Дубянецкі
Шрифт:
– Вы не выступалі там, – пытаюся.
– Не давялося. Але ж некаторыя выступленьні добра ўрэзаліся ў памяць. Напрыклад, прамова вядомай тады юнай Хетагуравай. Муж яе служыў недзе на Усходзе. Дзяўчат там не было зусім. У маладых камандзіраў былі адпаведныя праблемы. І вось Хетагурава зьвярнулася праз друк да дзяўчат з заклікам ехаць туды. Многія адгукнуліся.
– За гэта яна і трапіла тады ў Крэмль?
– Ах, я не расказала пра яе прамову, – горача сказала баба Фаіна. – Пачала яна, выдома ж, чытаць, што ёй палітрук недзе напісаў. Чытала ўсё, як кажуць, правільна. Аднак Сталін перапыніў яе і сказаў:
– Напэўна, у вас там і нешта, апроч гэтага, робіцца. Дык раскажыце нам пра гэта сваімі словамі.
У беднай Хетагуравай пасыпаліся з перапуду на падлогу ўсе
Позна вечарам, праходзячы праз сястрынскі пункт трэцяга паверху, я ўбачыў там Дадзіёмаву. Яна і тут раскручвала свае мемуары. Я ня мог не спыніцца, і адразу ж атрымаў месца сярод заінтрыгаваных слухачоў у белых халатах і шапачках.
24 чэрвеня 1986 году. (працяг). Вось некалькі фрагментаў з пачутага.
– Сталіна я бачыла чатыры разы, – пахвалілася Ф. Дадзіёмава. – У тым ліку, калі ішоў за труною сваёй жонкі Алілуевай. Труна была ўстаноўленая на гарматным лафеце. Сталін плакаў. А ў 1940 годзе на прыёме ў гонар удзельнікаў Дэкады беларускага мастацтва я з мужам сядзелі зусім блізенька ад яго, каля Аляксея Талстога з жонкаю. Тут атрымаўся канфуз. Сталіну спадабалася выступленьне Ансамбля Чырвонай Арміі. Ён устаў і паднёс кіраўніку ансамбля Аляксандраву фужэр віна. Аляксандраў не ацаніў дараваную міласьць і перадаў фужэр салісту Белану (? – М.Д.). Сталін люта закрычаў: “Гэта я вас, а не яго частую!” Аляксандраў абамлеў, выхапіў з рук зьбянтэжанага сьпевака гэтую горкую чашу і хуценька пачаў дапіваць яе.
– Было тры браты (? – М.Д.) Бэрманы. Адзін (? – М.Д.). Другі – нарком пошты і сувязі. Трэці – нарком унутраных справаў. Гаворка якраз пра гэтага. Упершыню ўводзілася тайнае галасаваньне на выбарах партыйных органаў. Кандыдат у сьпіс для галасаваньня павінен быў устаць і расказаць сваю біяграфію. І вось выходзіць гэты прыгожы нарком і расказвае: “Я – сын буйнога фабрыканта…” і г. д. Мой муж схіліўся да мяне і шапнуў: “Ня буду за яго галасаваць. Мне хапіла фабрыкантаў і буйных, і малых” (А муж мой з сямі гадоў працаваў на Быхаўскім шклозаводзе.) У перапынку Бэрман падышоў да нас і прама ў лоб: “Значыць, ня будзеце галасаваць за сына фабрыканта?” Муж крыху зьбянтэжана паўтарыў тое, што мне шапнуў у зале.
Бэрман быў выбраны, а мужа майго праз паўтара месяца пасадзілі ў турму, а мяне зьнялі з пасады першага сакратара Варашылаўскага райкаму партыі гораду Менску. Вельмі груба, абразьліва трэсьлі нашую кватэру. (Мы жылі ў “доме Саветаў” на рагу вуліцаў Карла Маркса і Леніна). Пасьля папярэдняга жыльца гэтай кватэры на антрэсолях застаўся апарат для прыгатаваньня марожанага. Я ім і сказала, што гэта такое. Тым ня менш у пратаколе ён быў названы “апаратам невядомага прызначэньня”.
– Я напісала Сталіну ліст на 18-ці старонках. (Почырк у мяне быў тады выдатны, нават мужу перапісвала). Ліст дайшоў да Сталіна. Мне вядома і ягоная рэзалюцыя: “Тав. Берыя, тав. Панамарэнка. Праверце ўсё, што яна піша. Калі падманвае, – паступіць, як з ворагам народу. А калі праўду напісала, – задаволіць яе просьбу. Сталін”. Я напісала “праўду”. Праз паўтара гады мужа адпусьцілі. На 22 кілаграмы пахудзеў ён там, абнасіўся – трымалі ж ва ўсім сваім адзеньні. Рэабілітавалі, прызначылі старшынёю Менскага аблвыканкаму, мяне – загадваць упраўленьнем мастацтва. Вось чаму мы абодва і трапілі на тую Дэкаду ў Маскву, а там і ў Крэмль.
– Пасьля вызваленьня Заходняй Беларусі, – кажа Фаіна Дадзіёмава, – мяне паслалі туды наладжваць культуру – здабыткі не малыя! Напрыклад, Генадзь Цітовіч з яго калектывамі. Памятаю, прывезла я іх на Дэкаду ў Маскву. Добра сьпявалі. Але ўсе яны, апроч Цітовіча, апынуліся неўзабаве на баку фашыстаў.
Я прыгадаў, што сёньня якраз апублікаваны ў друку афіцыйны некралог на сьмерць гэтага вялікага сына Беларусі. Памёр ён чатыры дні таму назад на 76-м годзе жыцьця. Трэба неадкладна дазнацца, як там справы з выданьнем “Баранавіцкага фальклорнага зборніка”, які ён праз мяне выдаваў.
Апроч іншага, расказала Дадзіёмава сёе-тое і пра сваю працу ў цэнзуры. Не забылася перш за ўсё пахваліцца, што яна адзіны начальнік Галоўліту, які
за працу ў цэнзуры ўзнагароджаны ордэнам. Я не ўдакладняў, ні які ордэн гэта быў, ні “геаграфію” названых начальнікаў – ці меліся на ўвазе “беларускія” ці ўсіх рэспублік.Цікава, прынамсі мне, было слухаць пра яе адносіны са “славутым” Цанавам – міністрам унутраных справаў БССР. Яна ж была сама Цанавам у друку. Яе слоўца “душыла” – мае ўсе падставы, каб ім акрэсьліць яе ролю ў беларускім друку.
Аказваецца яна мела дачыненьне да выпуску ў сьвет гучнай двухтомнай “працы Цанавы” пра гісторыю партызанскага руху на Беларусі: пасьля цэнзара Савіцкай (якая “выдавала сябе за рэдактара падпольнай “Звязды”) быццам бы сама перачытала і шмат чаго выкрэсьліла. “А гэта ж Цанава!” Ён хацеў адпомсьціць мне на Бюро ЦК за памылку, дапушчаную ў ЦК КПБ Красоўскім і якраз выпраўленую мною. А справа вось у чым. За тры месяцы перад абвяшчэньнем чарговай дзяржаўнай пазыкі пачалі сакрэтна друкаваць лозунгі. Напісана ўсё было па-руску, але хацелася выпусьціць штокольвечы і на беларускай мове. І вось пераклалі “СССР – оплот мира и безопасности” – “СССР – аплот міру і небясьпекі”. Так надрукавалі і пасьпелі ўжо выслаць палове абласьцей. Яна рабіла чарговую “інсьпекцыю” ў друкарні (імя Сталіна) і ўбачыла. Адразу спыніла друкаваньне, выправіла “памылку”, дала тэлеграмы ў вобласьці, каб вярнулі тое нерасьпячатваючы. Вядома, пакарала свайго цэнзара. А Цанава падрыхтаваў на ЦК пытаньне, што гэта яго людзі праявілі пільнасьць і ўсё паставілі на свае месцы. Дадзіёмавай прапанавалася пакараньне. “Я выкрыкнула Цанаве: “Вы хлусіце!” Спалохаўся нават сам Патолічаў. Аднак мне няма куды дзявацца, я запатрабавала, каб знайшлі выпраўлены і падпісаны мною экземпляр. Знайшлі ў сейфе Красоўскага, які прамаўчаў, не ратаваў мяне. Патолічаў згладзіў канфлікт. А трэба было б усыпаць гэтаму хаму Цанаву!”
Дзяла! – як кажуць Быкаўскія героі ў аповесьці “Кар’ер”…
9 ліпеня 1986 году. Сёньня ў Лены і Мішы (сваякі Марыі Дубянецкай – рэд.) нарадзілася дачка (3,9 кг., 56 см.). Яна зьяўлялася на сьвет якраз у той самы час, калі яе бацька і бабуля стаялі перад разьюшанымі чыноўнікамі ў выканкаме Цэнтральнага райсавету “народных” дэпутатаў гораду Менску і з сардэчным болем слухалі іх лаянку і абразы. Мы ведаем дакладны час нараджэньня Веранічкі. Вылічылі таксама і час, калі савецкі хам выгукнуў яе бацьку: “50 рублёў штрафу!”. Атрымалася злавесная сімволіка: абедзьве падзеі адбываліся адначасова, хвіліна ў хвіліну!
Зрэшты няма чаго зьдзіўляцца: усё ідзе паводле савецкага сацыялістычнага заканадаўства. Гэтая сям’я зьвярнулася ў райвыканкам з просьбай даць дазвол на пабудову каля іхняга дому новай паветкі ўзамен старой спарахнелай і гаражу. Паветку дазволілі будаваць, а гараж – не. прапанавалі зьвярнуцца тады, калі будзе машына. Як ні ўпрошвалі, як ні ўмольвалі – не дазволілі. Не ўлічылі, што ў абодвух памяшканьнях павінны быць агульная сьцяна, агульны дах, што, значыць, кладку іх трэба весьці адначасова. Хутка Мішу выклікалі ў аўтамагазін, прапанавалі ўнесьці грошы за машыну. Ён унёс і пачаў будаваць паветку з гаражом. Суседка Юля данесла “куды трэба” – вось і вынік! Вось і сустрэча новага грамадзяніна па-савецку!
Гэтага грамадзяніна будуць заўсёды суправаджаць штрафы і страх перад імі. Незадоўга перад яго прыходам на сьвет я быў сьведкам яшчэ і такога пакараньня яго бацькоў. Участковы міліцыянер аштрафаваў іх на 10 рублёў за тое, што прывезены для будоўлі жвір ссыпалі перад парканам, ад вуліцы. Яму тлумачылі, што гэта часова, каб не трымаць машыну, што жвір будзе неадкладна перакінуты за паркан. Але, як вядома, Масква сьлязам ня верыць.
А ўзяць апошнія пастановы і законы “партыі і ўраду”! Усе яны нафаршыраваныя багатым асартыментам самых розных пакараньняў – ад расстрэлаў да штрафаў. Кожны дзень зьяўляюцца новыя штрафы. Вось ня так даўно ўвялі новы, павышаны штраф за безьбілетны праезд у гарадскім транспарце: некалі быў 50 капеек, цяпер – 2 рублі. А паспрабуй прадаваць свае кветкі каля кветакавага магазіну на вуліцы Прытыцкага, атрымаеш штраф на 150 рублёў! Суседка Ніна днямі ледзь не памерла, уцякаючы адтуль ад міліцэйскай пагоні.