Дубянецкі
Шрифт:
Ці будзе гэта праблема ўзьнятая на зьезьдзе? Ці знойдзецца яшчэ такі Карпюк? Хоць аднаго і мала для гэтага. Трэба, каб усе падняліся на абарону галоўнай сваёй сутнасьці – беларускасьці, – у каго яшчэ засталося што ахоўваць!
22 красавіка 1986 году. Гадзінаў у 10 раніцы Васіль Быкаў па тэлефоне горача падзякаваў за тэлеграму. Зрабіў гэта зусім не фармальна. Не сьпяшаўся “выканаць абавязак”, доўга гаварыў мне пра… мяне. Мне заўсёды няёмка такое слухаць, таму я намагаўся зьвярнуць яго куды небудзь у бок, пачаў распытваць і пра яго здароўе і пра здароўе Ірыны Міхайлаўны. Разьвітваючыся, ён выказаў надзею заўтра сустрэцца на зьезьдзе.
Ну вось, а на пошце ўчора сказалі, што адрасат прачытае тэлеграму толькі заўтра вечарам. Быццам
Галя выказала жаданьне схадзіць заўтра на зьезд. Запрашэньня няма. Яны раздаюцца ў адпаведнасьці з рашэньнем сакратарыяту СП. Кожны факт выдачы заносіцца ў сьпецыяльны сьпіс. Я пазваніў Леаніду Гаўрылкіну. Ён паабяцаў.
Забіраючы гэтае запрашэньне, я ўбачыў, як тут намагаюцца наблізіць зьезд да закрытага мерапрыемства, без непажаданых удзельнікаў і сьведкаў. А як старанна забясьпечваецца спакойнае яго праходжаньне! Як, напэўна ж, адмыслова складзены падрабязны сцэнарый! У высокіх кабінетах ЦК сфарміравалі ўсе кіруючыя органы зьезду і Саюзу пісьменьнікаў на пасьлязьездаўскае пяцігоддзе! Нават не забылі загадзя паклапаціцца і наконт прапаноўшчыкаў – тых, хто з трыбуны будуць зачытваць усе “патрэбныя” сьпісы.
Пад асаблівым кантролем знаходзіцца сьпіс прамоўцаў. Нельга ж дапусьціць да трыбуны непажаданых крыкуноў, перш за ўсё тых, хто будзе паказваць на заняпад мовы, наогул беларускасьці. А для гэтага на кожнае пасяджэньне, на абодва зьездаўскія дні падрыхтаваны “моцныя” старшыні, якіх ужо азнаёмілі з “асаблівасьцямі” “іх” пасяджэньняў.
Найбольш складаныя, небясьпечныя фрагменты і мізансцэны будучага сьпектаклю адрэпеціраваны з умоўным, падстаўленым ворагам…
25 красавіка 1986 году. Зьезд прайшоў без усякіх больш-менш значных нечаканасьцяў. Але ж цікава і ня без карысьці для абодвух бакоў – афіцыйнага і беларускага.
Мне сябры ня раілі забірацца надта далёка, я аблюбаваў сабе такое месца, з якога можна ў выпадку чаго хутка выбрацца, – на папярэчным праходзе. Адразу сеў з Валянцінай Гапавай. Пасьля перапынку мы з ёю пасадзілі паміж сабою Галіну Максімаўну Гарэцкую. (Добра, што хоць запрасілі яе на зьезд!). На другі дзень на гэтых зручных месцах апынуліся Алесь Разанаў і Іван Чарота. Мяне паклікалі ў рад, што за імі. Сеў паміж Данутаю Бічэль і Рэмам Ткачуком, якраз за Аляксеевай сьпіною.
У час, на які прызначана было адкрыцьцё зьезду, – у 10 гадзінаў – за даўжэзны пусты яшчэ стол прэзідыума нечакана выйшаў адзін толькі Васіль Быкаў. Значыць, думаю, прадугледзелі ў сцэнарыі гульню ў выбары прэзідыуму. Так яно і было, але сьпярша Быкаў сказаў глыбокую і шматзначную, як заўсёды прамову.
Адкрыць такое мерапрыемства лічыцца за вялікі гонар. І яго цяпер законна ўступілі новаму лаўрэату Ленінскай прэміі. Жыцьцё прымусіла іх лічыцца з сапраўды народнымі пісьменьнікамі.
У сваёй прамове Васіль Быкаў узьняў некалькі пытаньняў, якія амаль кожны з нас ніколі не выпускае з галавы. Першае – гэта праблема вайны і міру. Культура, сказаў прамоўца, можа нармальна разьвівацца толькі ва ўмовах міру, бо яна сама – прадукт цярпімасьці, суіснаваньня і адначасна фермент высокай чалавечай духоўнасьці, якая толькі і можа цяпер супрацьстаяць усяленскаму ядзернаму шаленству.
Далей Васіль Уладзіміравіч закрануў, як ён сказаў, “вечную праблему” літаратуры: для каго пісаць? Хто нас чытае?” Тут прамоўца ня раз выходзіў на “калючыя” моманты нашага існаваньня ў рэальных умовах, як, напрыклад:
– зьніжэньне значэньня друкаванага слова;
– “звужэньне моўнага нацыянальнага арэалу” (шкада, што не разьвіў гэтую думку);
– разбуральная роля “бюракратычных інстанцыяў” (ён іх заўсёды памінае);
– прыстасаванства, кан’юктурызм асобных пісьменьнікаў, якія даюць толькі “сезонны тавар шырспажыву”;
– пакуль што ў нашай літаратуры застаецца “белая пляма на месцы незабыўнага Уладзіміра Караткевіча, чалавечы лёс да якога, дарэчы, паставіўся так няўдзячна”;
– замест колішняга
юнацкага максімалізму, цяпер некаторыя маладыя вельмі “лёгка і ахвотна засвойваюць ахраніцельскі кансерватызм, уласьцівы старэйшым пакаленьням, і калі распачынаюць канфлікты са старэйшымі, дык зусім не на літаратурнай глебе”.Як бачым, тут кожны тэзіс мае выбуховую сілу. Пасьля бліскучай сваёй прамовы Быкаў “сфарміраваў” прэзідыум зьезду ажно з 66 чалавек і ўступіў вядучае месца Нілу гілевічу. А гэты ўмее трымаць аўдыторыю ў жалезных руках. Тым больш, што сцэнарый зьезду ня без яго рыхтаваўся, ды й будуць стымуляваць самыя важныя госьці зьезду, якія побач з ім – намесьнік Масквы па Беларусі таварыш сьлюнькоў1, “прэзідэнт” рэспублікі Г. Таразевіч2, “прэм’ер” М. Кавалёў3.
Апроч іх, у прэзідыум “выбралі” непасрэдных кіраўнікоў беларускай літаратуры, чыноўнікаў з ЦК КПБ: сакратара па ідэалогіі А. Кузьміна, загадчыкаў аддзелаў І. Антановіча, С. Броньнікава, М. Дзямчука, С. Паўлава, сакратароў Менскіх абкаму і гаркаму партыі А. Жыльскага, П. Краўчанку; вядома, С. Законьнікава і невядома чаму П.Украінец4.
ЦК КПСС на нашым зьезьдзе і ў яго прэзідыуме быў прадстаўлены нейкім інструктарам з аддзелу культуры, камсамол – першым сакратаром ЦК камсамолу Беларусі.
Сярод “шасьцідзесяці шасьці” ўласна пісьменьнікаў было менш паловы. Ды і то гэта пісьменьнікі-начальнікі. Каманда Сьлюнькова была больш прадстаўнічая (як, зрэшты, і ў зале). У ёй было шмат міністраў, кіраўнікоў і відных прадстаўнікоў і іншых творчых і нятворчых арганізацыяў.
Звыш “66” у прэзідыум былі запрошаны госьці – пісьменьнікі з брацкіх рэспублік на чале з Аляксандрам Чакоўскім. Не абышлося і бяз гэтак званага “ганаровага прэзідыуму ў складзе палітбюро ЦК КПСС на чале з генеральным сакратаром ЦК КПСС Міхаілам Сяргеевічам Гарбачовым”. Выгукнуць з трыбуны гэтую тыраду даручылі таксама не абы-каму, а вядомаму і сапраўды паважанаму ў нашым асяроддзі крытыку, літаратуразнаўцу і педагогу Уладзіміру Калесьніку. “Зганьбілі добрага чалавека такім удзелам у гэтым сьпектаклі”, – падумаў я, слухаючы з якой цяжкасьцю цэдзіць ён са сваіх вуснаў гэты рытуальны тэкст савецкай прымусовай рэлігіі.
Каля дзясятку выбрана было на зьезьдзе ўсялякіх “рабочых”, “кіруючых” і іншых органаў. Праз іх прапушчана адсоткаў семдзесят агульнага складу пісьменьніцкай арганізацыі. Можна было б і не спыняцца на гэтым фрагменьце нашай “бягучай” статыстыкі. Але ж на адпаведную думку наштурхнулі мяне дзьве заўвагі ў мой адрас.
Першая. У адным з перапынкаў Іван Чыгрынаў спытаў мяне, у якую я выбраны камісію. Мяне зьдзівіла гэтае пытаньне. Чыгрынаў жа ўваходзіў у склад “штаба”, які рыхтаваў ці абмяркоўваў сцэнарый зьезду, і ня мог ня ведаць, што мяне прынцыпова, яшчэ на кабінетнай стадыі, нікуды не ўвялі – небясьпечна.
Другая – пацьвярджае дальнабачнасьць, празорлівасьць тых заплечных справаў майстроў.
Амаль самы канец зьезду. Толькі што прынята яго рэзалюцыя. Падняліся ісьці на чарговы перапынак перад абвяшчэньнем вынікаў галасаваньня. Раптам нехта, здаецца, Генрых Далідовіч, голасна сказаў, зьвяртаючыся да мяне:
– І ўсё-такі вы, Міхал Фёдаравіч, прадэманстравалі сваю годнасьць лідэра мас. – О! Так-так! Правільна! – чулася адусюль.
За заўвагай Далідовіча стаяў наступны эпізод. У зачытаным з трыбуны праекце рэзалюцыі былі словы, што “зьезд ухваляе арганізатарскую і арганізацыйна-масавую работу праўленьня” (маецца на ўвазе перыяд паміж VIII і IX зьездамі). А фактычна, калі давалася ацэнка дзейнасьці Праўленьня, зьезд прагаласаваў за іншую фармулёўку – “лічыць работу праўленьня… здавальняючай”. Я падняўся і прыгадаў гэта. Максім Лужанін, які вёў рэй, сказаў, што ня бачыць розьніцы ў абедзьвюх фармулёўках. Я зноў устаў і растлумачыў, што розьніца ня проста тэрміналагічная, але і юрыдычная. Тэрмін “ухваліць” азначае найвышэйшую ацэнку, тады, як тэрмін “здавальняюча” – толькі пасрэдную. Там можна, як кажуць, спачыць на лаўрах, а тут мусова яшчэ варушыцца, каб выпраўляць хібы.