Дубянецкі
Шрифт:
Паэт-трыбун заклікае да барацьбы, да пільнасьці, “каб пут ня строіў больш сусед”:
Паўстань народ! Прачніся, беларус!
Зірні на Бацькаўшчыну, на сябе!
Ад гэтых палымяных радкоў бальшавікі могуць адхрышчвацца. Гэты верш называецца “Свайму народу” і быў напісаны 29 кастрычніка 1918 г. У каментарах да 4-га тому апошняга збору твораў Паэта сьпецыяльна падкрэсьліваецца тая акалічнасьць, што “вершы 1918-1920 гг. напісаны ў часы, калі Беларусь была пад нямецкай і польскай акупацыяй”, і што “Паэт кліча народ змагацца за сваё вызваленьне, за новае, свабоднае жыцьцё”.
Так-так, значыць, клопат пра вызваленьне толькі ад немцаў і палякаў. Гэта яны і чужынцы. А каго меў на ўвазе
Паўстань, народ! Для будучыні шчасьце
Ты строй, каб пут ня строіў больш сусед…
Які гэта сусед бясконца “строіць путы” беларусам? Ці не яго гэта Янка Купала называе нават больш моцным словам – непрыяцель? І гэта ўжо ў час, вельмі далёкі ад палякаў і яшчэ далейшы ад немцаў – у 1908 годзе, у прыгаданым вершы-гімне “Беларушчына”. З найвялікшай асалодаю я працытую некалькі радкоў з яго. Зазначу толькі адразу, што ўсе Купалаўскія рэаліі з гэтага твора я ўспрымаю без найменьшай трансфармацыі іх, а так, як ён успрымаў:
Сотні лет непрыяцелем-братам прыбітая,
Зарастаючы зельлем чужым, як лазой сенажаць,
Ты ляжала няпамяці пылам пакрытая,
А народ твой быў змушан маўчаць і табой пагарджаць.
І круцілі цябе, як каму падабалася,
Кожны строіў, наводзіў цябе на свой строй, на свой лад;
Ажно часам жальба, як кляцьба, разлягалася
Ды нячутай ляцела, ўміраючы, ў грудзі назад.
Спаў народ, і ты спала, і ворагі верылі,
Што ніхто не разбудзіць цябе, што заснула навек.
І дзялілі цябе, ўсімі мерамі мерылі, --
Што памерла ўжо ты, – не адзін так казаў чалавек.
Здаецца, усё зразумела. Дарэчы, ледзь ня ўся дарэвалюцыйная паэзія вялікага Купалы была накіраваная перш за ўсё супраць рускага прыгнёту, за Беларусь бяз гэтага “апекуна”. Антырускія матывы – сэрца ўсёй без выключэньня творчасьці геніяльнага паэта. Вось чаму 150 яго твораў дагэтуль забароненыя савецкай цэнзураю, значыць, камуністычнай партыяй, савецкай уладаю. І сярод іх – славутая п’еса “Тутэйшыя”.
Аднак вернемся да складзенага Алесем Разанавым Купалаўскага зборніка. Я з задавальненьнем запісваю “на памяць” сабе “псеўданім” ягонага цэнзара: АТ 07650!
Перабіраю далей стосік паэзіі. А вось выданьне 1979 году, прымеркаванае да 40-годдзя сталінска-гітлераўскай змовы наконт падзелу Польшчы і далейшага лёсу Заходняй Беларусі (і Заходняй Украіны). Выданьне назвалі гучна-лірычна, высакародна – “Покліч долі адзінай. Вершы”. У асноўным тут у нейкае падабенства рыфмы бездапаможна зарыфмавана хадульная сьляпая і глухая, ілжывая публіцыстыка. Яна “ўпарадкаваная ўкладальнікам Петрусём Макалём у тры “элегантныя” разьдзелы. “Краты і сонца” – вершы “барацьбы” заходне-беларускіх паэтаў і вершы спачуваньня і гатоўнасьці “працягнуць руку дапамогі” беларускіх савецкіх паэтаў. “Дзень добры, таварыш” – вершы пра савецкае, з дазволу Гітлера, “вызваленьне” заходніх беларусаў з-пад улады “пачварнага спараджэньня Версальскага дагавору” як “брякнул” тады на ўвесь сьвет пра Польшчу кіраўнік савецкага ўраду Вячаслаў Молатаў.
11 жніўня 1985 году (працяг). “У сузор’і роўных” – гэта такі цяпер статус былой Заходняй Беларусі і наогул усёй Беларусі ў Саюзе ССР. У гэтым разьдзеле зьмешчана нямала “твораў”, што жыўцом прадаюць Беларусь Расіі. Вось Кастусь Кірэенка ў вершы “Беларусь — Расія” гэта робіць так:
…Закаханы я сэрцам
У сьцежкі над Бугам і Сожам.
А чаму ж мне і ў сьне
Чуцён шум падмаскоўных бароў,
Гулкі рокат Нявы
І дыханьне прастораў Паволжа?
Маладзейшы за К. Кірэенку паэт Юрась Сьвірка “ва ўнісон” цытаванаму вышэй Янку Купалу сьпявае:
Колькі помніць мой край,
Бласлаўлялі Маскву.
А жывём з ёй у дружбе
Стагодзьдзяў нямала.
Прад
табою, Масква,Я хілю галаву:
Ты ніколі ў бядзе
Мой народ не кідала.
О, як гэтыя радкі “пераклікаюцца” з Купалаўскімі! “А жывём з ёй у дружбе // Стагодзьдзяў нямала” – кажа пра Маскву Ю. Сьвірка. “Чужак-дзікун, крывёю ўпіўшысь сьвежай, // Запрог цябе ў няволю, ў батракі”, – “закругляе” Юрасеву думку Янка Купала. Можна пазайздросьціць цэнзару АТ 01119! Дагадуе ён спакойна і бестурботна сваіх дзяцей з такімі аўтарамі, з такімі укладальнікамі-штукарамі.
Яшчэ “Выбраныя творы” – Янкі Лучыны. Іх падрыхтаваў і выдаў Сьцяпан Майхровіч у 1953 годзе. Аб’ём невялічкі – 2,12 ул.-выд. арк. Многія, нават “дзеячы беларускай культуры” думалі, што гэта ўвесь Лучына. А цяпер мы выпускаем яго аб’ёмам каля 15 аркушаў і бачым, што і гэта яшчэ ня ўвесь Лучына. Як слаба пастаўлена і як марудна разгортваецца і сталее беларускае літаратуразнаўства! І зноў-такі прычыны вымушанага ягонага русафільства. Гэтая хвароба лезе ва ўсе нашыя поры, хутка задушыць канчаткова наш культурна-грамадскі арганізм. Вось і гэтая самая кніжачка якраз напалову складаецца з твораў, напісаных аўтарам па-польску. Аднак у прадмове да яе чытаем, што “Янка Лучына выхаваўся пад жыватворным уплывам перадавой рускай культуры”. І ні слова пра ўплыў на яго польскай культуры! Такая “навуковая аб’ектыўнасьць”, лёгка кажучы, нам ужо моцна абрыдла!
Выданьне мае, вядома, і свайго цэнзара. Гэта АТ 03569!
У выходных зьвестках кнігі двойчы названы Сталін. Першы раз там, дзе прыведзена друкарня, што надрукавала кнігу – “друкарня імя Сталіна”. Другі раз у адрасе друкарні – “Менск, прасьпект імя Сталіна, 105”. Во, як цікава нам жылося ды й жывецца!
Затое тыраж кнігі такі, які трымаўся аж дагэтуль на тым узроўні для аналагічных выданьняў – 8 тыс. экз. Цяпер ужо нам даюць у некалькі разоў меншыя заказы – безумоўна “пад жыватворным уплывам рускай культуры”, якая зьела ўжо беларускую, у прыватнасьці, новае выданьне Янкі Лучыны мы ўжо самі планавалі ня восем, а шэсьць тысячаў экземпляраў. Тыражная камісія дала яшчэ менш! Мы ўсё яшчэ ваюем. Ваюем за кожнае выданьне. Ваюем аж да інфарктаў…
На форзацы кнігі Янкі Лучыны маецца надпіс Валодзі Ракашэвіча. 5 мая 1962 г. ён другі раз падарыў мне яе. Першы раз – “много лет тому назад”, як ён піша. А гэты, другі раз – “В день печати”. Мабыць, гэта мне, як журналісту, маладому выдаўцу.
А гэта вось вершы Міколы Ганчарова на рускай мове “Земля в цвету”. Выданьне нашае з 1983 году, з партрэтам аўтара, яго аўтографам і, вядома, з цэн-зарам: АТ 21149.
Аўтар яўна выкарыстаў сваё службовае становішча начальніка аддзелу Дзяржкамвыду. Папера – найлепшая. Неабавязковы для такога паэта партрэт – тут ёсьць. Павінна была быць мяккая вокладка, а тут, бачу, цьвёрдая, цэлафанавая. На 64 старонкі выданьня аж 10 старонак не пад тэкстам. Каб гэта была кніга звычайнага аўтара, ужо напэўна, былі б жорсткія санкцыі з боку Камітэту.
На адвароце тытульнай старонкі стаіць наборам: “Рэцэнзент – Кастусь Цьвірка”. Раней ставілі гэта толькі ў навуковай літаратуры, цяпер ужо і на мастацкай. Гэта так хочуць заканапаціць усе шчыліны, каб ніякая “контра” не пралезла. Гэта дадатковы цэнзар. Раз надрукавалі яго прозьвішча, значыць, будзе чытаць пільна. Перш за ўсё, вядома, “з пункту гледжаньня ідэйна-палітычнага”. Вось і нараджаюцца цэлымі касякамі такія кнігі, як гэтая “палітыка-паэтычная”. Эпіграф да ўсяе кнігі – палітычнага зьместу. У кожным з трох разьдзелаў мноства палітыкі, палітычнай кан’юнктуры. У самым першым вершыку “небо, небо полыхает от кумача…” Другі верш называецца “Коммунисты”. Аўтар у ім дэкларуе: “Мы, коммунисты, мы судьбы пророки, Мы нынче звёзд касаемся плечом”.