Дубянецкі
Шрифт:
Праз нейкія тры гады споўніцца 50-годдзе сьвятарскай дзейнасьці айца Рыгора. Мне падабаецца прыгожы польскі выраз – назва гэтай падзеі: Zlote Gody. Я хацеў бы прысутнічаць на гэтым вялікім сьвяце ня толькі юбіляра. Я хацеў бы (і ўмею!) ўнесьці свой уклад у сьвяткаваньне – падрыхтаваць і выпусьціць некалькі выданьняў да гэтай Падзеі.
Першае “хаценьне”, думаю, ажыцьцявіць можна будзе, прыбегнуўшы да нейкіх махінацыяў. Другое – “глухі нумар”. Усё падрыхтаваць я магу на найвышэйшым узроўні і падвесьці да друку. А далей? А далей – Галоўліт, з якога ўсе матэрыялы на гэтыя Zlote Gody будуць дастаўленыя ў Цэка і там арыштаваныя – з пэўнымі, вядома, санкцыямі ініцыятару.
2 жніўня 1985 году. 22 гадзіны 20 хвілінаў. На крокамеры 16140!
Аповесьць прысьвечаная жыцьцю беларускай вёскі ў часы Юзафа Пілсудскага. Твор адрозьніваецца шчырай сімпатыяй да беларускага селяніна, вельмі багаты на фрагменты і асобныя ўзоры беларускай вуснай народнай творчасьці. Экземпляр, што перада мною, з аўтографам E. Kunawicz, дадзеным у Вроцлаве “… droqiej dawnej uczenicy p. Ani Sushej-Marcionko”. “Пані” Марцыёнка мне добра знаёмая – сімпатычная паважаная жанчына, журналістка.
Прынёс мне гэтую кнігу прафесар Леанід Барысаглебскі. Я адчуваю, што ў яго мэта падбіць мяне на выданьне яе па-беларуску. Ну, паглядзім, як там будзе далей, а пакуль што мне цікава чытаць яе…
Сёньня ў касьцёле я зьвярнуў увагу на неблагую старую скульптуру з каменю. Гэта фігура сьвятой Барбары. Яе прывезьлі сюды з аднаго разбуранага храма. Пакуль што яна стаіць на падлозе без пастаменту. А пастамент так і просіцца пад яе. Скульптура зайграла б.
Трэба даведацца, хто і калі падарыў касьцёлу абраз айца Кольбэ. Здаецца, у беларускіх касьцёлах больш нідзе яго няма. Я нізка схіляю галаву перад гэтым сапраўды сьвятым Чалавекам! Сваім вялікім подзьвігам ён на вякі праславіў сьвятую сваю Царкву і таксама Чалавека.
Яшчэ да дванаццаці гадзінаў мы былі ўжо гатовыя пусьціцца на вялікую прагулку. Вырашылі пачаць з Марысінага парку. Ад мастка-дамбы пайшлі ўправа. Трапілі на нейкае балотца, а з яго выйшлі прама на гарадскую вуліцу, а праўдзівей, адразу на дзьве вуліцы – Паркавую і Горкага. Гэта значыць, што мы апынуліся перад домам, які стаіць на рагу гэтых вуліцаў. Перад гэтым домам, на тым месцы, дзе мог бы быць тратуар, прама на грудочку стаіць вялікая, у поўны рост, драўляная фігура нейкага казачнага дзеда. Перад ёю групка людзей – малады сімпатычны мужчына, з абодвух бакоў якога стаяла па дзіцяці і пажылая кабета. Стаяць і глядзяць на старога з кульбаю ў руцэ. Другая рука яго схавана пад паху гэтай. Я спытаў, хто аўтар. Малады сказаў, што ён. Пачаў агледзіны і я. Мы разгаварыліся. Ён у 1976 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Саша Літвінаў, як ён сказаў. Працуе ў Мікашэвічах. Сюды прыехаў да цешчы. Я параіў яму зацікавіць сваім мастацтвам галоўнага ўрача ці гарадскога “культурніка”. Можа, і сам я зраблю што-небудзь у гэтым напрамку. Хоць бы заказалі яму некалькі скульптураў для парку ці санаторыя. Нельга, каб такая дасканалая прыгажосьць падпірала плот чыёйсьці “хаты з краю”.
Мы ведаем, што на вуліцы Горкага, на рагу Азёрнай (№2), тая адзіная ў Нясьвіжы драўляная цэркаўка. Накіраваліся ў яе бок. Царква аказалася адчыненай. Мы зайшлі і трапілі на пачатак казаньня. Я адразу ж зарыентаваўся, што сёньня сьвята Ільлі прарока. Менавіта яму была прысьвечаная пропаведзь. Мы выслухалі яе да канца з вялікім задавальненьнем: Генрык атэставаў сьвяшчэньніка правільна – ён эрудыт. Выйшлі з царквы прыўзьнятымі, прасьветленымі
і шчасьлівымі. Добра, што мы выбралі сёньня такі маршрут. Ён узбагаціў нас…Мы вырашылі вярнуцца ў замак не з яго параднага боку, а з процілеглага яму таго самага Марысінага парку. Пахадзілі па яго вельмі запушчаных алеях, у тым ліку і “Дубовай”, прыблукалі да помніка-абеліска Марысі. На ім яшчэ не зусім зарос мохам глыбока высечаны надпіс: “Marysin”, а ніжэй, пасярэдзіне “1898”. За гэтым прыгожым высокім стройным абеліскам ніхто не глядзіць. Некалі, відаць, прыгожая палянка вакол яго зарасла пустазельлем. Яно лезе і на помнік, прабіваецца праз шчыліны ў п’едэстале, пагражаючы яму разбурэньнем. Нягледзячы, што спозьнімся на абед, усё-такі мы вырашылі з паўгадзінкі папрацаваць менавіта тут. Распрануліся. Пачалі з праполкі яго ад разбураючых граніт (!) імху і пустазельля. Прапалолі ўсе плоскасьці абеліску і масіўнага, зьверху квадратнага, п’едэсталу, адкрылі іх сонечным праменьням, яно павінна спыніць разбурэньне, высушыўшы непатрэбную вільгаць. Зрабілі праполку паляны вакол помніку – прыкладна паласу метровай шырыні і падмялі ўсё самаробнымі венікамі.
Сваё наведаньне легендарнага радавога помніка князёў Радзівілаў мы завяршылі, як і патрабуе добрая беларуская традыцыя. На пастамент мы ўсклалі вялікі прыгожы букет дзікарослых кветак, назьбіраных на даўно зьдзічэлых “нібы-клумбах”, паміж кустоў і зельля.
Стомленыя і задаволеныя мы вярнуліся ў свой “нумар”. Абед заслужылі. У думках за сталом бачу вакол сябе удзячных шматлікіх прадстаўнікоў вялікага некалі, магутнага і выдатнага Роду, што залатымі літарамі ўпісаў сябе ў гісторыю майго народу і яго суседзяў, і не суседзяў.
Дзьве гадзіны мы сёньня прысьвяцілі яшчэ азнаямленьню з паркавым возерам. Узялі гэты раз ня ўвесь вадаём, а яго левую частку. Прайшлі ад дамбы і да самага канца. Гэта каля 2 тысячаў крокаў. Назад прайшлі гэтым самым шляхам (супрацьлеглы бок мы абсьледавалі ўжо раней). Возера трэба ратаваць тэрмінова! Яно імгненна зарастае…
4 жніўня 1985 году. Машын юбілей. Дзень рэкордаў, посьпехаў і іншых добрых справаў у яе гонар.
На крокамеры 19400! Роўна двое сутак таму (зараз таксама 22 гадзіны 20 хвілінаў) я напісаў, што дасягнуты тады рэкорд 16140 крокаў ня хутка будзе перакрыты. Але ж рэкорд той, дзякаваць Богу, аказаўся нядоўгавечным. Яшчэ да 8 гадзін раніцы на табло майго лічыльніка было 3500 крокаў: пакуль Маша спала я зьбегаў на рынак, каб купіць кветак. Купіў за пяць рублёў цудоўны букет гладыёлусаў, “аздобленых” “елачкаю-павуцінкаю”. Такіх раскошных букетаў было ўсяго толькі два! Аднаму некаму яшчэ пашанцуе. Мая рупівасьць разам з адпаведнымі словамі выклікала і адэкватнае ўражаньне. Абодва мы былі шчасьлівыя. Дзень пачаўся з пазітыўных эмоцыяў.
Пра нашае сьвята ў санаторыі ніхто ня ведаў. Звычайна ў такіх выпадках нейкая “афіцыйная” асоба пад “шквал апладысментаў” апавяшчае за сьняданкам на ўсю сталоўку пра такую падзею, нават пра радавы дзень нараджэньня. Прама тут у столь ляцеў корак з бутэлькі “Савецкага шампанскага”. Цяпер такія салюты ў СССР забароненыя. Мая юбілярка любіць якраз “Савецкае шампанскае”, я таксама ня супраць яго, і тым ня меньш мы ім не салютавалі ні ў сталоўцы, ні ў сваім пакоі – гэта было б кваліфікавана “адпаведнымі органамі” як нашае крымінальнае злачынства (!).
На сыходзе сёньняшняга дня я кажу Гарбачову і Ко шчыры дзякуй за такі новы парадак. Хоць мы з Машаю і не вялікія ахвотнікі да тых самотаў, але ж гадзіну-другую прыемна пасядзелі б у сваім “нумары” за прыгожа накрытым сталом з бутэлькай “Савецкага шампанскага”. Дзякуючы н’ю-крамлёўскім атэістычным эпігонам “маралі”, мы гэты час правялі ў касьцёле (Ведалі б яны і пра такі нечаканы эфект кампаніі!..)!
Прыняць удзел у гэты дзень у ранішняй Імшы мы зьбіраліся даўно. Але ж сёньня мы пайшлі ў касьцёл і другі раз, на дзённую Імшу. Пайшлі ўсёй сям’ёю: павіншаваць маму прыехалі дзеці, і паводле маёй прапановы быў прыняты менавіта такі план сьвяткаваньня.