаецца таксама да Праханава з яго дзвюма ідэалагічнымі альтэрнатыўнымі вежамі:

1-ая “вежа”- “неалібералы”, арыентаваныя на захад;

2-ая – “ахоўнікі” (“охранители”) імкнуцца перамагчы сацыялізм, рухаючы­ся назад, да царскай Расіі (Н. А.). Гэтыя другія, “традыцыяналісты”, альбо “неаславянафілы”, маюць бясспрэчныя заслугі ў выкрыцці карупцыі, у ахове экалогіі, у барацьбе супраць алкагалізму, у ахове помнікаў, у барацьбе з “маскультураю”, як псіхозам спажывецтва. Але ж гэтыя ідэолагі сялянскага, абшчыннага сацыялізму не разумеюць гісторыі, яе значнай часткі. Рэвалюцыю для лёсу Радзімы яны калектыўна лічаць толькі як “страшэннае самавольства ў адносінах да сялянства”. Яны крычаць пра “вясковых камісараў”, якія стралялі ў спіну сераднякоў.

Н. Андрэева пытае: “Што ўсё гэта значыць?”, як: “леваліберальны інтэлігенцкі сацыялізм”; “самакаштоўнасць асобы”; “пропаведзь “дэмакратычных” даброт сучаснага капіталізму”; “падлашчванне перад яго рэальнымі і ўяўнымі дасягненнямі”; “мы пабудавалі не той сацыялізм”; “толькі ўпершыню ў гісторыі склаўся саюз палітычнага кіраўніцтва і прагрэсіўнай інтэлігенцыі”; патрабаванне “юрыдычнага кодэксу аховы правоў жывёл”; надзяленне незвычайным, звышнатуральным розумам прыроды; сцвярджэнне, што інтэлігентнасць – не сацыяльная, а біялагічная якасць і генетычна перадаецца ад бацькоў дзецям; касмапалітычная тэндэнцыя (да Троцкага ў Петрасавет прыйшла дэлегацыя купцоў і фабрыкантаў са скаргай на чырвонагвардзейскі прыціск. Ён: “Я не яўрэй, а інтэрнацыяналіст”. Гэтым вельмі азадачыў тых; “паняцце “нацыянальнага” ў Троцкага азначае нейкую непаўнацэннасць і абмежаванасць у параўнанні з “інтэрнацыянальным”. Таму ён падкрэсліваў “нацыянальную традыцыю” Кастрычніка, пісаў пра “нацыянальнае ў Леніне”, сцвярджаў, што “рускі народ ніякай культурнай спадчыны не атрымаў” і г. д. “З ваяўнічым касмапалітызмам звязана цяпер практыка “адказніцтва”; “бясчынствы неафітаў перад Смольным і пад сценамі Крамля”; “нас прывучаюць бачыць у гэтым нейкую бяскрыўдную “змену месцажыхарства””…

Пра “нефармальныя” аб’яднанні. Відавочна бачна палітызацыя гэтых сама­дзей­­ных арганізацый на базе далёкага ад сацыялізму плюралізму. Нярэдка лідэры іх кажуць пра “раздзяленне ўлады” на аснове “парламенцкага рэжыму”, “свабодных прафсаюзаў”, “аўтаномных выдавецтваў” і г.д. Значыць, галоўным пытаннем цяперашніх дыскусій у краіне з’яўляецца пытанне – ці прызнаваць кіруючую ролю партыі, рабочага класу ў сацыялістычным будаўніцтве, а значыць, і ў перабудове.

Вытворным ад гэтай ключавой праблемы сацыяльна-гістарычнага светапогляду з’яўляецца пытанне пра ролю сацыялістычнай ідэалогіі ў духоўным развіцці савецкага грамадства.

Ленін і

яго саратнікі паслядоўна абаранялі “камандныя вышыні” навукова-пралетарскай ідэалогіі.

Прыгадаем. Ленін наконт пісаніны папулярнага тады сацыёлага Піцірыма Сарокіна і прафесара Вінера (яны, кажа Н.А., у параўнанні з тымі, што цяпер друкуюцца ў нас, выглядалі зусім “нявінна”): іх публікацыі з’явіліся толькі дзякуючы нявопытнасці работнікаў сродкаў масавай інфармацыі; “Рабочы клас хоць і змог заваяваць уладу, але карыстацца ёю яшчэ не навучыўся. Інакш, казаў Ленін, гэтых прафесараў і пісьменнікаў рэвалюцыйны пралетарыят “ветліва выправадзіў бы” з краіны. Дарэчы, хваліць Леніна і ленінцаў Н. А., “са 164 высланых у 1922 годзе згодна са спісамі УЦВК многія пасля вярнуліся назад і сумленна служылі свайму народу, у т.л. і прафесар Вінер”. Сёння пытанне пра ролю і месца сацыялістычнай ідэалогіі прыняла вельмі вострую форму.

Аўтары кан’юктурных вырабаў (“поделок”) пад эгідаю маральнага і духоўнага “ачышчэння” (двукоссе Н. А. (!)) размываюць грані і крытэрыі навуковай ідэалогіі, насаджаюць несацыялістычны плюралізм. Гэта аб’ектыўна накіравана супраць перабудовы ў грамадскай свядомасці. Хітрая Н. А. (ці ёй падказалі) завяршае свой антыгарбачоўскі маніфест словамі Гарбачова: мы павінны і ў духоўнай сферы кіравацца нашымі марксісцка-ленінскімі прынцыпамі. “Прынцыпамі, таварышы, мы не павінны паступацца ні з якіх прычын. На гэтым стаім і будзем стаяць, – закругляе Н. А. – Прынцыпы не падораны нам, а выпакутаваны намі на крутых паваротах гісторыі Айчыны.

20 сакавіка 1988 года. Хлопцы і дзяўчаты з “Талакі” склікалі, як яны правільна кажуць, на пляцы Волі веча ў інтэнцыі ў абарону Верхняга горада. Абараняць яго сапраўды трэба ад бюракратаў і метрабудаўцаў.

На пляц сышлося да тысячы чалавек – у асноўным моладзь. Былі і “дарослыя”, былі, вядома, і назіральнікі ад афіцыйных і кампетэнтных органаў. Бясконца пстрыкалі фотаапараты, паважна рухаліся перад натоўпам кінакамеры. Добра напоўняцца фота- кінатэкі журналістаў, аматараў і кадэбістаў!

Усё тут было незвычайна, як на савецкую краіну, і ўсё было здорава. Пачынаючы з (як кажуць любыя арганізатары) лёзунгаў і плякатаў. А яны паўсюдна калыхаліся над натоўпам. “Нас ашукалі!”; “Злачынцаў – да адказнасці!”, “Спыніць пракладку метро пад Верхнім горадам!”, “Верхні горад – экзамен перабудовы”, “Повернуть метро вспять!”, “Ратуйма!”…

Веча было далёка не ананімнае. На відным месцы пасярэдзіне плошчы стаяла вялікая шыльда “Арганізацыйны камітэт”. Непадалёку – плакат “Талака” з яе адрасам і рэжымам функцыянавання. Тут утыркнуты ў снег чырванеў таксама і “дзяржаўны флаг БССР” – каб не абвінавацілі бюракраты ў антысавецкім накірунку веча. Праўда, “флаг” жалю варты – папяровы, маленькі, з тых, што прасавецкія бацькі даюць у рукі сваім немаўлятам, калі бяруць іх з сабою на першамайскі мітынг. Але ўсё-такі ён, галоўны савецкі “сымбаль”, быў! Не будзе ж незаможная “Талака” траціцца на вялізны ядвабны флаг! Гэтыя рублі яна лепш унясе на рахунак-702 Фонду культуры на рэстаўрацыю аднаго з аб’ектаў Верхняга горада…

Тут на кардоне запрашэнне: “Запісвайцеся ў чаргу да мікрафону”. І сапраўды, побач, у чародцы прыгожых дзяўчат – Сяргеевых памочніц – нешта ўсё пішуць. Каля іх збіраліся і прамоўцы. А там, на самым лобным месцы, – любімец “нефармальнай” моладзі (і мой таксама), кіраўнік “Талакі”, мілы Сяргей Вітушка. Ён увесь палае. Агонь бачыш у яго вялікіх блакітных вачах, на яго, як мне здалося, запалых шчоках. Ледзь улоўна адчуваеш напружанне ва ўсёй яго стройнай постаці. Але вонкава ён нібыта нават спакойны, хоць, слухаючы яго, асэнсоўваючы тое, што ён кажа, немагчыма ў гэта паверыць. Проста хлопец можа валодаць сабою!

Ён з веданнем справы мілагучна расказаў гісторыю Верхняга горада. Адважна казаў пра метадычнае яго разбурэнне ў савецкі час, заклікаў стварыць масавы рух “Родны горад”.

“Пляц” аддзячыў самаахвярнаму юнаку гучнымі працяглымі воплескамі. Я б не прамяняў гэтага слаўнага юнака на ўсіх насельнікаў пяціпавярховага будынка ЦК ЛКСМБ, уключна з шасцю яго фюрэрчыкамі і мноствам унтэрфюрэрчыкаў. Сяргей – сапраўдны лідэр свядомай беларускай моладзі. Тыя ж – падгалоскі закаранелых бюракратаў, дэспаты аморфнай, нацыянальна бясполай і безаблічнай казарменнай масы.

Поделиться с друзьями: